Валерый Гапееў
Націснуць "энтэр"

Лістападаўскі пятнічны вечар — які час можа абяцаць больш спакою, няспешнай работы за камп'ютарам, цішыні? Жонка не нагадвае пра гадзіннік, не ўздыхае, калі бачыць, што пасля васьмі гадзін я гатую сабе кубак кавы — заўтра выхадны, можна пасядзець да позняга. Адзінае, што я не вельмі люблю ў такія вечары, — тэлефанаванні. Заўсёды напружваюць: у гэтых званках прадбачыш пагрозу заўтрашняму дню, а значыць, і сённяшняму вечару.

Была якраз пятніца, апошні тыдзень лістапада, калі золкая сырасць вуліцы робіць цёплы і сухі пакой невыказна ўтульным і родным. Мінула гадзіны дзве, як вярнуўся з працы, жонка сама прыгатавала мне кавы. Вольны час, калі займаешся тым, што табе любасна, ляціць ластаўкай, ужо блізка да поўначы… І тут — званок на хатні тэлефон.

— Цябе, — жонка са здзіўленнем на твары прынесла мне трубку. — Нейкі мужчына, выбачаецца вельмі…

Напружаны, усхваляваны голас я не пазнаў адразу, давялося суразмоўцу называцца.

— Гэта я, Аркадзь. Помніш?

— Помню, — і сапраўды ўспомніў я: у мяне быў толькі адзін знаёмы з такім нячастым для майго асяродку імем.

Мы пазнаёміліся ў Сеціве, на спецыялізаваным форуме вэб-майстроў. Я шукаў там адказы на свае тысячу і адно пытанне, калі сабраўся стварыць асабісты сайт. Тады Аркадзь мне дапамог, прычым не толькі парадамі — нешта ён за мяне і сам зрабіў. Аркадзь у стварэнні сайтаў — дока, ведае некалькі моў праграмавання. Сеціва для яго — месца работы і заробку. У рэале мы з ім сустрэліся гады два таму, на дні нараджэння форума. Трыццаць тры гады, хударлявы, бялявы, з вялікімі залысінамі. У параўнанні з форумам, дзе яго ведалі як вострага на язык, цікавага і дасціпнага суразмоўцу, да таго ж — прафесіянала-"кодара", у рэале ён быў не проста сціплы — па-дзіцячаму бездапаможны, губляўся ад простага звароту да яго якой жанчыны.

Званок выклікаў больш чым здзіўленне — неўразуменне. І адначасова, чаго тут таіцца, раздражненне. З Аркадзем у Сеціве мы перасякаліся тры разы на тыдзень, што за патрэба такая гарачая — званіць? І калі ўжо звоніць, ды яшчэ з такім усхваляваным голасам — значыць, у чалавека праблемы. А ў цябе запланаваны ціхі і спакойны вечар. Ну, каму хочацца ў сваё адгароджанае ад чужых вачэй і праблем жытло пускаць нечыя ліпучыя турботы? Але ж выхаванасць патрабуе ахвяр…

— Разумееш, стары… — пачаў вінавата Аркадзь, — пісаць гэта доўга. А я развучыўся нармальныя літары пісаць. Мне гэта трэба расказаць. Каб ты пачуў. Каб зразумеў. І каб падказаў.

— Слухай, — адказаў я, — ты ж сам некалі казаў, што парада збоку ў асабістым жыцці — нулёвая. Форум успомні — колькі падобных тэм было і якія там парады гучаць. Не можа чалавек нічога параіць, калі сам не апынецца ў такой скуры.

— Я ведаю, — уздыхнуў Аркадзь. — Ты выбачай… Разумею, каму трэба на ноч чужыя праблемы? Але паслухай толькі… ну, звары каву ці выйдзі там папаліць — і паслухай. Толькі не перабівай, добра? А то я саб'юся… згублю думку. У мяне ў галаве… не ведаю, што такое. Мяцеліца. З усіх бакоў. Холадна ў галаве. Пуста. Толькі мяце… Ёсць такі эфект… Калі расказваеш падрабязна пра сваю невырашальную задачку іншаму, то… можна нечакана самому знайсці рашэнне. Паслухай, га?

— Ну, давай, расказвай, — уздыхнуў непрыхавана я. — Аркадзь усё разумее, чаго тут прыкідвацца ватоўкай, гатовай для чужых сопляў? — Запаліў, слухаю…

— Ну, дзякуй… Я паспрабую хутка. Дык вось… у мінулую нядзелю на форуме счапіліся ў тэме пра веру, нешта апошнім часам зацікавіла мяне гісторыя рэлігіі. Давялося пісаць вялікія адказы, устаўляць безліч цытат… А тут жонка стаіць над душой: сабака на дачы галодны, навошта было заводзіць скаціну, каб пакутавала… І пастрыгчыся даўно трэба, зарос зусім. Ну, я адказаў на форуме, пераапрануўся хутка, пакет з сабачай ежай у рукі, зірнуў на мабільнік: 14.10, цырульня да 15.00, хопіць часу якраз.

Дача наша блізка зусім, два прыпынкі пад'ехаць. Не дача, стары дом цесця.

На вуліцы было добра — нечакана сонечна, крышку марозна. Нават паліць не вельмі хацелася, паветра такое чыстае, нібы праз фільтр прапушчанае.

Але звычка паліць на хаду пераадолела. Запаліў. Ішоў і думаў… Пра што думаў? Ды пра рознае. Больш пра тое, што я адказаў апаненту. Прыкідваў, чым ён можа запярэчыць.

У цырульні чакаў толькі адзін хлопец. На маё пытанне, ці апошні, ён згодна кіўнуў.

Прысеў, паставіў ля ног пакет. І здрыгануўся. Зірнуў унутр пакета. Сцяўся увесь, аж сэрца, здалося, прыпынілася.

Вось я пра што… Ведаю, такое было ў халасцяцкім вопыце. На раніцу пасля п'янкі ты прачынаешся і пакутліва ўспамінаеш… асцярожна аглядаеш незнаёмую столь… чужыя сцены… нюхаеш коўдру. Гэты пах высвятляе нейкі эпізод ва ўчарашнім. Апускаеш погляд на падлогу. Атрутны жоўта-зялёны кілім выцягвае з памяці яшчэ адзін эпізод. За гэтымі двума, як пазлы, успыхваюць у прытомнасці іншыя моманты.

Але гэта калі прачнуўся. Гэта калі ўчора піў як не ў сябе. Але я ўчора не піў. Сёння — не піў. Чаму ж тады я не разумею: што робіць у мяне ў руках гэты пакет з сабачай ежай?

Мая свядомасць адчайна перабірала па хвілінах падзеі сённяшняга дня, спрабуючы хоць неяк звязаць гэты пакет са мной — і не знаходзіла.

Папярэдзіў хлопца, што я іду паліць, выйшаў. Цыгарэтны дым супакоіў, як укол у вену баралгіна здымаў калісьці боль у нырках, калі ў мяне там пачаў быў варушыцца каменьчык.

Павер: успомніў усю раніцу, да кожнай хвіліны. І ні ў адной хвіліне не было гэтага чортавага пакета. Ты зразумеў? Я прыйшоў у цырульню з пакетам, які, не магу успомніць, як патрапіў у мае рукі і, галоўнае, — навошта ён мне?!

Падняўся наверх. Пачакаў. Вызваліўся майстар. Я пайшоў, пакінуў сіне-чырвоны пакет побач з крэслам.

Мяне пастрыглі, я расплаціўся.

— Ну вось, якраз і зачыняемся. Вы ў нас апошні кліент сёння, — з палёгкай уздыхнула майстар і зірнула на гадзіннік на сцяне.

Я механічна зірнуў услед. Было 15.01.

Накінуў куртку. І падумаў, што бедны сабака дагэтуль застаецца галодным. Гэта не было ні выбліскам азарэння, ні пробліскам памяці ці яшчэ чымсьці выбухным. Проста і спакойна ў маю памяць зайшлі, заехалі, уплылі дача і сабака. Я павінен быў патрапіць на дачу і пакарміць сабаку. Нашага Марсіка.

Чаму я не зрабіў гэтага па дарозе ў цырульню? Я не помніў.

Без аніякіх больш правалаў памяці я пакарміў сабаку, прыйшоў дадому, сеў за камп'ютар.

Тое, з-за чаго я паўгадзіны назад атрымаў сапраўдны шок, амаль уляглося. З кім не бывае… Старэю?

Ці перапрацаваўся за тыдзень?

Адкрыў форум — ёсць адказ на той мой даўжэзны пост: "Хачу Вам заўважыць, што Ваша адсылка мяне да Іова (14.10), не зусім карэктная…".

Нешта насцярожыла мяне. Менавіта тут.

Раздзел 14 верш 10 Кнігі Іова і ў мяне, і майго апанента былі запісаны як… час.

Шэрыя лічбы —14.10 — былі на маім мабільніку, калі я зірнуў на яго, выходзячы з кватэры.

Жывот непрыемна сцягнуўся, як быццам там, унутры, утварыўся вакуум.

Я перачытаў сваё паведамленне, зрэшты, ужо ўпэўнены, што там у самым канцы стаіць яшчэ адна лічба: "Спадзяюся, мой адказ не быў абразлівы для Вас, бо "кароткі адказ адводзіць гнеў" (Прытчы, 15.01)".

У цырульні ў гэты час — у 15.01 — я ўспомніў пра сабаку.

Падняўся, пайшоў на кухню, сыпануў у кававарку дзве лыжкі кавы, заліў кубак вады. Шмаргануў раму акна, адчыніў і запаліў прама тут, дзе мне паліць было забаронена даўно…

Жонка з'явілася імгненна, з парога гатовая раскрычацца, але нешта на маім твары яе спыніла.

— Не палі доўга, з акна цягне ў спіну, — толькі і сказала яна.

Потым я сеў за стол, напісаў на лістку, што ў мяне ёсць сабака на дачы. Сабаку клічуць Марсік. Паклаў лісток перад сабою. Скапіраваў свой адказ з набору лічбаў і літар на форуме і ўставіў яго ў новую форму адказу.

Было 16.29. Змяніў лічбы: 14.10 на 16.29, а 15.10 на 16.31.

Адправіў адказ. Калі на маніторы стала 16.30, пачытаў той лісток, дзе сам напісаў пра сабаку і дачу.

Сказ: "У мяне ёсць дача, і сабака Марсік яе вартуе" гучаў амаль гэтак жа, калі б было напісана: "У мяне ёсць віла на Чорным моры, якую вартуе дыназаўр".

Я дапісаў унізе на гэтым жа лістку: "16.30. Фраза гучыць недарэчна. У мяне няма дачы".

Мінула яшчэ хвіліна. Перачытаў запісы на лістку. І зразумеў, што гэта ўсё на самай справе. Гэта не здаецца. І неяк супакоіўся адразу, таму што стала цікава. Ну, трохі ўзбуджала, але дамінуючым пачуццём было адно: жаданне разабрацца, у чым тут справа, паэксперыментаваць яшчэ.