Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!




Асобы

Філімон Пупкін.

Люба.

Марта.

Мікола Сьвятляк.

Арцімон Кукіш.

Скакун.

Сцэна — пакой у мяшчанскім доме. Адначасна кабінэт гаспадара і сталовы пакой.

Пасярэдзіне балькон са шклянымі дзьвярыма, праз якія відаць гарадзкі пэйзаж; па бакох балькону ў гэтай самай сьцяне вокны.

Налева, на першым пляне дзьверы ў пакой Любы, далей галоўныя дзьверы ўхадныя.

Направа, на першым пляне дзьверы ў спальню Філімона, далей дзьверы ў кухню.

На сцэне пісьменны стол, абедзенны стол, канапа, шафа з прадуктамі і агняўпорная шафа (грашавая), крэслы і т. п.

Зьява I

Пупкін (адзін).


Пупкін (сядзіць ля пісьменнага стала). «Еще одно послѢднее сказанье і лѢтопись окончена моя». І я магу аб сабе сказаць таксама: Яшчэ ўсяго вось колькі радкоў і праца скончана мая… (піша) «І праз усё сваё жыцьцё я быў беларусам і добрым праваслаўным хрысьціянінам»… (гавора) Ну, цяпер толькі расьпісацца… (піша) «Філімон Пупкін…» (расчырківаецца, пасьля прыглядаецца і гавора) А, чорт! хвосьцік пад прозьвішчам ня ўдаўся — ну, ўсё роўна, — гэта прыдзецца яшчэ перапісаць, пералажыць на беларускую мову… Гэта ўсё зробіць вельмі добра мой прыяцель Арцімон Кукіш; ён зараз ужо павінен прыйсьці, бо я яго да сябе клікаў. (Глядзіць на свой рукапіс і любуецца). «І праз усё сваё жыцьцё я быў беларусам і добрым праваслаўным»… (чуваць званок за ўхаднымі дзьвярыма). А! гэта мусіць Кукіш! (кліча) Марта! Марта! адчыні!.. Куды-ж гэтая баба падзелася?.. Марта!.. Э, пайду сам адчыню. (Ідзе адчыніць дзьверы).

Зьява 2

Пупкін і Люба (ўваходзіць).


Пупкін (убачыўшы Любачку, пляснуў рукамі). Ах, Любачка! што ты нарабіла?!

Люба (зьдзіўленая). Што, дзядзенька?

Пупкін. Як ты важылася адна выйсьці на вуліцу! Ты-ж магла заблудзіцца, або які благі чалавек мог цябе скрыўдзіць!

Люба. Я-ж, дзядзенька, ўжо не маленькая, каб мяне мог нехта скрыўдзіць, а заблудзіцца я не баюся: хаця я горад яшчэ мала ведаю, але язык, як кажуць, да Кіева давядзе.

Пупкін. Ах, дзетанька! Як ты мяне напалохала, пайшла адна! без мяне! Ты ня ведаеш, якая гэта страшная рэч — горад! якія тут злыя людзі!!

Люба Не, няпраўда, дзядзенька! Злых я не спаткала ніводнага, а вось добрага чалавека дык спаткала: падыйшоў да мяне адзін якійсь на вуліцы, праводзіў мяне ажно да самага дому і праз усю дарогу мы так міла гутарылі!

Пупкін (пляснуўшы рукамі). Ах, што ты кажаш, Любачка! О, Божа мой! незнаёмы мужчына праводзіў цябе дамоў?!

Люба. Ен вельмі сымпатычны, дзядзенька, і наш сусед; жыве тут у гэтым самым доме.

Пупкін. О, не, не, не кажы!.. Ты ня ведаеш, што ты зрабіла, Любачка! ў якой ты была небясьпецы! О, Божа мой! Але каб больш ніколі гэтага ня было! Ня сьмей ніколі адна йсьці на вуліцу, але толькі разам са мной.

Люба. Калі вы, дзядзенька, заўсёды гэтакі заняты, ўсё нешта пішаце ды пішаце, а мне сумна сядзець увесь час у хаце, вось я, каб вам не перашкаджаць, узяла ды пайшла адна.

Пупкін. А, Любачка, я рабіў вельмі важную работу, але ўжо, дзякуй Богу, кончыў. Я пісаў сваю біяграфію, яна будзе друкавацца ў газэтах, гэта патрэбна дзеля папулярнасьці, бо я, дзетанька, выставіў сваю кандыдатуру…

Люба. Што, дзядзенька, выставіў?

Пупкін. Кандыдатуру. Гэта так называецца… І я ў скорым часе буду міністрам.

Люба (зьдзіўленая). Міністрам?!

Пупкін. Ну, чаго-ж дзівуешся, цыпачка? Але! беларускім міністрам. Гэта лёгка… А я маю галаву, я маю мінітраву галаву!

Люба. А я ніколі ня думала, што вы, дзядзенька, гэтакі… важны. Як вы першы раз прыехалі да нас на вёску і зайшлі да мае цёткі, дык я падумала, выбачайце, што гэта прыехаў сьвінабой, бо ў нас казалі, што прыедзе падрадчык сьвіньні купляць.

Пупкін. Ну, я магу і гэта… Але цяпер я буду міністар, міністар фінансаў.

Люба. Ах, Божа мой! Гэта мусіць страшэнна трудна?

Пупкін. Не, нічога… я патраплю. Твой дзядзенька, Любачка, не такія штукі ўжо рабіў!

Любачка. Дзядзенька! А вось я вас яшчэ адно хацела спытацца: як я зьбіралася з вамі ехаць, цёця казала мне, што вы наш сваяк. Ці вы блізкая наша радня? бо я гэтага ня ведаю.

Пупкін. Ня так то яна блізкая, але ня надта далёкая… Бо, бачыш, твой дзед майго дзеда… Не, ня так! Мая бабка тваёй бабцы… ды не! ня тое!.. Ага вось! — твой дзед і твая бабка былі з сабой муж і жонка — вось!

Люба (ня сьцяміўшы). Ага! мой дзед і мая бабка…

Пупкін. Ну, вось бачыш: і не далёкая, і ня блізкая… Ну, пацалуй, цыпанька, дзядзеньку на «добры вечар». Ты мяне сягоньня яшчэ не пацалавала.

Люба (цалуе яго ў лоб). Добры вечар, дзядзенька! Пупкін. Не, не! Пацалуй дзядзеньку ня ў лобік, а ў губкі… Вось так… (настаўляе свае губы).

Люба. Калі дзядзеньку гэтак цалаваць… нязручна. Пупкін. Зручна, ціпачка! Такога блізкага дзядзеньку зручна! (хоча яе пацалаваць).

Любачка (баронячыся). Калі не!.. Так няпрыема, вусы колюцца, барада колецца…

Пупкін (распаліўшыся). Ну, пацалуй, Любачка! ну, пацалуй, ціпачка! (абыймае яе і хоча пацалаваць; яна бароніцца; ўваходзіць Марта).

Зьява 3

Пупкін, Люба і Марта.


Пупкін. (да Марты, злы). Ты чаго прыйшла?!

Марта. А вось рахунак ад абеду… (паказвае картачку паперы). Тут сьпісана ўсё, што я расходавала на абед.

Люба. Ну, дык я пайду цяпер у свой пакой, распрануся.

Пупкін. Распраніся, дзетанька, і прыходзь сюды, пагутарыш з дзядзенькай, дзядзенька твой бедненькі, ніхто яго ня любіць, ніхто не цалуе…

Люба. Добра, дзядзенька, я зараз… (выйшла ў свой пакой).

Зьява 4

Пупкін і Марта.


Пупкін (да Марты). Заўсёды ўлезеш ня ў пору. Хоць-бы ў дзьверы пастукала.

Марта. Калісь ня трэба было ані ў дзьверы стукацца, ані рахункаў здаваць, пакуль ня было гэтай… пляменьніцы! (іронічна). Гм! Добрая пляменьніца! (дразьніць яго). «Пацалуй дзядзеньку! пацалуй, ціпачка!» фу!!

Пупкін. Ды што ты сабе думаеш! Гэта-ж… як той… таго… гэта родная сястра маей сястры… Ды не… што я кажу!.. гэта родная дачка маей сястры…

Марта. Але! Махлюй, махлюй, Філімов! Я не такая дурная! Я ведаю, чым гэта пахнець.

Пупкін. Ты як гэта са мной гаворыш! Колькі я ўжо разоў казаў, каб ты не казала мне «ты». Ты ведаеш, хто я такі? ты ведаеш, з кім гаворыш? Я хутка ўжо буду міністрам! Разумееш?

Марта. А калісь было ня тое! (Паўтараючы яго даўнішнія словы). «Ты, Мартачка такая, ты, Мартачка, гэтакая, то, Мартачка, тое то, Мартачка, сёе, я з табой. Мартачка, жаніцца буду і ўсё такое», а цяпер вон, Марта, пайшла! непатрэбна, бо сам у міністры запісаўся, ды яшчэ гэтая пляменьніца… Фу! сорам!.. Я яму, як добраму чалавеку, паверыла, а ён, бачыш яго, які! Але й Марта ня дура. Яна сваей крыўды не даруе, хоць ты ня толькі ў міністры ўпісвайся, а навет у манастыр ідзі, яна й там справядлівасьці шукаць пайдзе.

Пупкін. Ціха! ціха! ціха! Што ты, ашалела, ці што? Яшчэ хто пачуе! Вось лепш давай рахунак перагледжу. (Глядзіць у картачку, Марта праз гэты час глядзіць на яго ды ўздыхае).

Пупкін. Што гэта? Мяса йзноў падаражэла? Што-ж яно кожны дзень будзе даражэць, ці што?

Марта А я што-ж вінавата? Я быкамі не гандлюю, ня я цану устанаўляю.

Пупкін. А гэта што? Учора купіла фунт цукру, сягоньня йзноў фунт! Куды-ж ён падзяваецца? Куры яго клююць, ці што?

Марта. А ўжо-ж я яго ня зьела. Твая пляменьніца ўчора купіла сабе ягадкаў і цэлы фунт з імі злопала.

Пупкін (ня ведае, што адказаць) Ага… А я прасіў цябе не казаць мне «ты», бо яшчэ хто пачуе. Колькі разоў буду табе гэта паўтараць?

Марта (ірон.). А «пан» вось лепш ня крычы, а дай мне грошы на заўтра на абед?

Пупкін. Ах, крывапійцы вы гэтакія! (Дае грошы). Вось.

Марта. Ды што-ж «пан» даеш? Што-ж я магу зварыць за гэтыя грошы? Курам на сьмех!

Пупкін. Ідзі, ідзі, адчапіся! Дык-жа засталося крыху рэшты ад учарашніх… Ды апроч таго заўтра посны абед, бяз мяса! Грэх кожны дзень мясам аб'ядацца, трэба папасьціць, крыху аб душы падумаць…

Марта (ківае галавой, ірон.) О! многа ты аб сваёй душы думаеш! (Выйшла ў кухню).

Зьява 5

Пупкін (адзін).


Пупкін. Гм! Трудна будзе ад бабы адчапіцца! Дзеля таго, што калісь нешта між намі было, дык прыклеілася, як смала: Філімон ды Філімон! Жаніцца ды жаніцца! Падумаеш, якое хараство! Анёлачак! Тфу!.. (чутно званок за сцэнай). А гэта мусіць ужо прыйшоў Кукіш! (кліча) Марта! адчыні! Марта!.. А чорт з ёю! сам адчыню. (Ідзе і адчыняе дзьверы; ўваходзіць Кукіш).

Зьява 6

Пупкін і Кукіш.


Пупкін. А я цябе так чакаў, каточак!.. Ну, сядай, сядай, дарагі госьць! (Кукіш сядае). Вось, бачыш, справа ў мяне гэткая: я напісаў сваю біяграфію, сам, уласнаручна, значыцца, гэткая, як называецца, аўтабіяграфія… Усё, як ёсьць — ад калыскі да сёньняшняга дня. Трэба толькі, ведаеш, каточак, пералажыць яе на беларускую мову і надрукаваць у вашай газэце. Ты, Арцімончык, маеш знаёмствы, дык ты мне паможаш у гэтым. Я табе за гэта нічога не пашкадую, апошнім куском хлеба падзялюся, сэрца сваё разрэжу напалавіну і палавінку табе аддам, толькі памажы, Арцімончык!

Кукіш (спакойны чалавек з чырвоным носам; гавора манатонна бяз ніякае інтонацыі). Пад сэрцам нешта смокча…

Пупкін. Пад сэрцам?… А сэрца рэч важная! А для сэрца самае важнае — супакой. Вось я заўсёды спакойны, ніколі ня злуюся, здароў, сэрца, як камень. Калі крычыць нехта на мяне, лаецца, я маўчу, сьмяюся толькі ў душы і думаю: ага, браток! у цябе цяпер сэрца гэтак сільна б'ецца: цік-цік, цік-цік, а ў мяне нічога… спакойна, роўна… Вось гэтак трэба заўсёды, Арцімончык!

Кукіш. (спакойна, без інтонацыі). Пад сэрцам чарвяк смокча!..

Пупкін. А! чарвяк смокча!.. Ах, ты забаўнік гэтакі!.. Хочаш выпіць?

Кукіш. In vino veritas.

Пупкін. А ты ўсё загранічныя словы, сьмешны ты чалавек! Ну, што-ж зрабіць! нічога не парадзіш, для гэтакага друга нічога не пашкадую, навет крыві ўласнай. Пайду, пашукаю ў шафе, можа дзе й знайду адну чарачку. Вось маеш газэціну, пачытай, пакуль-што, тут цікўна. (Дае Кукішу газэту, а сам ідзе да шафы і неспакойна аглядаецца на Кукіша, ці той ня сочыць за ім).

Кукіш (разварочвае газэту, паказвае від, што чытае, але як Пупкін адчыніў шафу, зірнуў у той бок і пабачыў там колькі бутэлек і шмат закусак). Аднэй мала.

Пупкін (наліваючы з бутэлькі ў адну чарку) А там на стале ляжыць другая газэта, ты перагледзь яе.

Кукіш. Я кажу: аднэй чаркі мала.

Пупкін. Ня гневайся, браток! Чым хата багата, тым рада. Ледзь-ледзь адну нацадзіў. (Падае яму чарку гарэлкі і кусок хлеба).

Кукіш. Закускі трэба.

Пупкін. Вось, каб ты ведаў, якая бяда: нічога ў хаце няма, толькі хлеба сухога кусок. Ты-ж ведаеш, што я, як сьвяты, хлеб і вада, вада і хлеб… Бо цела, каток, трэба марыць, сушыць, каб дух, як тая кветка, расьцьвітаў, гэтак пышна расьцьвітаў!..

Кукіш. Кілбасу я ў шафе бачыў.

Пупкін. Няўжо-ж? Ня можа быць! (ідзе да шафы і ізноў яё адчыняе). А далібог! Ляжыць! А я яе й ня бачыў. Скуль яна тутака, не разумею (Нясе кілбасу на стол). Але я табе, каток, ня раю шмат есьці, бо пасьля мяса ўсё гэтакія грэшныя мысьлі ў галаву лезуць, аж тфу!

Читать книгу онлайн Пан міністар - автор Франтишек Олехнович или скачать бесплатно и без регистрации в формате fb2. Книга написана в 1924 году, в жанре Комедия. Читаемые, полные версии книг, без сокращений - на сайте Knigism.online.