Генрых Далідовіч
Вылучаны і адлучаны...
Штрыхі да грамадзянскай біяграфіі творцы і дзяржаўнага дзеяча ў эпоху савецкай улады і пачатковага постсаветызму

Генадзь Бураўкін з тых, каго таксама змалку аблашчыў адмысловы нябесны промень, ажывіў ягоную здольнасць да Яе Вялікасці Паэзіі і тым самым яшчэ ў школьным узросце вывеў на нялёгкі грамадзянскі і творчы шлях. І яму прыйшлося прайсці выпрабаванне многіх ва ўсе помныя гістарычныя эпохі, хто трымаў экзамен на такія важныя годнасці, як грамадзянін і паэт, чыноўнік немалога рангу.
Як вядома, для росту ўсяго жывога вельмі неабходныя як спрыяльныя нябесныя, так і па-свойму натхняльныя зямныя ўмовы. Нябеснасць для творцы - яго надзеленасць прыродным дарам для развіцця, праявы розуму і душы ў адпаведным накірунку, ранняе ўсведамленне прыроды, рэчаіснасці з яе разнастайнасцю, свайго “я” і агульнага “мы”. Зямное - у розных жыццёвых стасунках. Пачатковае - з першых крокаў у сям’і. Адно - у яе спакойным дабрабыце, штодзённай гармоніі, іншае - у гораснай нястачы, розным побытавым пакутлівым бедламе. А яшчэ ў набыцці новых уражанняў у працэсе школьнага навучання і выхавання, у існай грамадскай атмасферы. А то і не зусім, чаму, як кажуць, у зусім простым асяроддзі заяўляецца выдатны спявак, музыка, мастак, архітэктар, матэматык, вынаходнік, паэт.
Гэтыя і іншыя акалічнасці для Бураўкіна-паэта ў многім характэрныя і для ўсяго ягонага пакалення. Найперш таму, што іхняе маленства, як пазней многія з яго падкрэсляць,
“апаліла” вялікая і зацяжная ліхасць. Вайна, акупацыя. Гэтыя напасці, злыбедзь пазбавілі многага натуральнага, радаснага з дзяцінства, а кагосьці змусілі зведаць цяжар сіроцтва, галечы, звышранняга сталення. Праўда, тут Бураўкіну ў пэўнай ступені пашанцавала: яго бацька, партызан і франтавік, быў цяжка паранены, але ўсё ж вярнуўся жывы і, як чалавек здольны ды заслужаны, патрапіў у кіраўніцтва на той час важнага стратэгічнага прамысловага прадпрыемства (ільнозавода), стаў трывалай апорай сям’і, належна падсобіў сыну навучацца ў гарадскіх школах, атрымаць сярэднюю адукацыю ў абласной. Гэта памагло юнаку займець грунтоўныя веды па ўсіх прадметах як у школе, так і ў бібліятэцы, вылучыцца як камсамольскаму актывісту, лягчэй знайсці дарогу для сваіх вершаў на старонках абласной газеты, а затым і стаць аўтарам такіх вядомых літаратурных выданняў, як “ЛіМ”, часопіс “Беларусь” і... самога “Полымя”. Не ўсе з ягоных равеснікаў яшчэ да паступлення на аддзяленне журналістыкі філфака БДУ мелі такія падсобныя ўмовы і такую гучную творчую заяўку
Сведка бураўкінскага “полацкага піянерска-камсамольскага і пачатковага паэтычнага закладу” канца 1940-х і першай паловы 50-х, тагачасны супрацоўнік мясцовай абласной газеты С. неяк на адным з пісьменніцкіх сходаў у 1990-я рашыў не без злараднасці нагадаць, пра што і як тады па-юначы гаварыў з трыбун, пісаў “цяперашні прыхільнік перабудовы” Бураўкін. Яны, старэйшыя, “у ягонай ідэйнай настроенасці бачылі пераемніка Броўкі”. Пра студэнцкі ды пазнейшы “броўкізм” таго пагаворвалі таксама і некаторыя равеснікі, хто вучыўся з ім на аддзяленні журналістыкі прыкладна ў адзін час і таксама пачынаў друкавацца, ішоў, як і ён, да свайго першага зборніка твораў. Ім давала падставу такое заяўляць тое, што яны былі стрыманыя ў выяўленні сваёй пахвалы “адноўленай пасля ХХ з’езда КПСС ленінскай лініі”, вобраза перадавіка ў асобе камсамольца і камуніста не спяшаліся ствараць, а вось іхні калега, як і яго старэйшы віцебскі зямляк, у вершах і публіцыстыцы актыўна шчыраваў у гэтым. Побач з гераізацыяй партызан і франтавікоў, услаўленнем новабудоўляў ды цаліннай эпапеі, сцвярджэннем жыццярадаснасці ўхваляў камуністычныя ідэалы, што “ў аснове не выходзілі са сталінскай сістэмы”, “горда заяўляў”: “Слова савецкага юнака”, “Я з твайго неспакойнага племені, Партыя...”. Такая наследаванасць кансерватыўнаму ў партыйных догмах Броўку нібыта, на думку бурклівых, мела на мэце броўкаўскія пуцявіны да ўзвышку ў агульным літаратурным працэсе. Тым больш, што менавіта Бураўкін адзін з першых са свайго пакалення ўступіў у шэрагі КПСС, пачаў падымацца па службовай лесвіцы, у маладым узросце, калі равеснікі яшчэ займалі пасады толькі радавых літсупрацоўнікаў, здолеў стаць
Генадзь БУРАЎКІН віншуе Генрыха ДАЛІДОВІЧА з 50-годдзем.
Музей Якуба Коласа. Мінск, 1996.
намеснікам галоўнага рэдактара “ЛіМа”, дзе рулявым быў зусім не просты чалавек, выпускнік вышэйшай партыйнай школы, загартаваны ў розных рэспубліканскіх і ўсесаюзных выданнях “ідэйны баец сталінскай школы”, літаратуразнаўца непахіснай сацрэалістычнай закваскі (дарэчы, у вядомым апавяданні М. Стральцова ён стаўся прататыпам героя-начальніка “з тварам халоднай штампоўкі”).
Пэўны час Генадзь Мікалаевіч і я жылі паблізу плошчы Перамогі недалёкімі суседзямі, частавата і мімаходзь сустракаліся ці траплялі ў адну маладзечанскую электрычку ў паездцы на лецішча, то перакідваліся словам-другім або маглі затрымацца для зацікаўленай размовы. Аднаго разу зайшла гутарка і пра “броўкізм”. Субяседнік сказаў на гэта прыкладна так: лёс Броўкавага пакалення (пачатку 1900-х гадоў нараджэння. - Аўтар.) спачатку цяжкі, пасля шчаслівы, затым драматычны, а для каго і трагічны. Броўка з малазямельнай вясковай сям’і, дзе было дзевяць дзяцей. Бацька здолеў памагчы яму, кемнаму і дапытліваму, атрымаць толькі пачатковую адукацыю, то хутчэй за ўсё яго чакала цяжкая сялянская доля. А мо які просценькі, малаграшовы занятак у горадзе. Ды ў час яго юнацтва адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя. Яе ідэалы пра мір у свеце і зямлю для гаротных, волю для прыгнечаных народаў акрылілі яго, юнага. Паколькі быў пісьменны і старанны, пацягнуўся да новай улады, то яго запрасілі на працу з дакументацыяй у савецкую адну, другую ўстанову. Спачатку перапісчыкам, а пасля і справаводам. У 19 гадоў стаў ужо ўладнай асобаю - старшынёй сельсавета. Шмат чытаў, спазнаваў новае, пачаў пісаць і дасылаць у палюбленыя выданні свае допісы, вершы. Яго, здольнага і адданага новай уладзе юнака, агледзелі, паклікалі на працу ў акруговую газету. Працягнуў тое, што было немагчыма ў царскі час: скончыў вячэрнюю школу для дарослых, а пазней і ўніверсітэт. У 25 выдаў першы зборнік вершаў, дзе ўславіў новыя рэаліі паслярэвалюцыйнага жыцця, паспрабаваў стварыць вобраз героя савецкай эпохі, што і яго вывела ў людзі. Думаецца, быў шчыра ўдзячны ленінскай партыі, савецкаму ладу. Дапытлівы, зразумела, заўважаў і пэўныя рэвалюцыйныя крайнасці. Напрыклад, што кароткі подых беларусізацыі да 1930-га пачалі перакрываць, вывучэнне краязнаўства, гісторыі Беларусі да 1917-га згортваць, усякае нацыянальнае будаўніцтва дазіраваць, бачыць рэспубліку найперш як пэўны прамыслова-аграрны рэгіён для выкананняў усесаюзных планаў. Штосьці ўспрыняў як перабор, часовую з’яву, штосьці - як саступкі дзеля вялікага - пабудовы заводаў і фабрык, школ і бальніц, здабычы харчу, мацавання арміі, а таксама і сацыялістычнай згуртаванасці ў варожым акружэнні. Нават паверыў, што і сярод калег-пісьменнікаў, якія таксама ўзраслі ў новую эпоху, ёсць праціўнікі савецкай улады. Але калі пачаліся і нарасталі рэпрэсіі, адзін за адным знікалі яго сябры і знаёмыя, то з яго вачэй спалі ружовыя акуляры. Спазнаў: ідзе свядомае знішчэнне нацыянальнай мовы і культуры, загуба разумных, сумленных пісьменнікаў і іншых творцаў, шматлікіх асоб іншых прафесій і заняткаў, хто пачаў разбірацца, што азначаюць гучныя і прываблівыя сацыялістычныя пастулаты, дыктатура пралетарыяту на справе. І няма пратэстаў, грамадства апаноўвае страх. Кожны можа быць арыштаваны, асуджаны за грахі, якіх не ўчыняў. І за здольных, невінаватых у зламыснасці пісьменнікаў розных узростаў не могуць заступіцца нават геніі, нібыта аблашчаныя ўладай Купала і Колас. Аднаго абвінавачваннямі давялі да самагубства, другога не раз арыштоўвалі і пагардліва дапытвалі, змушалі напісаць пакаянны ліст за свае выдатныя паэмы і самому аб’явіць іх “кулацкімі, шкоднымі для справы калектывізацыі...”. Класікі да рэвалюцыі пісалі паводле закліку сэрца, не стварылі ні аднаго верша ў пахвалу цара і яго сатрапаў, а цяпер мусілі бясконца славіць Леніна-Сталіна, Варашылава і Будзённага, кожны новы мудры савецкі крок, спаўняць заказы на напісанне агітацыйных і прапагандысцкіх твораў пра працоўныя подзвігі калгаснікаў і рабочага класа, да савецкіх значных дат і юбілеяў, пра выкрыццё свету капіталізму, асабліва суседскага, польскага...
І тут была наша новая трагедыя: у Заходняй Беларусі польская ўлада асуджала свядомых беларусаў за “бальшавізм, намер далучыць край да БССР і СССР”, а ў нас савецкая - за “пілсудчыну, намер далучыць БССР да буржуазнай Польшчы” (для зачэпкі ў 1930 - 31-м чэкістамі была прыдуманая падпольная арганізацыя “Саюз вызвалення Беларусі”, старшынёўства якой хацелі прыпісаць і Купалу. Ён і Колас ацалелі, а вось больш за 110 іншых выдатных нашых пісьменнікаў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў выслалі на пэўныя тэрміны, а пазней большасць расстралялі)... Улада спрытна абыходзіла Канстытуцыю, перакрывіла асобныя яе артыкулы для карнай, нібыта заканадаўчай расправы: адрозныя ад афіцыёзу грамадзянскія погляды падавалі за крымінальнае злачынства - паспешлівы суд, а то і пазасуддзе (“двойкі”, “тройкі”, “асобыя нарады” карных органаў - расстрэл або ГУЛАГ).
З “Энцыклапедычнага даведніка. Беларусь” (Мн., 1995): усяго з 1917 да канца 1980-х ахвярамі рэпрэсій сталі 600 000 грамадзян Беларусі (“нацдэмы” і іншыя “контррэвалюцыянеры”, “шпіёны замежных разведак”, “кулакі”, заходнебеларускія “варожыя элементы”, ваеннапалонныя і дэпартаваныя пасля вайны). Велізарная лічба і без віны вінаватых. Ды яшчэ з улікам таго, што мноства з тых соцень тысяч было асуджана на смяротнае пакаранне (лічбы розныя). У адносінах да рэспублікі з невялікай колькасцю насельнікаў рэпрэсіі насілі генацыдны характар.
Трагедыя, гаварыў Бураўкін. І для Броўкі таксама: у разгар тэрору трэ было Сталіну... дзякаваць за шчаслівае жыццё, лепшымі сіламі паэзіі зарыфмоўваць яму ўзнёслае “Пісьмо беларускага народа”. Так што трэба і зразумець Броўку, Куляшова, а потым і Танка. Яны стараліся выжыць і пры кожным зручным выпадку ўдыхнуць свежага паветра, даць волю свайму сапраўднаму. Так што перш чым асуджаць “броўкізм” - прыстасавальніцтва, паслужлівасць, ухваленне Леніна-Сталіна, замоўчванне савецкіх злачынстваў, - трэба спачатку самому сабе задаць пытанне: а як бы павёў сябе ты ў тагачасных жудасных, бяспраўных умовах, калі і жыццё найвыдатнага савецкага пісьменніка Шолахава вісела на валаску і было не без хітрасці выратавана самім дыктатарам?..