Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!



Дзейныя асобы:

Кім

Юля

Каралёў

Лена

Xадзееў

Дзея першыя і адзіная

Столік дзяжурнай сястры ў клініцы. Гарыць лямпа. Позні вечар.

Кім і Юля.


Кім. Гэты рэцэпт вынайшлі лекары фараонаў у Старажытным Егіпце. Бярэцца 273 чорныя разынкі.

Юля. Чаму менавіта 273?

Кім. Пра гэта трэба спытаць фараонаў. Не перапыняйце мяне, мэм… Кожная разынка разразаецца крыж накрыж на чатыры роўныя паловы ў першую гадзіну першай квадры месяца… Дадаецца сем лыжак веснавога, менавіта веснавога, мёду. Усё старанна перамешваецца.

Юля. А як перамешваць?

Кім. У сэнсе?

Юля. Па стрэлцы гадзінніка ці супраць?

Кім. Супраць. Не менш сямі разоў.

Юля. Белая магія.

Кім. Пасля гэтага прыгатаваная маса апраменьваецца на падаконніку месячным святлом.

Юля. Колькі?

Кім. Не менш гадзіны. Затым выціскаецца сок з трох лімонаў, зноў перамешваецца.

Юля. I зноў сем разоў? I супраць стрэлкі гадзінніка?

Кім. Дзевяць і па стрэлцы! Ужываць па маленькай лыжцы тры разы на дзень да, у час ці пасля яды. Кроў абнаў-ляецца на самую поўню пры ўмове, што ніводнага разу… ніводнага! Не будзе перапынку ў прыёме лекаў…

Юля. I ў час прыёму пацыент не будзе думаць пра белага мядзведзя.

Кім. Вы цынічны, мэм… Менавіта ён вашу кроў і псуе першы… Цыкл пачнем з заўтрашняга ранку.

Юля. Няўжо ты сядзеў ноччу і рэзаў на чатыры часткі разынкі… Пад месяцам.

Кім. Яшчэ чаго! Я стамляюся за дзень і мне трэба выспацца, каб усю гэтую араву зранку пабудзіць, памыць, прычасаць, прымусіць заслаць ложкі, накарміць і развесці каго куды… Разынкі крышыў ваш любімчык Піня.

Юля. Божа! Ты даў дзіцёнку нож у рукі.

Кім. Я не даваў дзіцёнку ў рукі нож! Ён рэзаў разынкі брытвай. Гэты дзіцёнак — дзіцёнак толькі тады, калі з ім сюскаюцца, як гэта робіце вы, мэм… А са мной, як шоўкавы… Усё робіць! I заўважце, мэм, усё есць… нават пярловую кашу. Варта толькі было вам апынуцца ў клініцы, у яго на наступны ж дзень з’явіўся апетыт і перастаў балець жывоцік… Як бачыце, іншым разам і хвароба на нешта вартая.

Юля. А што Баранеса?

Кім. У-у-у! Трагедыя… Учора вярнулася са школы, залітая слязьмі, як дажджом…

Юля. Што здарылася?

Кім. Тройка па літаратуры!

Юля. I што?

Кім (дражніць). Мой тата — паэт, а ў мяне тройка па літаратуры!

Юля. Што ты ёй сказаў?

Кім. А я сказаў, што ў мяне тата — дэсантнік, парашу-тыст, а я з другога паверху вышыні баюся… Галава кру-жыцца…

Юля. I што?

Кім. Зарагатала. Усё, мэм! Позна, мне рана ўставаць… Заўтра зранку адну лыжачку…

Юля. За што ты купіў разынкі і мёд?

Кім. Эканомія…

Юля. Кім!

Кім. Што Кім? Што Кім? Мы зарабілі! Мы з Пінем пра-цавалі…

Юля. Дзе?!

Кім. Упрыгожвалі парк…

Юля. Зноў?!

Кім. Мэм! Мы прыбіралі парк!

Юля. Зноў?

Кім. Мэм! У вас «предрассудки»… Дарэчы, «предрассудки» з двума «с».

Юля. Не!

Кім. Няўжо з адным?

Юля. Не! Забабоны пішуцца без «с»!

Кім. Не можа быць…

Юля. Я ж цябе прасіла…

Кім. Што я зрабіў дрэннага? 3 Пінем. Мы прыбіралі парк пасля свята, там было шмат бутэлек. Я хацеў іх выкідваць, але ваш Піня, мэм, хадзіў за мной як хвост і талдычыў: «Сто ты! Сто ты? Зацэм? Зацэм? Здадзім, здадзім!» Я б не дадумаўся! Ну такі расце прашчалыга, такі круцель… Уяў-ляеш, стаміліся, селі адпачываць, я адвярнуўся на хвілінку, прыходжу. Сядзіць на лавачцы, ну, такі няшчасны, такі бедны, такі галодны… Між іншым, ідучы ў парк, ён з’еў банку тушонкі і во такую талерку пярлоўкі, а тут… Зрабіў такі выгляд, быццам яго ад дня нараджэння ніхто ніколі нічым не карміў. I шапачка побач. I ў шапачку ўжо накідаць паспелі… Я яго ледзь не забіў! (Дражніць.) А сто я зрабіў? Сто я зрабіў? Я стаміўся! Я заснуў! Сапацка звалілася. А цаго яны туды гросы кідалі? Я не прасіў! I сапраўды ж не прасіў, паразіт!

Юля. Кі-ім…

Кім. Калі ў Баранесы бацька паэт, то ў гэтага… Я не ведаю… Банкір, мабыць.

Юля. I ты не выкінуў іх?

Кім. Каго?

Юля. Грошы…

Кім. Мэм, мне здаецца, што вы лечыцеся не ў той клініцы… Грошы выкідваў толькі герой Дастаеўскага… У якім гэта рамане?

Юля. «Ідыёт»…

Кім. Правільна, раман «Ідыёт»! Дарэчы, вы зноў дзяжурыце, а Джульета ў садзе на спатканні?!

Юля. Я ўсё адно не сплю… Якая розніца, дзе не спаць?

Кім. Я пайшоў. Баранеса без мяне не засынае.

Юля. А Піня?

Кім. Фу-у, гэты прачынаецца толькі затым, каб паесці, а есці толькі затым, каб адразу заснуць. Значыць, заутра адну лыжачку ў час сняданку. Халадзільнік тут ёсць?

Юля. Ёсць.

Кім. Трымаць у халадзільніку.


Зумер сігналізацыі.


Юля. Пабудзь ля тэлефона. Пятая палата выклікае. Я хутка!


Выходзіць. З’яўляецца Лена.


Лена. Салют, Кім!

Кім. Сястра, вас у даўнія часы называлі сёстрамі міласэрнасці… А што робіце вы?

Лена. Што я раблю?

Кім. Нават дыктатарскія рэжымы забараняюць выкарыстоўваць працу непаўналетніх. А вы выкарыстоўваеце працу хворых.

Лена. Не дуры галавы!

Кім. I дзеля чаго?! Каб бегаць у парк і цалавацца пад плакатам «Осторожно — СПИД!»

Лена. Адкуль ты ведаеш?

Кім. Гэта ведаю не я. Гэта ведаюць усе, хто праходзіў па тратуары каля клінікі. А ці ведаеце вы, сястра, што па апошніх даследаваннях вучоных Занзібара пацалункі на рабочым месцы аказваюць неспрыяльны ўплыў на нервовую сістэму, а ў Амерыцы…

Лена. Ой, дэмагог!

Кім. А ў Амерыцы за пацалунак у офісе пагражае турэм-нае зняволенне…

Лена. Пайшоў к чорту! Дзе Юля?

Кім. Мэм адпрацоўвае вашу разбэшчанасць. Мяняе заместа вас хвораму судна.

Лена. У якой палаце?

Кім. У пятай…

Лена. Будзь здароў, акселерацік!

Кім. Лена!

Лена. Што?

Кім. Як яна?

Лена. Складана, Кім, складана…

Кім. Аналізы не палепшыліся?

Лена. Горшымі сталі… Толькі ёй не кажы. Яна не ведае… Кім. Яна адчувае…

Лена. Патрэбна аперацыя.

Кім. I колькі яна каштуе?..

Лена. Чорт яе ведае… Дорага, канечне…

Кім. Даведайся, калі ласка.

Лена. Добра. Пайду яе падмяню…

Кім. Скажы, што я пайшоў. I прасачы, каб яна заутра абавязкова прыняла маю сумесь. Чао!

Лена. Будзь здароў.


Разыходзяцца. Праз нейкі момант з’яўляецца Каралёў, прыціскаючы адну руку да сэрца, а ў другой трымаючы пісталет. Левае крысо пінжака запэцкана крывёй. Уваходзіць Юля.


Юля. Божа!

Каралёў. Памажы мне…

Юля. Я паклічу доктара!

Каралёў. Назад! (Наводзіць на Юлю пісталет.) Нікога не клікаць! Ты зразумела?

Юля. Зразумела.

Каралёў. Крыві баішся?

Юля. Не.

Каралёў. Хадзі сюды! Вазьмі пінцэт… не той, болыпы! Там тырчыць куля…

Юля. Дзе?

Каралёў. У грудзях. Насупраць сэрца. Дастань яе.

Юля. А… бачу!

Каралёў. Зачапі пінцэтам і цягні!

Юля. Вам жа будзе балець!

Каралёў. Цягні, дура!

Юля (спрабуе нешта зрабіць). Не атрымліваецца! Яна паміж рэбраў засела.

Каралёў. Цягні!

Юля. Пінцэт зламаўся!

Каралёў. Пашукай пласкагубцы…

Юля. Гэта клініка! Адкуль тут пласкагубцы? Я паспрабую зубамі…

Каралёў. Ты што?!

Юля. Рукі!


Каралёў адводзіць рукі, Юля схіляецца над ім і зубамі выцягвае з грудзей кулю. Каралёў стогне.


Каралёў. Дай сюды…

Юля. Я зараз кроў спыню…

Каралёў. Дай сюды кулю! Прапалашчы рот вадой. Яна атручаная… А кроў спыняць не трэба. Хай атруту вымывае… Прапалашчы рот вадой! Куля атручаная! Ты што не баішся?

Юля. Не.

Каралёў. Нуі чорт з табой! Каб не партманет у левай кішэні — каюк! Партманет уратаваў…

Юля (дастае з пінжака маленькую кніжачку). Гэта не партманет…

Каралёў. А што?

Юля. Біблія…

Каралёў. Уроды…


Офіс Хадзеева. Уваходзіць Каралёў.


Хадзееў. Ты?!

Каралёў. Я пригласил вас, господа, с тем, чтобы сообщить пренеприятное известие: Бог, оказывается, есть.

Хадзееў (пасля паузы). Гэта… ты?

Каралёў. Я… Толькі давай так… галаварэза свайго не мачы… Ён зрабіў усё як мае быць. Маэстра! Два сантыметры ніжэй левага саска пацэліў. Зірні.

Хадзееў. Адкуль ты?

Каралёў.Я спадзяюся, ты здагадаўся, што не з морга. Але і не з пракуратуры. Як у цябе справа з атэізмам? Мае светапогляды пахіснуліся… Паўгода таму, каб адчапіцца ад надакучлівых манашак, я купіў ім машыну цэглы, а яны мне падаравалі (дастае з кішэні кніжачку, чытае) «Новы запавет» Госпада нашага Ісуса Хрыста. Новы пераклад з грэчаскага арыгінала. Твой абармот яго прастрэліў… Наскрозь. Я панёс матэрыяльныя страты, Халдзей!

Хадзееў. Я — Хадзееў…

Каралёў. Мне ўсё адно. Святыя сёстры падарылі мне кніжку, а я не магу яе пачытаць, бо ты мне яе сапсаваў. Яна прабіта атручанай куляй і залітая маёй крывёй… Я не магу яе пачытаць!!! Дык вось, гэта… гэта мой тавар… вось гэтая кніжачка… Я яе мяняю на тое, што я табе вінен… Я так яе ацаніў! Яна столькі каштуе!

Хадзееў. Не псіхуй!

Каралёў. Ты згодны на абмен?

Хадзееў. Ты ж прыйшоў адзін…

Каралёў. Адзін! Ты згодны на такі абмен?

Хадзееў. Згодны.

Каралёў. Слова!

Хадзееў. Слова.

Каралёў (аддае яму пісталет). На, я прыйшоў адзін, ён зараджаны. Ты можаш мяне застрэліць. Я асуджаны. Але перад смерцю прашу выканаць маё апошняе жаданне. Відак працуе?

Хадзееў. Працуе…

Каралёў. Хачу мульцікі перад смерцю паглядзець…


Дастае з кішэні відэакасету, устаўляе ў відэамагнітафон.


Уключы… (Хадзееў уключае.) Дзень першы, пасля таго, як ты мяне хацеў замачыць… Ды там дата стаіць, ты бачыш… Та-а-к… Вось тваю Зайку выводзіць з дома ахоўнік… Ты здымаеш для яе катэдж у Баравусе… Азёрная, 4… Глядзі, глядзі… Вось ён адчыняе машыну. Зараз на яе шапачцы чырвоненькая кропачка з’явіцца… Ведаеш, што гэта? Лазарны прыцэл! Та-а-ак… Элітарны ліцэй… тысяча баксаў у месяц. Урок па прадмеце «Чалавек і свет»… Зараз наезд будзе… Воось… Гэта праз акно здымалі… Вунь Зайка сядзіць на другой парце… Уй, які банцік! А на банціку бачыш чырвоненькую кропачку… О, о! Настаўніца занепакоілася… Заўважыла! Але падумала, што нехта з вучняў забаўляецца лазерным ліхтарыкам… I быў дзень, і быў вечар… Дзень другі… Глядзім…

Хадзееў (кідаецца да Каралёва). Ты… ты… скаціна… Калі з ёй што-небудзь… Калі хоць адна валасінка… Я… я цябе…

Каралёў. Што? Што ты мяне? Я ж табе пісталет аддаў! Ты думаеш, я гарбатага ляплю… Дай сюды! (Забірае пісталет.) Якая ў цябе тут самая каштоўная ваза… А, вунь! (Прыцэльваецца, страляе. Ваза разлятаецца на кавалкі.) Бачыў? На! Там яшчэ шэсць патронаў засталося. Стаць да сценкі? Ці мо ў ванную пройдзем? Га? Hi храна ты са мной не зробіш і нічым не дастанеш… Я — адзін… У мяне нікога. Нікога. Зразумеў, Халдзей?

Хадзееў. Я — Хадзееў…

Каралёў. Хадзееў! Ты мяне цяпер ахоўваць будзеш… Варта толькі мне знікнуць. Знікнуць на адзін дзень, і банцік тваёй Зайкі будзе сапсаваны… Той самай куляй, што прабіла гэту кніжачку! I нідзе ты яе не схаваеш! Яе дастануць, нават на Канарах! Ты б ужо спраўляў па ёй дзевяць дзён, каб не прыдуркаватая медзічка з клінікі, якая зубамі дастала кулю з маіх грудзей! Яна на каленях прасіла мяне не рабіць гэтага, бо мяне ўратаваў сам Бог, паклаўшы ў маю кішэню гэтую кніжачку! Так што давай грошы на свечку… Я не жартую… Грошы на тоўстую-тоўстую свечку!

Читать книгу онлайн Кім - автор Алексей Ануфриевич Дударев или скачать бесплатно и без регистрации в формате fb2. Книга написана в 2008 году, в жанре Научная литература. Читаемые, полные версии книг, без сокращений - на сайте Knigism.online.