Мiхась Стральцоў

На чацвертым годзе вайны

И капля вод полна трагедий

И неизбежностей полна.

К.Случэўскi

Было гэта на чацвертым годзе вайны. Бабуля - высахлая, з учарнелым ад работы i старасцi тварам - адсцябала матузамi малога ўнука за тое, што паабшчыпаў, не дачакаўшыся вячэры, акрайчык ацеслiвага, спечанага з бульбы i ячменных шароек хлеба.

Малы не заплакаў, толькi не сваiм голасам войкнуў, калi, уцякаючы ад матузоў, хацеў падшыцца пад ложак, - на хаду перадумаў нечага, разгубiўся, i тут яго дагнала, апошнi раз балюча сцебанула старая.

Мацi таўкла ў хаце проса; яна ўсё бачыла, i калi сын, разгубiўшыся, зыркаў па хаце здзiчэлымi, спалоханымi вачамi, ёй здалося, што ён глядзiць на яе, молiць спагады, лiтасцi, молiць заступiцца, i ў яе тады перавярнулася ўсё нутро, i яна падумала, што i сама часам гэтак жа сцябала малога, i цяпер пашкадавала, што рабiла гэтак.

Сын жа кiнуўся ад ложка да дзвярэй, з усяе сiлы цiснуў рукамi на клямку, бiў у дзверы нагамi: мацi бачыла, як дрыжаў у яго збялелы падбародак, як захлiпаўся сын ад першых, крыўдлiвых i роспачных слёз.

Моцна заплакаў ён ужо на двары.

I ёй тады, калi яна пачула гэты ягоны плач, чамусьцi стала лягчэй, нiбыта яна сама заплакала i ёй прыйшла са слязьмi палёгка.

Яна глянула на хату, на старую, што нечага мiтусiлася ў хаце, i больш за ўсё яе ўразiў свякроўчын твар - спустошаны i нейкi пакутлiва нямы. I яна зразумела, што старая цяпер таксама шкадуе малога i што мiтусiцца яна можа таму, што не ведае, куды ёй цяпер дзець матузы i што рабiць са сваiмi рукамi.

I яна, мацi, не стала глядзець на старую i знарок моцна загрукала таўкачом у ступе.

А старой i сапраўды было не па сабе. Яна не хацела, каб гэта заўважыла нявестка, i хутчэй пайшла з хаты.

Худы, як дошка, парсюк, што нудзiўся ля ганка, адразу ж кiнуўся да яе на двары: яна крыкнула на яго, адпiхнула нагой - парсюк зласлiва рохкнуў, патрухаў назад да ганка i, нудзячыся, пачаў торкаць лычом у сонечныя дзверы. "I гэты хоча есцi, - падумала яна. - А дзе ж ты на ўсiх возьмеш?.. Няхай яно ўсё спрахне..." Яна злавалася i, зазлаваўшы, адчула раптам, што ёй няма чаго рабiць на двары. Але не хацелася вяртацца ў хату, i яна пайшла ў агарод.

Была вясна, было пуставата на градах, яшчэ нi разу не полатых, падзеленых роўнымi, яшчэ не вытаптанымi барознамi. Старая глянула на свежараскапаную прызбу, убачыла, што трухлее ў хаты нiжнi вянец, - падышла блiжэй i, нагнуўшыся, пачала выбiраць з зямлi падсохлы зверху руды баравы мох, якiм уцяплiлi на зiму прызбу, - выбiрала мох i кiдала яго ў баразну, блiжэй да плота, дзе кусцiлiся ўжо кiслец, пырнiк, серабрыста-кволая лебяда, дзе ляжала, зламаўшыся, апаўшы на зямлю, нейкае бадыллё ад мiнулага лета. Потым яна глядзела, як ўзялiся расцi памiдоры, капусны качан, высаджаны на насенне, думала, цi добры будзе гэты год. Стары Цiмох, у якога на дубе буслянка, казаў, што, мусiць, будзе добры. Ён шмат чаго ведае, гэты Цiмох: яшчэ на пачатку вайны казаў, што немец не набудзецца ў нас, бо так i ў бiблii напiсана, i во спраўдзiлася ж, глядзi, - гоняць немца нашы.

I рабiла, i думала яна цяпер спакойна, але спакой гэты быў несапраўдны нейкi, бо ведала, адчувала, што трывога жыве ў ёй, як у грудзях застарэлы кашаль, i страшнай здавалася ёй цяперашняя няўпэўненасць у сваiм раней такiм бясспрэчным праве караць.

Яна зноў выйшла на двор, пратупала ў пуню i па драбiне ўзлезла на вышкi. Было задушлiва, цёмна пасля двара: поўзала па кутах на каленях, збiрала ў прыпол курыныя яйкi. Ужо злазячы долу, абступiлася на драбiне, збаялася, што можа разбiць яйкi, разгубiлася i ўпала. Ударылася яна не вельмi балюча, балазе было нiзка, цэлыя асталiся i яйкi, высыпаўшыся на прыцярушаны сенам сухi гной, але ёй чамусьцi стала так крыўдна, так скамянела ў яе нутро, што яна не ўставала, не падбiрала яек, сядзела i няўцямна глядзела перад сабой.

Пасля ўжо яна пачула, як на двары клiкала малога нявестка, - спачатку строга, па iменi, а потым няўпэўнена i спалохана:

- Сынок, дзе ты? Iдзi ў хату, не бойся!..

Малы не адгукаўся - мусiць, некуды збег, i старая, толькi цяпер зразумеўшы гэта, падумала, што, шукаючы малога, можа зайсцi ў пуню нявестка, хацела ўстаць, але ёй балюча кальнула ў бок: яна заплюшчыла вочы, i нешта шырокае, iмклiвае шуганула ёй у вушы, пераняло дыханне. Яна не варушылася, i шум у галаве ацiх, як бы прыйшлi аднекуль i блiжэй пасунулiся да яе сцены пунi, i яна, агледзеўшыся, убачыла, як ярка бiлася святло ў дзiравай страсе, пачула, як шчабяталi на двары ластаўкi. Ляпнулi сенечныя дзверы - пайшла ў хату нявестка, i старая схамянулася, перад вачамi паўстаў малы, тое, як кiдаўся ён па хаце, бездапаможна ўгнуўшы ў плечы шэрую, стрыжаную пад нажнiцы галаву. Яна бачыла ўсё гэта так выразна, i нiчога ўжо на свеце не iснавала для яе, акрамя гэтай безабароннай, беднай, няўмела пастрыжанай галавы. I яна шкадавала ўнука, шкадавала, што некалi даўно адсцябала гэтак жа матузамi сына, забiтага цяпер на вайне: збiраючыся ў поле, затлумiлася, забыла ў пограбе ключ, а потым, не могучы адамкнуць сенцы, вiнавацiла ва ўсiм сына; ён не прызнаваўся, i яна адлупцавала яго. Давялося вымаць прабой, каб улезцi ў хату, а праз дзень, пайшоўшы па нешта ў пограб, яна знайшла ключ, i вось цяпер ёй балюча было ад таго, што нiколi ўжо не скажа сыну, што нiзавошта пабiла яго тады, - i ёй ужо здавалася, што ў сынавай смерцi вiнавата i яна i што няўцешная i горкая будзе цяпер яе старасць. I цяпер ужо ёй хацелася, каб хто-небудзь пашкадаваў яе, каб хапiлася, стала яе шукаць нявестка.

А нявестка тым часам была ў хаце, малола ячмень самаробнымi дубовымi жорнамi. Ёй хацелася забыцца ў рабоце, i яна, не разгiнаючыся, круцiла цяжкi скрыгатлiвы круг, пакуль не заўважыла, што круцiць занадта хутка - з латачка цякла не мука, а разам з шаройкамi пырскалi, шырока лажылiся на разасланую на падлозе хустку шэрыя крупы. Тады яна паспакайнела, стала менш засыпаць ячменю ў ступку i стала круцiць жорны раўней.