Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!







ВЫПРАБАВАННЕ


1

Яркае сонца свяціла проста ў твар. Рыма адвяла вочы. Убачыла шафу, камоду, мамін ложак, ужо засланы. Рыма ўсхапілася, села на пасцелі і — раптам успомніла, што сёння нядзеля і спяшацца няма куды.

У акно пастукалі. Рыма глянула і не змагла стрымаць усмешкі: у акне паказалася страшнае аблічча з прыплюснутым носам, расцягнутым ротам і вялікімі вачыма.

Ну, вядома, гэта Марк. Ён і адчыніў аканіцы, упусціўшы ў пакой сонца, якое разбудзіла Рыму.

Рыма хуценька надзела сукенку і выбегла на двор. Мама корпалася на гародзе, бацька абразаў садовымі нажніцамі дрэвы. А Валодзя ўсцягваў амаль на самую верхавіну ліпы старое драўлянае кола.

— Няхай вядуцца буслы! — крыкнуў ён. — Кажуць, яны прыносяць шчасце.

— А ты што — нешчаслівы? — спытала Рыма.

— Чаму? Няхай будзе ў запас. Можа, каму спатрэбіцца.

Рыма паглядзела на ліпу, старую, з пышнай, развесістай кронай. Ліпа расла ад самых сенцаў. Пасадзілі яе гадоў якіх сто назад, а сенцы пабудавалі мінулай вясной. Ліпа замінала будаўнікам, але бацька нізавошта не захацеў, каб яе спілавалі.

Не раз і Рыма ўзбіралася на самую верхавіну дрэва і адтуль, схаваўшыся ў густой кроне, аглядала наваколле. Насупраць іх доміка, на горцы, стаяла школа. Унізе, за дарогай, адразу пачынаўся круты абрыў, за ім — рака. На другім яе беразе — лес, густы, дрымотны.

Гэта, калі глядзіш у адзін бок.

Павернеш галаву — і бачыш сквер, пасярэдзіне якога старая драўляная царква. Царкву пераабсталявалі пад клуб, там раз на тыдзень паказваюць новыя фільмы. Гэта — цэнтр вёскі. За скверам плошча. 3 трох бакоў яе абступілі магазіны. 3 ліпы нават відаць укапаныя ў зямлю доўгія драўляныя лавы і сталы. У нядзелю жанчыны раскладваюць на сталах сыры, яблыкі, яйкі. Гэта рынак. Праўда, усе ў вёсцы маюць сваіх кароў, парсюкоў, чароды курэй, якія цэлымі днямі купаюцца ў пяску на дарозе. Але ў нядзелю ў вёску прыходзяць рабочыя з чыгункі ды з кляпальнай майстэрні лесгаса. Рабочых многа. Таму на рынку заўсёды ёсць пакупнікі.

Далёка відаць з дрэва.

Рыма з зайздрасцю паглядзела на Марка, які ганарліва ўсеўся на будучым бусліным гняздзе. Захацелася і самой вырвацца на прастор. Яна страсянула цёмнымі косамі і пабегла па сцежцы ўніз да ракі.

— Рыма, далёка не адыходзь! — данёсся да яе голас маці.

— Я за-а-раз!

Пераскочыла дарогу, узбегла на мост і спынілася. Унізе ціха плыве вада, і, калі доўга на яе глядзець, здаецца, што гэта не вада, а ты плывеш, плывеш у паветры.

Адзін бераг ракі пясчаны, а на другім — зялёны лужок з волатамі-дубамі. Далей, уніз ад моста, кучаравыя вербы глядзяцца ў ваду, як у люстэрка.

Па вадзе плывуць белыя воблакі. А Рыме здаецца, што гэта не воблакі, а ветразі дзівосных караблёў.

Доўга яна сачыла за воблакамі ў блакітнай вадзе, потым пабрыла ў лес. Нарвала там пралесак. Адзін букецік дамоў, другі, каб пакінуць на поручнях моста. Яна ведала: вечарам, калі на мост прыйдзе моладзь, на поручнях будзе многа пралесак. Але яе букецік будзе тут першы.

...Праз некалькі дзён па даносу паклёпніка Усачова арыштавалі Рымінага бацьку.


2

Настала зіма. Пайшоў снег. Маленькі домік стаў падобны на вялікі снежны сумёт.

Пад акном Рыма зрабіла кармушку для птушак. Аднойчы на кармушцы яна ўбачыла вераб’я. Ён, ей здавалася, сумна глядзеў у акно. Праз фортку яна ўзяла яго ў рукі. Верабей быў цвёрды, як кавалак лёду. Яна хукала на яго, саграваючы дыханнем. Але так і не вярнула да жыцця.

Аднаго разу Марк узяў Рыму на паляванне. Калі яна «мазала», ён, уздыхаючы гаварыў:

— Хіба дзяўчо можа замяніць сапраўднага хлопца?

Гэта ён меў на ўвазе Валодзю, які ўжо вучыўся ў Мінску ў політэхнічным інстытуце.

Рыма крыўдзілася.

— Пачакай, навучуся — буду лепш за цябе, лепш за Валодзю страляць.

Але вучыцца страляць было не так проста. Марк хаваў ад яе патроны.

Рыма ішла ў лес і снежкамі цэлілася ў дуплы старых ліп. Спачатку яна трапляла рэдка і то толькі ў самыя блізкія. Потым рука стала больш упэўненая, цвёрдая.

Аднойчы за такой трэніроўкай яе застаў Марк. Ён доўга назіраў з-за куста за Рымай. Нарэшце падышоў да яе і сказаў:

— Не так кідаеш. Трэба збоку і крыху нагнуўшыся. Вось так!

Ён замахнуўея і далёка-далёка шпурнуў снежку.

— Бачыла? А ты кідаеш, як усе дзяўчынкі, цераз галаву.

Доўга трэніравалася Рыма і стала «снайперам па кіданню снежак».

Усё гэта была гульня, дзіцячая забава. А жыццё дыктавала сваё. Рыма сталела. Хатнія, гаспадарчыя клопаты клаліся і на яе.

Аднойчы снежным марозным днём радыё прынесла трывожную вестку — вайна з Фінляндыяй.

Марк засумаваў. Ён, выдатны лыжнік і трапны стралок, сядзіць за партай, вучыць тэарэмы і паўтарае храналогію старых гістарычных падзей. А на свеце адбываецца такое...

І раптам пісьмо ад Валодзі. Ён ідзе добраахвотнікам на фронт. «Лічу гэта сваім абавязкам»,— пісаў ён. У той жа дзень і Марка выклікалі ў ваенкамат. I ён падаў заяву, хадзіў, даказваў, што дзевяты клас — гэта не так ужо мала, што ён снайпер, што з пятнаццаці гадоў мае паляўнічы білет. I яму дазволілі.

Разам з Валодзем ён быў у Першым лыжным беларускім батальёне.

Трывожна стала ў доме. Газеты пісалі: маразы, жорсткія баі... Рыма хадзіла разгубленая, не знаходзіла сабе месца. I не вытрымала, рашуча сказала маці:

— Мама, я пайду на вайну!

Вера Маркаўна здзіўлена паглядзела на дачку.

— Малая ты яшчэ,— сказала яна строга.— Не дзіцячы гэта занятак.

— Усё роўна пайду.

— А што ты там будзеш рабіць?

— Разведчыцай буду, раненых буду з поля бою выносіць.

— Не пушчу! I гаварыць больш не хачу з табою!

Рыма змаўчала. Навошта спрачацца, калі ўжо ўсё вырашана. Употай Рыма пакінула дом. Вера Маркаўна нядоўга ламала галаву над тым, дзе шукаць дачку. На станцыі фарміраваліся добраахвотныя батальёны. Вера Маркаўна паехала туды. Прызыўны пункт знайсці было не цяжка, туды ішлі юнакі з невялікімі вузельчыкамі ў руках. Вера Маркаўна рушыла за імі.

Рыму яна ўбачыла на прыступках ля ўваходных дзвярэй прызыўнога пункта. Рыма сядзела, закрыўшы твар рукамі, плечы яе ўздрыгвалі. Яе не ўзялі на вайну...


3

Салдацкія пісьмы-трохкутнікі прыходзілі рэдка. Хлопцы пісалі скупа; «жывыя, здаровыя, не хвалюйцеся».

Рыма складвала трохкутнікі ў бляшанку з-пад цукерак, хавала яе на самае дно чамадана — пісьмы былі з вайны, адтуль, дзе ішлі гарачыя баі, дзе людзі не шкадавалі жыцця за шчасце Радзімы. I яна берагла іх.

Вярнуўшыся з Оршы, маці і дачка ні разу не гаварылі пра ўцёкі, не ўспаміналі пра іх.

Толькі Валя, Рыміна сяброўка, незнарок напомніла.

Было гэта пад вечар у нядзелю. Рыма з Валяй глядзелі кінафільм «Чапаеў». Пасля кіно яны моўчкі выйшлі з клуба. На плошчы было многа народу. Яны мінулі сквер і ўбачылі п’янага. Ён стаяў ля плота, цыбаты, хударлявы, і ніяк не мог ад яго адарвацца. Трымаючыся рукамі за шурпатыя дошкі, ён лаяўся брыдкімі словамі.

Рыма прыпынілася, агледзелася і, заўважыўшы непадалёку купку мужчын, якія весела гаварылі пра нешта смешнае, падышла да іх.

— Я вас вельмі прашу,— сказала яна,— завядзіце яго дадому. Сам ён не дойдзе.

Мужчыны аглянуліся.

— А, гэты? Гэты дадому дабярэцца. Не першы раз.

— Але ж тут людзі ходзяць, дзеці, а ён лаецца...

Мужчыны пераглянуліея.

— Добра, дзяўчынка, зараз.

Яны падышлі да п’янага і ўзялі яго пад рукі.

Рыма вярнулася да Валі. Яны мінулі плошчу, звярнулі на Галёны. Гэта была вуліца, дзе калісьці жылі батракі, галота. Магчыма, таму і вуліцу назвалі — Галёны, ад слова голыя. Нарэшце Валя сказала:

— Пашкадавала? Гэта ж Усачоў, той самы, што напісаў данос на твайго бацьку.

— Ведаю,— ціха адказала Рыма.

— Дык чаму ж ты папрасіла, каб яго завялі дадому?

— Брыдка глядзець... Ён не падобны на чалавека. Крадзе, п’е, лаецца...

Нейкі час ішлі моўчкі. Рыма думала пра Усачова. Ён сказаў аднойчы п’яны пра бацьку, убачыўшы Рыму:

— Будзе ведаць, як майму сыну двойкі ставіць. Я адзін раз паставіў подпіс, і ён да смерці не забудзе,

«I навошта такія людзі жывуць на свеце? — думала Рыма.— Толькі каб рабіць зло».

А вось Чапаеў загінуў: смелы, храбры, адданы рэвалюцыі. Чаму ён загінуў? Чаму наогул гінуць харошыя людзі?

— Чапаеў столькі мог зрабіць для людзей і загінуў. Ненавіджу вайну,— сказала яна.

— Ненавідзіш, а сама ўцякала на вайну,— напомніла Валя.

— Таму і ўцякала, што ненавіджу,— адказала яна.

Валя збоку недаверліва паглядзела на Рыму.

— Не верыш? Эх ты! Хіба можна сядзець дома і чакаць, калі гінуць другія, калі не ты, а яны бароняць Радзіму ад ворага? Хавацца за іх спіны? Не, я так не магу,— сказала Рыма.

Дома яе чакалі. За сталом сядзелі абодва браты ў ваенных гімнасцёрках.

— Брацікі! Валодзя, Марк! — Рыма кінулася да іх.

«Брацікі» былі ўжо намнога вышэйшыя за маці, шырокія ў плячах, з абветранымі і апечанымі марозам тварамі. Яны схапілі Рыму за рукі і закружыліся з ёю па пакоі.

— Ну, як там было? Раскажыце, ці надоўга дамоў? У водпуск, так? — пыталася Рыма.

— Дэмабілізаваныя салдаты! — Валодзя стукнуў абцасамі шыраканосых лыжных чаравікаў.

— Назусім?

— Назусім.

Рыма села за стол, на якім кіпеў самавар. 3 яе твару не сыходзіла радасная ўсмешка.

— Ну, раскажыце, як там, страшна?

Марк стрымана ўздыхнуў, твар яго стаў суровы, заклапочаны.

— Вайна ёсць вайна,— сказаў ён.— А страх трэба пакідаць дома, калі ідзеш ваяваць...

Валодзя памешваў у шклянцы лыжачкай і, здавалася, думаў толькі пра чай. Потым і ён сказаў:

— Вайна ёець вайна. I лепш, каб яе не было.


4

Ноч. Усе спяць. А Веры Маркаўне не спіцца. I сэрца баліць. Яна б устала, выпіла лякарства, ды не хоча будзіць Рыму. Стамілася дзяўчынка, сёння здала апошні экзамен. Няхай паспіць.

Апошні час Вера Маркаўна часта хварэе. Не так проста адной гадаваць дзяцей. I хоць дзеці ўсё разумеюць, памагаюць ёй, як могуць, але клопаты, трывогі за іх кладуцца толькі на яе плечы.

Ужо некалькі разоў у яе былі сардэчныя прыступы, і яна падоўгу ляжала ў пасцелі. Калі ёй было асабліва цяжка, яна гаварыла сабе: «Ты не маеш права хварэць!»

Вера Маркаўна ўздыхае і варочаецца ў пасцелі. За Валодзю яна ўжо спакойная, ён выбраў сабе дарогу ў жыцці, будзе інжынерам-будаўніком. А Марк? Праз тыдзень атрымае атэстат сталасці... А ці ёсць у яго тая сталасць? Вёрткі, непаседа, сто планаў у адну мінуту. Думае паступаць на філалагічны. Быццам з яго выйдзе настаўнік... Праўда, вершы піша, і, здаецца, неблагія. Але каб добры верш напісаць, таксама трэба пасядзець, а сядзець ён не можа...

Читать книгу онлайн Маланка ўночы - автор Галіна Васілеўская или скачать бесплатно и без регистрации в формате fb2. Книга написана в году, в жанре Советская классическая проза. Читаемые, полные версии книг, без сокращений - на сайте Knigism.online.