Янка Купала
Яна і я


1. Стрэча


На крыжавых пуцінах з ёй сустрэўся -
Куды ісці, не ведала яна,
І я не ведаў - ў полі я ці ў лесе,
І мне ляжала сцежка не адна.

Як путнікі, заблуканыя ўночы,
Стаялі мы пад труднай ношкай дум;
Адно другому пазіралі ў вочы
І слухам клікалі найменшы шум.

Стаялі мы. Нявіданыя дзівы
Нас абымалі крыллямі сваймі,
Шапталі мне: вазьмі яе, шчаслівы!
Шапталі ёй: сабе яго вазьмі!

І рукі злучывалі нам навекі,
Багаслаўленне далі нам свае
Ісці у свет праз горы, долы, рэкі,
Ісці супольна праз усё жыццё.

Вясельны гімн, як плачкі, нам запелі
І заракалі крыллямі зарок -
Над ей, заручанай, у шлюбнай белі,
І нада мной, ахутаным у мрок.

А каб вас злыя не змаглі заломы!
А каб не зналі душы вашы ран!
А каб вас не кранулі буры, громы!
А каб к сабе не звабіў вас курган!

Такія клалі дзівы нам зарокі
Мядовых асалод, квятчаных крас
І расплыліся, як сон ветру лёгкі,
Нас кінуўшы ў благі ці ў добры час.

І мы пайшлі, як тыя цені-мары,
Няспынна ад расы і да расы;
Запаланелі нам бліскучыя пажары,
Закуранелі чорныя лясы.


2. У хаце


У хаце ўжо маёй будзь гаспадыняй, -
Няма ў мяне нікога, проч цябе;
Сядзь на пачэсны кут, мая багіня,
І будзем думы думаць аб сабе.

Палац мой, бачыш, хоць і не багаты,
Але я сам яго узбудаваў,
Сам сцены вывеў, клаў на кроквы латы
І сам пад стрых саломай пакрываў.

Не выбіты атласам сцены, лавы,
Падлога не заслана дываном
Турэцкім, што сваей красой іскравай
Гарыць, зіяе, як той жар, агнем.

Над печкай, што стаіць каля парога,
Не працавалі мудры разьбяры,
Сам з гліны збіў яе й з пяску сырога
Ды вапнай пабяліў разы са тры.

Вось ложак, зроблены маёй рукою,
З смалістай сосны дошкі выслаў ў ім;
Пасцель пуховую пасцелем мы з табою,
Каб мякка спаць было нам абаім.

У ночнай цішы, ў любым упаенні,
У патаенні ад жыцця, людзей,
Агонь душу і сэрца распрамене,
Агонь гарачых, злучаных грудзей.

І мнагацветныя акружаць нас вясёлкі,
Маланкі залатыя замігцяць,
А думкі нашы, верныя саколкі,
Да неба з добрай весткай паляцяць.

Так мілаванне к шчасцю след адчыне,
А мілаванне - над царамі цар, -
І будзеш век маёй ты гаспадыняй,
А я твой вечна буду гаспадар.


3. Праталіны


Ўжо на зямлю ляглі праталіны,
Снягоў спаўзае зімавая бель,
Узгоркі свецяць - як апалены,
Вада ў лагчынах жаліцца, як чмель.

Дзе-нідзе глянула нясмелая
Пралеска вочкамі на божы двор, -
Людскіх слёз кветка сіня-белая
Шукае сонца днём, а ночкай - зор.

Крылатыя стварэнні з выраю
Па Млечнаму пуці плывуць, як шнур,
І, творачы малітву шчырую,
Сваіх шукаюць кінутых пячур.

Спагаднае святло нябеснае
На колькі вёрст звялічыла свой шлях,
Па нівах промені пачэсныя,
Як лён той, сцелюцца ў жывых агнях.

І ў хатку заглядаюць промені, -
Дармо што нізкія аконцы ў ёй, -
Гуляюць радасна па коміне
Бліскучай і вясёлаю сям'ёй.

Па ложку, па пасцелі ласяцца,
Цалуючы яе і мой гарачы твар,
Як тыя ветрыкі на пасецы,
Гуляючы ў пякучы летні сквар.

Устань, галубачка бяскрылая,
Заспаны зоры-вочанькі пратры,
Збяромся з думкамі і з сілаю
Жыцця парадак валачы стары!

Праталіна лягла на гонейках,
Збудзілася пралесачка ад сна...
Устань, устань, мае ты сонейка!
Залатаструнна йграе ўжо вясна.


4. За кроснамі


За кросны ненагляднай сесці трэ было
Ядваб-кужэль сівенькі ткаць,
Але да гэтага прыладаў не было, -
Прылады стаў я майстраваць.

З бярозы вычасаў ставы ёй новыя,
Набіліцы кляновыя зрабіў.
А панажы выстругаваў кляновыя.
Навой, як трэба, зарубіў.

Узяўшы дзічку-яблыню крамнястую,
Стругаў чаўнок гладзей ад шкла.
Купіў на рынку берда густа-частае.
Ніты сама яна спляла.

Садзіцца мае сэрца-ткаля ў кросенькі,
Набіліцамі громка б'е,
Кладуцца ўтоку гусценька палосанькі,
Сучу я цэўкі для яе.

Так шчыра з ёю ўзяліся дарэчы мы;
Яна ўсе тчэ, а я сучу
І ўкрадкаю любуюсь яе плечамі,
За белымі грудзьмі сачу.

Тчы, мая ткаля! Кроў твая ўзыгралася;
Маланкай гойсае чаўнок.
О, каб хаця аснова ўжо не рвалася!
Каб моцны й спорны быў уток!

Няхай ад берда часта ўток калоціцца,
Кладзе шырокі гладкі сцяг,
А доўгі - як рака, што ў мора коціцца,
Як між прысад гасцінец-шлях.

Каб сцежка, коцячыся, палатняная,
Дзе парастае дзівасіл,
Дайшла ў старонку знаную-нязнаную,
Туды, да бацькаўскіх магіл.


5. Выган у поле жывёлы


Спаўзлі з загонаў зімнія снягі
І ў мора паплылі ракой-вадзіцай,
Запелі жаўранкі. І чорныя лугі
Ўсміхацца сталі першаю травіцай.

У поле статак выганяць пара.
Кароўку маем мы - завецца Аўтарыняй,
Багацце кожнага гаспадара,
Скарб і пацеха кожнай гаспадыні.

«Мая» не выгнала яе за край
Платоў, на пашу, дзе яна хадзіла,
Пакуль таго, што вучыць абычай,
Над ей сваей рукою не ўчыніла.

Свянцоным хлебам, соллю і вадой
Абнесла навакол яе тры разы,
Паставіла да сонца галавой
І загавор чыніла ад заразы.

Ў крыніцы тры разы кусочак шкла
Скупала і, перад вачмі кароўкі
Трымаючы, шаптала, як змала,
Такія мудры заклінання слоўкі:

«Ты, ясна сонца, месяц, ясен свет,
І вы, на небе часценькія зоры,
Вы ўсе, што кропіце расою цвет
І асвятляеце сушу і моры, -

Зямлю агрэйце, вырасцце траву,
Не пашкадуйце есць і піць жывінам,
Шаўковую сцяліце мураву,
Абгарадзіце жалязяным тынам.

Вартуйце, сцеражыце ад цара
Ляснога, палявога, вадзянога,
Ад царанят яго, ад упыра
І ад людскога вока нелюдскога!»


6. Агляд поля


Вялікі свет! Не згледзець тых абшараў,
Што прадзеды пакінулі і нам:
Дзе лес, дзе лозы, дзе ляжаць папары,
Дзе рунь абходзіць ўжо на хлеб людзям.

Сягоння, мілая, быць хочу я з табою, -
Дык ручку на плячо мне палажы,
Я стан твой атулю рукою
І ў поле пойдзем, пойдзем пад крыжы.

Як дзеці, пазабытыя тым светам,
Свае налеткі будзем аглядаць
І, пад загонам седзячы сагрэтым,
Пачнем аб жніве будучым гадаць.

Багата мы з табою маем гоняў,
Ў пару абсеяць, зжаці толькі б іх
Ды ў добры час злажыць у застаронне
Сям'ю снапкоў паспелых, залатых.

Так станам песцячысь яе прыгожым,
Ідзем, ідзем з загона на загон,
Дзе перш араць, дзе сеяць перш - варожым -
З надзеяй дачакаць нядзельных дзён.

Абняўшыся, пад крыжам адным селі,
З бакоў стаяў другі і трэці крыж,
З крыжамі мы, як здані, ў свет глядзелі,
І душы нашы ўзносіліся ўзвыш.

Мы блаславілі неба воблік сіні,
Што нашы думкі ўзносіў да сябе,
І ў думках кланяліся той часіне,
Што нас злучала ў шчасці і ў жальбе.

Жыццё, зямлю і сонца блаславілі,
Старыя грушы, вербы на мяжы,
А пракліналі толькі скону хвілі
І тыя вечныя па нас крыжы.


7. Радаўніца


На радаўніцу мы на могілкі пайшлі,
Свянцонага з сабой астаткі ўзяўшы,
Як гэта з давен-даўна на нашай зямлі
Дзяды і прадзеды рабілі нашы.

Маніліся нябожчыкаў адведаць мы.
На могілкі народу шмат сышлося,
І людзі сноўдаліся між крыжоў, як цьмы,
Хістаючысь, як ветрам гнутае калоссе.

На плітах каменных парос зялены мох,
Бярозы, хвойкі плакалі над імі,
А пасярод капліца жудка, як астрог.
На свет глядзела вокнамі сляпымі.

Ля насыпу мы з мілай селі ў старане, -
Пад насыпам тым спала яе матка, -
І прашаптала мілая, схіліўшыся ка мне:
«Адзін, адзін цяпер ты ў мяне, братка!»

Як боб, буйныя слезанькі з яе вачэй
Пасыпаліся на магілку градам,
Здалося мне - заплакала і неба з ёй
Над гэтым здушаным зямлею садам.

Штось сэрца сціснула, зірнула ў дно,
І паплыла сляза ўслед за слязою,
А думаў, што ўжо ўсе іх выліў я даўно,
Што ў свет гляджу ўжо зрэнкаю сухою.

У магілках дрэмле бацька мой і два браты,
Сясцер малых зямелька абымае.
А я жыву на свеце доляй сіраты,
Мяне зямля за нейкі грэх трымае.

Пусціўшы гэтак сумным думам павады,
Бязмежны жаль паплыў ў душу крыніцай.
І я таксама, як яна тады, шаптаў:
«Адна на свеце ты ў мяне, сястрыца!»


8. Ворка


Саха мая зусім ужо гатова, -
Зрабіў к ей новенькую плаху.
Нарогі павывострываў нанова,
Даў на паліцу тоўсту бляху.

Вось толькі коніка ў яе упрэгчы.
Махнуці пугаю нягрозна.
У загоне на рагач крывы налегчы. -
Барозна пойдзе за барознай.

Сняданне з'елі з ёю удваечку.
Каб сыта - трудна пахваліцца
Хлеб падзялілі разам па кусочку,
Сцюдзёнай запілі вадзіцай.

Пайшоў з сахой, пусціў нарогі ў гоні.
Нагамі толькі конік мой цярэбе,
І сцелецца загончык пры загоне,
Аж сонца цешыцца на небе.

Вам, людзі, што сваёй рукою белай
Зямлі не кратаеце сэрца,
Не дагадацца цераз век свой цэлы,
Як сэрца чалавека б'ецца.

Таго, які ўвосень ці вясною
Зямлі сахой чапае грудзі
Або зярно хавае бараною,
Каб вырасла для вас жа, людзі.

У важны час заворкаў ці засеўкаў
Імша абходзіцца святая,
Душа сяўца лунаецца, як дрэўка,
Якому вецер ліст зрывае.

Арыце, сейце, людзі, хто што можа,
Старым ці новым абычаем!
А вашу працу доля упрыгожа
Шчаслівым, буйным ураджаем.


9. Беліць палатно


Чачоткавы зрабіў ей пранік ёмкі,
З аздобамі і ручкай гладкай,
І палатно панёс з ёй да пагонкі,
Дзе сажалка была і кладка.

Усю трубу укінулі ў вадзіцу;
Яна, свой скінуўшы каптанік,
Кашулю падкасаўшы і спадніцу,
Ўзышла на кладку, ўзяўшы пранік.

І пярыць стала мокра палаценца,
Складаючы на кладцы ў складкі,
На ножкі пырснула і на каленцы
Вадзіца, як раса на градкі.

Распырсківаліся, як іскры, пырскі,
Мігцелі ўсюды мнагацветна.
На гладзі воднай рысавалі крыскі
І ніклі ў гладзі непрыметна.

Бліскучыя агністыя праменні,
Купаючыся ў сажалчыным версе,
К маей галубцы ў медным уміленні
Туліліся і грэлі персі.

Так палаценца мілая бяліла
Вадзіцай, пранікам на кладцы,
Пасля сабе на плечы узваліла
І слаць нясла на сенажатцы.

Нясла. Вада па ёй цурком сцякала.
І на аселіцы ля плота
Тканіну мыту распускала.
Цяперка сонца ўжо работа!

Бяліся, наша палатно, бяліся,
Як дзень, як месяц бледны, бела,
Як бела малако ў глінянай місе,
Як та саломінка паспела!