У галаве круціцца, здаецца, усё на свеце. Можа, гэта ад цяжкой хады...
На загоне ля лесу — на ямах — Наста наступіла на стары, шырокі, як лапаць, халодны казляк. Стала свежа ў нагрэтую ў пяску і паколатую аб іржышча нагу.
Да ям з вёскі не было дарогі, да іх пад'язджалі кожны раз полем, калі вазілі ўвосень сыпаць бульбу і ездзілі даставаць вясной, і Наста ішла па старым, прыбітым скацінай і калясьмі загоне. На загоне яшчэ было знаць старое ржышча: сівое і пачарнелае, яно ляжала на цвёрдай зямлі, як парассыпаная з ахапка дробная салома, і па ім пайшлі ўжо расці падбярозка і пырнік. За падбярозку чапляліся босыя, збітыя аб каменне ногі, і трэба было трымаць у дзве рукі мех, бо можна паляцець носам у зямлю. Рассыплеш усё на свеце...
Мех ляжаў на спіне: цяжкі і слізкі, ён спаўзаў і спаўзаў, і Наста тады чаплялася пальцамі ля завязкі за абрублены канец і падносіла, адпусціўшы рукі, пад падбародак кулакі — прыціскаючы іх галавой да грудзей. Пасля, калі млелі пальцы і шыя, Наста спынялася, нагіналася ўперад і паддавала мех вышэй на плечы.
Паддаўшы, кожны раз стаяла, каб аддыхацца.
Мех быў новы, з суравога палатна, дастала сёння з шафарні — трапіў пад рукі, — у ім толькі раз вазілі малоць, і цяпер, калі яна паддавала сабе на плечы, з яго яшчэ церушылася мука. Жыта яна насыпала як закінуць самой — падняла з зямлі мех, апіраючы яго на сасну, што расла ля ямы, — насыпала, баючыся, каб хаця, божа барані, хапіла, бо немец загадаў знесці па тры пуды з хаты, каб хаця не трэба было ісці другі раз. Бо трэба будзе зноў прасіць вартавых, уласаўцаў, каб тыя пусцілі да ям. Уласаўцы стаялі аж трое на дзядзінцы, на старых даўнейшых могілках, — могілак Наста ўжо не помніць, адно званне ад іх асталося, стаялі ля чорненькага і доўгенькага кулямёта і не хацелі пускаць у лес. Наста бачыла, што з вёскі да іх перад ёй падышоў быў яшчэ адзін уласавец — маленькі, кругленькі, як дзіцянё, — сказаў, мусіць, каб прапусцілі, бо сівы немец гаварыў у вёсцы, што пусцяць да ям...
Уласаўцы доўга не пускалі. Пыталіся ўсё, дзе схавана і што... І ад каго яна хавала жыта... Яна сказала: «ад бандытаў», бо несхаванае парасцягвалі б, а дзе б яна тады ўзяла што, калі б, як цяпер, спатрэбілася...
Тады яны, памацаўшы яе новы мех, перакінуты цераз руку, пусцілі. Адняслі свой чорны кулямёт з могілак далей, на поле, за ямы, ёй, Насце, наперад, — баяліся, каб яна не збегла, ці што?..
Жыта было закопана ў старым куфры, які ўсягды стаяў у іх дома ў кутку ў сенцах. Яго завязлі да ям ноччу, перад самай блакадай, калі ўжо ў Камене стралялі немцы, пасля прывязлі ў мяхах жыта з шафарні. Куфар закапалі ў старой яме ад бульбы, апусціўшы аж на дно, — яма ўжо асыпалася, але была яшчэ глыбокая. Навярнулі зямлі, ссунуўшы берагі ў яме, пасля наклалі роўна дзёрну, прытапталі нагамі і зверху нацерушылі сасновых іголак. Куфар знайсці было цяжка — уся зямля парыта і прытаптана, увесь бор, — і куфар не знайшлі, уцалеў.
Наста доўга яго адкопвала адна; змаглася, забалела сярэдзіна і рукі. Закопваць было лягчэй, і закопвалі ўдваіх — памог Махорка.
Жыта ў мех яна насыпала бляшанкай, што ляжала разам з жытам у куфры. Бляшанка была ад патронаў, доўгенькая, на дзве добрыя пядзі, і вузенькая. Зробленая з цынку, яна блішчала ўся, як вядро, калі яго вышаруеш вехцем з пяском. Бляшанку пакінулі ў хаце лунінцы: яны прыйшлі з-пад Лагойска і стаялі перад самай блакадай два тыдні ў вёсцы. Ужо калі ў Камене былі немцы, лунінцам ноччу скінулі з самалёта за ямамі на пасецы парашут. Лунінцы расклалі былі аж тры агні, вялікія, як сухія ламы ўсё роўна палілі дзе ў лесе, — агні былі відаць з вёскі. Парашут, казалі, знясло ветрам з пасекі, і ён зачапіўся за сасну ля дарогі. Лунінцы гаварылі тады, што парашут «няўдачны»: пагнуты былі скрыначкі з патронамі. Пагнутых скрыначак было многа, і лунінцы, прынёсшы іх да Насты ў хату, — у яе стаяла аж пяць чалавек, — адкрывалі ў іх вечкі далатом і малатком, бралі пасля патроны і адзін за адным перабіралі ў пальцах. У кожнага лунінца стаяла скрыначка на каленях. Чатыры скрыначкі былі пагнутыя, і лунінцы, папрасіўшы рыдлёўкі, зарылі іх разам з патронамі ў зямлю ля плота на мяжы. З пятай толькі высыпалі патроны на стол і падзялілі, а скрыначку пакінулі ў кутку на лаве за сталом.
У тую раніцу, чуць свет, лунінцы пайшлі з вёскі, забыўшыся на скрыначку, ці, можа, яна ім і не трэба была. Наста адразу схінула яе з воч: пасудзіна — можна было ссыпаць у яе стоўчаныя крупы і, калі не пашкадаваць, можна зрабіць аж дзве таркі дзёрці бульбу — выйшла б...
Насыпаючы жыта, яна ўсё баялася, каб не забыцца і не ўзяць бляшанкі з сабой у мех. Яна, здаецца, зарыла яе напасля ў куфры глыбока ў жыта...
Кончыўся доўгі загон, і Наста пайшла дарогай, ступаючы ў гарачы пясок аж па костачкі. Сонца цяпер зайшло якраз спераду, біла ў вочы, і яна залівалася потам. Было горача, прыліпалі да плячэй мокрая палатняная сарочка і нажутка; здавалася, коўзаючыся за плячыма, ад поту намакаў мех. З'ехала з галавы хустка, рассыпаліся валасы, згубіўся недзе, калі насыпала жыта, ражок старога грэбеня, зубы на чатыры (дагэтуль ён яшчэ тырчаў у валасах, было чуваць).
Сонца стаяла якраз на паўдні — высака ўгары над самай вёскай. Ад яго гарэла галава і смылелі шчокі; трэскаліся сухія вусны, і сох у роце язык, рабіўся шорсткі, не павярнуць. Балела над мехам плячо, цягнула ўніз, і давілі пад горла рукі, сціснутыя ў кулакі, — займала дыхаць.
«Паспець бы... Гэтулькі з куфрам мэнчылася...» Аднекуль пахла гарам, едкім, смярдзючым — аж блажыла. Мусіць, на сухім балоце ля грэблі загарэўся торф.
Пасярод вёскі, ля Махоркі на гародах, стралялі — густа, як палкай хто вадзіў па плоце.
«Маўчалі дагэтуль. З раніцы...» — Яна падняла на гарод вочы, глянула спадылба. Ад сонца ўсюды было сіне, як ад дыму, і на гародах нічога не было відаць.
На могілках на дзядзінцы ляжала каменне — крушнямі; сюды панаганяла з вясны, яшчэ ў паводкі, пяску, і цяжка было ступаць: вязлі ногі.
Ля Боганчыка, пры ўваходзе ў вуліцу, былі расцягнуты платы — іх немаведама на што расцягалі ўласаўцы, і жудасна было глядзець на голы без плота гарод: адразу за ім быў відаць Выганчык, дзе гарэў торф.
Вуліцай, здавалася, лягчэй ісці — цвярдзей было нагам ля самага плота па ўбітай зямлі. Вуліца была пустая, толькі пасярод вёскі, ля Махоркі, хадзілі людзі — па адным. Уласаўцы разышліся па дварах. Было відаць, як яны, паскідаўшы з сябе верхняе, мыліся ў Боганчыка на двары — чалавек пяць. З коміна ў Боганчыка пахла смаллю на ўсю вуліцу...