Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!



1

Доктар Яраш стаяў на даху веранды і свістаў, залажыўшы пальцы ў рот. Свістаў так, што здавалася, з дубоў пасыплецца лісце. У блакітнай бездані неба ўзнімалася чарада чаграшоў. Галубы кружылі над дачай. У «мікалаеўскіх чырвоных» гарэлі крылы. Раптам чараду быццам знесла ветрам: міг — і яна апынулася далёка над борам. І доктар ледзь не паляцеў следам за ёю. Ступіў на самы край даху. Пад яго цяжкім целам натужліва рыпнулі слупы веранды, забрынчалі шыбы. Ён хваляваўся, як хлапчук. Сонца, што ўзнялося над борам, біла праменнямі ў твар, сляпіла. Яраш засланяўся ад яго не далоняй, а неяк па-дзіцячы, локцем. З другога канца веранды стаяў яго сын Віктар, ростам траха не з бацьку, але худы, танклявы, даўганогі. Ён сачыў за галубамі ў палявы бінокль.

Ля калодзежа сядзелі на лаўцы жанчыны. Іх цікавілі не галубы, а галубятнікі.

— Смешна. Як дзіця. Цэлы дзень можа ганяць галубоў, — быццам з дакорам, але ў той жа час з замілаваннем да мужа сказала Галіна Адамаўна.

— А я люблю людзей, якія могуць вось так захапляцца, — адказала Валянціна Андрэеўна, не зводзячы вачэй з Яраша.

— О, я прыраўную, Валя!

Сказала жартам і сама ж адчула, як трывожна ёкнула сэрца. Зачырванелася.

Валянціна Андрэеўна ўбачыла гэтую чырвань на яе шчоках і адвярнулася ад веранды: яна добра ведала сваю сяброўку, яе хваравітую падазронасць.

— Было б да каго, Галя. Я ўжо старая баба. Бачыш, расплылася як. Гэта мне трэба раўнаваць. Мой Кірыла штодзень ставіць цябе ў прыклад. Глядзі, кажа, як Галіна ўмее сачыць за сабою, стройная, як у дваццаць год.

— Тоўстыя заўжды зайздросцяць тонкім, — засмяялася Галіна Адамаўна, задаволеная, што яе хваляць.

З другой палавіны дома выйшла дачка Шыковічаў Іра, апранутая па-святочнаму — у яркую раскляшоную спадніцу, у белую кофтачку, белыя басаножкі. Гэтае лёгкае адзенне пасавала і да яе стройнай постаці, і да вясёлай летняй раніцы.

Іра паправіла акуляры і таксама пачала ўглядацца ў неба. Галубінай чарады яна не ўбачыла сваімі блізарукімі вачамі і, зняважліва зморшчыўшы нос, сказала:

— Яны даўно ўжо ў горадзе, вашы галубы.

— Не каркай! — кінуў з даху Віктар.

Гэта быў першы гон прывезеных з горада на дачу галубоў, і бацька з сынам моцна перажывалі — ці вернуцца яны?

Але як ні быў заняты Антон Кузьміч галубамі, ён не пакінуў без увагі сынавы словы.

— Э-э, браце мой! Ты як размаўляеш з дзяўчынай? Яна ж на пяць год старэйшая за цябе. А ты ёй — «не каркай!». Жах!

Валянціна Андрэеўна заступілася за хлопца:

— Не вялікая пані. Як яна, так і да яе. Мы тут усе на «ты». Адна сям'я.

Дзяўчына з іранічнай усмешкай зірнула на маці і пайшла па сцежцы да раўчака, што працякаў метраў за сорак ад дачы. Здалёк паклікала:

— Наташка! Хадзем на луг!

Дванаццацігадовая дачка Ярашаў сядзела на падаконніку, звесіўшы ногі на двор, і чытала, абыякавая да галубоў, да якіх учора яшчэ выяўляла інтарэс і, магчыма, зацікавіцца заўтра. Але сёння ёй было не да галубоў. Усю раніцу чытала яна «Прыгоды Гекльберы Фіна» і ўвесь час рагатала, стукаючы ад захаплення пяткамі па сцяне. Запрашэння Ірынага яна не пачула.

Галіна Адамаўна сказала:

— Наташа, цябе клічуць.

Дзяўчынка не адгукнулася.

— Наташка!

— Га!

— Схадзіце з Ірай на луг і нарвіце шчаўя.

— О божа! — цяжка ўздыхнула малая. — Што за жыццё на гэтай дачы! Старонкі не дадуць прачытаць чалавеку.

Жанчыны засмяяліся.

— Наталка! — гукнуў Яраш. — Не бурчы, свякруха. Каціся абаранкам на луг. Цябе галубы баяцца.

— Жыцця няма ад вашых галубоў. — Наташа перакінула ногі цераз падаконнік і знікла ў пакоі, Віктар паведаміў між тым:

— Ляцяць!

— Дзе?! Дзе? — затупаў па даху Яраш, ажно задрыжаў увесь дом, выхапіў у сына бінокль, радасна загудзеў: — Ага, ляцяць! Вяртаюцца. А што я вам казаў? Малаверы! — папракаў ён немаведама каго, бо ніхто нічога не казаў, калі не лічыць кароткай Ірынай заўвагі.

Чарада галубоў пранеслася над соснамі, нізка абляцела вакол дома, памкнулася на вышкі, дзе была галубятня, і, спуджаная Ярашавым свістам, зноў узвілася ўгару.

Галіна Адамаўна, па-дзявочы стройная, млява пацягнулася, закінуўшы голыя рукі за галаву.

— А хораша тут. Я даўно так не адпачывала.

— Хораша, калі гасцей няма. Кожны дзень госці. Абрыдла. Кірыла бясконца каго-небудзь запрашае. Яму сумна без гасцей. А мне гатуй ды талеркі мый цэлы дзень. Антон! — гукнула Валянціна Андрэеўна Яраша. — Рыбу лавіць пойдзем?

У Галіны зноў загарэліся шчокі. Яна баялася гэтых паходаў мужа і суседкі з вудамі да ракі, дзе густыя лугавыя зараснікі, хоць яны яшчэ ніколі не заставаліся там адзін на адзін, з імі заўсёды ішлі або Віця, або Наташа, або Іра, ці часцей усе трое. Сама яна знарок не хадзіла, каб не падумалі, што не давярае ці пільнуе. Не, ёй вельмі і шчыра хацелася быць такой, як муж, — ён ва ўсім верыць ёй, як Шыковіч, абыякавы да таго, куды і з кім ідзе яго жонка, як Валянціна. Хочацца… Але яна не можа. Яна пакутуе. І, магчыма, не столькі ад самой рэўнасці, колькі ад сораму за яе і за сябе, што яна вось такая — не як другія. Але каб ён быў не такі, яе Антон. Можа, тысячны раз яна палюбавалася яго асілкавай постаццю, што ўся імкнецца ў неба за галубамі, яго дужымі голымі рукамі, шырокім і мужным тварам, валасамі каштанавага колеру… Яна не ведае больш прыгожых валасоў. Дурні тыя, хто кажа, што доктар Яраш трохі рудаваты. Каб яны прыгледзеліся бліжэй, каб маглі пагладзіць гэтыя мяккія валасы, пачуць, як яны пахнуць, прытуліць гэтую разумную галаву да грудзей… Вось так… Яна мысленна абняла мужа. І тут жа адчула пякучы боль ад думкі, што калі-небудзь другая, чужая жанчына абнімала яго. Закружылася галава. Як праз сон да яе даляталі словы суседкі:

— Раніцай пытаю: «Прызнайся, Кірыла, каго на сёння запрасіў?» — «Нікога», — кажа. А па вачах бачу, што маніць. Уцяку на луг на цэлы дзень. Няхай сам частуе… Што з табой, Галя? Ты нездарова?

— Не. Нічога. — Галіна Адамаўна бадзёра падхапілася і засмяялася, але смех гэты гучаў дзіўна.

Яраш адарваўся ад галубоў, глянуў уніз на жонку.

— Галка! Што здарылася?

— Нічога. Вунь хто падбіраецца да вашых галубоў, — яна паказала ў неба над лугам.

Там, у вышыні, павольна кружыў коршак.

— Віця! Пакараць агрэсара. Збіць, як Паўэрса.

Бацька і сын з аднолькавым спрытам саскочылі ўніз. Віктар на міг заглянуў у пакой і выбег адтуль са стрэльбай. Хлопцу толькі нядаўна дазволілі карыстацца ёй, і ён рады быў кожнаму выпадку, каб паказаць свой паляўнічы талент. Пераламаўшы доўгае цела, траха не датыкаючыся носам да зямлі, ён смешна сігаў да раўчака, збіраючыся па зарасніку дабрацца непрыкметна да таго месца, над якім кружыў коршак. Галіна Адамаўна крыкнула:

— Віця, асцярожна! Там недзе Іра…

Яраш глядзеў услед сыну і бязгучна смяяўся. Смяялася яго цела, перапоўненае здароўем і бадзёрасцю.

Галубы ўпалі ўніз. Ці то яны адчулі небяспеку, ці, можа, убачылі, што гаспадары нарэшце пакінулі свой пост і нішто не перашкаджае заляцець у галубятню. Але яны не заляцелі адразу на гарышча, а ўсёй чарадой, шумна захлопаўшы крыламі, уселіся на парэнчы балкона, што быў зроблены над верандай з другога боку гэтага доўгага дома.

З акна паддашка высунулася лабастая галава з лысінамі-затокамі, што глыбока ўрэзаліся ў доўгія, крыху кучаравыя і моцна ўскудлачаныя белыя валасы.

— Што ў вас за гармідар такі? — хмура спытаў Шыковіч, бліснуўшы залатым зубам. — Не даяце чалавеку папрацаваць спакойна.

— Ты, Кірыла, як Наташка, — засмяялася Валянціна Андрэеўна. — Усю раніцу я хадзіла на пальчыках. Не можам жа мы хадзіць так цэлы дзень.

— Сёння нядзеля, Кірыла Васільевіч. Трэба адпачываць, — сказала Галіна Адамаўна.

Яраш хітра сажмурыўся:

— Нешта ў цябе вочы заспаныя. Няўжо ад працы?

Галава Шыковіча схавалася. Яраш і жанчыны засмяяліся. Але праз момант Шыковіч з'явіўся на балконе ў зялёна-карычневай паласатай піжаме. Пужнуў галубоў:

— Кыш, чэрці! Ужо напэцкалі, — і да Яраша: — Я табе дам — «вочы заспаныя». Эскулап ты беспардонны! Гэта ж не твая работа! Выразаў сляпую кішку, і больш ніякага клопату, ідзі ганяй галубоў.

— Няшчаснае чалавецтва! Як яно збяднее, калі не пачытае твайго артыкула. Ці, можа, свет перавернецца дагары нагамі?

— Цяпер яны доўга будуць шпіляць адзін аднаго. Хадзем купацца, Галя.

— Наташка, купацца хочаш?

Дзяўчынка выглянула з акна, крыкнула:

— Чаго хачу — таго хачу! Тут жаданні нашы, мамачка, заўсёды супадаюць. — Яна выскачыла праз тое ж адчыненае акно з ручніком і кнігай у руках.

У кустах бухнуў стрэл.

Коршак спакойна праплыў над сядзібай. Усе правялі яго вачамі. Яраш пашкадаваў:

— Прамазаў Віктар.

— Насыпце яму солі на хвост, — хмыкнуў Шыковіч з вышыні.

— Я цябе, малавера пузатага, зараз скіну з тваёй галубятні!

Адыходзячы, жанчыны пачулі, як пад цяжкімі крокамі Яраша застагналі новыя ўсходцы, што вялі на гарышча, дзе Шыковіч абсталяваў сабе кабінет. Потым, азірнуўшыся, яны ўбачылі, што кароткі Шыковіч дрыгае ў паветры нагамі, падняты дужым Ярашам.

— Пусці, чорт! Косці паломіш. Во лапы! Клешчы! Табе не хірургам трэба быць, а кавалём. Першы раз у жыцці бачу такога лекара… Адчапіся!

Задыхаўшыся, Шыковіч выслізнуў з Ярашавых рук і адкаціўся на другі бок балкона.

— Валя прасіла штодзень размінаць цябе. Глядзі, у цябе адразу знік заспаны выгляд.

— Валя выдумае! А сама лянуецца зарадку рабіць. Я хоць штораніцы паўгадзіны… нагамі дрыгаю…

— Вось іменна, дрыгаеш. Мала карысці ад тваёй зарадкі.

Яраш наблізіўся і стаў поплеч, ён быў вышэйшы на цэлую галаву. У горадзе, калі яны гулялі разам, на іх з усмешкамі азіраліся, а сябры жартавалі з іх і расказвалі анекдоты. Але гэта не шкодзіла іх дружбе.

Хвіліну яны моўчкі глядзелі на луг, дзе паміж кустоў мільгалі стракатыя халаты іх жонак і Наташы. Жанчыны ішлі да дубоў, за якімі іскрылася тысячамі сонцаў даўгаватае люстра вады. Гэта старыца ракі. Самой ракі не відаць, у незапомныя часы яна адступіла ад лесу на добры кіламетр. Відзён толькі чырвоны слуп ліхтара на беразе.

Луг не роўны і не гладкі, ён перарэзаны старыцамі-раўчакамі, канавамі, берагі якіх зараслі лазняком, на ўзгорках стаяць дубы, у зарэчнай далечы сінее лес, злева з-за хмызнякоў выглядаюць стрэхі хат. Але ўсё адно нідзе, нават у самым шырокім полі, няма такога адчування прасторы і неабсяжнасці, як тут, асабліва калі глядзець вось з такой вышыні. Дзіўна, што неба тут таксама здаецца вышэй, чым дзе ў іншым месцы. І бачыш усё адразу: зялёную зямлю і блакітнае неба. І ваду. Няхай мала яе, але яна адлюстроўвае ўсё — неба і дубы. А павярніся назад і ўбачыш яшчэ адно дзіва прыроды — лес. Цудоўны бор — сасна ў сасну — абступаў невялікую абжытую паляну. Злева, бліжэй да ручая, што аддзяляў лес ад лугу, сосны саступалі месца дубам-асілкам, якіх нямнога засталося ў нашых лясах. Каля самага бору туліліся старыя будынкі лясніцтва — кантора, хаты ляснічага, лесніка, канюшня.

Читать книгу онлайн Сэрца на далоні - автор Иван Петрович Шамякин или скачать бесплатно и без регистрации в формате fb2. Книга написана в 1969 году, в жанре Роман, повесть, Советская классическая проза. Читаемые, полные версии книг, без сокращений - на сайте Knigism.online.