Каранат Каранатавіч Козлікаў — начальнік медвыцвярэзніка, маёр міліцыі.
Фяўроння Захараўна — яго жонка, крыклівая, чэрствая жанчына, якой не церпіцца хутчэй трапіць у вышэйшы свет.
Лада — іх дачка, дзяўчына, якой усё надакучыла. У тым ліку — і жыццё.
Кацярына Карпаўна — маці маёра Козлікава, ціхмяная згорбленая жанчына, якой ніяк не ўдаецца памерці.
Сяржант Дзюба — ад'ютант маёра Козлікава, работнік медвыцвярэзніка.
Дзед Язэп — калгасны вартаўнік, былы сусед Кацярыны Карпаўны.
Два чалавекі ў чорным — людзі з пахавальнага бюро.
Пакой гарадской кватэры, абстаўлены без густу. Кніжная паліца з адзінай кнігай, канапа, тэлефон, скручаныя дываны, ласіныя рогі. На сцяне — вялікі партрэт маёра Козлікава, а вакол — цэлая галерэя меншых здымкаў, якія адлюстроўваюць жыццё маёра на службе і дома. Пасярод пакоя — самагонны апарат самай навейшай канструкцыі. У пакоі — двое. Кацярына Карпаўна адбівае паклоны перад партрэтам Козлікава. Маёр Козлікаў завіхаецца каля самагоннага апарата.
Маёр Козлікаў (торкае пальцам у самагонку, выцягвае яго і падносіць запалку. На пальцы ўспыхвае ярка-сіняе полымя. Цмокае языком). Хораша, зараза!.. Не магазіннае дзярмо. (Паварочваецца да залы.) Вам смешна, што начальнік медвыцвярэзніка маёр Козлікаў у мундзіры, пры пагонах гоніць самагонку?! Эх, людзі, людзі! Усе мы людзі! Усе мы чалавекі!.. Хочаш жыць — умей круціцца!
З кута даносіцца голас Кацярыны Карпаўны, якая моліцца.
Кацярына Карпаўна. Божачка, даруй мне, старой, можа, не так я жыла, не заўсёды тое рабіла, але ж Ты ўсё можаш: дай шчасця і здароўя сыну майму — Каранату, нявестцы Фяўронні, унучцы.
Маёр Козлікаў (Кацярыне Карпаўне). Матка! Перастань! Гэта ж не ікона! Гэта партрэт мой!
Кацярына Карпаўна працягвае маліцца. Маёр Козлікаў махае рукой.
А-а, ёй хоць гарох аб сцяну. Не чуе. Здам днямі ў дом састарэлых, і канцы на тым! (Да залы.) Вы асуджаеце, што начальнік, такі лоб, і матку — у дом састарэлых?! А што мне рабіць, людзі?! У мяне ж выйсця іншага няма. Вось памяркуйце. Вы ж, напэўна, чулі, што пайшла мода на сабак. У нашага старшыні райвыканкома ажно тры цюцькі дома. Адзін — тапкі ў зубах гаспадару падносіць, другі — заместа падушкі пад галаву кладзецца. Трэці — гаўкае пад музыку. Вот і жонка мая, Фяўроння Захараўна, паглядзеўшы на гэтыя штукі, уз'ерапенілася: «Хачу такога вучонага сабачку!» Я адбіваўся спачатку: «Навошта нам гэтая сука? Лішні рот у сям'і». Але жонка яшчэ больш насела. Ну і змушаны быў саступіць. Напытаў цюцьку. Ды не абы-якога, а іншаземнага паходжання. І яму, як іншаземцу, самі разумееце, пакой патрэбен асобны. А ў мяне ў гэтым пакоі матка пражывае. І тут, як ні круці, але апошняй давядзецца ўступіць. (Налівае самагонкі ў шклянку. Да Кацярыны Карпаўны.) Матка! Здаю цябе ў дом састарэлых. Чуеш?! Там на Леніна будзеш маліцца!.. За гэта! (Падымае шклянку з гарэлкай.)
У пакой нячутна заходзіць сяржант Дзюба з мяшком за плячыма.
Сяржант Дзюба (знянацку гаркае). Здравія жадаю, таварыш маёр!
Маёр Козлікаў скаланаецца, шклянка з самагонкай падае з рук на падлогу і разбіваецца. Сяржант Дзюба кідаецца збіраць аскалёпкі.
Маёр Козлікаў (распякае сяржанта). Абалдуй!.. Свіное рыла!.. Калі я цябе навучу, мля, па-людску звяртацца да начальства?!
Сяржант Дзюба (ускоквае з аскалёпкамі ў руцэ). Вінаваты, таварыш маёр!
Маёр Козлікаў (бурчыць). Вінаваты, вінаваты… Гаркаеш, як сабака.
З мяшка, які прынёс сяржант Дзюба, чуецца «гаў-гаў!». Маёр Козлікаў хапае сяржанта за грудзі.
Ты яшчэ дражніцца, мля?!
Сяржант Дзюба. Ніяк не! Гэта не я.
Маёр Козлікаў. Не строй дурня. Хто, акрамя цябе?
Сяржант Дзюба. Цюцька! (Паказвае на мяшок.)
Маёр Козлікаў (недаверліва). Прынёс?
Сяржант Дзюба. Так точна!
Маёр Козлікаў. Выпусціць!
Сяржант Дзюба. Слухаюся, таварыш маёр! (Развязвае мяшок.)
З мяшка выскоквае вялікі гладкі сабака; апынуўшыся на волі, ён гаўкае яшчэ раз.
Маёр Козлікаў (задаволена). Бач, вітае новага гаспадара. (Апускаецца перад сабакам на калені, спрабуе заглянуць яму пад хвост.) Кабель?
Сяржант Дзюба. Ён самы, таварыш маёр!
Маёр Козлікаў (гладзіць сабаку). А ты сімпацяга!.. Ах ты, цюцька! (Кліча.) Фяўроння!.. Лада!..
З'яўляюцца Фяўроння Захараўна ў модным халаціку і Лада, паўапранутая.
Фяўроння Захараўна (на сабаку). Ой, які харошанькі!.. Які міленькі!.. (Гладзіць.) Якая арыстакратычная пыска! (Цалуе.)
Лада (крывіцца). Фі, звычайны дварняк.
Маёр Козлікаў. Не скажы. Гэты сабака — іншаземнага паходжання. Так, сяржант Дзюба?!
Сяржант Дзюба. Так точна, таварыш маёр! Гэта ёсць іншаземец! Вось дакумент. (Падае маёру Козлікаву паперу.)
Маёр Козлікаў (глядзіць паперу, усклікае). Во кракадзіл цельпухоўскі!.. Я не ведаю, хто ў мяне дзед быў, а ў гэтага цюцькі ўсе продкі па дзесятае калена спісаны. І прапрапрабабка. (Да сяржанта Дзюбы.) Дзякуй, сяржант! Услужыў!
Сяржант Дзюба (ускідвае руку). Служу Савецкаму Саюзу!
Маёр Козлікаў. Можаш быць свабодным!
Сяржант Дзюба. Ёсць! (Казырае, выходзіць.)
Фяўроння Захараўна. А як завуць сабаку?
Маёр Козлікаў (спрабуе прачытаць). Фок… Фокс… Тэр… Мля, не па-нашаму. (Перадае паперу Ладзе.) Ты — Лада!
Лада (чытае). Амерыканскі фокстэр'ер.
Маёр Козлікаў. Як-як?
Лада (па складах). Фокс-тэр'-ер.
Маёр Козлікаў. К чорту тэры і мэры. Назавём яго Пан Фокс. (Здымае з нагі бацінак і шпурляе ў кут.) Пан Фокс, падаць мне бацінак! Ату яго, Пан Фокс!..
Сабака не кранаецца з месца.
Фяўроння Захараўна. Ага, кінецца ён за тваёй ванючкай. (Здымае тапак са сваёй нагі і элегантна адкідвае яго ўбок. На сабаку.) Ласачка, разумніца, прынясі мне тапак… Ну, мілы! Давай!..
Сабака не рэагуе.
Маёр Козлікаў. Яшчэ не абнюхаўся. З жыллём не ўладкаваўся.
Сабака раптам брэша як бы ў знак згоды, толькі неяк дзіўна, нязвыкла.
Фяўроння Захараўна. Бач ты, і брэша не па-нашаму. (Здагадліва.) А можа, яму каманды на замежнай мове аддавалі? (Ладзе.) Глянь, доча, у паперу.
Лада (бярэ паперу, чытае). Інструкцыя па гадоўлі сабак. Кармленне. Не тое.
Маёр Козлікаў. Чытай пра кармленне!
Лада (чытае). Карміць сабаку трэба добра і смачна прыгатаванымі стравамі: булён, катлеты са свежага мяса, язык правараны, пюрэ бульбянае, амлет, масла з макаронамі. Па дзве з паловай порцыі на дзень. (Да Фяўронні Захараўны.) Ну, ма… закалебалі! (Да маёра Козлікава). Па, а гэта — па тваёй частцы. Любоў у сабак.
Маёр Козлікаў (нецярпліва). Чытай пра любоў!
Лада. У сабакі перыядычна праяўляецца каханне.
Маёр Козлікаў. Мне і без гэтага зразумела, што кабель без любові не пражыве. (Ладзе.) Далей!
Лада. Праяўляецца каханне… Трэба своечасова ўлавіць гэтыя моманты і даставіць яму суку. А лепш — дзвюх ці трох.
Маёр Козлікаў. Хоць дзесяць. Такога дабра хапае.
Фяўроння Захараўна. Ну, не ўжо. Нашых я не дапушчу! Выпішу яму «дзеўку» з-за мяжы або сама з ім з'езджу туды.
Маёр Козлікаў. А назад?
Фяўроння Захараўна. І назад прывязу.
Маёр Козлікаў. Сумняваюся. Не такі ён, мля, дурны, каб другі раз ехаць з Амерыкі да нас!
Кацярына Карпаўна. А па-мойму, ніякі ён не амерыканец. За вартаўніком Язэпам падобны бегаў. Цюцелька ў цюцельку. Па восені, як у Цельпухоўцы была, на свае вочы бачыла.
Фяўроння Захараўна. Заткніся, падла! (Хапаецца за сэрца.) Каранат, калі ты здасі яе? Жыўцом есць.
Маёр Козлікаў (мітусіцца ля жонкі). Здам, абавязкова здам яе, мілая.
Фяўроння Захараўна. Ты ўжо цэлы год здаеш…
Маёр Козлікаў. На гэтым тыдні — усё. Здам!
Фяўроння Захараўна. Што яшчэ за «тыдні»? Сёння ж!
Маёр Козлікаў. Добра, добра, ягадка. Здам сёння! (Набірае нумар тэлефона.) Зараз аформім старую.
Фяўроння Захараўна (плаксіва). Можа, сабачка ўжо якую бактэрыю ад яе ануч падчапіла?
Маёр Козлікаў (ласкава). Усё ачысцім, лапка. Шпалеры новыя паклеім.
Фяўроння Захараўна. Прадэзінфіцыраваць!
Маёр Козлікаў. І дэзінфекцыю зробім… І… (У трубку.) Алё, аддзел сацыяльнага забеспячэння?.. Маёр Козлікаў. Прабачце, але ў мяне вельмі важнае пытанне да вас, як здаць матку ў дом састарэлых? Даведка аб страце кармільца?.. А без гэтага каб… Я ж выслугу маю — дваццаць гадоў. Узнагароды… Без даведкі — ніяк? (Кладзе трубку. Фяўронні Захараўне.) Патрабуюць даведку аб страце кармільца.
Фяўроння Захараўна. Што яшчэ за «страце»?
Маёр Козлікаў. Смерці.
Фяўроння Захараўна. Чыёй?
Маёр Козлікаў. Маёй! (Раптам паказвае кукішам на тэлефон.) А во ім!
Фяўроння Захараўна. Ну не, Каранат. Ці я, ці… (Ківае на Кацярыну Карпаўну.) Выбірай!
Маёр Козлікаў (разгублена). А што я магу зрабіць? Здохнуць?
Фяўроння Захараўна. І здохні, калі хочаш, каб яшчэ любіла цябе. (Бярэ сабаку і выбягае з ім у другі пакой.)
За Фяўронняй Захараўнай падаецца і Лада.
Маёр Козлікаў (ледзь не ў роспачы). Во, мля, «здохні»! Гэта мне, маёру міліцыі, галоўнаму начальніку медвыцвярэзніка — здохнуць?.. (Выпівае, разжальвае сам сябе.) «Здохні», як жывёліна. Нават слова лепшага не знайшла. Сказала б: расстанься з жыццём, памры, на крайні выпадак, а то… (Змахвае слязу са шчакі.) А выйсця няма, брат Козлікаў. (Бярэ тэлефонны шнур і абкручвае ім шыю.) Эх, ці яна мяне будзе любіць мёртвага, ці не любіць жывога! (У трубцы піпікае, па твары Козлікава прабягае здагадка.) А чаму б і не? Чаму б мне зараз не «памерці»?.. (Набірае нумар тэлефона.) Загс?.. Здароў быў, сват! Маёр Козлікаў. Выручай, братка! Дай самы пусцяк. Патрэбна неадкладна даведка аб смерці!.. Не-не, аб маёй уласнай смерці… Ды не жартую. Не да гэтага. Ды не збіраюся я паміраць. Слухай, сват. Мне сёння трэба здаць матку ў дом састарэлых, а без гэтай праклятай паперы не даюць семафора, бюракраты!.. Усёк? Ага, пішы! Дыктую. Каранат Каранатавіч Козлікаў ва ўзросце… загнуўся, значыць… Ну, памёр, памёр… Ад гарэлкі, пішы… З мяне — магарыч! (Кладзе трубку, налівае ў шклянку самагонкі.)
Ціха заходзіць сяржант Дзюба. Маёр Козлікаў не заўважае яго, падымае шклянку.
За ўласную смерць!
Сяржант Дзюба (амаль шэптам). Таварыш маёр, дазвольце далажыць?
Маёр Козлікаў скаланаецца. Шклянка падае з рук.
Маёр Козлікаў (накідваецца на сяржанта Дзюбу). У, мля… Куды сунешся з нямытым рылам?!
Сяржант Дзюба. Вінаваты, таварыш маёр. Надзвычайная сітуацыя. Дазвольце далажыць?
Маёр Козлікаў. Не дазваляю. Пайшоў вон!
Сяржант Дзюба (казырае). Ёсць вон! (Адступае спіной да дзвярэй і знікае за імі.)
Маёр Козлікаў налівае па новай. З кута чуваць манатонны голас Кацярыны Карпаўны.
Кацярына Карпаўна (моліцца). Божачка, скажы мне, дурной, што гэта з людзьмі парабілася? Цкуюць адзін аднаго, душаць, б'юць, зусім звар'яцелі… Што гэта, Божачка?
Маёр Козлікаў. Канчай, матка!
Кацярына Карпаўна. Божачка, як жыць далей?
Маёр Козлікаў. У доме састарэлых будзеш жыць далей. Збірайся, матка!
Кацярына Карпаўна (разгублена). Прама цяпер?
Маёр Козлікаў. Цяпер.
Кацярына Карпаўна. Як жа так, сынок, цяпер? Гэта ж не ў краму, не на фэст, можа, заўтра?
Маёр Козлікаў. Ніякіх заўтра. Сёння, матка! І толькі сёння! (Адчыняе дзверы шафы.)
Кацярына Карпаўна (працягвае рукі). Я сама! Сама я, сынок!.. (Пачынае зборы.)
Маёр Козлікаў уключае вясёлую музыку, але слухаць яе доўга не даводзіцца. У пакой з плачам, лямантам улятае Фяўроння Захараўна. На руках у яе сабака. Твар у Фяўронні Захараўны белы ад маскі з кефіру.
Фяўроння Захараўна (істэрычна). Ой, лю-дзі, ратуйце! Па-мі-ра-ю-ю!
Маёр Козлікаў (спалохана). Фяўронюшка, ты што?! Ты чаго?..
Фяўроння Захараўна. Ой, блага…
Маёр Козлікаў (набірае ў рот самагонкі і пырскае на Фяўронню Захараўну). Ты — з-за маткі?.. Матку я апрыходваю!
Фяўроння Захараўна. Ой, не-е… (Галосіць яшчэ мацней.)
Маёр Козлікаў (бездапаможна азіраецца). З Ладай што?
Фяўроння Захараўна. Не-е… (Ірве валасы на галаве.)
Маёр Козлікаў (губляе цярпенне, трасе Фяў-ронню Захараўну за плечы). Гавары!
Фяўроння Захараўна моўчкі паказвае на сабаку.
Цюцька?! Што цюцька?
Фяўроння Захараўна (слёзна). З-з-зуб…
Маёр Козлікаў. А-а, цябе зубамі пакусаў цюцька? (Растапырвае пальцы.) Ды я яго раздаўлю, як мошку, мля!
Фяўроння Захараўна. Ой, не!
Маёр Козлікаў. Я яго раз і назаўсёды адвучу кусацца.
Фяўроння Захараўна (заікаючыся). Ён не можа ку-ку-сацца. Ён шчарбаты.
Маёр Козлікаў. Што значыць — шчарбаты?
Фяўроння Захараўна. Без зуба. (Зноў заліваецца слязьмі.)
Маёр Козлікаў падскоквае да сабакі, адкрывае яму зяпу і бачыць, што адсутнічае пярэдні зуб у верхнім радзе.
Маёр Козлікаў (адчайна). Во, мля!.. (Адчыняе дзверы, кліча.) Сяржант, мля!
Убягае сяржант Дзюба.
Сяржант Дзюба. Надзвычайная сітуацыя, таварыш маёр?
Маёр Козлікаў. Я табе пакажу сітуацыю. (Грозна.) Дзе зуб?
Сяржант Дзюба (хапаецца за шчаку). Вы ж самі мне яго выбілі, таварыш маёр.
Маёр Козлікаў. Я не пра твой сабачы зуб пытаюся. Дзе зуб Пана Фокса? (Падносіць сяржанту пад самы нос сабаку з разяўленай зяпай, без зуба.)
Сяржант Дзюба (вывіжоўваецца, як вужака). Зуб сабакі, таварыш маёр, у… у Амерыцы!
Маёр Козлікаў. Чаму?
Сяржант Дзюба. У іх навалам салодкага, таварыш маёр. Цукру, цукерак. Лопаюць не ў свой дух, абжыраюцца і самі, і сабакі. Вось і застаюцца без зубоў. З цяпкамі ходзяць.
Маёр Козлікаў. Ты мне лапшу на вушы не вешай. Як быць цяпер?
Сяржант Дзюба. Паставіць новы зуб, таварыш маёр.
Маёр Козлікаў. Паставіць зуб сабаку?!
Сяржант Дзюба. Так точна!
Маёр Козлікаў. Здзекуешся, кракадзіл?
Сяржант Дзюба. Ніяк не. Сабаку былога сакратара райкома на тым тыдні ажно два зубы запратэзіравалі.
Маёр Козлікаў (падыходзіць да тэлефона, гаворыць сяржанту Дзюбе). Калі што, разжалую ў радавыя, сукін сын! (Набірае нумар, у трубку.) Зубапратэзны?.. Сват?! Здравія жалаю. Маёр Козлікаў! Выручай… Не, мае зубы на месцы, як штыкі!.. Тут іншае, больш сур'езнае. Выпісалі мы з-за мяжы Пана Фокса, сабачку такога. Экземпляр, ты б паглядзеў. Нават брэша па-іхняму. Заглядзенне! І трэба ж — пэнкнуў зуб. На самым відным месцы. Жонка ў адчаі… Прыносіць?.. Жонку?.. А-а, сабачку! Вот дзякуй!.. Век не забуду! (Кладзе трубку.)
Фяўроння Захараўна (усхліпвае). Збяруцца госцейкі, стануць сабачку глядзець. Яна рот раскрые, а там — дзірка заместа зуба. У-у-у!
Маёр Козлікаў (супакойвае). Уставім Пану Фоксу новы зуб.
Фяўроння Захараўна. Пачне грызці сабачка костку і выламае.
Маёр Козлікаў (катэгарычна). Ніяк не выламае. Я ўстаўлю Пану Фоксу металічны зуб.
Фяўроння Захараўна (моршчыцца). Фі, яшчэ чалавеку — жалезны зуб — я разумею. А сабачку? На каго ён будзе падобны? Агідна.
Маёр Козлікаў. А хто табе казаў, што я буду ставіць сабаку жалезны зуб?
Фяўроння Захараўна. Ты сам.
Маёр Козлікаў. Я сказаў — металічны.
Фяўроння Захараўна. Не ўсё роўна?
Маёр Козлікаў (ганарліва). Я пастаўлю Пану Фоксу…
Фяўроння Захараўна (перабівае). Бронзавы?
Маёр Козлікаў. Прашу цішыні і ўвагі. Я пастаўлю Пану Фоксу залаты зуб!
Фяўроння Захараўна. Залаты?!
Маёр Козлікаў. Так, залаты! Сабака з залатым зубам толькі ў маёра Козлікава.
Фяўроння Захараўна (перастае хліпаць, выцірае слёзы). Козлікаў! Ты — лапушка. Я люблю цябе! (Абдымае маёра Козлікава, цалуе. Смяецца.) У нас будзе сабака з залатым зубам! Супермодна!
Сяржант Дзюба. Дазвольце заўважыць, таварыш маёр, што залаты зуб сабаку — нельга.
Маёр Козлікаў (здзіўлена). Чаму?
Сяржант Дзюба. На вуліцы — адарвуць з галавой.
Маёр Козлікаў. Хто асмеліцца зачапіць сабаку маёра Козлікава?
Сяржант Дзюба. Дачу ж вашу абакралі.
Маёр Козлікаў. Маўчаць, мля! Асабістую ахову прыстаўлю да Пана Фокса.
Фяўроння Захараўна. А чаго сяржант тут аціраецца?
Маёр Козлікаў. Сяржант Дзюба! Слухай загад: зараз жа дуй у загс, вазьмі там дакумент на маё імя — і ў той жа момант назад!
Сяржант Дзюба (казырае). Ёсць. (Кідаецца да дзвярэй, але яго спыняе маёр Козлікаў.)
Маёр Козлікаў. Сяржант, запомні: дакумент асаблівай сакрэтнасці. Не ўздумай чытаць або паказваць каму.
Сяржант Дзюба (казырае). Ёсць, не чытаць і не паказваць. (Знікае.)
Фяўроння Захараўна (маёру Козлікаву). Лапушка, што яшчэ за сакрэты?
Маёр Козлікаў (лагодна). Я табе скажу потым. А цяпер давай займёмся Панам Фоксам. Зубапратэзнік чакае.
Маёр Козлікаў бярэ сабаку і ідзе на выхад. За ім спяшаецца Фяўроння Захараўна.
(Ля парога.) Мы нічога не забыліся?
Фяўроння Захараўна. Пашпарт сабачкі я ўзяла. Перакусіць ёй на дарогу — катлетак, каўбаскі таксама…
Маёр Козлікаў. А грошы? На залаты зуб?
Фяўроння Захараўна (разгублена). У мяне няма.
Маёр Козлікаў (шарыць па кішэнях). Во, мля, і ў мяне няма. (Да Кацярыны Карпаўны.) Матка! Дай грошы на залаты зуб сабаку!
Кацярына Карпаўна нібыта не чуе, моўчкі працягвае збіраць рэчы.
(Гучней.) Матка!.. Дай грошы!
Кацярына Карпаўна (усхліпвае). Сынок, якія ж у мяне грошы? Я ж вам усё аддала: хатку сваю цёпленькую, дагледжаную людзям прадала — табе машыну купіла. Кароўку, іншую жыўнасць спусціла, што гарбом гадамі нажывала, — вам на тэлевізары. Пенсію маю вы атрымліваеце. Няма ў мяне ні капеечкі, сынок.