Сатырычная камедыя

Дзеючыя асобы

Якаў Фаміч Добрых — дырэктар фабрыкі цацак.

Рагнеда Іванаўна Божашуткава — галоўны канструктар.

Ізабела Дрозд — галоўны мастак.

Іван Кічкайла — старшыня фабкома.

Рыгор Салавейчык — слесар-самародак.

Андрэй Таратута — канструктар.

Сцепаніда Моўчан — работніца.

Кузьма Хаценьчык — рабочы.

Зойка Гусельнікава — работніца.

Тамара Мажэйка — работніца кандытарскай фабрыкі.

Іпаліт Секержыцкі — пенсіянер.

Варвара Феафілаўна Ягадка.

Міліцыянер.

Карціна першая

Сціплы кабінет Якава Фаміча. Сталы літарай «Т». На сталах, стэлажах — узоры і макеты дзіцячых цацак. На сценах — чарцяжы, эскізы, малюнкі. Маўклівая, але бескампрамісная, бязлітасная барацьба двух стыляў, дзвюх эпох.

У кабінеце Якаў Фаміч і Ізабела.


Ізабела. Як галоўны мастак фабрыкі я адмаўляюся зацвярджаць гэтыя ўзоры! Мы з калыскі павінны выхоўваць у чалавеку мастака!

Якаў Фаміч. Ну, калі ўсе будуць Шышкінымі ці Рэпінымі…

Ізабела. Якаў Фаміч, вы добра разумееце, што я маю на ўвазе. (Паказвае на ўзоры.) Гэта ж поўная дэградацыя! Я згодна з вамі, яны танныя і простыя па тэхналогіі, але няўжо вы не бачыце, што гэта ж прымітыў! І па думцы, і па форме! Гэтымі цацкамі мы канчаткова загубім у дзіцяці фантазію. Мы свядома ствараем вакол яго свет нейкіх пачвар!..

Якаў Фаміч (разглядае ўзоры на стале). Нічога страшнага — прылады працы. І грабелькі, і вядзёркі дзецям таксама патрэбны. Вы бачылі, Ізабела Сямёнаўна, як яны любяць у зямлі корпацца?

Ізабела. Патрэбны, Якаў Фаміч, але не такія, як гэты. І не яны галоўнае…

Якаў Фаміч. А што галоўнае?

Ізабела. Таты і мамы гэтых дзетак запускаюць касмічныя караблі, лятаюць на рэактыўных самалётах. А мы іх дзецям — грабелькі, лапаткі, тачкі. Давайце запусцім саху і жорны. Таксама прылады працы!

Якаў Фаміч. Ізабела Сямёнаўна… На нашым абсталяванні толькі і стругаць тачкі! Трэба ж быць рэалістам, а не лятаць у воблаках.

Ізабела. Значыць, трэба замяніць абсталяванне.

Якаў Фаміч. Ха! Лёгка сказаць — замяніць!..

Тэлефонны званок.

Так, слухаю… Так, гэта я, Добрых… Што? (Вялікая паўза.) Ужо сядзіць?.. Разумею… Разумею… Ну што ж я магу сказаць… Кожнаму сваё… Усяго добрага. (Кладзе трубку і глядзіць перад сабой невідушчым позіркам.) Вы нешта сказалі?

Ізабела (здзіўлена). Я сказала, што трэба замяніць абсталяванне. Ужо даўно пара.

Якаў Фаміч (думаючы пра нешта сваё). Так-так… Замяніць… Перамяніць… Выкінуць…

Ізабела. Мне ісці, Якаў Фаміч?

Якаў Фаміч. Так-так, ідзіце… Мы як-небудзь потым… Пазней. Скажыце, няхай да мяне зойдзе Рагнеда Іванаўна. Цяпер! Зараз жа!

Ізабела выходзіць. Неўзабаве з’яўляецца Божашуткава.

Якаў Фаміч. Сядайце, Рагнеда Іванаўна. Сядайце…

Божашуткава. Можа, крыху пазней, Якаў Фаміч? Я сабрала ў сябе невялічкую нараду па танку.

Якаў Фаміч. Пакуль вайны няма, танкі пачакаюць. Сядайце.

Божашуткава. Непрыемнасці?

Якаў Фаміч. Ха! «Непрыемнасці»! Не тое слова, Рагнеда Іванаўна, не тое слова. Катастрофа!

Божашуткава. Новыя мадэлі міністэрства забракавала?

Якаў Фаміч. Якія мадэлі? Я кажу — ка-та-строфа! Пад нашай фабрыкай узарвалася міна!

Божашуткава. Дзе? Калі? Я нічога не чула!

Якаў Фаміч. Яшчэ пачуеце… І ведаеце, хто гэтую міну падклаў?

Божашуткава. Адкуль жа?..

Якаў Фаміч. Вы, паважаная Рагнеда Іванаўна!

Божашуткава. Ну, ведаеце!.. Так і да інфаркту недалёка. Што гэта значыць? Заўсёды ў вас нейкія дзіўныя гіпербалы! Я нічога не разумею.

Якаў Фаміч. Гіпербалы? Не разумееце?.. Зараз зразумееце. Рыгора Салавейчыка помніце? Хто-хто, а вы павінны яго помніць.

Божашуткава. Слесара з цэха механічнай цацкі?

Якаў Фаміч. Слесара? Хулігана! Архараўца! Бандыта з цэха механічнай цацкі! Таго самага, каго я двойчы хацеў звольніць! І за каго двойчы заступаўся мой намеснік!

Божашуткава. Я заступалася за яго, Якаў Фаміч, таму, што ў нас людзей не хапае. Вы ж ведаеце: у канцы кожнага квартала інжынераў і тэхнікаў да станкоў ставім. А ён першакласны слесар і токар адначасова. Можна сказаць, самародак…

Якаў Фаміч. Ну дык вось… У турму сеў гэты ваш самародак!

Божашуткава. Як… у турму? За што?

Якаў Фаміч. За што? Напіўся да зялёнага змія, уварваўся ў чужую кватэру, пабіў гаспадара. Мала гэтага — пайшоў на пляж і там яшчэ пакалечыў дзяўчыну.

Божашуткава. Хто вам сказаў?

Якаў Фаміч. Толькі што начальнік міліцыі званіў. Салавейчык ужо сядзіць у КПЗ. На яго заводзіцца крымінальная справа.

Божашуткава. Які ідыёт! Божа мой, які ідыёт!

Якаў Фаміч. Вось яна, ваша міна, Рагнеда Іванаўна! Цудоўна бабахнула! Усё ўшчэнт! Граматы, дыпломы, званне — усё!

Тэлефонны званок.

Так, слухаю!.. Слухаю вас, Мікалай Аляксандравіч… Ужо ведаю. Начальнік міліцыі званіў… Вось сядзім са сваім намеснікам, раімся, што рабіць. Вядома, ганьба… Горш, здаецца, няма куды. Будзем думаць, Мікалай Аляксандравіч, будзем думаць… Так-так, вядома. (Кладзе трубку.) Ну вось, калі ласка! Ужо сакратар райкома ведае, выклікае да сябе. Аператыўна працуе ў нас міліцыя!

Божашуткава. Не прымайце так блізка да сэрца, Якаў Фаміч. Вядома, непрыемнасць. Але не трэба рабіць з гэтага трагедыю…

Якаў Фаміч. Хацеў бы я на вас паглядзець, Рагнеда Іванаўна, калі б вы сядзелі на маім крэсле! Мы ж цяпер год, а то і два ва ўсіх даведках і дакладах будзем красавацца! Як адмоўны прыклад! Шчэ які прыклад! Сёння або заўтра чакайце фельетаніста з «Вячоркі». А можа, і цэнтральная прэса ўважыць.

Божашуткава. Няўжо нічога нельга прыдумаць?

Якаў Фаміч. Прыдумаць? Ну што ж, калі ласка, прыдумвайце! А я — пас.

Божашуткава. Начальнік міліцыі сказаў, калі Салавейчыка будуць судзіць?

Якаў Фаміч. Ну якая розніца — праз дзень або праз тыдзень? Што ад гэтага зменіцца?

Божашуткава. Многа што, Якаў Фаміч, вельмі многа. Калі судовая машына скранулася з месца, яе ўжо не спыніш. А калі не — яшчэ не ўсё страчана. Трэба зрабіць так, каб Салавейчыка не судзілі.

Якаў Фаміч. Як гэта… не судзілі? Ён ужо сядзіць у КПЗ!

Божашуткава. Трэба яго адтуль вызваліць. І як мага хутчэй.

Паўза.

Якаў Фаміч. Рагнеда Іванаўна… Вы на што мяне падбухторваеце?

Божашуткава. На добрую справу, Якаў Фаміч… Трэба каму-небудзь з нас неадкладна, вось зараз жа, ехаць у міліцыю і хадайнічаць.

Якаў Фаміч. Хадайнічаць? Аб чым хадайнічаць?

Божашуткава. Каб адпусцілі Салавейчыка.

Якаў Фаміч. Адпусцілі?!

Божашуткава. На парукі, пад распіску.

Якаў Фаміч. Я хадайнічаць не буду! Не буду! Не буду!.. Адмаўляюся! Катэгарычна!

Божашуткава. А хто сказаў, што хадайнічаць павінны абавязкова вы? Народ будзе хадайнічаць, Якаў Фаміч. Народ.

Якаў Фаміч. Ха! Народ будзе хадайнічаць за гэтага бандыта?

Божашуткава. Народ, Якаў Фаміч, я бяру на сябе. Убачыце. Салавейчык яшчэ будзе нашым казырным тузам!

Паўза.

Якаў Фаміч. Даруйце, Рагнеда Іванаўна… Я неяк не паспеў злавіць паварот вашай думкі. Занадта яна арыгінальная і нечаканая… Чаму козыр? Які туз?

Божашуткава. Ну гэта ж элементарна. Калі будзе вырашацца пытанне: прысвоіць нам званне ці не прысвоіць, вось мы і кінем тады на вагі Салавейчыка. Кінем і скажам: глядзіце, што можа зрабіць з мярзотніка сапраўдны калектыў! Перавыхавалі! Перакавалі!..

Паўза.

Якаў Фаміч. Гм… Увогуле, у гэтым нешта ёсць… А вас, Рагнеда Іванаўна, не бянтэжыць тая акалічнасць, што ён, як гасподзь бог — у трох асобах?

І п’яніца, і хуліган, і… наконт жанчын не вельмі ўстойлівы. Нават з жонкай з-за гэтага разышоўся. Хаця б што-небудзь адно, а то адразу цэлы букет.

Божашуткава. Цяжкая перамога даражэй цэніцца, Якаў Фаміч. Давайце разважаць чыста па-чалавечаму, адкінуўшы нашы меркантыльныя вытворчыя інтарэсы… Так, я згодна: Салавейчык п’яніца, дэбашыр…

Якаў Фаміч. Бандыт з вялікай дарогі!

Божашуткава. Гэта ўжо занадта. Але ён наш работнік, член нашага калектыву.

Якаў Фаміч. Каб не вы, ён бы ўжо даўно не быў нашым членам!

Божашуткава. Мы не можам пакінуць яго ў бядзе. Гэта было б жорстка, бессардэчна. Чалавек чалавеку друг, таварыш, брат.

Якаў Фаміч. Ха! Знайшлі брата!

Божашуткава. Усе газеты зараз пішуць, што мужчыны — слабы пол, што іх трэба берагчы. Вось мы з вамі і пачнём усесаюзны паход за зберажэнне гэтага слабага полу.

Якаў Фаміч. Вы яшчэ жартуеце?

Божашуткава. Званіце ў міліцыю, Якаў Фаміч. Скажыце, што мы бяром Салавейчыка на парукі.

Паўза.

Якаў Фаміч. Не магу… Не магу крывіць душой. Мне хутка шэсцьдзесят. Я ў сваім жыцці яшчэ нікому не хлусіў.

Божашуткава. Якая ж тут хлусня, Якаў Фаміч?.. Трэба ратаваць гонар фабрыкі. А то як пачнуць зараз свянціць у кожным дакладзе! Справа ж не ў Салавейчыку…

Якаў Фаміч. Чорт ведае, што такое! Вось сітуацыя!

Божашуткава. Вы толькі скажыце: бяром Салавейчыка на парукі, каб зрабіць з яго чалавека. І ўсё, і больш ніякіх абавязацельстваў.

Якаў Фаміч. І больш ніякіх? Так мала?

Божашуткава. Ну, Якаў Фаміч!..

Якаў Фаміч. Вы думаеце, міліцыя яго адпусціць?

Божашуткава. Не сумняваюся.

Якаў Фаміч. Чаму гэта вы не сумняваецеся?

Божашуткава. А ў міліцыі таксама свае паказчыкі ёсць! У нас — чым больш, тым лепш, а ў іх — чым менш, тым лепш. Ну што вы яшчэ раздумваеце, Якаў Фаміч? Дзейнічаць трэба, а вы думаеце!

Якаў Фаміч. Ведаеце, як гэта называецца? Узяць чалавека за гарляк. Рызыка вялікая, Рагнеда Іванаўна.

Божашуткава. Калі справа ідзе аб выратаванні чалавека, пра рызыку не думаюць, Якаў Фаміч. Вунь людзі не думаюць, калі пад поезд кідаюцца, каб чалавека выратаваць!

Якаў Фаміч. Добра, добра, не буду… А вы ўпэўнены, што народ нас падтрымае?

Божашуткава. Народ трэба арганізаваць, Якаў Фаміч. Арганізаваць і пераканаць. Я ж вам сказала: народ я бяру на сябе. Вам застаецца толькі адно — пазваніць начальніку міліцыі. Скажыце, што наш калектыў бярэцца зрабіць з Салавейчыка чалавека. Чалавека з вялікай літары… Якаў Фаміч, я проста не пазнаю вас. Пастарэлі вы, ці што?

Якаў Фаміч. А, чорт, было не было! Не столькі пераканалі, колькі… Дзе тут у мяне яго тэлефон запісаны? (Шукае ў настольным календары, здымае трубку тэлефона, набірае нумар.) Міліцыя? Мне начальніка… Ну якая розніца — хто гаворыць… Дырэктар фабрыкі цацак Добрых. Гэта маё прозвішча такое — Добрых!.. Васіль Фядотавіч, гэта вы? Добрых… Мы вось тут параіліся і наважылі хадайнічаць перад вамі… Ага. Ці нельга перагледзець нашу справу?.. Так, Салавейчыка… Ну няўжо мы з адным хуліганам не справімся?.. Што?.. Ага, зразумела… Само сабой. Усё зробім як след. Дзякую, шчыра дзякую, Васіль Фядотавіч! Так-так, сёння ж. Будзьце здаровы! (Паклаў трубку.)

Божашуткава. Ну што? Што ён сказаў?

Якаў Фаміч. Выпусцяць… Сказаў, каб рабочыя яго самі судзілі. Сваім судом, таварыскім…

Божашуткава. Цудоўна! Гэта якраз тое, што нам патрэбна! Ну вось бачыце, Якаў Фаміч? А вы сумняваліся!

Якаў Фаміч. Прасіў строга судзіць, не патураць…

Божашуткава. Не турбуйцеся, Якаў Фаміч. Мы такі трыбунал яму наладзім!..

Якаў Фаміч. Ён прасіў зрабіць гэта аператыўна.

Божашуткава. Марудзіць не ў нашых інтарэсах.

Якаў Фаміч. Толькі вось якая штука, Рагнеда Іванаўна… Разам з хадайніцтвам мы павінны прыслаць у міліцыю і характарыстыку на гэтага… самародка.

Божашуткава. Ну дык што? І пашлём.

Якаў Фаміч. Пашлём?.. Калі мы напішам такую характарыстыку, якой ён заслугоўвае, то яго трэба трымаць у турме ўсё жыццё! А калі мы напішам такую, каб адпусцілі, гэта будзе, мякка кажучы, няпраўда.

Божашуткава. Канечне, трэба напісаць такую, каб адпусцілі! Інакш…

Якаў Фаміч. Гэта значыць, напісаць хлусню?

Божашуткава. Які вы наіўны чалавек, Якаў Фаміч! Гэта ж пустая фармальнасць! Паперка! Грош ёй цана! Колькі я такіх паперак за сваё жыццё падпісала! І, як бачыце, нічога, жывая.

Якаў Фаміч. Гэта не паперка, Рагнеда Іванаўна, а дакумент. І маніць у ім…

Божашуткава. Добра. Паглядзім на гэтую справу з другога боку. Так, мана, хлусня. Але хлусня ў імя высакароднай справы — гэта святая хлусня, Якаў Фаміч!

Якаў Фаміч. Вы так думаеце? А хто будзе падпісваць гэтую святую хлусню? У мяне, між іншым, партыйны білет у кішэні.

Божашуткава. Добра, Якаў Фаміч. Я падпішу характарыстыку на Салавейчыка. Як ваш намеснік.

Паўза.

Якаў Фаміч. Брыдка ўсё гэта! Агідна!

Божашуткава. Але ў нас з вамі няма іншага выйсця… Ёсць яшчэ адна непрыемная справа, Якаў Фаміч.

Якаў Фаміч. Ха! Калі гэта бяда хадзіла адна!.. Якая?

Божашуткава. Я зноў пра гэтую Дрозд…

Якаў Фаміч. Зноў вашы мадэлі рэжа?

Божашуткава. Яна ўвесь калектыў рэжа, Якаў Фаміч!

Якаў Фаміч. Якім чынам?

Божашуткава. Ці бачылі вы, у якой спадніцы яна ходзіць па фабрыцы. Увойдзе ў цэх — уся работа спыняецца. Усе мужчыны ад семнаццаці да шасцідзесяці на яе міні-спадніцу вочы вылупліваюць. Больш правільна — не на спадніцу, а на яе ногі. На калені!

Якаў Фаміч. Прыгожыя ногі, таму і глядзяць. Не разумею, якая ў гэтым крамола? Жаночае цела спакон вякоў лічылася ідэалам прыгажосці і наогул усялякай гармоніі…

Божашуткава. Няхай яны гэтай гармоніяй у музеях цешацца. Там усе статуі ў касцюмах Адама і Евы. А на вытворчасці, Якаў Фаміч…

Якаў Фаміч. Няўжо вы хочаце, Рагнеда Іванаўна, каб я яшчэ жаночымі спадніцамі займаўся, нарматывы ўводзіў — каму насіць ніжэй калена, а каму вышэй? Жанчына ёсць жанчына!

Божашуткава. Яна не жанчына!

Якаў Фаміч. А калі дзяўчына — тым больш!..

Божашуткава. Яна не жанчына і не дзяўчына. Яна член партыі!

Якаў Фаміч. А што, хіба член партыі бясполая істота? Я, напрыклад, лічу сябе ў некаторай ступені мужчынам.

Божашуткава. Міні-спадніца не да твару савецкай жанчыне ўвогуле. Дрозд — член партбюро, галоўны мастак фабрыкі, у нейкім сэнсе заканадаўца мод. На яе гледзячы…

Якаў Фаміч. Усе жанчыны стануць насіць міні-спадніцы?.. Кіньце, Рагнеда Іванаўна! Не хачу слухаць! Па мне, дык няхай яна хоць галышом бегае. Калі прастуды не баіцца… Не было б большай бяды. Не нам з вамі спадніцамі займацца!

Божашуткава. Ну, ведаеце, Якаў Фаміч!..

Якаў Фаміч. Я ведаю, што ў мяне сёння няма ліставой сталі, што нам на трэці квартал піламатэрыялы ўрэзалі, будзем рабіць цацкі з паветра! Патэнт возьмем — цацкі з паветра! Заўтра пластмасы канчаюцца, а латэкса ўжо цэлы тыдзень няма. Вось што я ведаю! А тут яшчэ Салавей-разбойнік на маю галаву зваліўся! З мяне хопіць. Вось так, хопіць! Ідзіце, Рагнеда Іванаўна, і займіцеся лепш танкам.