СЛОВА
Шырокім спэктрам вычуваньня
Цябе я, слова, пазнаю.
I смак, і пах, і гукаў граньне,
I радасьць творчую маю,
I розных хварбаў пералівы,
I маладосьці эліксір,
I залатыя нашы нівы,
I жар, і неспакойны вір —
Я ўсё тут бачу, адчуваю,
Ствараю словам навіну.
Я чую голас майго краю,
Жывых эмоцыяў вайну.
Узяць на смак, напрыклад, слова
Такое горкае — «палын».
Здаецца, вуліцай вясковай
Настой травы паўзе паўз тын.
А нехта цэдзіць слоў рыцыну.
Ды ёсьць салодкія, як мёд...
Цябе я, слова, не пакіну, —
Люблю я твой крылаты ўзьлёт:
Ты падымаеш чалавека
I ў сьвет загадваеш ісьці.
Ты лечыш хворага спрадвеку,
Б'еш злога ворага ў жыцьці.
I зьзяеш яснай бліскавіцай,
I вееш цёплаю вясной...
Вянком па сьмерці будзеш віцца,
Гарэць агнём, жыцьцём і мной.
У РЫТМІЧНЫМ НАСТРОІ
Роднай мовай я зноў, па прывычцы старой,
Прывітаю жывую прыроду.
Словы з гукамі створаць рытмічны настрой —
У мастацтве чароўную згоду.
Пабягуць ручаямі радкі з-пад рукі,
Засьпяваюць аб сініх валошках,
Аб Радзiме маёй, дзе зьвіняць жаўрукі,
I аб мілых малых босых ножках.
Памяць лепіць мне вобразы: летні начлег,
I вячоркі, і мэндлікі ў полі.
Там заўсёды бывалі забавы і сьмех,
Забываліся клопаты, болі.
Маладосьці мінулай маланка ўваччу.
Смутак — хмарай. I шлях канчатковы.
А пакуль я жыву — неспакойна хачу,
У хаценьні цьвітуць мае словы.
Мне здаецца, плыве ціхамройны туман,
Белых прывідаў лёгкае цела.
I я грэшныя вершы пушчаю ў той стан,
Дзе каханьне яшчэ не сатлела,
Дзе гараць пачуцьцём гэтым нават дзяды,
Дзе гарачыя іскры і ў дыме...
Я праходжу праз дым і агонь — праз гады.
I душа мая там, на Радзіме.
КРАІНА Ў КРЫШТАЛІ
Праз пакорныя цярпеньні
I спякотныя пакуты
На высокія ступені
Вобраз выбраўся раскуты:
Беларусь зусім ня тая,
Як паэты апявалі;
I прастора ня пустая,
I сама яна ў крышталі.
Ня сухенькія таполі,
Не панурыя бярозы.
Бэз у садзе, грэчка ў полі,
Панад рэчкай — вербалозы.
Клён клянецца каля хаты,
Што на ім анёлаў крыльле,
I яму каштан кашлаты
Паліць сьвечкі ў пахкім пыле.
А пад восень арабіна
Прыбіраецца ў каралі.
Пладаносная краіна
У праменістым крышталі.
Сонцам пешчаныя сьлівы,
Вішні, яблыкі, ігрушы.
Край гаротны, а шчасьлівы,
Бо людзкія цешыць душы.
Бяз хэмічнай апрацоўкі,
Бяз мічурынскай апекі
Нашы бэры і хунтоўкі
Хай праславяцца навекі.
Я пяю праўдзівы выснаў.
Сввет прайдзі — нідзе, здаецца,
Садавіны тэй карыснай
Каштаваць не давядзецца.
Хай было часамі пуста —
Гадавалі сілы нашы
Міска квашанай капусты
I гаршчок бульбянай кашы.
.............................
Той цаніць свайго ня можа,
Хто сядзіць заўсёды ў хаце.
На чужыне дні трывожна
Нам прыгадваюць аб страце.
Мы згубілі ўсё, што мелі.
Але дух яшчэ трывалы —
Звоняць струны ў нашым целе,
Слаўных прадзедаў цымбалы.
Прынясеце журавіны,
Горыч смагі я ўтаймую,
Абразок мае краіны
Ў лятуценьнях дамалюю.
Не кажэце мне, што ў пекле
Беларусь мая счарнела,
Што лясы і пушчы сьсеклі...
Як была, так будзе белай.
Я цяпер вандрую ўсюды
I мне кожны край гасьцінны.
Бачу дзівы, бачу цуды,
Маляўнічыя мясьціны.
Хараства багата звонку,
Ды мілейшыя, прызнацца,
Наша родная старонка,
Наша песьня, наша праца.
РАМОНАК
Сыпле пахучыя зоры
Бэзавы цьвет, і ў гальлі —
Месца птушыных гамонак...
Дзесьці паблізу ў разоры,
Зьмятая скібкай зямлі,
Сьціплая кветка рамонак.
Бэз па вясьне адцьвітае,
Пышных галінак аблом.
А для рамонка на полі
Лета — пара ня пустая:
Вудзіць ён сонца паволі
Тонкім падцятым сьцяблом.
Прагне расьліна-калека
Кветкай да восені жыць.
Можа, на зёлкі, на лекі
Ляжа ў вітрыну аптэкі,
Каб памагаць чалавеку,
I пасьмяротна служыць.
ХВІЛІНА РОЗДУМУ
Душа распусьціцца ў пустэчы, —
Тады згушчаецца туман,
I ўсе зьвіняць навокал рэчы,
Як недарэчны вечны зман.
Тады над сьветам ілюзорным
Чужая думка сном плыве.
I верш карункам шматвузорным
Зіхціць у цьмяным харастве.
Хвіліна роздуму ў зацішшы.
Я ў творчых муках трапяткі.
Мая душа паэму піша,
А я бяру ня ўсе радкі.
I ліст паперы я камечу...
Ня бачу радасьці ў радкох.
Малюся шчыра, каб пустэчу
Ператварыў у сад мой Бог.
Той сад прыгожых лятуценьняў!
Там сьпеюць песьнямі плады,
Там дух імкненьняў і хаценьняў
Непераможны, малады.
ПАЎТОРНАЯ МАЛАДОСЬЦЬ
У парку казачная быль:
Трава адзвоньвае трамваем,
Матляе крылцамі матыль
I краску ласкай спавівае.
А дрэва шэпча... Так мой дзед
Шаптаў набожна час малітваў.
Ізноў, пачуўшы мілы сьвет,
Я маладосьць маю распытваў:
— А ці ня ў лес пайшла ў грыбы?
Суніцаў сьпелых назьбірала?
А мо здушыў цябе грубы
Той культ эпохі цемрашала?..
Я перажыў з табой гады
Трывогі, голаду і гора.
Цяпер — паўторна малады —
Спаткаў я сонца каля мора.
Цябе, былая маладосьць,
Вітаюць памяць і ўспаміны.
Але і сёньня сілы ёсьць,
Я маю палкія хвіліны.
Я З ТАБОЙ ПЯЮ
Я гляджу на мілую маю
I чульліва край мой пазнаю;
У цябе бялявая каса,
А я ў думках кужаль расчасаў.
Мне здаецца, у вачох тваіх —
Сіні цьвет валошак палявых.
Ты ўзбудзіла песьняй мой пакой.
Дзе-ж мая цьвярозасьць і спакой?
Я хмялею ўцешна бяз віна.
Ці ня ў гэтым ёсьць твая віна?
Я укленчыў... Я з табой пяю.
Бацькаўшчыну ў мілай пазнаю.
МОСТ
Я пазнаю ў вачох тваіх
Мой сьмех далёкай маладосьці,
Той сьмех яшчэ ў грудзёх
Ня сьціх.
Ты памятаеш?
Там — на мосьце...
Мы там на Случчыне, калі
Вясны зьвіваліся каралі,
Лакцямi поручні гнялі
I ў рэчцы нераст назіралі.
Цьвіла няўрымсьлівая сінь,
Яна здавалася густою.
Там зіхацелі карасі
Сваёю срэбнаю лускою.
I мітусіліся ў вадзе.
I тая хваляў таямнiца
Аж праз гады да нас ідзе
I Случ
З дзяцінствам нашым
Сьніцца.
I не забыцца як і мой
I твой
На мосьце сьмех гайдаўся.
Была ад рыбiны нямой
У рабаціньні скрозь
Вада ўся.
Мы мелі свой утульны кут,
Хаванку хітрую між паляў.
Ня зналі
Злыдняў і пакут,
Нырца давалі
Супраць хваляў.
Плылі, плылі
I даплылі...
А берагі цяпер ня тыя.
Дзе гоман роднае зямлі?
Дзе нашы звычаі сьвятыя?
I толькі сьмех яшчэ ня сьціх,
Ён на чужым,
На іншым мосьце...
Я пазнаю ў вачох тваіх
Мой сьмех далёкай маладосьці.
ДЗЬВЕ КРОПЛІ
Вось ізноў загучэлі
Струны віялянчэлі.
Напамiнам званчэлі
На далёкай чужыне
Мне аб роднай сьвятыні,
Аб пакінутым краі.
На хвіліну здалося мне,
Што вясна ў нашай восені
Нам санату іграе.
У блакітныя вокны —
Дажджавыя валокны.
Ды на шыбінах
Завіваюцца,
Раздрабняюцца,
Разьлятаюцца
Дыямэнтамі-кроплямі...
Вобраз мякка пантоплямі
Шамаціць па падлозе
I чаруе паэта...
Гэта —
Радасьцi сьлёзы
Адсьпяванага лета.
Хай надвор'ем пахмурым
Павявае над мурам, —
Мне выбраньніца
Усьміхаецца
Добрай раніцай.
I тараніцца
Маё сэрца пачуцьцямі...
Шмат вады ўскаламуцілі.
А паэзіі мала.
Сёньня мроіцца-сьніцца
Залатая навала,
Звонкіх слоў навальніца.
У блакітныя вокны —
Дажджавыя валокны:
Кропля падае,
На шкло падае,
Сьлёзы радасьці
Мне нагадвае.
З іншай коціцца кропляю —
Павялічанай,
Цёплаю...
I радкі на паперы,
Нібы сонца праменыні.
Бяз любові і веры
Не гарэць у натхненьні.
Ты са мной, дарагая!
I паэма другая
Нараджаецца,
Афармляецца,
Разьвінаецца...
Вунь зьліваецца
Кропля з кропляю дробнаю...
Штосьці вечна-падобнае...
Гэтак я, ты і словы —
У адзіную вязку.
Выйдзе верш адмысловы,
Ператвораны ў казку.