Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!



Летапiсны Новгородок
(старажытнарускi Наваградак)
Фрыда Гурэвiч

kamunikat.org

Уступ

Выданьнем гэтай кнігі, якая прысвечана вынікам больш як 25 гадовага археалагічнага вывучэньня старажытнага Наваградка, мелася пачынаецца новая серыя — “Мінулае Наваградчыны — Istoria Novogrodensiae”. Гэтая серыя аб’яднала б работы сучасных аўтараў, якія прысвечаны розным аспектам наваградскай мінуўшчыны, а таксама перадрук (у большасьці выпадкаў і пераклад) даўніх сачыненьняў, у якiх Наваградак і яго ваколіцы фігуруюць альбо як галоўны прадмет, альбо займаюць значнае месца. Дарэчы было б сабраць у асобныя тамы датычныя гораду дзяржаўныя акты: часоў Вялікага княства Літоўскага, часоў Расійскай імперыі, перыяду другой Рэчы Паспалітай, эпохі Савецкай Беларусі. Дакументы лепш чым што паказваюць хаду гісторыі: як змяняліся межы Наваградскай зямлі — ваяводства — павету — раёну, як рос і забудоўваўся горад, як гінуў падчас пажараў і войнаў, як паўставаў і аднаўляўся. Даследваньні сучасных гісторыкаў пакажуць механізмы кіраваньня горадам і паветам (раёнам), раскрыюць ролю і значэньне захаваных помнікаў архітэктуры, раскажуць пра тое, што не захавалася. Падобныя кнігі будуць абавязковым чытаньнем не толькі школьнікаў, краязнаўцаў і аматараў гісторыі, але і тых асобаў, якія займаюць выбарныя і штатныя месцы ў гарадской і раённай адміністрацыі і самакіраваньні — бо ведаць мінулае — значыць лепш арыентавацца ў сучаснасьці. Задума серыі і пачатак яе абмяркаваньня належаць грамадскай ініцыятыве Канстанціна Аляшкевіча, Георгія Бакі, Тамары Вяршыцкай, Міколы Гайбы, Івана Грыня, Яўгена Лецкі, Міколы Нікалаева, Вячэслава Чамярыцкага. Неспрыяльнасьць умоваў пры падрыхтоўцы гэтага малатыражнага выданьня, прынамсі немагчымасьць патрэбнага паліграфічнага выкананьня, вымушаюць адкласьці (але не пахаваць) ідэю такой серыі.

Пра кнiгу i яе Аўтара

Кнiга Ф. Д. Гурэвiч “Летапiсны Новгородок (старажытнарускi Наваградак)” з’яўляецца працягам кнiгi тае ж аўтаркі “Старажытны Наваградак”, што выдадзена ў 1981 годзе ў Ленiнградзе. Абедзьве манаграфіі прысвечаны гiсторыi вельмi цiкавага горада на Беларусi, якi стаў сапраўдным археалагiчным адкрыцьцём даследчыцы, вывучэньню якога яна прысвяцiла каля трыццацi гадоў i якi займае асаблiвае месца ў яе творчай бiяграфii. Значэньне Наваградка як культурнага i адмiнiстратыўнага цэнтра, а ад ХII стагоддзя i як цэнтра невялiкага княства Старажытнай Русi, вынiкае з усяго зместу дадзенай манаграфii. Але погляд на гэты выдатны археалагiчны помнiк раскрываецца яшчэ больш поўна i глыбока, калi разгледзець яго ў сувязi з агульнымi даследчыцкiмi зацiкаўленьнямi аўтара, якія ўзнiкалi i фармiравалiся на працягу 50-цi гадоў яе жыцьця ў навуцы i якiя зрабiлi яе вядомым спецыялiстам у галiне вывучэньня старажытнай i сярэдневяковай культуры Паўднёва-Усходняй Прыбалтыкi i Беларускага Панямоньня. Таму мы каротка асвятлiм вехi асабiстай i навуковай бiяграфii Ф. Д. Гурэвiч.

Фрыда Давыдаўна Гурэвiч нарадзiлася 1 студзеня 1912 г. (19 снежня 1911 г. па старым стылі) у Рызе, у сям’і гэбрэяў-рамеснiкаў, якія паходзiлi з мястэчка Прэлi — на той час Дзвiнскага павету Вiцебскай губернi. На час яе нарадждэньня сям’я была раздзелена — маці жыла ў Прэлях, а бацька ў Пецярбургу, навучаючыся рамяству абутніка. Калі пачалася Першая сусветая вайна, ў ліпені 1914 году маці з маленькім дзіцем на руках, пакінуўшы ўсё, паехала ў Пецярбург. Ад таго часу сям’я засталася ў Пецярбургу назаўсёды. Гэты горад шмат што вызначыў у лёсе Ф. Д. Гурэвiч, яна захавала любоў да яго на ўсё жыцьцё і балюча перажывала разлуку з ім у перыяд вайны, падчас эвакуацыі. Нягледзячы на тое, што пасля вайны ў яе была магчымасть застацца жыць у Маскве, яна імкнулася ў родны горад і вярнулася туды ў 1946 г. з тым, каб ужо ніколі не развітацца з ім.

Дзяцінства і юнацтва Фрыды Давыдаўны Гурэвiч прыйшліся на гады рэвалюцыі і наступныя за ёй гады голаду, разрухі, НЭП’у. Сям’я жыла бедна, да таго ж у 1917 і 1919 гг. у ёй з’явіліся яшчэ дзве дачкі. Старэйшую падкармлівалі ў спецыяльных сталоўках, якія арганізавалі амерыканцы для хворых і асабліва аслабленых дзяцей. Калі Ф.Д. Гурэвiч споўнілася 7 гадоў, яна паступіла вучыцца ў школу, якая называлася Советская единая трудовая школа, але хутка перайшла ў 5-ю нацыянальную гэбрэйскую школу і закончыла яе ў 1929 г. Як і шматлікія яе аднагодкі, Ф.Д. Гурэвiч у юнацтве была захоплена рэвалюцыйнай стыхіяй, уступіла ў піянерскі атрад — спачатку пры Ваенна-падкоўным заводзе (былым заводзе Поселя), які знаходзіўся на Малым праспекце Васілеўскага вострава, потым пры заводзе “Красный гвоздильщик”. З вялікім захапленьнем, нават з энтузіязмам, удзельнічала яна ў грамадскіх асветных арганізацыях тыпу “Далоў непісменнасьць”, у драматычных прадстаўленьнях так званых жывых газет, такіх як “Касьцёр”, “Сіняя блуза”. Трэба сказаць, што сацыяльную актыўнасьць, грамадскі тэмперамент Ф.Д. Гурэвiч захоўвала на працягу ўсяго жыцьця — была камсамолкай, членам партыі. Ёй выпала жыць у няпростую савецкую эпоху. Фармаваньне Ф.Д. Гурэвiч як вучонага, яе творчыя гады нашмат супалі з хмурымі гадамі ідэалагічных “праработак”. Асабіста яе яны не закранулі, але ад iх пацярпела нямала яе калег i сяброў. Сама Ф.Д. Гурэвiч не прымала ўдзел у падобных кампанiях, заўсёды кіравалася ў сваіх паводзінах прынцыпамi асабiстай прыстойнасьцi i чэснасьцi, што нярэдка прыносіла ёй горкiя перажываньнi. Яе жыцьцё ў пэўнай ступенi можа быць прыкладам таго, як i ў вельмі неспрыяльных умовах вучоны можа захоўваць навуковую добрасумленнасьць i чалавечую годнасьць. Толькі той, хто сам перажыў гэтыя гады i прайшоў праз цяжкія выпрабаваньнi, можа зразумець, як “шмат каштуе” такая жыцьцёвая пазiцыя. Страшныя падзеi нашай гiсторыi не абыйшлi Ф.Д. Гурэвiч, як тысячы i тысячы людзей яе пакаленьня, але, канечне, лёс для яе быў спрыяльны — яна змагла рэалiзаваць свае здольнасьцi i аказалася шчаслiвейшай за многiх сваiх сучаснiкаў, ясна ўсведамляла i цанiла гэта, радуючыся кожнаму пражытаму дню. Былi ў бiяграфii Ф.Д. Гурэвiч i асабiстыя драмы, якія яна змагла перанесьцi стойка i з годнасьцю.

Але вернемся да гадоў яе юнацтва. Сям’я працягвала жыць вельмі бедна. Да таго ж пасля адмены НЭП’у Пецярбург захінула безпрацоўе. Бацька штодзень хадзiў на чорную бiржу з надзеяй атрымаць хоць якую-небудзь працу, але, як правiла, надзеі былi дарэмныя. На прадукты былi ўведзены “заборныя” кнiжкi, па якіх выдавалi толькі 400 г хлеба i больш нiчога. I ўсё-такi, нягледзячы на жабрацкае становішча i, здавалася б, поўную безвыходнасьць, бацькi падтрымалі жаданьне дачкi працягваць сваю адукацыю. Ф.Д. Гурэвiч паступiла ў Педагагiчны Iнстытут iм. Герцэна, якi скончыла ў 1932 г., атрымаўшы спецыяльнасьць выкладчыка гiсторыi (ва ўстановах тыпу рабфака). Разам з мужам — В.Г. Рэвуненкавым, пазней вядомым гiсторыкам Новага часу — яна па размяркаваньню была накіравана ў Томск, дзе працавала асiстэнтам кафедры сацыяльна-эканамiчных дысцыплiн у Сiбiрскім Горным Iнстытуце. Вярнуўшыся ў Ленiнград у 1934 г., Ф.Д. Гурэвiч паступiла ў аспiрантуру Дзяржаўнай Акадэмii Матэрыяльнай культуры (ГАIМК) па гiсторыi заходне-еўрапейскага сярэднявечча. У 1938 г. яна абараніла дысертацыю па тэме “Саксонскае паўстаньне 1073-1075 гг.” 4 снежня 1937 года Ф.Д. Гурэвiч прынялі на працу ў Iнстытут Гісторыі Матэрыяльнай Культуры (пазней – Ленінградскае Аддзяленьне Iнстытута Археалогіі), з якiм было звязана ўсё яе жыцьцё аж да скону 2 верасня 1988 г.

У гады Вялiкай Айчыннай вайны яе, як маці дваіх маленькiх дзяцей, камандзiравалi на работу ў iнтэрнат, які стварылі для эвакуацыi з Ленiнграда дзяцей супрацоўнiкаў Акадэмii Навук. У 1941-1942 гг. iнтернат размяшчаўся ў г. Цюшы Татарскай АССР, у 1942-1944 гг. разам з Ленiнградскiмi супрацоўнiкамi IГМКа яна жыла i працавала ў Ташкенце. У той час гэты калектыў калег прадстаўляў з сябе адну вялікую сям’ю, дзе было ўсё — i праца, i частае недаяданьне, i хваробы, i боль ад страт, але было i тое, што ва ўсіх выпадках жыцьця ратуе людзей i дапамагае iм выжыць — задорны, нязгасны гумар. Галоўным чынам, аб ім вядома з расказаў i ўспамiнаў эвакуiраваных вучоных, у тым лiку i ад самой Фрыды Давыдаўны. Але захавалася i пiсьмовае сведчаньне — рукапiсны гумарыстычны зборнiк вершаў “Ожерелье памятных дней”, датаваны 23 мая 1944 г. i прысвечаны, як напiсана на тытульным аркушы, “заведуюшчей культмассовым сектором Объединенного Месткома Ленинградских Институтов Академии Наук СССР Фриде Давыдовне Гуревич”. Гэты самадзейны зборнiк гумарыстычных вершаў Ф.Д. Гурэвiч захавала, таксама як i вялікую перапiску, якую яна вяла, будучы ў эвакуацыi ў Ташкенце, з роднымi i калегамi з блакаднага Ленiнграду, Масквы, Фрунзэ, Уладзiвастока. Усе гэтыя пiсьмы — жывыя сведчаньні няспыннага нi пры якiх абставінах жыцьця ва ўсіх яго шматлікіх праявах - ад штодзённых пабытовых дробязяў да высокiх навуковых памкненьняў. Цяпер яны з’яўляюцца унiкальнымi дакументамi ваеннай эпохi.

Прыехаўшы з Ташкента ў 1944 г. у Маскву, Ф.Д. Гурэвiч была прынята на працу ў маскоўскi IГМК, дзе працавала да 1946 г. і вярнулася ў Ленiнград, у родны iнстытут, з якім, як ужо гаварылася, была злучана да канца жыцьця.

У гарманiчнай натуры Ф.Д. Гурэвiч спалучаліся актыўны ўдзел у багатым знешнiмi падзеямi жыцьцi з імклiвым ростам i дасканаленьнем унутранага свету. Уся яе жыцьцёвая энэргiя з юнацтва была накіравана на самаадукацыю, яна iнтэнсiўна ўпiтвала i засвайвала культурныя каштоўнасьцi, спасьцiгала навуковыя веды, якія былi цяпер у яе распараджэньнi, перш за ўсё, традыцыi пецярбургскай навуковай школы. I тое, што Ф.Д. Гурэвiч стала не толькі вучоным з шырокiм навуковым кругаглядам, але i надзвычай эрудзiраваным чалавекам у галiне мастацтва, лiтаратуры, музыкi, цікавым суразмоўцам, якi мог на роўных гаварыць с любой навуковай альбо тэатральна-мастацтвазнаўчай аўдыторыяй, з’яўляецца цалкам яе асабістай заслугай, вынікам яе няўёмнай цiкаўнасьці, прагі да пазнаньня розных бакоў жыцьця i людзей. Трэба сказать, што гэтую юнацкую захопленасьць i тое, што мы называем маладой душой, яна захавала да канца сваiх дзён. Дасёньня многiя, хто ведаў яе, памятае яе звонкi голас, успамiнае як лёгка яна збіралася, пачуўшы аб якім-небудзь цiкавым мерапрыемстве — лекцыi, канцэрце, сустрэчы з пiсьменьнікамi альбо журналiстамi. Як i ўсіх прыстойных людзей, яе захапіла хваля дэмакратызацыi i свабоды слова ў канцы 80-х гадоў, дадала свежы струмень жыцьцёвай сiлы i аптымiзму ў яе адкрытую на ўсякую добрую справу душу. У гэтых адносiнах яна была нашмат маладзейшая за некаторых сваiх больш маладых калег.

Пачаўшы свой шлях у навуцы як гiсторык-медыевiст, які мае справу, галоўным чынам, з пiсьмовымi крынiцамi, Ф.Д. Гурэвiч, дзякуючы свайму сапраўды бурнаму навуковаму тэмпераменту, скора змянiла прафесiйную арыентацыю, звярнуўшыся да рэчавага матэрыялу, да археалогii, якая стала яе сапраўдным прызваньнем. Хаця вопыт работы з пiсьмовымi помнiкамi, вельмі спатрэбiўся ёй пазней, значна пашырыўшы крыніцавую базу i храналагiчныя рамкi яе даследваньняў, даючы большую аргументаванасьць i доказную сiлу яе высновам. Супастаўленьне рэчаў з дадзенымi пiсьмовых крынiц, перш за ўсё, летапiснымi звесткамi, — трывалая i характэрная рыса яе даследчыцкага падыходу, пачынаючы з першых археалагiчных адкрыцьцяў.

Яшчэ да Вялiкай Айчыннай вайны, яна звярнулася да археалагiчнага помнiка славянскага паганства — Збручскага iдала, напiсала падрабязны артыкул аб ім. Дасёньня гэта праца застаецца адзiным падрабязным апiсаньнем славутага помнiка. Пасля вайны Ф.Д. Гурэвiч канчаткова звязала сваю навуковую дзейнасьць з археалогiяй.

Читать книгу онлайн Летапiсны Новгородок - автор Фрыда Гурэвiч или скачать бесплатно и без регистрации в формате fb2. Книга написана в 2003 году, в жанре Биографии и Мемуары. Читаемые, полные версии книг, без сокращений - на сайте Knigism.online.