Бацька Аўдзея, 75 год.
Аўдзей — гаспадар хутара, 50 год.
Варвара — яго жонка, 45 год.
Андрэй — іх сын, 25 год.
Дзеці Аўдзея — ад 5 да 25 год.
Эленька.
Жабрак, 70 год.
Сват Аўдзея, 50 год.
Маці Зуйка, 70 год.
Зуёк — бацька Веры, 50 год.
Зуйчыха — яго жонка, 50 год.
Верка — іх дачка, 18 год.
Дзеці Зуйка — дзяўчаты ад 10 да 18 год.
Танька — сяброўка Веры, 18 год.
Хлопцы і дзяўчаты.
Упаўнаважаны з раёна.
Сёмка.
Першы мужык.
Другі мужык.
Хата Аўдзея. Пасярэдзіне стаіць стол. Ля стала з абодвух бакоў лавы. На покуці іконы. Гучыць ранішняя малітва.
Бацька Аўдзея (стаіць перад іконай). «Госпадзі, услыш малітвы рабоў недастойных, яко ёсьць человеці в поце ліца дабываюшчые хлеб свой… Восстав, благодарю цябе, святы Божа, яко радзі твайго долгацярпенія не прагневался на мяне, лянівага і грешнага, не прызвал пагібель, но человеколюбствовал і допусціл мяне восстаць ато сна… I дал мне мімошедшее время ночі сей без напасці от всякого зла прейці… Госпадзі, просім шчадрот тваіх от века ідушчых, за труды нашы воздай і пошлі дзень безгрешный і ўсердзіе і сміреніе всякому рабу своему в прележных трудах крестьянствующего на земле… I сохрані ісполняющіх закон твой і завет твой… Амінь…»
Пад словы малітвы да стала збіраецца сям’я Аўдзея, разам з гаспадаром.
Аўдзей. Андрэй і Макар, запражыце коней — снапы павозіце, што засталіся. Дзеці, каласкі збіраць на калінавае поле! (Паварочваецца да старога бацькі, што сядзіць ля яго па левую руку.) Схадзі на гумно, прыгледзь, каб усё прыгатавана было, каб потым не хапацца. Прывязуць снапы — складзіце. (Працягвае, пасопшы носам.) Манька з Нінкай, бульбу дакопваць! Са ўчарашняга разагнана, а пасля абеду Макар яшчэ разгоне, к вечару каб з поля. Ты, Варвара, з дзеўкамі перабіраць, ды паспяшайцеся, трэці дзень капошыцеся!
Варвара. Сёння кончым. Пагода стаіць.
Аўдзей. Бог не для таго пагоду даў, каб спаць на ёй над бульбай ці языкамі трапаць. Работы ўперадзе хапае. (Зноў звяртаецца да старога.) А на гумно я сам пасля прыйду.
Усе разыходзяцца.
Андрэй!
Андрэй спыняецца і чакае.
Адвязеш снапы, прыйдзеш сюды. Праз тыдзень паедзем на базар. Прададзім пудоў семдзесят бульбы дробнай. Прыкінем грошы. Пара вучыцца грошы лічыць.
Абодва доўга маўчаць.
Ну што стаіш? Ідзі рабі.
Андрэй усё роўна стаіць на месцы. Аўдзей, паглядзеўшы на яго спадылба, пасапеўшы носам, гаворыць.
Ну дык вось… Калі сённі ўправімся… Заўтра з’ездзім да Кацькі, паглядзім, як там яна, як за шляхтай год пражыла; мо пабагацелі, што носа не кажуць… А потым ужо і пагаворым, перад суботай, з табой…
Андрэй выходзіць, Аўдзей дастае паперку, аловак, лічыць.
Калі семдзесят пудоў па восем капеек… Восенню… Хлеб па восені па трыццаць… (Піша нешта ў паперцы, чапляе на нос акуляры.) З жыдам разлічыцца… А калі пакінуць у доўг, не разлічвацца, а аддаць вясною… Каня на восень… А можа, вясною… Падаткі наперад… Аўса зімою…
Уваходзіць вандроўнік, з торбай, кійком, у лапцях.
Жабрак. Беражы вас Бог! (Кланяецца.) Пусціце пагрэцца з дарогі.
Аўдзей (не падымаючы вачэй). Многа вас тута з дарогі… I кожны да чужога цяпла ліпне. Бог не дзеля таго ету дарогу прыдумаў, каб па ёй без работы шляцца.
Жабрак (усміхаецца). Не гняві Бога, Аўдзеюшка. Грэх божаму чалавеку адмовіць.
Аўдзей (падымае вочы). Мікола? Адкуль ты?
Жабрак. Ці не пазнаеш?
Аўдзей. Мікола! (Усміхаецца.)
Жабрак. Ён самы. Суседа не пазнаў, усё лічыш, усё няма калі, памажы табе Бог у справах.
Аўдзей. За Богам не пражывеш. Калі сам не зробіш, то і лічыць няма чаго.
Жабрак. А як няма чаго лічыць, дык і пражыць лягчэй.
Аўдзей (зноў усміхаецца). Вот ты лягчэй і жыві. А я гаспадар. Ты з торбай пайшоў з зямлі, дзяцей што ў прымы, што ў беспасажніцы расторкаў. А я за той час хутар нажыў.
Жабрак. Кожнаму, Аўдзей, свой шлях. Мая гаспадарка не горш тваёй была, ты ж ведаеш. А як памерла жонка, пачаў я голас чуць: «Ідзі з торбаю, толькі той, хто з торбаю, той і выратуецца», — я і пайшоў… Дзесяць год, ад вёсачкі да вёсачкі, ад цэрквачкі да цэрквачкі, учора іду сабе, думаю: «Вось і мая старонка блізка, дай завітаю». А дарога ўсё лесам, лесам, і пераначаваць нейдзе. Іду, а ваўкі, лісіцы па лесе бегаюць. Успомніў я, што ета Здзвіжанне сёння, страшна мне стала. Вецер падняўся, лес стогне, сосны скрыпяць, змеі, здаецца, клубком усе дрэвы аплялі, я ўжо на самую сярэдзіну дарогі, як па нітачцы іду, не аглядваюся, а вецер халодны, да костачак прабірае, пад раніцу ледзьве шавялюся, замёрз, пусціў бы ты пагрэцца…
Аўдзей. Пагрэйся… Печ з раніцы пратоплена… Дзесяць гадоў… Я за дзесяць гадоў гаспадарку падняў. Трох коней маю, з даўгамі разлічыўся.
Жабрак (залазіць на печ). Ой, дзякуй, благаславі цябе Божа.
Аўдзей. Дзесяць гадоў! Ты за еты час вады столькі не папіў, колькі я поту праліў!
Жабрак. Ох цёпленька, ох костачкі прамёрзлі, ох мае костачкі!
Аўдзей. I вот за дзесяць гадоў — катомку ды лапці нажыў. Які толк з цябе?
Жабрак. Вось дзякуй, Аўдзей, вось дзякуй!
Аўдзей. Не дзеля таго Бог чалавека на зямлю пусціў, каб жабраваць.
Жабрак. Каб яшчэ накрыцца чым, век Бога б за цябе маліў.
Аўдзей. Ці ты глухі, ці ты прыкідваешся. Ён Бога б за мяне маліў. (Бярэ з лавы кажушок, кідае на печ.) За сябе памаліся. Мне з тваёй малітвы не жыць.
Жабрак (накрываецца). Ось, саўсім харашо. Госпадзі, што людзям трэба: цяпло ды акрайчык хлеба. I каб не гналі. Дзякуй табе, госпадзі.
Аўдзей. А-а… (Махае рукой і зноў бярэцца за падлікі.) Пудоў… Па паўтары… Рубель… Не менш… Зіму… Хлеб па вясне…
Жабрак. Палічы, Аўдзей, палічы, а я пасплю, маё ўжо ўсё наперад падлічана…
Аўдзей (працягвае). Па тры капейкі… За воўну… пятнаццаць рублёў… На коней…
Збоку з’яўляюцца двое. Адзін нечым нагадвае Аўдзея — невысокі, у добрых ботах. Другі ў дзіравых ботах, але відаць, што хітры і нахабны.
Першы мужык (незадаволена). Зацеяў ты ўсё гэта… Дарэмна… Хто гэта паверыць, выганіць з хаты…
Другі мужык (па-змоўніцку). Ён нічога не ведае.
Першы мужык. Як гэта не ведае? Усе ведаюць, а ён не ведае.
Другі мужык. Адкуль яму пачуць — са сваёй бярлогі не вылазіць, на базар прыедзе — з чалавекам не загаворыць. Гэтакі мядзведзь. А грошы ў яго павінны быць. Кулак добры.
Першы мужык. Дык яно… Нядобра гэтак…
Другі мужык. Ты ў царкву прыйшоў? Я табе сказаў — зраблю. Хто б другі не прадаў, а я прадам. А астатняе — не твая справа. Мне кума — яна жонцы старшыні сельсавета траюрадная — гаварыла. (Азіраецца і шэпча першаму на вуха, той палохаецца.)
Першы мужык. Ды ну? Не, я не пайду. Ідзі адзін, я тут пачакаю.
Другі мужык (бярэ першага пад руку). Пойдзем, пойдзем, яго і ўдвух угаварыць нялёгка, мала што яму ў галаву прыйдзе, а так гаспадар на месцы.
Абодва падыходзяць да стала. Першы мужык трымаецца крыху ззаду. Аўдзей падымае галаву.
Дзень добры, Аўдзей Усцінавіч!
Другі мужык здымае шапку, кланяецца, усміхаецца, першы стаіць збоку.
Аўдзей. Чаго трэба?
Другі мужык. Справа да цябе, Аўдзей Усцінавіч.
Аўдзей (усміхаецца). У цябе справа?
Другі мужык. Ага, Аўдзей Усцінавіч, я адразу казаў — гэта толькі да Аўдзея Усцінавіча, толькі ён і зможа. Сваяк мой, далёкі, па жонцы (паказвае абедзвюма рукамі на першага мужыка), малатарню паравую прадае. Ды хто купіць, усё галота, як вось я, напрыклад — хе-хе-хе-хе, — я і сказаў, калі толькі Аўдзей Усцінавіч, бо, вядома, — гаспадар! I грошы, мабыць, мае. Ён, кажу, рэч у гаспадарцы патрэбную не міне. Гаспадар! Выйшаў бы, паглядзеў, Аўдзей Усцінавіч…
Аўдзей. Вы што, сюды яе прывезлі?
Другі мужык. Ага! Я кажу: толькі Аўдзей Усцінавіч, бо гаспадар (да першага мужыка), талкавейшага гаспадара ў нас тут ва ўсёй акрузе няма. Кожны ведае, які гаспадар Аўдзей Усцінавіч!
Аўдзей. Вось таму, што я гаспадар, малатарню ў цябе купляць не буду.
Другі мужык (пакрыўджана). А-а… а ты хаця б паглядзеў, Аўдзей Усцінавіч…
Аўдзей (абыякава махае рукой, усміхаецца). Паглядзець? А што ты каму прадаў, каб не ашукаць?
Другі мужык (разводзіць рукамі). Грэшан, Аўдзей Усцінавіч, усяк бывала… Але ж гэта — чыста. Яй-бо!
Аўдзей. Дарэмна ты пёрся да мяне са сваёй малатарняй. Сапраўдны гаспадар з ашуканцам звязвацца не будзе. Ды я і сам ведаю, добрай малатарні на нашай акрузе ні ў кога няма.
Другі мужык. Здалёк чалавек прыехаў, з-пад Мсціслаўля, павер, Аўдзей Усцінавіч, а малатарня…
Аўдзей. Зразумела, што за малатарня, калі павёз прадаваць далей ад сваіх месцаў, у нашу глуш. Думаеш, тут дурні? Не ведаюць?
Аўдзей падымаецца з-за стала і падыходзіць да першага мужыка, але другі хуценька становіцца паміж імі.
Другі мужык. Выпадак гэты — нельга дома прадаваць. Выязджае ён, уся вёска супраць яго па злабе — бо ці ж любіць галота хазяіна. Як жа ім прадаваць добрую рэч, малатарня ў яго — золата. Чыстае золата, яй-бо! Вось ён і кажа — не прадам нікому са сваіх, лепш у рэчку ўкіну, а не прадам! Прывёз да мяне — за палавіну прадай, — я і падумаў, хто, як ні Аўдзей Усцінавіч, усе ж наўкола — галота. Калі ўжо такі выпадак — за палавіну!
Аўдзей (другому мужыку). Што ты пляцеш, што ты брэшаш, што ты як вужака на патэльні круцішся! Я бацьку твайго помню — прайдоха ён, і ты прайдоха.
Другі мужык. Хе-хе-хе, Аўдзей Усцінавіч, яно-то гэтак, праўда твая, а толькі малатарня добрая! I чалавека я прывёў вартага, гаспадар. Гэта не я. Што я? Аб мяне і ногі выцерці можна… А — хе-хе-хе — малатарня добрая!
Аўдзей. Ты хочаш Аўдзея абкруціць?! Я да імперыялістычнай малатарню з Сячком удвух трымалі, я яе на жалезкі разабраць-сабраць магу. Мне ламачча і за палову грошай не трэба! Не на таго напаў!
Другі мужык. А ты правер, правер, Аўдзей Усцінавіч. Малатарня — што гадзіннік у нашага пісара. Абы ты гаспадар, і абы ў цябе грошы былі. Правер, як што ў малацілцы не так, галаву мне на калодку і сякерай!
Аўдзей. За тваю галаву я б палову капейкі не даў. А паглядзець дзеля цікавасці можна. За пагляд грошы не плацяць.
Другі мужык. Палову капейкі — хе-хе-хе — Аўдзей Усцінавіч. Ты і прыдумаеш. Але паглядзець трэба — добрая малатарня.
Усе выходзяць. Другі мужык увесь час забягае наперад Аўдзею і працягвае расказваць.
У талковых руках была. Спраўная. Вось далібог! Каля гумна паставілі. Як убачыш, пяцёрку шчэ прыбавіш. Яй-бо! Залатая, залатая малатарня! Яй-бо! Ай да Аўдзей Усцінавіч!
Мужыкі выходзяць, з другога боку сцэны з’яўляецца Эленька.
Эленька. Дзень добры ў хату. Эй, гаспадар! Аўдзей! Ёсць хто-небудзь?
На печы жабрак вылазіць з-пад кажушка.
Жабрак. Здароў, здароў!
Эленька. А-а, гэта ты ўжо тут! Ну-ка, раскажы, як жыды прадалі Ісуса Хрыста! Ты ўсім расказваеш, а не разумееш, што цяпер не той час! Цяпер новае ўрэмя! Ісус Хрыстос цяпер не ў пачоце! А калі б жыды не прадалі яго, табе б не было што расказваць мужыкам і бабам і ты б не меў кавалка хлеба і чарку. Ты ж любіш выпіць, я добра ведаю.
Жабрак. Як нальюць, то вып’ю. (Падымаецца, садзіцца на печы.) А ты ведаеш, Эленька, Іуда таксама любіў выпіць.
Эленька. Хіба так напісана ў Евангеллі?
Жабрак. А вось паслухай. Пілат даў жыдам чатыры залатыя цвікі, каб яны прыбілі рукі і ногі Ісуса да крыжа. А Іуда атрымаў за гэта трыццаць сярэбраных манет. Ну, распялі яны Хрыста, грошы прапілі, а з раніцы хочуць пахмяліцца, бо галава баліць. А пахмяліцца няма за што. Тады Іуда і дадумаўся, цвікі з ног у Хрыста выцягнуў, нагу на нагу, ды адным і прыбіў, а другі залаты цвік залажыў, ды і пахмяліўся.