Міхась ДЗЯЛЕЦ


Усё жыццё і сустрэча, якая не адбылася


Калі б у мяне хто запытаў: як найбольш поўна ацаніць і коратка выразіць жыццё Андрэя Ягоравіча Макаёнка, я б адказаў адным словам — гарэнне. Гарэнне ва ўсім: і ў выкананні службовых абавязкаў, і ў адносінах да творчых задум, і ў шматлікіх сяброўскіх сувязях, без якіх ён не ўяўляў свайго жыцця, і ва многім іншым.

Сяброў у Андрэя Ягоравіча было багата. 3 аднымі ён крочыў поплеч у суровыя гады вайны, з другімі ён пазнаёміўся ў цяжкі пасляваенны час, з трэцімі яго сутыкнуў лёс — лёс таленавітага драматурга — на далейшым, ужо творчым шляху. Але raлоўнае, у чым быў асабліва зацікаўлены, без чаго не ўяўляў жыцця, — дык гэта ўсё тое, што было навокал яго, што адбывалася ў нашай краіне і за яе межамі. Так, ён не быў абыякавы ні да адной больш ці менш важнай падзеі, якая мела месца нават дзе-небудзь далёка, але стала яму вядомай. У тыя раннія маладыя гады, гады вучобы, збірання сіл, ён, безумоўна, не меў магчымасці выказваць усё тое, што было ў яго на душы, скажем, у перыядычным друку ці ў літаратурным творы. Але ў коле сваіх сяброў Макаёнак адкрыта і па-партыйнаму прама выказваў свае думкі, свае адносіны да розных падзей.

Ён адчуваў пастаянную прагу да ведаў, пастаянна гарэў на працы, быў прыцягальнай сілай, своеасаблівым факелам сярод сяброў. У любой кампаніі, вялікай ці малой, ён умеў быць заўсёды ў цэнтры ўвагі: і сам не сумаваў, і другім не даваў. Дзе Макаёнак — там заўсёды весела: жарты, гумар, смех.

Яго высакародная палкасць добра відаць і ў тых шматлікіх таленавітых драматургічных творах, што добра вядомы не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй нашай краіне i нават за яе межамі, у якіх сатырык-драматург, барацьбіт-камуніст Андрэй Макаёнак вядзе бескампрамісную размову з шматлікай аўдыторыяй гледачоў, клічучы савецкіх людзей на змаганне супраць зла і несправядлівасці, за сваё шчаслівае сённяшняе жыццё і за яшчэ больш шчаслівае будучае.

3 Андрэем Ягоравічам Макаёнкам я пазнаёміўся ў першыя гады пасля Вялікай Айчыннай вайны, калі, дэмабілізаваўшыся з радоў Савецкай Арміі, паступіў у 1947 годзе ў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ. Шчаслівы лёс звёў нас у адну, дзесятую, групу — групу газетных работнікаў. I хаця гэта быў ужо другі двухгадовы набор слухачоў, яго склад, асабліва газетных груп, па-ранейшаму быў неаднародны: поруч з прадстаўнікамі перыядычнага друку, якія ў суровыя гады вайны ў падполлі, у партызанскіх атрадах, у невымерна цяжкіх умовах заклікалі савецкіх людзей на свяшчэнную вайну з чалавеканенавісніцкім фашызмам, вучыцца газетнай справе прыйшлі і былыя партыйныя і камсамольскія работнікі, настаўнікі і дэмабілізаваныя воіны. Увогуле прыйшлі ўсе тыя, хто па прызванню, з пачуццём абавязку хацеў прысвяціць сваё жыццё служэнню прэсе. I трэба адзначыць, што, нягледзячы на неаднароднасць складу, rpyпa склалася дружная, баявая і, галоўнае, працалюбівая: па паспяховасці навучання ішла наперадзе іншых груп школы. Мяне выбралі старастам групы, і я з прычыны гэтага абавязку меў дачыненне да таго, хто і як з слухачоў займаецца. Дысцыпліна была, трэба сказаць, суровая. Атрыманне тым ці іншым слухачом двойкі было надзвычайным здарэннем не толькі ў групе, але і на ўсім курсе. Яно станавілася тэмай сур'ёзнай размовы і на партыйным бюро курса, і на пасяджэннях парткома школы. Некаторых двоечнікаў запрашаў да сябе ў кабінет i дырэктар школы, былы камандзір партызанскага злучэння Ілья Паўлавіч Кожар. Пасля размовы з Ільёй Паўлавічам, які па свайму характеру быў некалькі флегматычны, але вельмі чулы і ўважлівы чалавек, за што яго слухачы не толькі паважалі, але і любілі, віноўнік сустрэчы выходзіў у такім стане, быццам ён некалькі гадзін без перапынку цягаў цяжкія грузы: чырвоны, успацелы, з жаданнем тут жа куды-небудзь знікнуць, адасобіцца. I калі яго таварышы раптам пыталіся: «Ну як там, бацька здорава лаяўся?» — ён, не падымаючы галавы, адказваў: «Лаяўся? Лепей бы ён лаяўся! Мне лягчэй было б, нават каб не тое лаяўся, а твар расквасіў,— нікому б і слова не сказаў бы! А то!.. Ды што гаварыць!» Такі слухач пасля рабіў усё, каб толькі зноў, у другі раз, не трапіць на гутарку з паважаным усімі кіраўніком школы. I двоечнікаў, у прыватнасці ў нашай групе, не было. Я сам здзіўляўся, як ужо немаладыя людзі, якія прайшлі праз суровыя гады вайны, з усімі яе жахамі і цяжкасцямі, як яны ўпарта і настойліва займаюцца. Праўда, неабходна адзначыць, што клопатам Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі і кіраўніцтва школы ўмовы для заняткаў у тыя нялёгкія гады былі створаны прыстойныя. У такіх умовах не займацца сумленна мог толькі безадказны або бяздарны чалавек, а такіх у партыйную школу не бралі.

Два гады мы з Андрэем Ягоравічам вучыліся ў партыйнай школе, два гады, дзень у дзень, вядома, акрамя выхадных і канікул, сустракаліся за партамі, слухалі адных і тых жа выкладчыкаў. Я сядзеў з Іванам Цімашэнкам за другой партай, Андрэй Ягоравіч ззаду, за трэцяй,— з Іванам Вераб'ёвым. Вучыўся Макаёнак паспяхова, пацеў, як і другія, а можа быць, нават і больш другіх, таму што калі ён адказваў на ўроках ці экзаменах, выступаў на семінарах, дык заўсёды гаварыў тэмпераментна, яго смуглаваты твар разрумяньваўся, пакрываўся буйнымі кроплямі поту. Мне здаецца, што менавіта ў гэтыя гады, гады вучобы ў партыйнай школе, ён ужо намеціў свой далейшы творчы шлях — шлях драматурга. Праўда, нам, сябрам, ён аб гэтым нічога не гаварыў. Але мы ведалі, што над невялікімі сатырычнымі творамі ён працаваў ужо. Адну з такіх п'ес, «Быць бычку на вяровачцы», мы нават збіраліся паставіць на школьнай сцэне сіламі сваёй групы.

Андрэй Ягоравіч іншы раз так захапляўся сваімі літаратурнымі вобразамі, што ча­сам забываўся, дзе ён знаходзіцца. Hi з таго ні з сяго раптам сярод урока ён мог узарвацца такім гамерычным рогатам (Макаёнак заўсёды рагатаў гучна), што ставіў у няёмкае становішча выкладчыка, а заадно i самога сябе. Пасля такога непрадбачанага «ўзрыву» Макаёнак чырванеў, прасіў прабачэння ў выкладчыка і ўсёй групы. Але іншы раз гэтыя прабачэнні не вычэрпвалі канфлікту. У нашай групе рускую мову і літаратуру выкладала незамужняя жанчына (не буду называць яе прозвішча), якая, як гаворыцца, засядзелася ў дзеўках. Яна была цікавая асоба i па тым часе апраналася з густам. Адчувалася, што камусьці з нас, таксама халасцякоў са стажам, яна хацела спадабацца. А Андрэй вазьмі ды і «ўзарвіся» двойчы запар на адным тыдні на яе ўроках, як ён потым казаў, «сваім дурацкім рогатам». Першы раз выкладчыца, нервовая па сваёй натуры, аж падскочыла з крэсла, пачырванела, прымусіла Андрэя ўстаць i тут жа за няправільныя паводзіны прабрала. Другі ж раз, рашыўшы, што Макаёнак смяецца менавіта з яе, яна, не скончыўшы ўрок, грукнула дзвярыма і пабегла ў выкладчыцкі пакой. А на наступны дзень не Андрэя, а мяне, як старасту групы, выклікаў да сябе дырэктар школы. Я, вядома, здагадаўся, дзеля чаго мяне выклікае началь­ства, і, безумоўна, хваляваўся, перажываў. I не столькі за сябе, колькі за Андрэя. Ад­чувалася, што размова будзе аб учарашнім выпадку. Яно так і здарылася. Калі я зайшоў у кабінет, Ілья Паўлавіч не сядзеў у сваім дырэктарскім крэсле, як звычайна, а расходжваў па кабінеце. «Наганяе злосць»,— падумаў я. Ён пасадзіў мяне ў крэсла, што стаяла каля масіўнага пісьмовага стала, а сам апусціўся ў такое ж крэсла насураць. Гледзячы на мяне сваім праніклівым поглядам, ён павольна, робячы паўзу амаль. пасля кожнага слова, запытаў:

— Таварыш Дзялец, вы хто: стараста ці не стараста ў сваёй групе?

— Стараста,— не вытрымліваючы яго погляду і апускаючы галаву, адказаў я.

— Дык чаму ж у вас урокі зрываюцца? Гэта ў лепшай групе школы!

— Група тут не вінавата.

— А хто ж? 3 выкладчыка пасмешышча робяць, i група не вінавата?! Здорава атрымліваецца!

Ён забарабаніў пальцамі правай рукі па стале і раптам спытаў:

— Што сабе думае гэты ваш Макаёнак?

Я крыху асмялеў, рашыў вылажыць усё начыстату. Прызнаўшы, што факт сам па сабе кепскі i што група яго не адабрае, я ў той жа час падкрэсліў, што i Макаёнка нельга так безапеляцыйна абвінавачваць. У яго гэта здараецца міжволі, ён i сам асуджае свой учынак. Але што вылецела, таго ўжо не зловіш.

— Дык што, ён гэта ненаўмысна робіць? — перапытаў Ілья Паўлавіч.— Выкладчыца сцвярджае, што смяецца Макаёнак менавіта з яе.

— Ну што вы, Ілья Паўлавіч,— працягваў я,— з ім адзін такі выпадак быў нават на агульным сходзе групы. Абмяркоўвалі мы вынікі вучэбнай чвэрці. Я выступаю з дакладам. Раптам ён як зарагоча, як закрычыць: «Бабанькі, бабанькі, крапівой яго!» Толькі калі зарагатала ўся група, Макаёнак апамятаўся, зразумеў, дзе ён, і, вядома, пачаў прасіць прабачэнкя.