Мн.: Маст. літ., 1989. 335 с.: іл. Пер. з англ. Алеся Разанава і Язэпа Семяжона.
Ілюстрацыі Георгія Паплаўскага.
Тыраж 4300 экз.
Пераклад Язэпа Семяжона
Дзейныя асобы:
АРСІНА, герцаг Ілірыйскі
СЕБАСЦЬЯН, брат Віёлы
АНТОНІА, марскі афіцэр, сябра Себасцьяна
КАПІТАН КАРАБЛЯ, сябра Віёлы
ВАЛЯНЦІН, КУРЫЁ } дваране са світы герцага
СЭР ТОБІ БЭЛЧ, дзядзька Алівіі
СЭР ЭНДРУ ЭГ’ЮЧЫК
МАЛЬВОЛЬЁ, дварэцкі Алівіі
ФАБІЯН, ФЭСТА } слугі Алівіі
БЛАЗЕН
АЛІВІЯ
ВІЁЛА
МАРЫЯ, камерыстка Алівіі
Вяльможы, свяшчэннікі, маракі, ураднікі, музыканты і іншыя прыдворныя.
Месца дзеяння: горад у Ілірыі і марскі бераг непадалёку.
Пакой у палацы герцага. Уваходзяць ГЕРЦАГ, КУРЫЁ і іншыя ВЯЛЬМОЖЫ, за імі — музыканты.
ГЕРЦАГ
Хвіліначку, шаноўныя! Каханне,
Гавораць, кормяць музыкай; папросім
Расшчодрыцца звыш меры музыкантаў,
Каб нашае жаданне ў здавальненні
Спачыла. Вы яшчэ раз той матыў,
Што, плаўна заміраючы, пяшчотна
Ўлагоджваў слых, як слодыч мёду — вусны.
Мы гэтак удыхаем пах фіялак,
Калі яго пад шчодрым сонцам мая
То дорыць нам, то крадзе подых ветру.
Даволі! Штось не тое,— мне здаецца,
Раней было ў ім значна больш пяшчоты.
О, дух кахання, свежы, лёгкакрылы,
Як матылёк! Хоць у табе адным
Усё змясцілася, як скарбы ў моры,
Нішто ў твае патайныя глыбіні
Не ўнікне,— нават і высакароднасць —
Без рызыкі згубіць цану адразу ж!
Фантазія — такі клубок жаданняў,
Што без фантазіі канца не знойдзеш.
КУРЫЁ
Вы паляваць збіраліся, мой герцаг?
ГЕРЦАГ
На што?
КУРЫЁ
На лань.
ГЕРЦАГ
Я на яе палюю
Даўно, а ўзяць на мушку не ўдаецца.
Калі я ўпершыню сустрэў Алівію,—
Здалося, быццам свет мне праясніўся,
I разам з тым няшчасны паляўнічы
Ўвасобіўся ў аленя, за якім,
Як ганчакі, бягуць услед жаданні.
Уваходзіць ВАЛЯНЦІН.
Ну, што яна сказала?
ВАЛЯНЦІН
Ваша светласць,
Мяне сустрэцца з ёй не дапусцілі,
Праз камерыстку ж быў такі адказ:
Яшчэ не менш сямі спякотных лет
Не ўбачаць твар яе з-пад пакрывала.
Няўцешная, у чорным, як манашка,
Яна дала зарок насіць жалобу
I кожны дзень слязьмі па многу раз
Крапіць сваю пустэльніцкую келлю.
Адна прычына гэтых слёз, здаецца:
Каб не завяла і заўсёды свежай
Была яе сястрынская любоў
Да брата, што даўно ўжо на тым свеце.
ГЕРЦАГ
О, шчодралюбная! Калі ў яе
Такое сэрца, што даўгі любові
Не закаханаму, а нават брату
Адплачвае гадамі, дык з якою ж
Адданай шчодрасцю яно палюбіць,
Калі ў яго пацэліць залатая
Страла і не адно, а ўсю чародку
Пачуццяў кволых, што жывуць у ім,
Глыбока раніць! Што ж тады, калі
Мозг, сэрца, печань — гэтыя прастолы
Вярхоўных органаў у чалавеку,—
Адзіны зойме самаўладца — муж?
Пайшлі; вы ўперад, у цянёк платана,
Дзе так прыемна марыць аб каханай.
Выходзяць.
Марскі бераг.
Уваходзяць ВІЁЛА, КАПІТАН і МАРАКІ.
ВІЁЛА
Што тут за край, сіньёры?
КАПІТАН
Тут наўкол—
Ілірыя, сіньёра.
ВІЁЛА
Што я буду
Рабіць у Ілірыйскім тут краі,
Калі мой брат, магчыма, ўжо ў раі —
Ў Элізіі? Хто ведае, мо ён
Уратаваўся выпадкам. А як
На вашу думку, капітан?
КАПІТАН
Вы самі
Жывыя засталіся выпадкова.
ВІЁЛА
Мой бедны брат! Дык, можа быць, і ён...
КАПІТАН
О так, і, каб суцешыць вас, скажу вам:
Калі на рыфах карабель разбіўся,
І вы з той групкай, хто паспеў саскочыць
У лодку, апынуліся на хвалях,
Ваш брат — я бачыў сам,— не разгубіўся:
Ён, прывязаўшыся вяроўкай к мачце,
Таўшчэзнай і нятонучай, адчайна
Пусціўся плыць. Адважны чалавек:
Якая б ні спасцігла небяспека,
Надзей не траціць; гэткі быў ваш брат.
Я час ад часу бачыў, покуль мог,
Як ён з вяршыняў хваль ныраў у прорвы
I то знікаў, то зноў з’яўляўся зверху,
Падобны Арыёну на дэльфіне.
ВІЁЛА
Вось залаты за добрую навіну.
(Дае яму дукат.)
Маё уратаванне акрыляе
Ўва мне надзею, што і брат, магчыма,
Жывы застаўся. О, калі ж бы так!..
Тваё паведамленне ў пэўнай меры
Дае падставу для такой надзеі.
Табе знаёмая мясцовасць гэта?
КАПІТАН
О, так, сіньёра. Тры гадзіны ходу
Адсюль да месца, дзе я нарадзіўся.
ВІЁЛА
Хто ж уладарыць тут?
КАПІТАН
Высакародны
Паходжаннем і чулы сэрцам герцаг.
ВІЁЛА
А як яго завуць?
КАПІТАН
Арсіна.
ВІЁЛА
Як?
Арсіна! Мне даводзілася чуць
Ад бацькі гэтае імя. Здаецца,
Ён нежанаты быў тады.
КАПІТАН
О, так.
Ён і цяпер, напэўна, нежанаты.
Калі лічыць, дык не прайшоў і месяц,
Як я адплыў адсюль; тады ў народзе
Шапталіся — вядома ж, просты люд
Пагаварыць аматар пра вялікіх,—
Што герцаг закаханы ў прыгажуню —
Алівію-суседку.
ВІЁЛА
Хто яна?
КАПІТАН
Дачка памерлага нядаўна графа,
Дзяўчына — з прыгажуняў прыгажуня.
Якісьці час была пад апякунствам
Свайго ж браценніка, нашчадка графа.
Нашчадак скора ўслед пайшоў за бацькам;
Яна, асірацелая, ў жалобе
Па двух нябожчыках, а больш па брату,
Зраклася ўцех зямных і адзінока
Жыве пустэльніцай.
ВІЁЛА
Ах, калі б мне
Наняцца да яе хоць пакаёўкай,
Але пры ўмове, каб ніхто не ўведаў.
Хто я і што, пакуль для высвятлення
Не прыйдзе зручны момант.
КАПІТАН
Не, сіньёра,
Курс — не па компасе. Яна ніколі
Прымаць сабе паслуг не дазваляе
Не толькі ад людзей нязнатных родам,
А і ад герцага.
ВІЁЛА
Мне імпануе
Твая манера, капітан, трымацца.
Хоць часта пад прывабным знешнім бляскам
Прырода тоіць гніль, такой заганы
Ў табе я не знаходжу. Мне здаецца,
Што ўсё ў табе — характар і душа —
Адпавядаюць выпраўцы адменнай
Марскога воўка і прыгажуна.
Прашу цябе — я заплачу не скупа,—
Не гавары нікому, хто і што я,
I памажы мне так пераадзецца,
Каб знешні выгляд быў візітнай карткай
Маіх намераў. Я хачу наняцца
Да герцага ў прыслугі. Ну, напрыклад,
Рэкамендуй мяне да іх на службу
Як еўнуха. Я згодна, і павер —
Я ўмею пець, іграць на інструментах,
I дагаджаць ва ўсім змагу як трэба.
Што будзе, тое будзе, марачок,
Адно прашу: пра мой намер — маўчок!
КАПІТАН
Дзе будзе еўнух, будзе і нямы.
Дык, значыць, вы — не вы і мы — не мы!
ВІЁЛА
Вось дзякуй! Ну, вядзі.
Выходзяць.
Дом Алівіі.
Уваходзяць ТОБІ БЭЛЧ і МАРЫЯ.
СЭР ТОБІ
Якога чорта мая пляменніца так ужо гаруе па нябожчыку браце? Ці ж яна не ведае, што гора — жыцця нашага вораг.
МАРЫЯ
Сэр Тобі, пабойцеся бога: вам не шкодзіла б раней вяртацца дадому вечарамі; ваша пляменніца, мая мілэдзі, вельмі перажывае, што вы не ведаеце ні пары, ні часу.
СЭР ТОБІ
Ну і няхай перажывае, пакуль жыве, а памрэ — не будзе.
МАРЫЯ
I ўсё ж вам не пашкодзіла б у сваіх паводзінах пераняць іншую моду.
СЭР ТОБІ
Бач ты, іншую моду! Ніякай іншай моды я не знаю і знаць не хачу. Маё адзенне зусім падыходзіць для таго, каб у ім піць, і гэтыя батфорты — таксама. А калі не, то няхай яны павесяцца на сваіх вушках.
МАРЫЯ
Глядзіце ж, каб гэтыя п’янкі ды гулі вас не раздзелі ды не разулі. Я чула шчэ ўчора, што мая мілэдзі гаварыла тое самае, успамінала і пра нейкага прыдурка-кавалера, якога вы аднойчы ноч-апоўнач прывялі сюды сватацца.
СЭР ТОБІ
Гэта пра каго ж, пра гэтага «Бледнашчокага» — сэра Эндру Эг’ючыка?
МАРЫЯ
Ну пра яго, вашага «Чыкчырыка».
СЭР ТОБІ
Дык ён жа самае тлусценькае залатое цялятка ва ўсёй Ілірыі.
МАРЫЯ
Ну і што з таго?
СЭР ТОБІ
А тое, што ў яго тры тысячы дукатаў прыбытку ў год.
МАРЫЯ
Гэтае залатое цялё — вялікі дурань і абармот, якому тры тысячы — толькі на год.
СЭР ТОБІ
Фэ, сорамна вам так гаварыць. Ён жа грае на віёль-гамбоне і размаўляе на трох ці чатырох мовах — слова ў слова і ўсё са сваёй галавы. У гэтым чалавеку добрыя задаткі ад прыроды.
МАРЫЯ
Ага, задаткі ад прыроды. А хто імі валодае — вы, уроды? Ён не толькі вялікі дурань, а яшчэ і не меншы задзіра. Крый бог, каб у яго яшчэ не было задатку баязлівасці, што стрымлівае яго гарачку ў сварках. Тады б, як кажуць разумныя людзі, яго б скора азадачыла магіла.