Скарына Францыск.
Максім Грэк.
Жыгімонт I Стары — кароль Польшчы і вялікі князь Вялікага княства Літоўскага.
Бона Сфорца — каралева.
Гаштольд — канцлер.
Ян — епіскап віленскі.
Альбрэхт — герцаг прускі.
Вартаўнік.
Чалавек у чорным.
Маргарыта — жонка Скарыны.
Раман — пляменнік Скарыны.
Iван — брат Скарыны.
Бабіч Якуб — найстаршы бурмістр Вільні.
Астрожскі Канстанцін — гетман Вялікага княства Літоўскага.
Гусоўскі Мікола — паэт.
Лонгій Мацей — павераны Скарыны.
Скаргардыян Валянцін — бурмістр Познані.
Войт.
Лаўнікі і радцы.
Познань. У цеснай вязніцы на драўлянай лаве, прыкаванай да сцяны, сядзіць Скарына. Замест вопраткі на небараку лахманы. Ён паднімае галаву, прыслухоўваецца. Здалёк чуецца сумная-сумная песня.
Як было ў мамкі да тры донькі,
Да пайшлі ж яны ў бор па ягадкі.
Адна донька ўтапілася,
Другую доньку звяры з’елі.
Другую доньку звяры з’елі,
Трэцюю доньку татары ўкралі…
Скарына сціскае галаву рукамі. Лязгаюць запоры. Адкрываюцца дзверы. Уваходзіць Вартаўнік. Ён прыносіць ваду і хлеб і моўчкі падае вязню. Той бярэ прынесенае, з удзячнасцю схіляе галаву. Есць няспешна, з павагаю да вады і хлеба. Вартаўнік назірае за ім.
Вартаўнік. Чы пан зна цэнэ хлеба?
Скарына. Так, пан ведае цану хлебу…
Вартаўнік (пасля паўзы). Валацуга?..
Скарына. Валацуга… ды яшчэ які…
Вартаўнік. Далёканька ж цябе занесла, нябога…
Скарына. Мяне яшчэ не так заносіла…
Вартаўнік. Выходзіць, пабачыў свету?
Скарына. Пабачыў, хоць і не так многа, як бы хацелася…
Вартаўнік. I дзе ж цябе яшчэ нялёгкая насіла?
Скарына. Калі мне было гадоў 14, занесла ў Кракаў да палякаў, а як споўнілася 17, падаўся я ў Капенгаген да датчан, пасля 22-х апынуўся сярод італьянцаў у Падуі, адтуль накіраваўся ў Прагу да чэхаў, у 27 вярнуўся дамоў, потым занесла мяне ў Вітэнберг да немцаў, у Кёнігсберг да прусакоў, а зараз, як бачыце, у Познань зноў да палякаў. Між іншым, Маскву таксама не абмінуў…
Вартаўнік (з зайздрасцю і недаверам). Палётаў, голуб!..
Скарына. Палётаў бы яшчэ, ды крылы звязаны…
Вартаўнік (нечакана). I ўсюды краў?..
Скарына (здзіўлена). Чаму краў?..
Вартаўнік. Каб папрасіць, трэба ж ведаць па-нямецку, і па-дацку, і па-чэшску! А італьянцы?!.
Скарына. Я яшчэ магу прасіць па-руску, па-грэчаску, па-яўрэйску і на… латыні…
Вартаўнік (з недаверам). Трапляліся мне прахвосты, а такіх, як ты, яшчэ не было!
Скарына. I не будзе!.. А мо ў наступным стагоддзі і народзяцца…
Вартаўнік. Але ж ты нарадзіўся?..
Скарына. Я апярэдзіў час… Гадоў гэтак на сто — паўтараста.
Вартаўнік. Прахвост няшчасны!..
Скарына (без крыўды і нават з усмешкай). Памыляешся, шаноўны. Перад табой чэсны і… даволі шчаслівы чалавек…
Вартаўнік. Блазнаваты ты, а не шчаслівы. I ўпякуць цябе паны суддзі за валацужніцтва туды, дзе ты яшчэ не быў…
Скарына. Мяне не за валацужніцтва, мяне за даўгі ўпякуць.
Вартаўнік. I многа ты напазычаў?
Скарына. Кажуць, нібыта 206 коп грошаў.
Вартаўнік (аж прысеў). Колькі?!.
Скарына. 206 коп.
Вартаўнік. Дык гэта ж статак коней. Такіх грошай у Лазара з Мойшам не будзе!
Скарына. Будзе!.. Калі з мяне суд спагоніць, то ў Лазара і Мойшы будзе больш якраз на 206 коп.
Вартаўнік (з іроніяй). А ты часам не Радзівіл будзеш? Ці мо сам Сапега?..
Скарына. Бяры вышэй!
Вартаўнік. Дык жа некуды браць… вышэй.
Скарына. Сапраўды, вышэй некуды…
Вартаўнік. Ілгаць, братка, таксама трэба ўмець…
Скарына. Бадай што, трэба…
Вартаўнік. Тут і сумнявацца няма чаго, бо затаўкуць… Хочаш анекдот?.. Не бойся, не пра караля з каралеваю…
Скарына. Калі не пра караля, то хіба што…
Вартаўнік. Быў у нас такі Янка — ілгаў, не давядзі бог. Яму ўжо не тое што суседзі, родныя дзеці не верылі. Дык прыходзіць ён аднойчы да свайго дзядзькі, а той і кажа: салжы, пляменнічак, толькі гладка, — авечку дам. Няма, адказвае, часу лгаць, — бяры, дзядзька, венікі і прыходзь у лазню. Прыйшоў дзядзька з венікам, а лазня, вядома, не топленая. (Весела рагоча.) Я тут усялякіх нагледзеўся, але, калі шчыра, — ты мне даспадобы. Люблю вясёлых.
Скарына. Дзякуй на добрым слове.
Вартаўнік. Ілжы на здароўе — у мяне ўсё роўна авечкі няма. А хлеба дабаўлю.
Скарына. Шчыра дзякую.
Вартаўнік. Дзякуй на зуб не пакладзеш.
Скарына. Многа есці шкодна.
Вартаўнік. Сказаў бы нехта іншы, можа б, я і паверыў.
Скарына. Ты мне павер — я лекар.
Вартаўнік. Можа, ты яшчэ поп ці ксёндз? Тыя таксама пасты хваляць.
Скарына. Я і не поп, я і не ксёндз, хоць нейкае дачыненне да царквы і паствы маю… I, можа б, ты да кашталяна турмы схадзіў і сказаў яму, каб ён мне маю Біблію вярнуў. Скажы, з Богам захацеў даўжнік-бадзяга пагаварыць.
Вартаўнік. Там будзе відаць… А малаком я з табой падзялюся. Мне мае мальцы вечарам яшчэ прынясуць. Харошыя ў мяне мальцы растуць… што па-польску, што па-палачанску сякуць — аж ад зубоў адскоквае. I Псалтыр, як рэпу, грызуць…
Скарына (нечакана). З полькай ажаніўся, а сам з Полацка будзеш?..
Вартаўнік (насцярожана). А табе скуль ведаць?!
Скарына. Хлопцаў «мальцамі» называюць толькі на Полаччыне. Дзе ні быў — і ў Гародні, і ў Навагародку, у Нясвіжы, Міры, Слуцку, Клецку, Мазыры, Тураве — толькі хлопцы. А ў Полацку — мальцы.
Вартаўнік. Чаго не ведаў, таго не ведаў. А мальцы, яны і ёсць мальцы. Хлопцы — то ад халопаў. А каму халопам быць ахвота?
Скарына. Я і пра нятопленую лазню з авечкаю ў Полацку чуў. Землякі мы, выходзіць, з табою, служывы.
Вартаўнік (адчужана, адступаючы да дзвярэй). Хопіць языком мянціць! А то ты да мяне і ў сваякі напросішся. Пры службе я — разумець трэба, і палёгкі не чакай. Палёгку суд дае, а я па-чалавечы паспачуваць магу. I граху ў тым не бачу. Якія б яны ні былі, а ўсе людзі — чалавекі. (Забраўшы конаўку, выходзіць.)
Грымяць запоры.
Скарына (задуменна). Усе людзі — чалавекі… Усе людзі — чалавекі… Адкуль жа тыя здрада, вераломства, ліхвярства, ілжывасць?.. Сам, сваёю рукою ў закон каралеўскі і велікакняжацкі першым артыкулам запісаў аб адказнасці за паклёпы і абгаворы. I тым не менш у турме не паклёпнік, а я, Францыск, сын Скарынін… у якасці валацугі, што збег ад даўгоў, якіх ніколі і ні ў кога не пазычаў. О свет! О людзі-чалавекі… Хіба не для вас законы ў душах вашых і на паперы напісаны для паспалітага добрага?!. (Зноў чуе песню.)
Ой, не так жаль тое, што ўтапілася,
Ой, не так жаль тое, што зверы з’елі.
Ой, не так жаль тое, што зверы з’елі,
Вельмі жаль тое, што татары ўкралі…
(Садзіцца на лаву, заціскае вушы.)
Святло згасае, у цемры з’яўляюцца прывіды Маргарыты, а потым Бабіча, Астрожскага, Максіма Грэка, Івана, Гусоўскага.
Маргарыта. Што ты клічаш мяне, любы? Хіба не ведаеш, што я два гады таму, як памерла? Калі б жывая была, хіба не прыйшла б? Хіба не прыбегла б? Зязюлькаю шэраю, галубкаю шызаю, ластаўкаю імкліваю не прыляцела б? А што не забыў — паклікаў, дзякуй. Ці ж не я была тваёю адзінаю, тваёю любаю? Ці ж не я была табе памочніцай і дарадчыцай? Ці ж не я нарадзіла табе двух сыночкаў? Кахала, як умела, аберагала, як магла. Толькі мінула маё лецейка. Як жа я адсюль дапамагу табе, любы мой, адзіны мой, гаротны мой?!. Цярпі! Трымайся! Ёсць жа Бог на свеце, хоць ты ніколі на яго вельмі не спадзяваўся. Да людзей найбольш былі твае малітвы. Ды не ўсе, відаць, іх слухалі. А сярод тых, што пачулі, як бачыш, звяры драпежныя трапіліся. Ад іх паратунку не чакай. Цяпер уся надзея на Якуба Бабіча… (Знікае.)
Бабіч. Адкуль ведаць табе, бедная жанчына, што ў хуткім часе і я пайшоў за табою. I карысці з Якуба Бабіча памерлага аніякае. Не крыўдуй. Не спадзявайся. Найстаршы бурмістр слаўнага горада Вільні бездапаможны. Не папракай, дружа, — справу тваю кніжную я падтрымліваў, колькі мог. Ганарыўся дружбай з табою, рад быў аддаць дом свой пад друкарню тваю, што была і застанецца першаю ў нашым краі. А што згарэла яна з домам маім — бяда вялікая і няўцешная, калі ж лічыць, што тры чвэрці самога горада згарэла… Дасць Бог, выблытаешся з цянётаў, пераможаш здраду і каварства і зноўку сваю вялікую справу распачнеш. Канстанціну Астрожскаму пакланіся. Гетман дапаможа. Ён міласнік царквы, школы і кнігі, якіх у княстве нашым мала. (Знікае.)
Астрожскі. Бабіч, Бабіч! Ведаць бы табе, што вялікі мор на Белай Русі следам за табой і мяне звёў у магілу. Якая ж карысць другу нашаму кланяцца памерлым? Яны ж дапамагчы не могуць.
Скарына (як стогн). На Маскву, на цябе, Максім Грэк, былі ўсе мае спадзевы!..
Максім Грэк. Рады я, што памятаеш мяне, што не забыў сустрэчы нашы. Не здзіўляйся, што зайздрошчу лёсу твайму, хоць абодва мы ў няволі. Розніца толькі ў тым, што ты чацвёрты месяц, а я шосты год. А белая зайздрасць толькі з тае прычыны, што ты здзейсніў мару і справу свайго жыцця. На Маскве ж паміраюць за адзіную літару «аз». Мужайся і памятай, што на свеце ёсць людзі, якія маюць жыццё, але ўжо не маюць надзеі. А ты яшчэ жывы і, дасць Бог, Фартуна павернецца да цябе тварам. Мужайся, брат мой! (Знікае.)