Было гэта вельмі даўно — больш за тысячу гадоў назад. З таго далёкага, амаль казачнага часу шмат адбылося змен і падзей на нашай зямлі. Нязменным, бадай, засталося хіба вечнае. Як і цяпер, сонечныя дні тады чаргаваліся з пахмурнымі. Уночы карагодзілі зоркі, за імі цікаваў месяц. На змену восені віхурыла зіма, а вясна абдымалася з летам. А яшчэ дзесяць стагоддзяў таму ў нас, на Беларусі, паўсюдна гаманілі з ветрам непраходныя пушчы, багатыя зверам і птушкай. Праз нетры лясныя, на захад і поўдзень, цяклі хуткаплынныя рэкі, якія ажно кішэлі рыбаю.
Не дзіўна, што тут здаўна пасяліліся людзі. I сёння відаць сляды іх жыцця — маўклівыя курганы-валатоўкі ды гарадзішчы.
Шанавалі нашы далёкія продкі і пісьмовае слова. Сведчаць пра тое надзвычай цікавыя летапісы, што зберагліся да сённяшніх дзён. У самым даўнім летапісе, складзеным манахам Нестарам і названым «Аповесцю мінулых гадоў», расказваецца:
«Славяне прыйшлі і селі на Дняпры. I назваліся яны палянамі, а тыя, што сярод лясоў сталі жыць, драўлянамі. Славяне, якія рассяліліся паміж Прыпяццю і Дзвіною, завуцца дрыгавічамі. На Дзвіне селі палачане, а назваліся яны так па рэчцы Палаце, што ўпадае ў Дзвіну...»
Дарог у той час яшчэ было мала. Людзі падарожнічалі часцей за ўсё па рэках, у чаўнах ці ладдзях. А зімою ездзілі ў санях, па закаваных лёдам рэчышчах.
На полацкай зямлі малыя і вялікія рэкі, быццам да роднай матулі, спяшаюцца ў абдымкі прыгажуні Заходняй Дзвіны. Міналі гады, і ў сутоках Палаты і Дзвіны паўстаў драўляны горад. Першыя жыхары назвалі яго Полацкам. У бойкім, выгодным месцы заснавалі сталіцу сваю палачане. Па магутнай Дзвіне, што ўпадае ў Варажскае мора (так у старажытнасці звалася Балтыйскае мора), ішоў адзін з напрамкаў славутага гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі». Ён вёў са скандынаўскіх, а па-тагачаснаму варажскіх, краін у Візантыю — краіну грэкаў.
Чужаземцы падымаліся на вёслах ці пад ветразямі ўверх па Дзвіне, гандлявалі ў Полацку. Потым плылі далей, часам заварочвалі ў Лучосу. Вытокі гэтай ракі пачынаюцца паблізу Дняпра. Тут ладдзі цягнулі па зямлі на драўляных колах, як тады казалі, волакам, або наймалі новыя. I па вірлівай дняпроўскай вадзе, калі шчасціла адолець шматлікія перашкоды і небяспекі, спускаліся да цёплага Понт-мора (так у старажытнасці звалася Чорнае мора). Адсюль рукой падаць да Царгорада — сталіцы Візантыі. Не спалі ў шапку і полацкія купцы. Хадзілі ў абодва бакі: і да варагаў, і да грэкаў. Гандлявалі з размахам, добрым прыбыткам. Таму з кожным годам багацеў, разбудоўваўся Полацк, збіраючы пад сваю ўладу суседнія дробныя княствы.
Далёка ў свеце ведалі полацкіх купцоў, а яшчэ далей — дружыну полацкую. Разам з кіеўскім князем Ігарам хадзілі ваяры-палачане вайною на Царгорад і бралі з грэкаў даніну. Нездарма ў мірнай дамове з Візантыяй, падпісанай у 945 годзе, упамінаецца полацкая княгіня Прадслава. Муж яе, пэўна, загінуў у нялёгкім баявым паходзе. А калі памерла і сама Прадслава, бацькоўскі пасад занялі яе сыны — Рагвалод і Тур.
У міры і згодзе жылі паміж сабою браты. Але двум арлам у адным гняздзе цесна. Параіліся княжычы, сабралі дружыну, прынеслі ахвяраванні богу вайны Перуну і выправіліся на баявых караблях — насадах — уніз па Дняпры, каб заснаваць новы горад.
Праз тыдзень вандроўкі спыніліся ў мясціне, дзе ў Дняпро ўпадае паўнаводная Прыпяць. Далей не выпадала плыць: зусім недалёка засталося да Кіева.
Калі прычалілі да берага, Рагвалод спытаўся ў жыхароў невялікага паселішча:
— Каму даніну плаціце? Адказалі яму жыхары:
— Кіеўскаму князю Святаславу, сыну Ігара. А Тур паглядзеў на неўтаймоўную прыпяцкую плынь і раптам спытаўся:
— Чаму завецца Прыпяццю гэтая рака? I пачуў ад сівога старэйшыны:
— Бо тры разы па пяць рэк упадае ў сястру Дняпра.
Спадабаўся такі адказ князю Туру. Падумаў ён і сказаў Рагвалоду:
— Пабудую свой горад на прыпяцкім беразе. Абняліся браты і развіталіся. Тур з маладымі воямі пайшоў да вытокаў Прыпяці, а Рагвалод з астатняй дружынай застаўся стаяць у прыпяцкім вусці, каб на брата знянацку не напала кіеўская раць.
Цэлае лета нёс варту Рагвалод у сутоках Прыпяці і Дняпра, пакуль не дачакаўся ганца. Добрую вестку ён прынёс палачанам: Тур збудаваў дзядзінец, заклаў новы горад і даў яму назву — Тураў.
Восенню, пакуль не замерзлі рэкі, Рагвалод вярнуўся ў Полацк. З радасцю сустрэла князя маладая жонка. Пяшчотна прыхінулася да мужа і сказала, што хутка ў іх народзіцца дзіцятка.
Мінула яшчэ два месяцы. Насталі Каляды — бадай, самае вясёлае зімовае свята. Сонца перастала паміраць, зноў павярнула на вясну. Пад маленькімі акенцамі полацкіх рамеснікаў і купцоў спыняліся хлопцы і дзяўчаты, спявалі калядныя песні, збіралі пачастункі. Не абмінулі яны і княскія харомы. Нават прывялі з сабой рагатую казу — апякунку будучага шчодрага ўраджаю. Праўда, саму казу напярэдадні свята прынеслі ў ахвяру богу жывёлы Вялесу, а замест яе па святліцы тупаў з маскаю на твары і ў вывернутым кажуху хлопец-зух. Ён смешна бадаўся з княскай прыслугай, пачціва кланяўся полацкаму ўладару і яго жонцы. А тым часам павадыры казы пад дуду-самаграйку спявалі: