Нам продкаў кемкасць захавала
Шмат весцяў дзіўных з быўшых год,
Хоць гэтых весці ўжо нямала
Ў няпамяць кінуў сам народ.
Усё ж яшчэ штось засталося
Унукам з прадзедаў жыцця...
Няхай жа гэтыя калоссі
Мінуць скаранне небыцця!
Няхай той час, што згінуць мусіў
У беспрасветнай векаў мгле,
Для беспрыпыннай Беларусі
Хоць толькі ў песні ажыве.
Збіраць пачнем зярно к зярняці,
Былое ў думках ускрашаць,
Каб быт на новы лад пачаці
І сеўбу новую пачаць.
Пачнём дакапывацца самі
Разгадкі нашых крыўд і бед,
Што леглі цёмнымі лясамі
На нашай долі з даўных лет.
Пачнём някратаны паданні
Сачыць пад бацькаўскай страхой,
Шукаць ад рання і да рання,
А толькі хай шукае свой.
Над быстрым Днепрам, дзе сягоння
Стаяць Магілева муры,
Драмала пушча ў сотні гоняў,
Змагала громы і віхры.
На дрэва дрэва нагінала,
Адно к другому прыгняла,
Сукі з сукамі пасплятала
І з ветрам гутарку вяла.
Ваўкоў, дзікоў, ласёў, мядзведзяў
Была там днёўка і начлег
У летні час, і ў галаледдзе,
І ў зімавы глыбокі снег.
Людзей не знаў лес гэты хмурны,
Зайздросна сцежкі свае крыў,
Адно сваім дном Днепра бурны
З вясны да восені ўдаль плыў.
А з пушчы вырваўшысь на поле,
Шумеў і грозны слаў праклён,
Што не даваў яму лес волі -
Давіў галлём з усіх старон.
У гэтай пушчы з перадвекаў -
Што так драмала ўдоўж і ўшыр, -
Сялібу меў сабе Машэка,
Разбойнік страшны на ўвесь мір.
Даўней не зналі так марнеці,
Як мы марнеем з году ў год,
Асілкаў шмат было на свеце,
Быў шмат дужэйшы наш народ.
Асілкам гэтакім ад роду
Машэка быў ў сваёй радні, -
Дзіцём нясці ўжо мог калоду,
Якой трох сталых - не маглі.
Але хоць сілу меў такую, -
Нікому крыўды не рабіў, -
Натуру меў ён залатую,
Як бы ягнём, патульны быў.
Чаму ён так змяніўся з часам,
Што да разбойства давяло,
І да крыві людской стаў ласым,
Сваё пакінуўшы сяло?
Ці дома хлеба меў замала,
Ці крыўду вызнаў ад каго,
Ці мо прастору не ставала,
І ў пушчы стаў шукаць яго?
Ўсё гэта не было прычынай,
Але, як вестка падае,
Была прычынаю дзяўчына,
Машэка згінуў праз яе.
У вёсцы той, дзе жыў ён змалку,
Дзе пасціў, дзе араў, касіў,
На воку дзеўку меў, Натальку,
Аб ёй адной ён толькі сніў.
Былі з сабою адналеткі,
На прызбе рыліся ў зямлі,
На сенажаці рвалі кветкі,
Ўдагонкі разам часта йшлі.
Як толькі ён яе дагоніць,
Як пёрка носіць на руках,
Смяецца, весела гамоніць,
Хоць там дзяўчыну мучыць страх.
Калі ўжо сталі падрастаці,
К рабоце трэ было ісці,
Дык ці то ў полі, ці то ў хаце
Умелі той таго найсці.
Аб чым з сабой тады ўдваёчку
Снавалі думкі, сеўшы ў рад, -
Пытаць аб гэтым трэба ночку
І за акном вішнёвы сад.
Жылі... Дзянькі за днямі гналі
Так ад вясны і да вясны.
Пасля і самі не спазналі,
Як палюбіліся яны.
Каханне - лёгкая прынада
Для сэрцаў чуткіх, маладых,
Хоць бы гняздзілася ў ім здрада,
Хоць гэта б яду быў кяліх.
Усе мы п'ём яго з дурноты,
Жывём ні явай і ні сном.
А прападзе к яму ахвота -
Тады - па часе ўжо - плюём.
На гэту вудачку кахання
Папаў Машэка, як не свой;
Ані спакою, ні прыстання
Не меў ён з гэтаю бядой.
Сябе сам кінуў у няволю
Дзявочых ласк і пустаты;
Пацех меў шмат, цярпення болей,
То весел быў, то - як струты.
Дзяўчына... ведама, дзяўчына -
Хто там згадаў, што ў ёй сядзіць;
Любіла ж, пэўна, хоць часінай, -
У лес па гэта не хадзіць.
Машэка гэтакі асілак,
Што рваў дзярэўе з каранём,
Ў руках яе стаў як апілак:
Яго забрала хараством.
О, шмат прыгожанькіх дзяўчатаў
Старонцы нашай Бог прыдбаў!
Царэвіч ехаць мог бы ў сваты
К ёй не адной, каб толькі знаў.
Душы і сэрцайка такога
І той бязмернай дабраты
Шукаці хіба толькі ў Бога, -
Ў другіх людзей не знойдзеш ты.
На беларускую дзяўчыну,
Калі тут праўду ёй аддаць,
Ніхто йшчэ каменем не кінуў
І не паважыцца кідаць.
Наталька ў вёсцы між сваімі
Найпрыгажэйшаю была,
Грудзямі, шчочкамі, вачыма,
Як мак, між макамі цвіла.
Павеўна, як даспелы колас,
Ішла наперад у танок,
З грудзей гарачых звонкі голас
Змяняла ў песню - як званок.
Прыхільна хлопцы аглядалі
Яе павабны гібкі стан,
Дый толькі сціха уздыхалі...
Адзін Машэка быў тут пан.
Той панства меў недаўгавечна,
Канаў пацехі час святы:
Па Днепру выпала канечна
На Украіну гнаць плыты;
Машэку йкраз чарга папала.
Спачатку слухаць не хацеў;
Быць можа, на яго бы стала,
Бо не на жарты сілу меў,
Але Наталька ўгаварыла:
«Едзь! штось заробіш к жаніцьбе».
Ну, як тут не паслухаць мілай!
І наш Машэка, у жальбе
Па ненаглядненькай дзяўчыне,
Паплыў з плытамі ў край чужы
Таей Дняпровай гладдзю сіняй
Ад роднай прадзедаў мяжы.
Зямля сябе у зелень скрыла,
Лес цёмны з ветрам гаманіў,
Зязюля век людзям лічыла,
А сонца цешылася з ніў.
Машэка плыў, марнеў з нягоды,
Аддыху рэдка меў калі,
І думаў, каб хаця ўжо воды
Яго Дняпровы не змаглі.
Ў дарозе шчасце паручыла,
Загнаў да Кіева плыты,
Дамоў вяртаўся з новай сілай
Пабачыць родныя куты,
Натальку любую сустрэці,
Аджыць агнём яе вачэй,
Бо гэткіх вочак на ўсім свеце
Ён не сустрэў ані ў аднэй.
Спяшыць няўпынна, крок за крокам,
Мінае поле і лясы.
Зямлі сваёй жаданым вокам
Шукае, як канюх расы.
Штось каля Ўзвіжання дабраўся
Дамоў з далёкай чужыны...
О, лепш бы першай не даждаўся,
Як нарадзіўся ён, вясны!
Бядак дачуўся ад суседаў,
Што ўжо Наталькі маладой
Не засталось даўно і следу, -
Як бы Дняпровай сплыў вадой.
Сплыла і ўся яго надзея
Дажыць у радасці жыццё.
Каханне ў сэрцы гэтак сеяў,
А жаць прыйшлося пракляццё.
Непадалёк, дзе жыў Машэка,
Быў двор вялікі, а ў двары
Стаялі хорамы ад векаў
Над самым Днепрам, на гары.
Абведзен быў высокім мурам
Палац, як той астрог, кругом,
Сталетні ліпы ўкруг панура
Стагналі ночаю і днём.
Баярын тамка жыў багаты,
Яшчэ лятамі малады,
Да сваявольства быў заўзяты,
Па-свойму час губляў з нуды.
Усюды броіў самазбродам,
Тварыў закон свой і свой суд
Над абнядоленым народам,
Што збыць не меў сіл сваіх пут.
Паціху толькі ў вёсках людзі
Маркотну гутарку вялі
Аб крыўдах тых, што ім на грудзі
Праз пана каменем ляглі.
О, як адзін хто праз другога
Цярпіць, то йшчэ тут паўбяды,
Але не скрыці ад нікога
Нам крыўды цэлай грамады!