Эсхіл / Сафокл
Прыкуты Праметэй / Антыгона


Трагедыя Сафокла «Антыгона» друкуецца з выдання: Софокль. Антыгона: Са старажытнагрэцкае пераклаў Ю. Дрэйзін. — Менск: Дзярж. выд., 1926. — у новай рэдакцыі Л. Баршчэўскага. 



Пераклад Лявона Баршчэўскага


Асобы:

УЛАДА I СІЛА

ГЕФЭСТ

ПРАМЕТЭЙ

ХОР АКІЯНІД

АКІЯН

ІО, ІНАХАВА ДАЧКА

ГЕРМЕС


ПРАЛОГ


Улада

Ну вось, ужо мы на краі зямлі,
У Скіфіі далёкай і пустэльнай.
I тут цяпер павінен ты, Гефэсце,
бацькоўскі выканаць: да скалаў
Вось гэтага злачынцу прыкаваць
Жалезным, непарыўным ланцугом.
Украўшы кветку яркую тваю — агонь —
Людзям смяротным ён аддаў яго.
Багі за гэта і павінны пакараць
Яго, каб шанаваў Зевеса ўладу
I каб ахвяр смяротным не рабіў.

Гефэст

О Ўлада моцная! Ўжо ж выканана воля
Зевесава — і што вам да таго?
Ды як змагу я роднага мне бога
Да скал, на здзекі бураў, прыкаваць?
І ўсё-ткі я наважыцца павінен:
Не выканаць загад бацькоўскі — страшна!
Ты, сын харобры асцярожлівай Феміды,
Цябе я мушу, супраць нашай з табой волі,
Прыкуць жалезам да скалы самотнай;
Людзей ні чуць, ні бачыць ты не зможаш:
Павяне скура пад спякотным сонцам,
Табе на радасць ноч намётам зорным
Святло акрые; неўзабаве ж сонца
Ізноў асушыць росную дзянніцу;
Боль катавання будзе несупыннай;
А збаўца твой яшчэ не нарадзіўся —
Вось плён тваёй любові да людзей.
Сам богам будучы, багам ты не патрафіў
I даў смяротным годнасці звыш меры;
Праз гэта будзеш пільнаваць скалу,
Стаяць вось так, без сну і без спачыну.
I ўздыхі, й крыкі будуць без карысці —
Зевес няўмольны і бязлітасны: заўжды
Караюць новыя багі сурова.

Улада

Чаго ж чакаеш, скардзішся дарэмна.
I зненавіджанага ўсімі бога,
Які агонь украў, не ненавідзіш?

Гефэст

Вялікая ў сваяцтва й дружбы моц.

Улада

Што ж, гэта праўда. Толькі ці ж бацькоўскі
Загад парушыць — не страшней нашмат?

Гефэст

Шмат дзёрзкасці бязлітаснай ты маеш.

Улада

Па ім табе няма чаго тут плакаць:
Дарэмна выйсця не шукай яму.

Гефэст

Як рамяство сваё я ненавіджу!

Улада

Навошта кажаш гэтак на яго?
Папраўдзе, не яно тут вінавата.

Гефэст

Няхай бы нехта іншы ім валодаў!

Улада

Усё ў руках багоў, але ж распараджацца
Сабой не могуць. Толькі Зеўс адзін свабодны.

Гефэст

Я гэта ведаю й спрачацца тут не буду.

Улада

Дык паспяшайся ланцугі накласці:
Бо ўгледзіць бацька наш, што ты марудзіш!

Гефэст

Вось кайданы гатовыя — на рукі.

Улада

Накладвай іх ужо: як наймацней
Бі молатам і да скалы прыкоўвай.

Гефэст

Прыкоўваю... усё раблю старанна.

Улада

Яшчэ мацней, каб дзе не адляцела:
Ён выкруціцца здольны ды ўцячы.

Гефэст

Прыкута гэтая рука надзейна.

Улада

Цяпер прыкуй другую — каб ён ведаў,
Што ён, хітрун, дурнейшы ўсё ж за Зеўса!

Гефэст

Папрок зрабіць мне можа Праметэй адзін...

Улада

Жалезны цвік, бязлітасны і гостры,
Цяпер у грудзі загані яму.

Гефэст

О Праметэй, мне ад пакут тваіх балюча!

Улада

Ты зноў марудзіш? I па ворагах
Зевесавых ты плачаш? Пашкадуеш!

Гефэст

Ты бачыш тое, што вачам нясцерпна...

Улада

Заслужанае пакаранне бачу я —
Мацней зацягвай ланцугі на сцёгнах!

Гефэст

Я ведаю, што я рабіць павінен —
Загады тут залішнія твае.

Улада

Мае загады, воклічы — якраз да месца:
Ніжэй спусціся, пад каленьмі папрыкоўвай!

Гефэст

Ну, я зрабіў усё без доўгай цяганіны.

Улада

Там, каля пятак, кайданы ўмацуй:
Тваю суддзя суровы спраўдзіць працу.

Гефэст

Твой голас гэткі самы, як твой выгляд!

Улада

Будзь больш лагодны, бо табе ж вядома,
Што мне наканаваная няўмольнасць!

Гефэст

Прыкуты добра ён — хадзем адсюль.

Улада

Будзь поўны пыхі зараз, выкрадай
Багам належнае і аддавай смяротным!
Хто з іх ратунак дасць табе — паглядзім.
Не, Праметэй[1] — імя не для цябе:
Празорлівы — не ты; але якраз такога
Табе бракуе, каб адолець гора.

Праметэй

О ты, Эфір, пасланы богам; вы,
О хуткакрылыя вятры ды рэкі,
Ды хваляў смех нязлічаных марскіх,
Ды маці існага — Зямля, ды сонца кола
Відушчае, я ў сведкі клічу вас:
Зірніце, ад багоў што церпіць бог!
Паглядзіце, у якіх
Мушу я пакутах праводзіць жыццё
Безліч доўгіх гадоў!
Ганебныя мне начапіў кайданы
Новы цар шанаваных, слынных багоў.
Бяда! I я плачу аб гэтай бядзе
І аб будучых бедах — ды дзе, дзе ж мяжа
Пакут маіх гэтых бясконцых?
Ды што я тут кажу? Бо я ж і сам
Прадбачыў будучыню гэтую, й няма
Нічога нечаканага тут, зрэшты.
Я мушу лёгка гэта ўсё стрываць,
Бо неабходнасці не пераможаш.
Ды цяжка і маўчаць, і гаварыць
Пра долю пра сваю. Бо я ж, няшчасны,
Пакутую за тое, што смяротным
Зрабіў дабро, агонь украў ім боскі,
Схаваўшы ў чарацінцы, і людзям
Павадыром зрабіўся ён. Ва ўсіх
Мастацтвах — дапамогай неацэннай...
За гэтае злачынства кара мне,
I вось — вішу я ў кайданах пад небам...
О!.. О!.. О!
О што за гукі! Што за водар гэта
Дзівосны? Ці то бог, ці то герой,
Ці то смяротны да скалы далёкай
Прыйшоў, каб сведкам быць пакут маіх?
Вы на прыкутага зірніце бога,
На якога нянавісць Зевес скіраваў —
З усімі багамі, што ў доме яго —
За такую маю любоў да людзей.
Ах, што там за шум недзе зблізку чуцён
Ад тых птушак імклівых! Эфір загудзеў
Пад ударамі крыл, што лунаюць. Мяне
Палохае ўсё, што дзеецца тут...


ПАРАД


З боку мора ў крылатай калясніцы з’яўляецца хор Акіянід


Xор

Страфа першая
Не бойся, бо гэта сябры твае прыляцелі
На крылах імклівых, шпаркіх.
Мальбу дачок наш бацька пачуўшы,
Нам ляцець сюды дазволіў —
I вятры нас так хутка прынеслі.
Грукат молата ў глыб марскіх пячор данёсся;
I мы, адкінуўшы сорам,
Ледзьве не голыя зусім,
У калясніцы памчаліся сюды.

Праметэй

Бяда! Бяда!
Дзеці плоднай Тэфіды[2], якую яна
Нарадзіла калісьці Акіяну, што
Амывае зямлю ўсю патокамі водаў!
Паглядзіце, якія на мне ланцугі.
Як да скал я прыкуты,
Якую няспынна нясу я
Незайздросную службу!

Хор

Антыстрафа першая
О Праметэй, мы ўсё добра бачым:
Кінуўся нам змрок у вочы,
Іх слязьмі напоўніў раптам!..
Бачым, як гібееш ты на скале
І даходзіш, прыкаваны
Ганьбай ланцугоў праклятых!..
Пры стырне тым на Алімпе
Новыя стаяць уладцы...
I па-новаму ўсімі багамі
Ўжо кіруе Зеўс адзін...
Каго ён баяўся — ўсіх нішчыць.

Праметэй

Няхай бы мяне пад зямлю, ў Аід,
Схаваў ён, хай кінуў бы ў Тартар глухі,
Няхай бы ў астрог ён кінуў мяне,
Дзе морак над мерцвякамі!
Нікога тады, ні багоў, ні людзей,
Усцешыць няшчасце маё не змагло б.
Бо я ж тут прыкуты, каб мною вятры
Гуляліся й вораг цешыўся.

Xор

Страфа другая
Каму так хочацца з багоў
Уцехі ад тваёй бяды,
I хто не падзяляе з іх
Тваіх пакут, апроч Зевеса аднаго?
Дзікі і ўпарты, ён дзяцей
Злосна Уранавых[3] душыць;
Ён прыціхне толькі калі даніну
Жорстакасці аддасць ці калі нехта скіне яго.