Назва “За здаровы лад жыцьця” гучыць крыху нязвыкла для паэтычнай кнігі. Затое радасна і аптымістычна. Гэткай жа вясёлай афарбоўкай вызначаюцца і многія вершы кнігі, нягледзячы на экзыстэнцыйны, часам трагічны падтэкст. Як кажа пра сябе сама аўтарка, “Я - бы недарэчная прыпеўка / На грамадзка значным пахаваньні”. Аб тым, наколькі гэта слушна - сьведчаць ейныя вершы, напоўненыя ўсепранізвальнай іроніяй і самаіроніяй, яркімі вобразамі й парадаксальнымі высновамі.
Кніга сямейнай пары ўлапішыстаў Віктара Жыбуля і Веры Бурлак - для тых, хто хоча знітаваць свае жыццё з паэзіяй. Вершы з яе можна завучваць на памяць, дэкламаваць пад музыку, выкарыстоўваць у побыце дарэчы і недарэчы, прамаўляць за святочным сталом, мармытаць у душы, шаптаць, каб заснуць, і выгукаць, каб прачнуцца... Урэшце, іх можна проста чытаць, паслядоўна перагортваючы старонкі. Для шырокага кола чытачоў.