Рыгор Остэр
Бязглуздыя парады


Нядаўна навукоўцы вынайшлі,
што на сьвеце ёсьць неслухмяныя дзеці.
Яны ўсё робяць наадварот.
Ім кажуць:
«Трэба мыцца» -
яны ня мыюцца.
Іх вучаць:
«Трэба вітацца» -
яны адразу ж пачынаюць не вітацца.
Навукоўцы прыдумалі, што такім дзецям
трэба даваць ня добрыя,
а бязглуздыя парады.
Яны ўсё зробяць наадварот,
і атрымаецца якраз правільна.


Гэтая кніжка для неслухаў.

Добрым дзецям чытаць забараняецца!


* * *


Калі раптам ты згубіўся,
Помні, дружа, што цябе
Адвядуць дамоў адразу,
Калі адрас назавеш.
Будзь хітрэйшы й разумнейшы,
Ўсім кажы: «Мой родны дом
Каля пальмы зь дзікай малпай
На Гавайскіх астравах».
Памятай: калі згубіўся
Ўсіх старайся надурыць,
Каб не змарнаваць магчымасьць
За мяжою пабываць.


* * *


Нічога і ніколі ты
Рукамі не чапай.
Ня ўблытвайся абы-куды
І ні ўва што ня лезь.
Убок ціхенька адыдзі,
Стань моўчкі у кутку
І гэтак нерухома стой
Да старасьці сваёй.


* * *


Хто ня скочыў аніразу
З парасонам праз вакно,
Той парашутыстам спрытным
Ў нас ня лічыцца пакуль.
Над натоўпам ўсхваляваным
Яму птушкай не лунаць,
І з нагой забінтаванай
У бальніцы не ляжаць.


* * *


Калі ўсёй сям'ёй купацца
Вы на возера пайшлі,
Не чапай мамулю з татам -
Хай на сонейку ляжаць.
Не крычы: «Дапамажыце!»,
Хай хвілінку адпачнуць.
Не турбуючы нікога,
Пастарайся патануць.


* * *


Лепшага няма занятку
Як у носе калупаць,
Бо надзвычай ўсім цікава,
Што там ёсьцека ў наздры.
А каму глядзець агідна,
Той няхай і не глядзіць -
Да яго мы ў нос ня лезем,
Не чапляецца няхай!


* * *


Калі мама вас засьпела
За ўлюбёнай вашай справай,
Ну хаця б за маляваньнем
Ў калідоры на шпалерах,
Растлумачце ёй, што гэта -
Ваш сюрпрыз на Дзень жаночы.
Называецца карціна:
«Мілай мамачкі партрэт».


* * *


Не чапай чужыя рэчы
Калі побач ёсьць чужыя.
Хай яны заплюшчаць вочы
Ці сыйдуць на пяць хвілін.
А сваіх чаго баяцца!
Пра сваіх свае ня скажуць.
Хай глядзяць. Хапай чужое -
Да сваіх яго цягні!


* * *


Ты пытаньнямі дурнымі
Галавы не забівай,
Бо тады яшчэ дурнейшы
Знойдзецца на іх адказ.
А калі дурных пытаньняў
Назьбіралася зашмат,
Лепш зьвяртайся да дарослых -
Ў іх няхай мазгі трашчаць.


* * *


Рэгулярна хадзіце
Ў тэатральны буфет.
Там пірозівы з крэмам,
Газіроўка-вада.
На талерках, як дровы,
Шакалядкі ляжаць,
І праз трубачку можна
Піць малочны кактэль.
Вы квіткоў не купляйце
На балкон ці ў партэр,
Папрасіце квіточак
Ў тэатральны буфет.
І прыйшоўшы дадому,
Прынясеце з сабой
Вы пад сэрцам дрыготкім
Ў жываце бутэрброд.


* * *


Калі дзяўчынка ты - трывай
Падножкі ды штуршкі.
І коскі падстаўляй усім,
Хто хоча таргануць.
Затое ты праз колькі год
Пакажаш дулю ім
І скажаш: «Фігушкі, за вас
Я замуж не пайду!»


* * *


Калі ты зь сябрамі разам
Выйшаў падурэць на двор,
Апрануўшы зранку новы
І прыгожы палітон,
То ня варта поўзаць ў брудзе
І качацца па зямлі,
Лазіць цераз агароджу
І чапляцца за цьвікі.
Каб ня бэсьціць і ня брудзіць
Свой прыгожы палітон,
Трэба, каб ён стаў старэнькім.
Гэта робіцца вось так:
Добра выпэцкайся ў брудзе,
Пакачайся па зямлі,
Пералезь праз агароджу,
Зачапіўшыся за цьвік.
Зробіцца старым і брудным
Твой прыгожы палітон,
І цяпер зусім спакойна
Можаш на дварэ дурэць:
Сьмела боўтайся у брудзе
І качайся па зямлі
Пералазь праз агароджу
І чапляйся за цьвікі.


* * *


Калі вырашыў па хаце
Ты на ровары пагойсаць,
А табе насустрач з ванны
Выйшаў тата пагуляць.
Ў кухню ты не паварочвай -
Ў кухні цьвердая лядоўня.
Тармазі у тату сьмела.
Ён даруе. Мяккі ён.


* * *


Ты гісторыю краіны
Сваёй роднай не вучы.
Ну каму, скажы, цікава,
Што даўным-даўно было?
Бо гісторыю самому
Можна лёгка прыдумляць
І расказваць потым байкі
Невукам такім, як сам:
«Жыў-быў ў Піцеры Скарына
І газэты друкаваў».


* * *


У жыцьці галоўнай справай
Можа стаць любая дробязь,
Трэба толькі цьвёрда верыць,
Што важнейшых спраў няма.
І тады не перашкодзяць
Вам ні холад, ні сьпякота,
У вялікім захапленьні
Розную рабіць лухту.


* * *


Біце палкай жабянятаў -
Гэта вельмі захапляльна.
Адрывайце крылы мухам,
Хай гуляюць пехатой.
Трэніруйцеся штодзённа,
І шчасьлівы дзень настане -
Вам ў якімсьці каралеўстве
Прапануюць катам стаць.


* * *


Дзяўчат ніколі і нідзе
Ня трэба заўважаць.
Ім кроку не даваць ступіць
Ніколі і нідзе.
Часьцей падножкі падстаўляць,
Зьнянацку іх пужаць,
Каб ясна зразумелі ўсе -
Ня трэба вам яны.
Сустрэў дзяўчынку, дык хутчэй
Паказвай ёй язык,
Каб не падумала яна,
Што закахаўся ты.


* * *


Калі раптам ты з бацькамі
Вырашыў пачаць вайну,
Пастарайся здацца маме, -
Тата не бярэ ў палон.
І, дарэчы, не забудзься
Ты мамулі нагадаць,
Біць палонных па азадку
Не дае Чырвоны Крыж.


* * *


Калі вырасьцеш вялікім,
Станавіся прэзідэнтам.
Бо файнейшае работы
Ў цэлым сьвеце не знайсьці:
Ў абавязкі прэзідэнта
Уваходзіць бег на лыжах,
Тэніс, на каньках катаньне
І гульня ў футбол-хакей.


* * *


Не пагаджайся ні за што
Ніколі і ні зь кім,
А хто пагодзіцца з табой -
Таго баякам кліч.
За гэта ўсе цябе пачнуць
Любіць і паважаць.
І будзе у цябе паўсюль
Сяброў сапраўдных шмат.


* * *


Калі ў кухні тараканы
Маршыруюць па стале,
Ну а мышы на падлозе
Зладзілі вучэбны бой,
Значыць, трэба на часінку
Кінуць барацьбу за мір
І распачынаць заўзята
Барацьбу за чысьціню.


* * *


Калі вырашыў ты зь сябрам
Па душах пагаварыць,
Сябра не хапай за гузік -
Вырвецца яшчэ, зьбяжыць,
І на памяць застанецца
Толькі гузік у цябе.
Сябру трэба даць падножку,
На падлогу заваліць,
Зьверху сесьці і тады ўжо
Па душах пагаварыць.


* * *


Калі ты прыйшоў у госьці,
Не здароўкайся ні зь кім,
Словаў «дзякуй», «калі ласка»
Анікому не кажы,
На пытаньні не адказвай,
Адвярніся ад усіх,
І тады цябе ня будуць
Называць балбатуном.


* * *


Калі здарылася нешта
Й вінаватых не знайшлі,
Не хадзі туды, іначай
Вінаватым будзеш ты.
Лепш схавайся у куточку,
А пасьля ідзі дамоў
І пра тое, што убачыў,
Ты нікому не кажы.


* * *


Не купілі вам бацькі марозіва?
Не ўзялі ў кіно з сабою ўвечары?
Трэба на бацькоў тады пакрыўдзіцца
І сыйсьці бяз шапкі ў ноч халодную.
Ды ня проста так блукаць па вуліцах,
А ў дрымучы, цёмны лес адправіцца.
Стрэць ваўка там шэрага, галоднага,
Ў пашчу да яго патрапіць, ведама ж.
А бацькі, калі пра тое ўведаюць,
Закрычаць, заплачуць ды забегаюць,
Кінуцца адразу па марозіва,
Возьмуць у кіно з сабою ўвечары.


* * *


Паглядзі, што ў кожным доме
Адбываецца ўначы:
Павярнуўшыся да сьценкі,
Тата з мамаю ляжаць.
Вуснамі яны варушаць
У цямнюткай цемнаце,
І, заплюшчваючы вочы,
Пяткай торгаюць у сьне.
Ўвечары ісьці у ложак
Не згаджайся ні за што.
І не дазваляй нікому
Нават коўдру падтыкаць.
Ну няўжо табе ахвота
Лепшыя свае гады
Змарнаваць пад цёплай коўдрай,
На падушцы, без штаноў?