Сяргей Грахоўскі
Тры вымярэнні

Выбраная лірыка


Copyright © 2013 by Kamunikat.org 

ПРАЎДА

Жыўцом палілі праўду на лаўжах,
Свінцом гарачым залівалі глоткі,
За праўду распіналі на крыжах,
Закоўвалі на катарзе ў калодкі.

Круцілі рукі, адымалі зрок,
Зірнуць у вочы праўдзе баючыся,
I, за спіною ўзводзячы курок,
Апошні раз казалі: «Адрачыся!»

Ішлі ў душагубкі, на крыжы
Падпольшчыкі, байцы, парашутысты,
I грозна на апошнім рубяжы
За праўду паміралі камуністы.

Жыццём не паскупіліся яны,
Зямлю крывёй гарачай акрапілі,
Каб ix паплечнікі i верныя сыны
Заўсёды толькі праўду гаварылі.

1966 г.



ДАБРАТА

Нялёгка быць даверлівым i шчырым,
Нялёгка крыўды, даўнія забыць;
Яны звісаюць, як цяжкія гіры,
I замінаюць верыць i любіць.

Нялёгка добрым быць,
хоць нам не трэба
Hi лёгка запрацованага хлеба,
Hi тайных поспехаў, ні скідак, ні удач,
Hi вырашаных іншымі задач,

Hi тых пахвал, што лёгка раздаюцца
Сябрамі за абедзенным сталом,
Hi плётак, што вужакамі віюцца
I патыхаюць зайздрасцю i злом.

Усё праходзіць, быццам дождж няроўны,
I боль, i злосць, i дробная брыда,
А застаецца важны i галоўны
I самы светлы талент — дабрата.

1963 г.



ЛЮБОЎ

Мой даўні боль —
Любоў мая,
I радасці, i клопат
Растуць i множацца ўдвая,
Нібы на шчасце попыт.

З чаго прызнанне мне пачаць?
Як да цябе звярнуцца?
Бо пра любоў часцей маўчаць
Ці шэптам прызнаюцца.

Любоў мая —
Зямля мая,
Адзіная да болю,
На ўсё жыццё прыкуты я
К табе па ўласнай волі.

Твае узлёты —
Мой узлёт,
Пралік —
Мае пралікі,
Таму i сэрца з году ў год,
Нібыта звон вялікі,

У грудзі б'ецца i гудзе,
I спаць яго не ўкласці —
Яно пакутуе ў бядзе
I радуецца ў шчасці.

1966 г.


I


* * *

Праверыць можна нервы, склад крыві,
Убачыць мозг i сэрца на рэнтгене,
А па якіх зубцах або крывых
Праверыць можна чысціню сумлення?

Як зазірнуць у глыбіню душы
I як узважыць шчодрасць чалавека?
Якія тут рэцэпты ні пішы,
Ніякая не выручыць аптэка.

Я разгадаць сябе як след хачу
I плямы ўсе з душы сваёй сціраю,
Бо ўсё жыццё па Ільічу
Уласнае сумленне правяраю.

1964 г.



МАЁ ПАКАЛЕННЕ

I я у дзяцінстве не ведаў калыскі,
Не ведаў утульнае цёплае хаты,
Замест калыханкі, схіліўшыся нізка,
Спяваў у цяплушцы салдат барадаты:

«Віхуры варожыя веюць над намі»...
I ў нашай цяплушцы свісталі вятры,
Смяяліся хлопцы: «Пакончым з панамі,
Як толькі усе даядзім сухары».

I мне аддавалі шурпаты i горкі
Сухар са свайго баявога пайка,
A самі круцілі цыгаркі з махоркі
I песню зацягвалі пра Ермака.

Пасля, пасадзіўшы на мулкім калене,
Чырвонаармеец пытаўся не раз:
«Ты ведаеш, браце, а хто такі Ленін
I што ён гаворыць пра нас?»

I я, ашчаперыўшы шыю худую,
Услед паўтараю за ім:
«Мы наш, мы новы свет збудуем,
Хто быў нічым, той стане ўсім!»

Салдацкія вочы адразу цяплелі
I бачылі заўтрашні дзень прад сабой,
А побач матросы натхнёныя пелі,
Што гэта апошні, рашаючы бой.

Вось так у цяплушках, у дымных бараках
Мае аднагодкі раслі.
Не ведалі мы, што ужо аб рабфаках
Ільіч гаварыў у Крамлі.

Што ён ужо бачыў агні Днепрагэса,
Адзначыў на карце Кузбас
I марыў, што ў нетрах сібірскага лесу
Уздымецца горад для нас.

I разам з бацькамі мае пакаленне
Валіла тайгу i драбіла каменне,
Закладвала домны, капала каналы —
Лажылася позна, а рана уставала,

Жыло у палатках у сцюжы i ў буры,
Каб горад узняўся хутчэй на Амуры,
Стаяла на варце дзяржаўнай граніцы
I помніла: трэба вучыцца, вучыцца.

Трымала вінтоўку, кайло i лапату
I слухала лекцыі па сапрамату,
Ішло вечарамі ў партыйную школу
I ворагаў біла каля Халхін-Гола.

Маё пакаленне, мае аднагодкі,
Пачуўшы трывогу, надзелі пілоткі
I ў цеснай зямлянцы кляліся ўрачыста:
— Лічыце
мяне
камуністам!

I кожны быў братам,
I кожны быў другам
Ля сцен Ленінграда,
У пекле над Бугам.

Куды б ні вяла нас крутая дарога,
За намі заўсёды ідзе перамога —
У льды Антарктыды, у неба прасторы,
Дзе новыя ўсходзяць савецкія зоры.

1957 г.



КАМІСАРЫ

Тачанкі i коні знікаюць за хмары —
У дыме i ў пыле ляцяць камісары:
На чорных скуранках — чырвоныя банты,
А ў сёлах гуляюць кулацкія банды.

Па ўсім небасхіле шугаюць пажары...
Ляцяць конармейцы, ляцяць камісары.
Грукочуць тачанкі, напяліся лейцы,
Шалёныя коні ірвуць павады,
Чырвонагвардзейцы, чырвонаармейцы
У дыме i ў пыле ляцяць праз гады.

На шапках сузор'і гараць, як стажары,
Над сцягам чырвоным у першых радах
У полымя бою ідуць камісары,
I дым асядае ў дваццатых гадах.

Як толькі на Захадзе хмары навіслі,
Крывёй замуціліся хвалі на Вісле
I бомбы на брэсцкія ўпалі бульвары,
Зноў першымі сталі у строй камісары.

Чубы пасівелі, прыгнуліся спіны,
Пакуль распісацца дайшлі да Берліна.
Гарачыя коні знікаюць за хмары —
I толькі ў адстаўку не йдуць камісары.

1966 г.



ДЗЕНЬ НАРАДЖЭННЯ

Яшчэ на ўзлессі снег ляжыць,
Але шпакі ужо шчабечуць,
Звіняць да змроку капяжы,
I кроплі падаюць на плечы.

Ідзе вясна, а Не адліга,
З вятрамі, ліўнямі, цяплом:
I крыгі крушацца аб крыгі,
А хутка грымне першы гром.

Плывуць над Волгай хмары нізк а>
Маланкі тушачы ў вадзе.
Вось у такі вясновы дзень
Радзіўся хлопчык у Сімбірску.

У свет з'явіўся чалавек
З вялікім сэрцам i натхненнем.
I ў дзень ягоны нараджэння
Пачаўся новы светлы век.

1957 г.



НА ВОЛЗЕ

На Волзе непагадзь.
Ляцяць на бераг пырскі,
Над Волгай не змаўкае ветру свіст.
Завулкамі купецкага Сімбірска
Ідзе на стромкі бераг гімназіст.

Яму ад нараджэння дарагая
Вялікая расійская рака.
Ён бачыць, як у змроку дагарае
На тым баку агеньчык рыбака,
Ён бачыць, як у непагадзь i спёку
На узбярэжжах бурлакі снуюць,
I чуе, як над Волгаю шырокай
Тужлівую «Дубінушку» пяюць.

Ён бачыць вочы гнеўныя i шыі
У пісягах ад мулкага ярма.
Яму здаецца, што уся Расія
Прыйшла сюды, а ёй канца няма;

Няма канца i краю цяжкім стратам
I песням пра пакуты i бяду,
Няма канца i тым, што брат за братам
У турмы i на катаргу брыдуць.

Яны праходзяць, скутыя у пары,
З узнятаю высока галавой...
Гарцуюць захмялелыя жандары,
I ляскае затворамі канвой.
Стаіць адзін хлапчук каржакаваты,
I бліскаюць агеньчыкі ў вачах.
Ён паўтарае сам сабе, як клятву:
«Мы адшукаем самы пэўны шлях».

Над Волгаю заняўся золак сіні,
Над Волгай непагадзь, над Волгай ветру свіст...
Глядзіць i бачыць заўтрае Расіі
Пакуль што невядомы гімназіст.

1957 г.



АГАНЁК УНАЧЫ

Ідуць дажджы i днём i ноччу,
Апалі мокрыя лісты,
Вада асенняя булькоча,
Старыя зносячы масты.

Размокла на дарозе гліна,
Канавы поўныя вады,
I у разбітых каляінах
Па трубкі грузнуць абады.

Світае днём, i днём змяркае,
Куды ні глянеш — змрок i змрок,
Нібы над Енісейскім краем
Замкнулі сонца на замок.

I ночы чорныя, як сажа,
Здаецца, бездань за сцяной.
Ніхто дарогу не пакажа,
Ніхто не пусціць на пастой.

А ты ідзеш, прамок дазвання,
Закляклі ногі, ледзь жывы.
Цябе, нібы на пакаранне,
У воласць кліча станавы.

Збіраўся дабрысці да ночы,
Ды не прайшоў i тры вярсты,
Як зніклі сцежкі ля абочын,
Як раптам выраслі кусты.

Куды ісці?
У чорным полі
Адзін блукаеш, як сляпы,
Табе шыпшыннік шчокі коле,
Малоціць дождж у тры цапы.

На паўаршына грузнуць ногі,
Чыркі размоклі у вадзе.
Ды па загаду станавога
У воласць Пронікаў ідзе.

Кляне i цемрадзь, i парадкі,
Ураднікаў, i станавых,
Што за патравы i падаткі
У воласць гоняць ледзь жывых.

Ды болей не ступіць ні кроку,
Прысеў, намацаўшы пянёк,
Зірнуў навокал:
дзесь далёка
Мільгнуў маленькі аганёк.

Жывы, трапечацца, палае,
Яго й дажджы не залілі,
Нібыта зорачка малая
Адна гарыць на ўсёй зямлі.

Рукамі расхінуўшы вецце,
Устаў стары, прыбавіў крок,
Ідзе туды, дзе ярка свеціць
Жывы маленькі аганёк.

Канавы, зараснікі глогу
Ужо мінуў стары даўно.
Яму паказвае дарогу
Чыёсьці светлае акно.

У раму стукнуў асцярожна
I кажа:
— Госпадам прашу,
Пусціце ў хату, калі можна,
Ратуйце грэшную душу.

— Хутчэй заходзьце, калі ласка...
Усё, усё здымайце прэч,
Чыркі сушыце,
апаяску
I світку вешайце на печ.

Сядайце, вось i чай дарэчы,
Кладзіце цукар... ну, нішто? —
I гаспадар яму на плечы
Сваё накінуў паліто.

I чай гарачы уиакладку
Спакойна сёрбае стары,
Вядзе размову пра падаткі
I беззямельныя двары:

— Прапала матухна-Расея,
Жабрачыць з восені сяло.
Яшчэ у нас на Енісеі
Такога зроду не было.

А гаспадар прыжмурыў вока,
Па светлай гладзіць барадзе,
Устаў, прайшоў шырокім крокам
I кажа:
— Не, не прападзе!

Мы не дазволім ёй прапасці,
I вы, i. вашы землякі.
У нас такое будзе шчасце,
Настане лад у нас такі,

Што свет Расіі пазайздросціць,
Унукам нашым i сынам.
Патрэбна толькі болей злосці,
I болей сілы трэба нам!

...На дзень займалася патроху
У глухой сібірскай старане.
Усім паказвала дарогу
Святло у ленінскім акне.

1960 г.