Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!



Жорж Сiмэнон

Порт у тумане

Пераклад: Алесь Асташонак

I. КОШКА Ў ДОМЕ

Калi а трэцяй гадзiне дня яны ад'язджалi з Парыжа, яшчэ свяцiла няшчодрае восеньскае сонца. Не паспелi даехаць да Манту, як у купэ запалiлi лямпы. А калi мiнулi Эўрэ, за акном была ўжо цемрадзь. Нарэшце запацелае шкло аблажыў такi густы туман, што ў iм танулi нават чыгуначныя агнi.

Уладкаваўшыся ямчэй у куце, Мэгрэ прытулiў галаву да сцяны i, прыплюшчыўшы вочы, машынальна назiраў за двума пасажырамi насупраць - такiмi непадобнымi адно да аднаго.

Капiтан Жарыс спiць. Парык з'ехаў набок - вiдаць яго абсалютна голы, што тое калена, чэрап. Гарнiтур памяты.

А Жулi, склаўшы рукi на сумачцы са штучнай, пад кракадзiлавую, скуры, стараецца, нягледзячы на стомленасць, захоўваць задуменны выгляд.

Камiсар крымiнальнай палiцыi Мэгрэ прывык, што ў яго жыццё вiхурай урываюцца незнаёмыя людзi, цэлымi днямi, тыднямi, месяцамi патрабуюць пiльнай увагi, а пасля зноў знiкаюць у безаблiчным натоўпе.

Пад стук колаў мерна цякуць яго думкi, заўсёды адны i тыя самыя ў пачатку кожнай новай справы. Якая яна будзе гэтым разам: агiдная цi трагiчная, заiнтрыгуе цi не?

Мэгрэ глядзiць на Жарыса, ледзь прыкметна ўсмiхаецца. Дзiўны чалавек! На набярэжнай Арфэўр* яго пяць дзён называлi - "гэты чалавек", нават iмя не ўдавалася высветлiць.

* На набярэжнай Арфэўр знаходзiцца галоўны камiсарыят крымiнальнай палiцыi Парыжа.

Падабралi яго на Вялiкiх бульварах - кiнулася ў вочы, як ён кiдаўся то ўзад, то ўперад у патоку аўтобусаў i легкавых машын. Загаварылi з iм па-французску. Нi слова адказу. Паспрабавалi распытаць яго на сямi цi васьмi мовах. Зноў маўчанне. Мiгаў глуханямых таксама не зразумеў.

Вар'ят? У кабiнеце Мэгрэ яго абшукалi. Гарнiтур, бялiзна, чаравiкi - усё на iм было новае. Усе меткi з адзежы зрэзаны. Нi дакументаў, нi кашалька. Але ў адной кiшэнi - пяць зусiм новенькiх купюр па тысячы франкаў.

Невясёлы, нiчога не скажаш, пачатак расследавання! Пошукi ў службовых журналах, у антрапаметрычнай картатэцы. Тэлеграмы ва ўсе канцы Францыi i за мяжу. А "гэты чалавек", як нi мучаюць яго надакучлiвымi допытамi, толькi лагодна ўсмiхаецца з ранiцы да вечара!

На выгляд яму гадоў пяцьдзесят. Каржакаваты карантыш. Нiякiх прыкмет неспакою або незадаволенасцi не выказвае. Усмiхаецца, i ўсё. Iншы раз, праўда, здаецца, намагаецца нешта ўспомнiць, але надоўга яго не хапае. Страта памяцi? Знялi парык i ўбачылi: не далей як два месяцы назад чэрап чалавеку раскавялiла куля.

Дактары ў захапленнi ад хiрургавай працы: нячаста даводзiцца сустракацца з гэтакiм майстэрствам!

Новыя тэлеграмы ў шпiталi i клiнiкi Францыi, Бельгii, Германii, Галандыi...

Праходзяць пяць дзён карпатлiвага пошуку. Вынiкi аналiзу плямаў на адзежы i пылiнак у кiшэнях бянтэжаць.

Знойдзена рэштка высушанай i скрышанай трасковай iкры, якую апрацоўваюць гэтакiм чынам на поўначы Нарвегii i выкарыстоўваюць як прынаду пры лоўлi сардзiн.

Выходзiць, што "гэты чалавек" - адтуль? Можа, скандынаў? Некаторыя прыкметы паказваюць на тое, што ён зрабiў доўгае падарожжа па чыгунцы. Але як мог ён ехаць адзiн - без'языкi. перапалоханы недарэка, якi адразу звяртае на сябе ўвагу?

Змясцiлi яго фота ў газетах. Атрымалi тэлеграму з Вiстрэама: "Незнаёмы апазнаны".

За тэлеграмай прыехала жанчына, дакладней будзе сказаць - дзяўчына. I вось яна ў кабiнеце ў Мэгрэ. Твар стомлены, са слядамi памады i пудры. Завуць яе Жулi Легран, яна - служанка "гэтага чалавека".

Зрэшты, таго ўжо больш так не называюць, бо ведаюць, хто ён такi.

Гэта Iў Жарыс, былы капiтан гандлёвага флоту, цяпер начальнiк вiстрэамскага порта.

Жулi плача. Яна нiчога не разумее! Упрошвае свайго гаспадара сказаць ёй хоць слова. А той адно глядзiць на яе пяшчотна i зычлiва - як i на ўсiх астатнiх.

Капiтан Жарыс знiк з Вiстрэама шаснаццатага верасня. Цяпер канец кастрычнiка.

Што здарылася з iм за гэтыя паўтара месяцы?

"У той вечар ён як звычайна, - расказала Жулi, - пайшоў у порт на начное шлюзаванне. Я легла спаць. А назаўтра, устаўшы, не знайшла яго ў доме..."

Спачатку вырашылi, што Жарыс няўдала ступiў i ўпаў у ваду - якi ж густы быў у той вечар туман. Шукалi яго бусакамi. Пасля падумалi, што капiтан уцёк, - была, вiдаць, на тое нейкая прычына.

- Лiзьё! Прыпынак тры хвiлiны.

Каб размяцца, Мэгрэ выйшаў на платформу, зноў набiў люльку. Ён ужо столькi палiў у дарозе, што ў купэ стала шыза.

- Цягнiк адпраўляецца!

Жулi скарысталася адсутнасцю Мэгрэ i прыпудрыла кончык носа. Вочы ў яе яшчэ чырвоныя ад слёз.

Дзiўна, але яна то здаецца прыгожай i нават вытанчанай, то невядома чаму робiцца раптам няўклюдай, манеры якой проста бянтэжаць.

Цяпер яна папраўляе парык на галаве ў капiтана, свайго "гаспадара", як сама яго называе. Робячы гэта, Жулi глядзiць на Мэгрэ, нiбыта заяўляе: "Гэта маё права - даглядаць яго!"

Сям'i ў Жарыса няма. Ужо шмат гадоў Жулi жыве ў яго доме. Капiтан называў яе сваёй ахмiстрыняй.

"Ён любiў мяне, як родную дачку", - усхвалявана падкрэслiла Жулi.

Ворагаў у яго не было! Чалавек самавiты, нiякiх благiх звычак не меў.

Пасля трыццацiгадовай службы на моры ён не змог прывыкнуць да бяздзейнасцi i, нягледзячы на пенсiйны ўзрост, папрасiў назначыць яго начальнiкам вiстрэамскага порта. Збудаваў сабе ў гарадку маленькi домiк...

I вось увечары шаснаццатага верасня ён раптам знiкае, а праз паўтара месяцы аказваецца ў Парыжы ў гэтакiм выглядзе!

Жулi проста сумелася, калi ўбачыла свайго гаспадара ў шэрым крамным гарнiтуры. Яна прывыкла бачыць яго толькi ў форме марскога афiцэра.

Яна нервуецца, ёй не па сабе. Кожны раз, калi глядзiць на капiтана, на твары ў яе i замiлаванасць, i няясны страх, i нейкая неадольная трывога. Гэта, вядома, ён, яе "гаспадар", але ў той жа час i не зусiм ён.

"Ён паправiцца, праўда?.. Я буду яго даглядаць..."

Па шкле сцякаюць цяжкiя кроплi. Вагон уздрыгвае, i масiўная галава Мэгрэ кiваецца з боку на бок... Камiсар спакойна назiрае за спадарожнiкамi. Жулi, мусiць, думае, што можна было ўсё-такi абысцiся, як яна казала, вагонам трэцяга класа - гэтак яна звычайна i робiць. Жарыс час ад часу прачынаецца i азiраецца, нiчога не разумеючы, па баках.

Яшчэ адзiн прыпынак у Кане, пасля - Вiстрэам.

"У гэтым гарадку каля тысячы жыхароў, - сказаў камiсару адзiн саслужывец, родам з тых мясцiн. - Порт невялiкi, але важны, бо звязаны з Канам каналам, па якiм праходзяць караблi ў пяць тысяч тон i болей".

Мэгрэ не спрабуе ўявiць сабе гэты гарадок. Ён ведае па вопыце, што ўсё роўна памылiцца. Пакуль што ён проста едзе туды, i позiрк яго раз-пораз падае на парык, якiм прыкрыты ўсё яшчэ ружовы шрам.

Да таго, як капiтан знiк, у яго былi густыя, вельмi цёмныя валасы з ледзь прыкметнай сiвiзною на скронях. Яшчэ адна прычына адчаю Жулi: яна бачыць не можа гэты голы чэрап! I кожны раз, калi парык спаўзае, яна спяшаецца паправiць яго.

"Я так думаю, што яго хацелi забiць", - сказала Жулi ў кабiнеце.

У яго стралялi, гэта факт! Але потым давялi да ладу такiя выдатныя дактары...

Калi ён знiк, грошай пры iм не было. А знайшлi яго з пяццю тысячамi франкаў у кiшэнi!

Ёсць над чым падумаць.

А тут яшчэ Жулi адкрывае раптам сумачку.

- Зусiм забылася! Я прывезла карэспандэнцыю гаспадара.

Пошта не дужа багатая. Праспекты фiрм, якiя гандлююць марацкiмi таварамi, квiтанцыя на ўплату сяброўскiх унёскаў у прафсаюз капiтанаў гандлёвага флоту... Паштоўкi ад сяброў, якiя яшчэ плаваюць, адна - з Пунта-Арэнас*...

* Горад i порт у Чылi.

Лiст з Нармандскага банка ў Кане. Бланк запоўнены на машынцы:

"...маем гонар паведамiць вам, што праз пасрэднiцтва Нiдэрландскага банка ў Гамбурзе на Ваш рахунак 14 173 пераведзена сума ў 300 000 франкаў".

А Жулi ўжо колькi разоў казала, што капiтан небагаты! Мэгрэ глядзiць па чарзе на абаiх спадарожнiкаў.

Трасковая iкра... Гамбург... Чаравiкi нямецкай вытворчасцi...

Адзiн толькi Жарыс мог бы ўсё растлумачыць! Жарыс, якi шырока i зычлiва ўсмiхаецца, як толькi прыкмячае, што Мэгрэ глядзiць на яго.

- Кан. Цягнiк iдзе да Шэрбура. Пасажыры на Вiстрэам Лiён-сюр-Мэр, Люк...

Сем гадзiн вечара. Туман такi густы, што святло лiхтароў на платформе ледзь прабiваецца праз яго малочную заслону.

- Чым цяпер паедзем? - пытаецца Мэгрэ ў Жулi, прабiраючыся праз шчыльны натоўп пасажыраў.

- Больш няма чым. Цяпер прыгарадны ходзiць толькi два разы на дзень.

Каля вакзала стаяць таксi, можна садзiцца. Але Мэгрэ хоча есцi. Ён не ведае, што чакае яго ў Вiстрэаме, i прапануе Жулi павячэраць у буфеце.

Капiтан Жарыс усё такi ж памяркоўны. Есць усё, што яму даюць, усё роўна як паслухмянае дзiця. Нейкi чыгуначнiк круцiцца каля iх стала, разглядвае Жарыса, пасля пытаецца ў Мэгрэ:

- Цi не начальнiк гэта вiстрэамскага порта?

I круцiць пальцам каля скронi. Мэгрэ кiвае, i той адыходзiць. Вiдаць, яму нялёгка паверыць у тое, што ён бачыць.

А Жулi ўсё незадаволеная:

- Дванаццаць франкаў за гэтакую вячэру! Дый згатавана не на масле. Нiбыта нельга было павячэраць дома...

Мэгрэ думае: "Стрэл у галаву... Трыста тысяч франкаў..." Ён пiльна ўзiраецца ў нявiнныя вочы Жарыса - разгледзець бы ў iх, якая такая загадка за ўсiм гэтым...

На вакзале да iх пад'язджае таксi - старая прыватная машына. Рысоры бязбожна скрыпяць. Мэгрэ i яго спадарожнiкi з цяжкасцю ўмяшчаюцца на прамятым сядзеннi. Жулi сядзiць памiж мужчынамi, i яны ўвесь час навальваюцца на яе.

- Не памятаю, цi замкнула я садовую брамку, - шэпча яна. Вiдаць, яе ўжо адольваюць розныя гаспадарчыя клопаты.

Выязджаючы з горада, машына лiтаральна ўразаецца ў сцяну туману. Шафёр прытарможвае. Але ўсё роўна перад самым носам узнiкаюць раптам, быццам зданi, конь i павозка. Паабапал дарогi - прывiдныя дрэвы, дамы...

Прыходзiцца ехаць яшчэ цiшэй. Машына ўжо ледзь паўзе: дзесяць кiламетраў у гадзiну. Ды зноў з туману раптам выскоквае нехта на ровары - i ледзь не пад колы. Спынiлiся. Усё абышлося добра.

Машына ўязджае ў Вiстрэам. Жулi апускае шкло.

- Едзьце да порта, - кажа яна шафёру, - пасля будзе развадны мост, за iм i дом - каля маяка.

Ад гарадка да порта - з кiламетр шашы, абапал якой - бледныя светлячкi газавых лiхтароў. Каля моста ўбачылi святло ў нейкiм вялiзным акне, пачулi шум.

- Шынок "Марацкi прытулак", - растлумачыла Жулi. - Тут партавiкi бавяць звычайна час.

За мостам шашы, лiчы, ужо няма - дарога губляецца ў балотах, што падступаюць да самага берага рэчкi Орны.

Тут увогуле нiчога няма, апроч маяка i двухпавярховага домiка з невялiкiм садам.

Таксi спыняецца. Мэгрэ назiрае за Жарысам, якi выходзiць сам з машыны i ўпэўнена кiруецца да брамкi.

- Бачыце, пан камiсар! - ускрыквае Жулi. Яна ажно дрыжыць ад радасцi. - Ён пазнаў дом! Я проста ўпэўнена, што ўрэшце ён ачуняе.

Яна ўстаўляе ключ у замок, адчыняе брамку - тая скрыпiць - iдзе па гравiйнай сцежцы. Мэгрэ плацiць шафёру, даганяе Жулi. Таксi ад'язджае, i ўсё навокал тоне ў цемры.

- Запалiце, калi ласка, сярнiчку! Не магу нiяк трапiць у замок...

Успыхвае запалка. Жулi адчыняе дзверы. Пад нагамi ў Мэгрэ прабягае нешта цёмнае. Жулi, якая ўвайшла ўжо ў калiдор, запальвае святло, здзiўлена глядзiць на падлогу, шэпча:

- Гэта ж кошка выскачыла, здаецца?

Прывычна здымае капялюш i палiто, вешае, адчыняе дзверы кухнi, запальвае там святло, мiжволi паказваючы гэтым, што менавiта на кухнi прымаюць гасцей у доме.

Кухня - прасторны пакой з выкладзенымi керамiчнаю плiткаю сценамi, нашараваным пяском вялiкiм драўляным сталом. Паўсюды зiхацяць начышчаныя да бляску рондалi.

Капiтан прывычна iдзе да плеценага крэсла каля печкi, садзiцца.

- Я ж, здаецца, калi ад'язджала, выпусцiла кошку, - кажа Жулi сама сабе. Вiдаць, што яна занепакоеная. - Але, вядома... Усе дзверы зачыненыя... Пан камiсар, калi ласка, давайце пройдзем разам па пакоях... Мне адной страшна...

Жулi такая напалоханая, што ледзь асмельваецца iсцi першая.

Адчынiлi дзверы ў сталовую. Iдэальны парадак. Паркет i мэбля - што люстра. Пiянiна. Фарфор, прыгожыя кiтайскiя лакiраваныя цацкi, прывезеныя, пэўна, капiтанам з Далёкага Ўсходу. Здаецца, гэтым пакоем нiколi не карысталiся.

- Гляньце, калi ласка, за шторамi, - просiць Жулi.

Пасля - гасцёўня. Мэбля тут расстаўлена ў тым самым парадку, у якiм стаяла ў краме, дзе куплялася. Капiтан iдзе за iмi, яўна задаволены. Яны падымаюцца па засланай чырвоным дываном лесвiцы. Наверсе - тры пакоi, адным з якiх зноў-такi, вiдаць, не карыстаюцца.

I ўсюды - iдэальная чысцiня, бездакорны парадак. Прыемна пахне вёскаю i кухняю.

Нiкога ў доме. Вокны i дзверы ў сад - зачыненыя.

- Кошка, мусiць, прабралася ў дом праз якую-небудзь дзiрку, - кажа Мэгрэ.

- Няма ў нас нiякiх дзiрак...

Усе вяртаюцца на кухню. Жулi адчыняе шафу.

- Можа, налiць вам чаго-небудзь выпiць? - пытаецца ў Мэгрэ Жулi.

Менавiта цяпер, у звычайным гаспадарчым клопаце, налiваючы лiкёр у маленькiя чарачкi, аздобленыя маляванымi кветачкамi, яна адчула асаблiва востры адчай i заплакала.

Яна ўпотайкi кiдае позiрк на капiтана, якi спакойна сядзiць у крэсле. Ёй цяжка глядзець на свайго гаспадара, i яна адварочваецца ад яго i лапоча, каб хоць крыху забыцца:

- Я падрыхтую вам пакой...

I зноў плача. Здымае са сцяны белы фартух i выцiрае слёзы.

- Я спынюся лепш у гатэлi, - кажа камiсар. - Тут ёсць якi-небудзь гатэль?

Жулi глядзiць на маленькi насценны гадзiннiк - такiя звычайна выйграюць на кiрмашах. Цiканне яго вельмi натуральна ўпiсваецца ў патрыярхальнасць дома.

- Але, ёсць, - адказвае дзяўчына. - Цяпер там яшчэ не спяць. Гэта па той бок шлюза, якраз непадалёк ад шынка, што вы бачылi.

Аднак вiдаць, што ёй не хочацца адпускаць яго. Пэўна, яна баiцца застацца адна з капiтанам, бо i зiрнуць цяпер на яго не асмельваецца.

- Вы думаеце, у доме няма нiкога чужога? - пытаецца яна.

- Вы ж самi бачылi.

- Вы прыйдзеце заўтра ранiцай?

Яна праводзiць яго да дзвярэй - i адразу ж зачыняецца. Туман такi густы, што Мэгрэ не ведае, куды iсцi. Але брамку ўсё ж такi знаходзiць. Выйшаўшы з саду, ён адчувае спачатку, што iдзе па траве, пасля выходзiць на брук. Удалечынi чуваць нейкi гук, але нельга зразумець, што гэта такое.

Гук падобны на мычанне каровы, але нейкi роспачны.

- Во дзе дурань! - кажа раптам сам сабе Мэгрэ. - Гэта ж карабельны сiгнал, на туман...

Камiсар дрэнна арыентуецца. Далёка ўнiзе, пад нагамi, ён бачыць ваду - яна дымiцца. Мэгрэ i не ведае, што стаiць на сцяне шлюза. Недзе скрыпяць дзержакi. Камiсар не памятае, у якiм месцы яны пераехалi канал, i, убачыўшы вузенькi масток, ужо мерыцца ступiць на яго.

- Асцярожна! - чуе ён голас.

Ну i ну! Голас зусiм побач, Мэгрэ здаецца, што ён тут зусiм адзiн, а за тры метры ад яго, аказваецца, стаiць чалавек. Толькi пiльна ўгледзеўшыся, Мэгрэ распазнае сiлуэт.

Камiсар адразу ж разумее перасцярогу: масток, на якi ён ужо ледзь не ступiў быў, апускаецца. Гэта вароты шлюза. Неўзабаве вiдовiшча робiцца яшчэ больш фантасмагарычнае: побач, за некалькi метраў ад Мэгрэ, узнiкае ўжо не постаць чалавека, а сапраўдная сцяна вышынёю з добры дом. Уверсе, над сцяною цьмяныя агеньчыкi.

Читать книгу онлайн Порт у тумане (на белорусском языке) - автор Жорж Сименон или скачать бесплатно и без регистрации в формате fb2. Книга написана в году, в жанре Полицейский детектив. Читаемые, полные версии книг, без сокращений - на сайте Knigism.online.