Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!



Сталяру Джузэпэ трапілася пад руку палена, якое пішчала чалавечым голасам

Даўным-даўно ў гарадку на беразе Міжземнага мора жыў стары сталяр Джузэпэ, па мянушцы Шызы Нос.

Аднойчы яму трапілася пад руку палена, звычайнае палена, якое кладуць у печ для ацяплення ў зімовы час.

— Нядрэнная рэч, — сказаў сам сабе Джузэпэ, — можна змайстраваць з яго што-небудзь накшталт ножкі для стала…

Джузэпэ надзеў акуляры, абматаныя вяровачкай, — таму што акуляры былі таксама старыя, — пакруціў у руцэ палена і пачаў яго часаць сякеркаю. Але толькі ён пачаў часаць, як нечы вельмі тоненькі галасок прапішчаў:

— Ой-ой, асцярожней, калі ласка!

Джузэпэ ссунуў акуляры на кончык носа, пачаў аглядаць майстэрню, — нікога…

Ён заглянуў пад варштат, — нікога…

Ён паглядзеў у кошыку са стружкамі, — нікога…

Ён высунуў галаву за дзверы, — нікога на вуліцы…

«Няўжо мне здалося? — падумаў Джузэпэ. — Хто б гэта мог пішчаць?..»

Ён зноў узяў сякерку і зноў, — толькі ўдарыў па палене…

— Ой, балюча ж, кажу! — заскуголіў тоненькі галасок.

На гэты раз Джузэпэ спалохаўся не на жарт, у яго нават акуляры запацелі… Ён агледзеў усе куткі ў пакоі, залез нават у печ і, задраўшы галаву, доўга глядзеў у комін.

— Няма нікога…

«Можа, я выпіў чаго-небудзь благога і ў мяне звініць у вушах?» — разважаў сам з сабою Джузэпэ.

Не, сёння ён нічога благога не піў… Крыху супакоіўшыся, Джузэпэ ўзяў гэблік, стукнуў малатком па задняй яго частцы, каб у меру, — не надта многа і не надта мала, — вылезла лязо, паклаў палена на варштат і — толькі ўзяў стружку…

— Ой, ой, ой, ой, слухайце, чаго вы шчыпаецеся? — запішчаў тоненькі галасок…

Джузэпэ выпусціў гэблік з рук, адступіўся назад і сеў проста на падлогу: ён здагадаўся, што тоненькім галаском гаварыла само палена.

Джузэпэ дорыць палена, якое ўмее гаварыць, свайму сябру Карла

У гэты час да Джузэпэ зайшоў яго даўні прыяцель, катрыншчык, якога звалі Карла.

Калісьці Карла ў шыракаполым капелюшы хадзіў з цудоўнай катрынкай па гарадах і спевамі і музыкай зарабляў сабе на хлеб.

Цяпер Карла быў ужо стары і хворы, і катрынка яго даўно паламалася.

— Дзень добры, Джузэпэ, — сказаў ён, зайшоўшы ў майстэрню. Чаму ты сядзіш на падлозе?

— А я, ведаеш, згубіў маленькую шрубку… Ды ну яе! — адказаў Джузэпэ і скоса глянуў на палена. — Ну, а ты як жывеш, стары?

— Дрэнна, — адказаў Карла. — Усё думаю — як бы мне зарабіць на хлеб… Хоць бы ты мне памог, параіў бы, ці што…

— Вельмі проста, — сказаў весела Джузэпэ і падумаў сам сабе: «Пазбаўлюся я зараз ад гэтага праклятага палена». — Вельмі проста: бачыш — ляжыць на варштаце цудоўнае палена, вазьмі ты гэтае палена, Карла, і занясі дадому…

— Эх-хе-хе, — нявесела адказаў Карла, — а далей што? Прынясу я дадому палена, а ў мяне нават і печкі ў каморцы няма.

— Я табе не абы-што кажу, Карла… Вазьмі ножык, выраж з гэтага палена ляльку, навучы яе гаварыць розныя смешныя словы, спяваць і танцаваць, ды і насі па дварах. Заробіш на кавалак хлеба і на шклянку віна.

У гэты час на варштаце, дзе ляжала палена, піскнуў вясёлы галасок:

— Брава, цудоўна прыдумана, Шызы Нос!

Джузэпэ зноў затросся ад страху, а Карла толькі здзіўлена азіраўся, — адкуль голас?

— Ну, дзякуй, Джузэпэ, што параіў, вазьму, бадай-што, тваё палена.

Тады Джузэпэ схапіў палена і хутчэй сунуў яго сябру. Але ці ён нязручна сунуў, ці яно само падскочыла і стукнула Карла па галаве.

— Ах, вось якія твае падарункі! — пакрыўджана крыкнуў Карла.

— Даруй, дружа, гэта не я цябе стукнуў.

— Значыцца, я сам сябе стукнуў па галаве?

— Не, дружа, — відаць, само палена цябе стукнула.

— Хлусіш, ты стукнуў…

— Не, не я…

— Я ведаў, што ты п'яніца, Шызы Нос, — сказаў Карла, — а ты яшчэ і манюка.

— Ах, ты — лаяцца! — крыкнуў Джузэпэ. — А ну, падыдзі бліжэй!..

— Сам падыдзі бліжэй, я цябе схаплю за нос!..

Старыя абодва надзьмуліся і пачалі наскакваць адзін на аднаго. Карла схапіў Джузэпэ за шызы нос. Джузэпэ схапіў Карла за сівыя валасы, што раслі каля вушэй.

Пасля гэтага яны пачалі заўзята дубасіць адзін аднаго кулакамі. Прарэзлівы галасок на варштаце ў гэты час пішчаў і падбухторваў:

— Лупі, лупі як след!

Нарэшце старыя стаміліся і засапліся. Джузэпэ сказаў:

— Давай памірымся, ці што…

Карла адказаў:

— Ну што ж, давай памірымся…

Старыя пацалаваліся. Карла ўзяў пад паху палена і пайшоў дахаты.

Карла майструе драўляную ляльку і называе яе Бураціна

Карла жыў у каморцы пад лесвіцай, дзе ў яго нічога не было, апрача прыгожага камінка — у сцяне насупраць дзвярэй.

Але прыгожы камінак, і агонь на камінку, і кацялок, што кіпеў на агні, былі не сапраўдныя, а намаляваныя на кавалку старога палатна.

Карла зайшоў у каморку, сеў на адзінае крэсла каля бязногага стала і, пакруціўшы і так і гэтак палена, пачаў нажом выразаць з яго ляльку.

«Як жа мне яе назваць? — думаў Карла. — Назаву хіба я яе Бураціна. Гэта імя прынясе мне шчасце. Я ведаў адну сям'ю, — усіх іх звалі Бураціна: бацька — Бураціна, маці — Бураціна, дзеці — таксама Бураціна… Усе яны жылі весела і бесклапотна…»

Перш-наперш ён выразаў на палене валасы, потым — лоб, потым — вочы…

Раптам вочы самі расплюшчыліся і ўтаропіліся на яго…

Карла і выгляду не падаў, што спалохаўся, толькі ласкава спытаў:

— Драўляныя вочкі, чаму вы так дзіўна гледзіце на мяне?

Але лялька маўчала, — мабыць таму, што ў яе не было рота.

Карла выстругаў шчокі, потым выстругаў нос — звычайны…

Раптам нос сам пачаў выцягвацца, расці, і атрымаўся такі доўгі востры нос, што Карла нават крэкнуў:

— Нядобра, даўгаваты…

І пачаў зрэзваць кончык носа. Але зрабіць гэта было не так проста. Нос круціўся, выкручваўся, так і застаўся — доўгім-доўгім, цікаўным, вострым носам.

Карла ўзяўся за рот. Але толькі паспеў выразаць губы, — рот адразу адкрыўся:

— Хі-хі-хі, ха-ха-ха!

І высунуўся з яго, дражнячыся, вузенькі чырвоны язык.

Карла, ужо не звяртаючы ўвагі на гэтыя штукарствы, працягваў стругаць, вырэзваць, калупаць… Зрабіў ляльцы падбародак, шыю, плечы, тулава, рукі…

Але як толькі скончыў выстругваць апошні пальчык, Бураціна пачаў лупіць кулачкамі Карла па лысіне, шчыпацца і казытаць.

— Паслухай, — сказаў Карла строга, — я ж яшчэ не скончыў цябе майстраваць, а ты ўжо дурэць пачынаеш… Што ж потым будзе… Га?..

І ён строга паглядзеў на Бураціна. І Бураціна круглымі вачыма, як мыш, глядзеў на тату Карла.

Карла зрабіў яму з лучынак доўгія ногі з вялікімі ступнямі. На гэтым закончыўшы работу, паставіў драўлянага хлапчука на падлогу, каб навучыць хадзіць.

Бураціна пахістаўся, пахістаўся на тоненькіх ножках, ступіў раз, ступіў другі, скок, скок, — проста да дзвярэй, цераз парог і — на вуліцу.

Устрывожаны Карла пайшоў за ім.

— Гэй, дураслівец, вярніся!..

Дзе там! Бураціна бег па вуліцы, як заяц, толькі драўляныя падэшвы яго — тукі-тук, тукі-тук — пастуквалі па бруку…

— Трымайце яго! — закрычаў Карла.

Прахожыя смяяліся, паказваючы пальцамі на шустрага Бураціна. На скрыжаванні стаяў высозны паліцэйскі з закручанымі вусамі і ў трохкутным капелюшы.

Убачыўшы драўлянага чалавечка, які бег па бруку, ён шырока расставіў ногі, загарадзіўшы імі ўсю вуліцу. Бураціна хацеў праскочыць у яго паміж ног, але паліцэйскі схапіў яго за нос і так трымаў, пакуль не падаспеў тата Карла…

— Ну, пачакай жа ты, я з табой ужо распраўлюся, — аддыхваючыся, прагаварыў Карла і хацеў засунуць Бураціна ў кішэню курткі…

Бураціна зусім не хацелася ў такі вясёлы дзень пры ўсім народзе тырчаць нагамі дагары з кішэні курткі, — ён спрытна выкруціўся, бразнуўся на брук і прыкінуўся мёртвым.

— Ай, ай, — сказаў паліцэйскі, — справа, здаецца, кепская.

Пачалі збірацца прахожыя. Гледзячы на распластанага Бураціна, ківалі галовамі.

— Небарака, — гаварылі адны, — мабыць, з голаду…

— Карла яго да смерці прыбіў, — гаварылі другія, — гэты стары катрыншчык толькі прыкідваецца добрым чалавекам, ён ліхі, ён злы чалавек…

Чуючы ўсё гэта, вусаты паліцэйскі схапіў няшчаснага Карла за каўнер і пацягнуў у паліцэйскае аддзяленне.

Карла пыліў чаравікамі і моцна стагнаў:

— Ох, ох, на бяду сабе я зрабіў драўлянага хлапчука!

Калі вуліца апусцела, Бураціна падняў нос, агледзеўся і, падскакваючы, пабег дадому…

Цвыркун, які ўмее гаварыць, дае Бураціна мудрую параду

Прыбегшы ў каморку пад лесвіцай, Бураціна пляснуўся на падлогу каля ножкі крэсла.

— Што б такое яшчэ прыдумаць?

Не трэба забывацца, што Бураціна ішоў усяго першы дзень ад нараджэння. Думкі ў яго былі маленькія-маленькія, кароценькія-кароценькія, дробязныя-дробязныя.

У гэты час пачулася:

— Крры-кры, крры-кры, крры-кры.

Бураціна пакруціў галавой, аглядваючы каморку.

— Гэй, хто тут?

— Тут я, — крры-кры…

Бураціна ўбачыў стварэнне, крыху падобнае на таракана, але з галавой, як у коніка. Яно сядзела на сцяне над камінкам і ціха патрэсквала, — крры-кры, — глядзела пукатымі, як са шкла, вясёлкавымі вачыма, варушыла вусікамі.

— Гэй, ты хто такі?

— Я — цвыркун, які ўмее гаварыць, — адказала стварэнне, — жыву ў гэтым пакоі больш за сто гадоў.

— Тут я гаспадар, прэч адгэтуль.

— Добра, я пайду, хоць мне вельмі шкада пакідаць пакой, дзе я пражыў сто гадоў, — адказаў цвыркун, — але раней чым я пакіну пакой, выслухай карысную параду.

— Надддта мне патрэбны парады старога цвыркуна…

— Ах, Бураціна, Бураціна, — прагаварыў цвыркун, — пакінь сваволіць, слухайся Карла, без патрэбы не бегай з дому і заўтра пачні хадзіць у школу. Вось мая парада. Інакш цябе чакаюць жахлівыя небяспекі і страшэнныя прыгоды. За тваё жыццё я не дам і здохлай сухой мухі.

— Ччччаму? — спытаў Бураціна.

— А вось ты пабачыш — ччччаму, — адказаў цвыркун.

— Ах ты, стогадовая казяўка-маляўка! — крыкнуў Бураціна. — Больш за ўсё на свеце я люблю страшэнныя прыгоды. Заўтра, як толькі развіднее, уцяку з дому — лазіць па платах, разбураць птушыныя гнёзды, дражніць хлапчукоў, цягаць за хвасты сабак і кошак… Я яшчэ не тое прыдумаю!..

— Шкада мне цябе, шкада, Бураціна, праліеш ты горкія слёзы.

— Ччччаму? — зноў спытаў Бураціна.

— Таму што ў цябе дурная драўляная галава.

Тады Бураціна ўскочыў на крэсла, з крэсла на стол, схапіў малаток і шпурнуў яго ў галаву цвыркуна.

Стары разумны цвыркун цяжка ўздыхнуў, паварушыў вусамі і папоўз за камінак, — назаўсёды з гэтага пакоя.

Бураціна ледзь не гіне праз уласную легкадумнасць. Тата Карла склейвае яму адзенне з каляровай паперы і купляе азбуку

Пасля здарэння з цвыркуном, які ўмее гаварыць, у каморцы пад лесвіцай стала зусім сумна. Дзень цягнуўся і цягнуўся. У жываце ў Бураціна таксама было сумнавата.

Ён заплюшчыў вочы і раптам убачыў смажаную курыцу на талерцы.

Жвава расплюшчыў вочы, — курыца на талерцы знікла.

Ён зноў заплюшчыў вочы, — убачыў талерку маннай кашы папалам з малінавым варэннем.

Расплюшчыў вочы, — няма талеркі маннай кашы папалам з малінавым варэннем.

Тады Бураціна здагадаўся, што яму страшэнна хочацца есці.

Ён падбег да камінка і сунуў нос у кацялок, што кіпеў на агні. Але доўгі нос Бураціна праткнуў наскрозь кацялок, таму што, як мы ведаем, і камінак, і агонь, і дым, і кацялок былі намаляваны бедным Карла на кавалку старога палатна.

Бураціна выцягнуў нос і паглядзеў у дзірку, — за палатном у сцяне было нешта падобнае на невялікія дзверцы, але там было так заткана ўсё павуціннем, што нічога не разабраць.

Бураціна пайшоў шукаць па ўсіх кутках, — ці не знойдзецца скарыначкі хлеба або курынай костачкі, абгрызенай кошкай.

Ах, нічагусенькі, нічагусенькі не было ў беднага Карла прызапашана на вячэру!

Раптам ён убачыў у кошыку са стружкамі курынае яйка. Схапіў яго, паставіў на падаконнік і носам — цюк-цюк — разбіў шкарлупіну.

Унутры яйка піскнуў галасок:

— Дзякуй, драўляны чалавечак.

З разбітай шкарлупіны вылезла кураня з пухам замест хваста і з вясёлымі вачыма.

— Да пабачэння! Мама Кура даўно мяне чакае на двары.

І кураня выскачыла праз акно, — толькі яго і бачылі.

— Ой, ой, — закрычаў Бураціна, — есці хачу!..

Дзень, нарэшце, перастаў цягнуцца. У пакоі сцямнела.

Бураціна сядзеў каля намаляванага агню і ад голаду паціхеньку ікаў.

Ён убачыў: з-пад лесвіцы, з-пад падлогі паказалася тоўстая галава. Высунулася, панюхала і вылезла шэрая жывёліна на нізкіх лапах.

Не спяшаючыся, яна пайшла да кошыка са стружкамі, залезла туды, нюхаючы і шныпарачы, — сярдзіта зашамацела стружкамі. Мабыць, яна шукала яйка, якое разбіў Бураціна.

Потым яна вылезла з кошыка і падышла да Бураціна. Панюхала яго, круцячы чорным носам з чатырма доўгімі валаскамі з кожнага боку. Ад Бураціна ядою не пахла, — яна пайшла міма, цягнучы за сабой доўгі тонкі хвост.

Ну, як яе было не схапіць за хвост! Бураціна зараз жа і схапіў.

Гэта быў стары злосны пацук Шушар.

З перапуду ён, як цень, кінуўся быў пад лесвіцу, цягнучы Бураціна, але ўбачыў, што гэта ўсяго толькі драўляны хлапчук, — павярнуўся і з шалёнай злосцю накінуўся, каб перагрызці яму горла.

Цяпер ужо Бураціна спалохаўся, выпусціў халодны пацукоў хвост і ўскочыў на крэсла. Пацук — за ім.

Ён з крэсла пераскочыў на падаконнік. Пацук — за ім. З падаконніка ён цераз усю каморку пераляцеў на стол. Пацук — за ім… І тут на стале ён схапіў Бураціна за горла, паваліў, трымаючы яго ў зубах, саскочыў на падлогу і павалок за лесвіцу, пад падлогу.

— Тата Карла! — паспеў толькі піскнуць Бураціна.

— Я тут! — адказаў гучны голас.

Дзверы расчыніліся, увайшоў тата Карла. Сцягнуў з нагі драўляны чаравік і шпурнуў ім у пацука.

Шушар, выпусціўшы драўлянага хлапчука, скрыгатнуў зубамі і знік.

— Вось да чаго даводзіць свавольства! — прабурчаў тата Карла, падымаючы з падлогі Бураціна. Паглядзеў, ці ўсё ў яго цэлае. Пасадзіў яго на калена, выняў з кішэні цыбулінку, ачысціў.

— На, еш!..

Бураціна запусціў галодныя зубы ў цыбуліну і з'еў яе, хрумстаючы і прыцмокваючы. Пасля гэтага пачаў церціся галавой аб шчаціністую шчаку таты Карла.

— Я буду разумненькі-разумненькі, тата Карла… Цвыркун, які ўмее гаварыць, сказаў мне хадзіць у школу.

— Слаўна прыдумана, малеча…

— Тата Карла, але ж я — голенькі, драўляненькі, — хлапчукі ў школе мяне засмяюць.

— Эге, — сказаў Карла і пачухаў шчаціністы падбародак. — Праўду кажаш, малеча!

Ён запаліў лямпу, узяў нажніцы, клей і абрыўкі каляровай паперы. Выразаў і склеіў куртачку з карычневай паперы і ярка-зялёныя штонікі. Змайстраваў туфлі са старой халявы і шапачку — каўпачком з кутасікам — са старой шкарпэткі.

Усё гэта надзеў на Бураціна:

— Насі на здароўе!

— Тата Карла, — сказаў Бураціна, — а як жа я пайду ў школу без азбукі?

— Эге, праўду кажаш, малеча…

Тата Карла пачухаў патыліцу. Накінуў на плечы сваю адзіную старую куртку і пайшоў на вуліцу.

Ён хутка вярнуўся, але без курткі. У руцэ ён трымаў кніжку з вялікімі літарамі і цікавымі малюнкамі.

— Вось табе азбука. Вучыся на здароўе.

— Тата Карла, а дзе твая куртка?

— Куртку я прадаў… Нічога, абыдуся і так… Толькі ты жыві на здароўе.

Бураціна ўткнуўся носам у добрыя рукі таты Карла.

— Вывучуся, вырасту, куплю табе тысячу новых куртак…

Бураціна з усяе сілы хацеў у гэты першы ў яго жыцці вечар жыць без свавольства, як навучыў яго цвыркун, які ўмее гаварыць.

Бураціна прадае азбуку і купляе білет у тэатр лялек

Назаўтра раніцай Бураціна паклаў азбуку ў торбачку і, падскакваючы, пабег у школу.

Па дарозе ён нават не глядзеў на ласункі, выстаўленыя ў крамах, — макавыя на мёдзе трыкутнічкі, салодкія піражкі і ледзянцы ў выглядзе пеўнікаў, насаджаных на палачку.

Ён не хацеў глядзець на хлапчукоў, якія пускалі папяровага змея…

Вуліцу пераходзіў паласаты кот Базіліо, якога можна было схапіць за хвост. Але Бураціна ўтрымаўся і ад гэтага.

Чым бліжэй ён падыходзіў да школы, тым мацней непадалёку, на беразе Міжземнага мора, іграла вясёлая музыка.

— Пі-пі-пі, — пішчала флейта.

— Ла-ла-ла-ла, — спявала скрыпка.

— Дзінь-дзінь, — бразгалі медныя талеркі.

— Бум! — біў барабан.

У школу трэба было паварочваць направа, музыка чулася злева. Бураціна пачаў спатыкацца. Самі ногі паварочвалі да мора, дзе:

— Пі-пі, пііііі…

— Дзін-лала, дзін-ла-ла…

— Бум!

— Школа ж нікуды ж не падзенецца ж, — сам сабе гучна пачаў гаварыць Бураціна, — я толькі гляну, паслухаю і бягом — у школу.

З усёй моцы ён кінуўся бегчы да мора. Ён убачыў палатняны балаган, упрыгожаны рознакаляровымі сцягамі, якія трапяталі ад марскога ветру.

Наверсе балагана, прытанцоўваючы, ігралі чатыры музыкі. Унізе тоўстая цётка ўсміхаючыся прадавала білеты. Каля ўвахода стаяў вялікі натоўп — хлопчыкі і дзяўчынкі, салдаты, прадаўцы ліманаду, мамкі з груднымі дзецьмі, пажарнікі, паштальёны, — усе, усе чыталі вялікую афішу:

«Тэатр лялек.

Толькі адзін спектакль.

Спяшайцеся!

Спяшайцеся!

Спяшайцеся!»

Бураціна тузануў за рукаў аднаго хлапчука.

— Скажыце, калі ласка, колькі каштуе ўваходны білет?

Хлопчык адказаў скрозь зубы, не спяшаючыся:

— Чатыры сольда, драўляны чалавечак.

— Разумееце, хлопчык, я забыўся дома мой кашалёк… Вы не можаце мне пазычыць чатыры сольда?..

Хлопчык зняважліва свіснуў:

— Знайшоў дурня!..

— Мне страшшшшэнна хочацца паглядзець тэатр лялек! — скрозь слёзы сказаў Бураціна. — Купіце ў мяне за чатыры сольда маю цудоўную куртачку…

— Папяровую куртачку за чатыры сольда? Шукай дурня.

— Ну, тады мой прыгожанькі каўпачок…

— Тваім каўпачком толькі лавіць апалонікаў… Шукай дурня.

У Бураціна нават пахаладзеў нос — гэтак яму хацелася трапіць у тэатр.

— Хлопчык, тады вазьміце за чатыры сольда маю новую азбуку…

— З малюнкамі?

— З ччччароўнымі малюнкамі і вялікімі літарамі.

— Давай хіба, — сказаў хлопчык, узяў азбуку і неахвотна адлічыў чатыры сольда.

Бураціна падбег да тоўстай цёткі і прапішчаў:

— Паслухайце, дайце мне ў першым радзе білет на адзіны спектакль тэатра лялек.

У час паказу камедыі лялькі пазнаюць Бураціна

Бураціна сеў у першым радзе і з захапленнем глядзеў на апушчаную заслону.

На заслоне былі намаляваны чалавечкі, якія танцавалі, дзяўчынкі ў чорных масках, страшныя барадатыя людзі ў каўпаках з зоркамі, сонца, падобнае на блін з носам і вачыма, і іншыя цікавыя малюнкі.

Тры разы ўдарылі ў звон, і заслона паднялася.

На маленькай сцэне справа і злева стаялі кардонныя дрэвы.

Над імі вісеў ліхтар у выглядзе месяца і адбіваўся ў кавалачку люстэрка, на якім плавалі два лебедзі, зробленыя з ваты, з залатымі насамі.

З-за кардоннага дрэва выйшаў маленькі чалавечак у доўгай белай кашулі з доўгімі рукавамі. Яго твар быў абсыпаны пудрай, белай, як зубны парашок.

Ён пакланіўся шаноўнай публіцы і сказаў сумна:

— Добры дзень, мяне завуць П'еро… Зараз мы пакажам вам камедыю пад назвай: «Дзяўчынка з блакітнымі валасамі, або Трыццаць тры разы па карку». Мяне будуць лупцаваць палкай, даваць аплявухі і біць па карку. Гэта вельмі смешная камедыя…

З-за другога кардоннага дрэва выскачыў другі чалавек, увесь у клетку, як шахматная дошка.

Ён пакланіўся шаноўнай публіцы:

— Добры дзень, я — Арлекін!

Пасля гэтага павярнуўся да П'еро і даў яму дзве аплявухі, такія звонкія, што ў таго са шчок пасыпалася пудра.

— Ты чаго хныкаеш, дурніца?

— Я сумны таму, што я хачу жаніцца, — адказаў П'еро.

— А чаму ты не ажаніўся?

— Таму што мая нявеста ад мяне збегла…

— Ха-ха-ха, — зайшоўся ад смеху Арлекін, — бачылі дурніцу!..

Ён схапіў палку і адлупцаваў П'еро.

— Як завуць тваю нявесту?

— А ты не будзеш больш біцца?

— Ну не, я яшчэ толькі пачаў.

— У такім выпадку яе завуць Мальвіна, або дзяўчынка з блакітнымі валасамі.

— Ха-ха-ха, — зноў зайшоўся Арлекін і тройчы ўдарыў П'еро па карку. — Паслухайце, шаноўная публіка… Ды хіба бываюць дзяўчынкі з блакітнымі валасамі?

Але тут ён, павярнуўшыся да публікі, раптам убачыў на пярэдняй лаўцы драўлянага хлапчука з ротам да вушэй, з доўгім носам, у каўпачку з кутасікам…

— Глядзіце, гэта Бураціна! — закрычаў Арлекін, паказваючы на яго пальцам.

— Жывы Бураціна! — залямантаваў П'еро, узмахваючы доўгімі рукавамі.

З-за кардонных дрэў выскачыла мноства лялек — дзяўчынкі ў чорных масках, страшныя барадачы ў каўпаках, калматыя сабакі з гузікамі замест вачэй, гарбуны з насамі, падобнымі на агурок…

Усе яны падбеглі да свечак, што стаялі ўздоўж рампы, і, углядаючыся, загаманілі:

— Гэта Бураціна! Гэта Бураціна! Да нас, да нас, вясёлы дураслівец Бураціна!

Тады ён з лаўкі скочыў на суфлёрскую будку, а з яе на сцэну.

Лялькі схапілі яго, пачалі абдымаць, цалаваць, шчыпаць… Потым усе лялькі заспявалі «Польку Птушку»:


Птушка польку танцавала

На палянцы ў ранні час.

Нос налева, хвост направа, —

Гэта полька Карабас.

Два жукі — на барабане,

Жаба дзьме у кантрабас.

Нос налева, хвост направа, —

Гэта полька Барабас.

Птушка польку танцавала,

Бо вясёлаю жыла.

Нос налева, хвост направа, —

Вось дык полечка была…


Гледачы былі расчулены. Адна мамка нават усхліпнула. Адзін пажарнік плакаў наўзрыд.

Толькі хлапчукі на задніх лаўках злаваліся і тупалі нагамі.

— Хопіць лізацца, не маленькія, працягвайце спектакль.

Пачуўшы ўвесь гэты шум, з-за сцэны высунуўся чалавек, такі страшэнны з выгляду, што можна было здранцвець ад жаху, калі толькі зірнуць на яго.

Густая нячэсаная барада яго валаклася па падлозе, вылупленыя вочы круціліся, велізарны рот ляскаў зубамі, нібы гэта быў не чалавек, а кракадзіл. У руцэ ён трымаў сяміхвосты бізун.

Гэта быў гаспадар тэатра лялек, доктар лялечных навук сіньёр Карабас Барабас.

— Га-га-га, гу-гу-гу! — зароў ён на Бураціна. — Дык гэта ты перашкодзіў паказу маёй цудоўнай камедыі?

Ён схапіў Бураціна, занёс у кладоўку тэатра і павесіў на цвік. Вярнуўшыся, пагразіў лялькам сяміхвостым бізуном, каб яны працягвалі спектакль.

Лялькі сяк-так закончылі камедыю, заслона закрылася, гледачы разышліся.

Доктар лялечных навук сіньёр Карабас пайшоў на кухню вячэраць.

Запхнуўшы ніжнюю частку барады ў кішэню, каб не замінала, ён сеў перад камінкам, дзе на ражне смажыўся цэлы трус і двое куранят.

Паслініўшы пальцы, ён пакратаў смажаніну, і яна здалася яму сырой.

У камінку было мала дроў. Тады ён тры разы пляснуў у далоні.

Прыбеглі Арлекін і П'еро.

— Прынясіце мне гэтага абібока Бураціна, — сказаў сіньёр Карабас Барабас. — Ён зроблены з сухога дрэва, я яго падкіну ў агонь, мой абед у момант сасмажыцца.

Арлекін і П'еро ўпалі на калені, упрошвалі злітавацца над няшчасным Бураціна.

— А дзе мой бізун? — зароў Карабас Барабас.

Тады яны, плачучы, пайшлі ў кладоўку, знялі з цвіка Бураціна і прывалаклі на кухню.

Сіньёр Карабас Барабас, замест таго каб спаліць Бураціна, дае яму пяць залатых манет і адпускае дадому

Калі лялькі прывалаклі Бураціна і кінулі на падлогу каля камінка, сіньёр Карабас Барабас, страшэнна сапучы носам, мяшаў качаргой вуголле.

Раптам вочы яго наліліся крывёю, нос, потым увесь твар сабраўся ў папярочныя маршчыны. Мабыць, яму ў ноздры трапіў кавалачак вугалю.

— Аап… аап… аап… — завыў Карабас Барабас, закочваючы вочы, — аап — чхі!..

І ён чхнуў так, што попел узняўся слупам у камінку.

Калі доктар лялечных навук пачынаў чхаць, дык ужо не мог спыніцца і чхаў пяцьдзесят, а часам і сто разоў запар.

Ад такога незвычайнага чхання ён бяссілеў і рабіўся дабрэйшым.

П'еро цішком шапнуў Бураціна:

— Паспрабуй з ім загаварыць паміж чханнем…

— Аап-чхі! Аап-чхі! — Карабас Барабас набіраў разяўленым ротам паветра і з трэскам чхаў, трасучы галавой і тупаючы нагамі.

На кухні ўсё калацілася, брынчалі шыбы, гойдаліся скавароды і каструлі на цвіках.

Паміж гэтымі чханнямі Бураціна пачаў енчыць жаласным тоненькім галаском:

— Бедны я, няшчасны, нікому мяне не шкада.

— Кінь раўці! — крыкнуў Карабас Барабас. — Ты мне перашкаджаеш… Аап-чхі!

— На здароўе, сіньёр, — усхліпнуў Бураціна.

— Дзякуй… А што — бацькі ў цябе жывыя? Аап-чхі!

— У мяне ніколі, ніколі не было мамы, сіньёр. Ах, я няшчасны! — І Бураціна закрычаў так пранізліва, што ў вушах у Карабаса Барабаса пачало калоць, як іголкай.

Ён затупаў падэшвамі:

— Кінь вішчаць, кажу табе! Аап-чхі! А што — бацька ў цябе жывы?

— Мой бедны бацька яшчэ жывы, сіньёр.

— Уяўляю, як прыемна будзе твайму бацьку, калі ён даведаецца, што я на табе засмажыў труса і двух куранят. Аап-чхі!

— Мой бедны бацька ўсё роўна хутка памрэ з голаду і холаду. Я яго адзіная падтрымка на старасці. Пашкадуйце, адпусціце мяне, сіньёр.

— Дзесяць тысяч чарцей! — зароў Карабас Барабас. — Ні пра якую літасць не можа быць і размовы. Трус і кураняты павінны быць засмажаны. Лезь у камінак.

— Сіньёр, я не магу гэтага зрабіць.

— Чаму? — спытаў Карабас Барабас толькі для таго, каб Бураціна вёў далей размову, а не вішчаў у вушы.

— Сіньёр, я ўжо спрабаваў аднойчы сунуць нос у камінак і толькі праткнуў дзірку.

— Што за глупства! — здзівіўся Карабас Барабас. — Як ты мог носам праткнуць у камінку дзірку?

— Таму, сіньёр, што камінак і кацялок над агнём былі намаляваны на кавалку старога палатна.

— Аап-чхі! — чхнуў Карабас Барабас з такім шумам, што П'еро адляцеў налева, Арлекін — направа, а Бураціна закруціўся круцёлкай.

— Дзе ты бачыў камінак, і агонь, і кацялок намаляванымі на кавалку палатна?

— У каморцы майго таты Карла.

— Твой бацька — Карла! — Карабас Барабас усхапіўся з крэсла, узмахнуў рукамі, барада яго разляцелася. — Дык, значыцца, гэта ў каморцы старога Карла знаходзіцца патайная…

Але тут Карабас Барабас, відаць, не жадаючы прагаварыцца пра нейкую таямніцу, абодвума кулакамі заткнуў сабе рот. І так сядзеў нейкі час і глядзеў, вылупіўшы вочы, на пагасаючы агонь.

— Добра, — сказаў ён нарэшце, — я павячэраю недасмажаным трусам і сырымі куранятамі. Я табе дарую жыццё, Бураціна. Мала таго…

Ён залез пад бараду ў кішэню камізэлькі, дастаў пяць залатых манет і падаў іх Бураціна.

— Мала таго… Вазьмі гэтыя грошы і занясі іх Карла. Пакланіся і скажы, што я прашу яго ні ў якім разе не паміраць з голаду і холаду і самае галоўнае — не выязджаць з яго каморкі, дзе знаходзіцца камінак, намаляваны на кавалку старога палатна. Ідзі выспіся і ранічкай бяжы дадому.

Бураціна паклаў пяць залатых манет у кішэню і адказаў з ветлівым паклонам:

— Дзякую вам, сіньёр. Вы не маглі даверыць грошы ў больш надзейныя рукі…

Арлекін і П'еро завялі Бураціна ў лялечную спальню, дзе лялькі зноў пачалі абдымаць, цалаваць, штурхаць, шчыпаць і зноў абдымаць Бураціна, які так незразумела пазбег страшнай пагібелі ў камінку.

Ён шэптам гаварыў лялькам:

— Тут нейкая таямніца.

Па дарозе дадому Бураціна сустракае двух жабракоў — ката Базіліо і лісіцу Алісу

Раніцай Бураціна пералічыў грошы, — залатых манет было столькі, колькі пальцаў на руцэ, — пяць.

Сціснуўшы манеты ў кулаку, ён, падскакваючы, бег дадому і напяваў:

— Куплю тату Карла новую куртку, куплю многа макавых трыкутнічкаў, ледзянцовых пеўнікаў на палачках.

Калі знік з вачэй балаган тэатра лялек і сцягі, што развяваліся на ветры, ён убачыў двух жабракоў, якія панура валакліся па пыльнай дарозе: лісіцу Алісу, што кульгала на трох лапах, і сляпога ката Базіліо.

Гэта быў не той кот, якога Бураціна сустрэў учора на вуліцы, а другі, — таксама Базіліо і таксама паласаты. Бураціна хацеў прайсці міма, але лісіца Аліса сказала яму лісліва:

— Дзень добры, добранькі Бураціна. Куды так спяшаешся?

— Дадому, да таты Карла.

Лісіца ўздыхнула яшчэ ліслівей:

— Ужо і не ведаю, ці застанеш ты жывым беднага Карла, ён зусім зблажэў ад голаду і холаду…

— А ты гэта бачыла? — Бураціна разняў кулак і паказаў пяць залатых.

Убачыўшы грошы, лісіца міжвольна пацягнулася да іх лапай, а кот раптам шырока расплюшчыў сляпыя вочы, і яны бліснулі ў яго, як два зялёныя ліхтары.

Але Бураціна нічога гэтага не заўважыў.

— Добранькі, харошанькі Бураціна, што ж ты будзеш рабіць з гэтымі грашыма?

— Куплю куртку для таты Карла… Куплю новую азбуку…

— Азбуку, ох, ох! — сказала лісіца Аліса, ківаючы галавой. — Не давядзе цябе да дабра гэтая навука… Вось я вучылася, вучылася, а — бачыш — хаджу на трох лапах.

— Азбуку, — прабурчаў кот Базіліо і сярдзіта фыркнуў у вусы. — Праз гэтую праклятую навуку я вочы страціў…

На сухой галіне каля дарогі сядзела пажылая варона. Слухала, слухала і каркнула:

— Няпр-раўда! Няпр-раўда!

Кот Базіліо адразу ж высока падскочыў, лапай збіў варону з галіны, выдраў ёй паўхваста, — ледзь яна вырвалася. І зноў прыкінуўся, быццам ён сляпы.

— Вы за што яе так, кот Базіліо? — здзіўлена спытаў Бураціна.

— Вочы ж сляпыя, — адказаў кот, — здалося — гэта сабачаня на дрэве…

Пайшлі яны ўтраіх па пыльнай дарозе. Лісіца сказала:

— Разумненькі, найразумненькі Бураціна, хацеў бы ты, каб у цябе грошай стала ў дзесяць разоў больш?

— Вядома, хачу! А як гэта робіцца?

— Прасцей простага. Пойдзем з намі.

— Куды?

— У Краіну Дурняў.

Бураціна крыху падумаў.

— Не, я ўжо лепей цяпер дадому пайду.

— Калі ласка, мы цябе на вяроўцы не цягнем, — сказала лісіца, — тым горш для цябе.

— Тым горш для цябе, — прабурчаў кот.

— Ты сам сабе вораг, — сказала лісіца.

— Ты сам сабе вораг, — прабурчаў кот.

— А то б твае пяць залатых ператварыліся ў кучу грошай…

Бураціна спыніўся, разявіў рот…

— Хлусіш!

Лісіца села на хвост, аблізнулася:

— Я табе зараз растлумачу. У Краіне Дурняў ёсць чароўнае поле, — называецца Поле Цудаў… На гэтым полі выкапай ямку, скажы тры разы: «Крэкс, фэкс, пэкс», пакладзі ў ямку залаты, засып зямлёй, зверху пасып соллю, палі як след вадой і ідзі спаць. Да раніцы з ямкі вырасце невялікае дрэўца, на ім замест лісця будуць вісець залатыя манеты. Зразумеў?

Бураціна ажно падскочыў.

— Хлусіш!

— Хадзем, Базіліо, — пакрыўджана зморшчыўшы нос, сказала лісіца, — нам не вераць — і не трэба…

— Не, не, — закрычаў Бураціна, — веру, веру!.. Хадземце хутчэй у Краіну Дурняў!..

У харчэўні «Трох печкуроў»

Бураціна, лісіца Аліса і кот Базіліо спусціліся з гары і ішлі, ішлі — праз палі, вінаграднікі, праз сасновы бор, выйшлі да мора і зноў павярнулі ад мора, праз той жа бор, вінаграднікі…

Гарадок на ўзгорку і сонца над ім паказваліся то справа, то злева…

Лісіца Аліса гаварыла, уздыхаючы:

— Ах, не так гэта лёгка трапіць у Краіну Дурняў, усе лапы сатрэш…

Пад вечар яны ўбачылі збоку ад дарогі стары дом з плоскім дахам і з шыльдай над уваходам: харчэўня «Трох печкуроў».

Гаспадар выбег насустрач гасцям, сарваў з лысай галавы шапачку і нізка кланяўся, просячы зайсці.

— Не шкодзіла б нам падсілкавацца хоць сухой скарыначкай, — сказала лісіца.

— Хоць скарыначкай хлеба пачаставалі б, — паўтарыў кот.

Зайшлі ў харчэўню, селі каля камінка, дзе на ражнах і скавародках смажылася ўсялякая ўсялячына.

Лісіца ўвесь час аблізвалася, кот Базіліо паклаў лапы на стол, вусатую морду — на лапы, утаропіўся на яду.

— Гэй, гаспадар, — важна сказаў Бураціна, — дайце нам тры скарыначкі хлеба…

Гаспадар ледзь не ўпаў ніцма ад здзіўлення, што такія паважаныя госці так мала патрабуюць.

— Вясёленькі, дасціпненькі Бураціна жартуе з вамі, гаспадар, — захіхікала лісіца.

— Ён жартуе, — буркнуў кот.

— Дайце тры скарыначкі хлеба і да іх — вунь таго цудоўна засмажанага баранчыка, — сказала лісіца, — і яшчэ тое гусяня, ды два галубы на ражончыку, ды, бадай-што, яшчэ пячоначкі…

— Шэсць штук самых тлустых карасёў, — загадаў кот, — і дробнай рыбы сырой на закуску.

Карацей кажучы, яны ўзялі ўсё, што было на камінку; для Бураціна засталася адна скарыначка хлеба.

Лісіца Аліса і кот Базіліо з'елі ўсё разам з касцямі. Жываты ў іх надзьмуліся, морды заблішчалі.

— Адпачнем гадзінку, — сказала лісіца, — а роўна апоўначы выйдзем. Не забудзьце нас пабудзіць, гаспадар…

Лісіца і кот разваліліся на двух мяккіх ложках, захраплі і засвісталі. Бураціна прыкархнуў у кутку на сабачай падсцілцы…

Яму снілася дрэўца з кругленькімі залатымі лістамі… Толькі ён працягнуў руку…

— Гэй, сіньёр Бураціна, пара, поўнач ужо…

У дзверы стукалі. Бураціна ўсхапіўся, працёр вочы. На ложку — ні ката, ні лісіцы, — пуста.

Гаспадар растлумачыў яму:

— Вашы паважаныя сябры мелі ласку раней устаць, падсілкаваліся халодным пірагом і пайшлі…

— Мне нічога не загадалі перадаць?

— Вельмі нават загадалі, — каб вы, сіньёр Бураціна, не трацячы ні хвіліны, беглі па дарозе да лесу…

Бураціна кінуўся да дзвярэй, але гаспадар стаў на парозе, прыжмурыўся, упёр рукі ў бокі:

— А за вячэру хто будзе плаціць?

— Ой, — піскнуў Бураціна, — колькі?

— Роўна адзін залаты…

Бураціна адразу ж хацеў прашмыгнуць міма яго ног, але гаспадар схапіў ражон, — шчаціністыя вусы, нават валасы над вушамі ў яго сталі дыбам.

— Плаці, нягоднік, а не — дык праткну цябе, як жука!

Давялося заплаціць адзін залаты з пяці. Пашмыгваючы ад такой крыўды, Бураціна пакінуў праклятую харчэўню.

Ноч была цёмная, — гэтага мала — чорная, як сажа. Усё навокал спала. Толькі над галавой Бураціна нячутна лятала начная птушка Сплюшка.

Закранаючы мяккім крылом яго нос, Сплюшка паўтарала:

— Не вер, не вер, не вер!

Ён са злосцю спыніўся:

— Чаго табе?

— Не вер кату і лісіцы…

— Ды ну цябе!..

Ён пабег далей і чуў, як Сплюшка стракатала наўздагон:

— Бойся разбойнікаў на гэтай дарозе…

На Бураціна нападаюць разбойнікі

На ўскрайку неба з'явілася зеленаватае святло, — узыходзіў месяц.

Наперадзе паказаўся чорны лес.

Бураціна пайшоў хутчэй. Хтосьці ззаду за ім таксама пайшоў хутчэй.

Ён кінуўся бегчы. Хтосьці бег за ім следам бясшумнымі скачкамі.

Ён азірнуўся.

Яго даганялі двое, — на галовах у іх былі надзеты мяшкі з прарэзанымі дзіркамі для вачэй.

Адзін, ніжэйшы ростам, размахваў нажом, другі, вышэйшы, трымаў пісталет, у якога дула пашыралася, як лейка…

— Ай-ай! — запішчаў Бураціна і, як заяц, кінуўся да чорнага лесу.

— Стой, стой! — крычалі разбойнікі.

Бураціна, хоць і быў страшэнна перапалоханы, усё ж здагадаўся, — сунуў у рот чатыры залатыя манеты і звярнуў з дарогі да агароджы, якая зарасла ажынай… Але тут двое разбойнікаў схапілі яго…

— Кашалёк або жыццё!

Бураціна, нібы не разумеючы, чаго ад яго хочуць, толькі часта-часта дыхаў носам. Разбойнікі трэслі яго за каршэнь, адзін пагражаў пісталетам, другі абшукваў кішэні.

— Дзе твае грошы? — роў высокі.

— Грошы, паршшшывец! — шыпеў нізенькі.

— Разарву на шматкі!

— Галаву адгрызу!

Тут Бураціна ад страху так затросся, што залатыя манеты зазвінелі ў яго ў роце.

— Вось дзе ў яго грошы! — завылі разбойнікі. — У роце ў яго грошы…

Адзін схапіў Бураціна за галаву, другі — за ногі. Пачалі яго падкідаць. Але ён толькі мацней сціскаў зубы.

Перавярнуўшы яго дагары нагамі, разбойнікі стукалі яго галавой аб зямлю. Але і гэта яму было хоць бы што.

Разбойнік, той, што ніжэйшы, пачаў шырокім нажом разнімаць яму зубы. Вось-вось ужо і разняў… Бураціна злаўчыўся — з усяе сілы ўкусіў яго за руку… Але гэта была не рука, а каціная лапа. Разбойнік дзіка завыў. Бураціна ў гэты час выкруціўся, як яшчарка, кінуўся да агароджы, нырнуў у калючую ажыну, пакінуўшы на калючках шматкі штонікаў і куртачкі, пералез на той бок і памчаўся да лесу.

Читать книгу онлайн Залаты ключык, або Прыгоды Бураціны - автор Аляксей Талстой или скачать бесплатно и без регистрации в формате fb2. Книга написана в 1971 году, в жанре Сказки народов мира. Читаемые, полные версии книг, без сокращений - на сайте Knigism.online.