Кацярына МЯДЗВЕДЗЕВА
ШКЛЯНЫ, АЛАВЯНЫ, ДРАЎЛЯНЫ
Казачная аповесць
Ванда вязала пальчаткі і думала. Вось стаіць на пагорку дом. У садзе саспелі вішні. Праз сад цячэ раўчук, у ім водзіцца фарэль. Можна рваць ягады, лавіць рыбу, пераходзіць раўчук па слізкіх белых камянях, гуляць у хованкі ці рабіць прыгожых доўгавалосых лялечак з дзьмухаўцоў, якія растуць на пагорку і ў садзе. Можна было б, калі б у Ванды была сястра. Сястра — гэта мара Ванды. Вераніка не лічыцца, таму што яна на дзесяць гадоў старэйшая, ніякіх агульных інтарэсаў. Яшчэ ёсць брат Віктар, на тры гады старэйшы за Ванду. Але ў яго наўме толькі палотны, грунтоўкі, пэндзлі з вавёрчынай поўсці і выдатны краявід, які адкрываецца з акна Ванды ў 5 гадзін раніцы: світанне над ракой. Пасля таго, як Ванда стала на ноч замыкаць дзверы ў свой пакой, Віктар надзьмуўся, заявіў, што яна пазбавіла свет геніяльнага пейзажа і што яму, Віктару, няма аб чым размаўляць з чалавекам, які не бачыць у словах «пасцель» і «пастэль» прынцыповай розніцы.
Цяпер Віктар сядзіць дзе-небудзь ля ракі — ён абяцаў прабабулі карціну «Чараты пад вербамі» ці штосьці падобнае, каб павесіць над камінам у спальні. А Ванда вяжа прабабулі ніцяныя тонкія пальчаткі — тры пары, у колер да трох улюбёных прабабуліных сукенак: белыя, ружовыя і блакітныя. Прабабуля не любіць змрочныя адценні.
Сёння аўторак, падумала Ванда, прабабулін дзень нараджэння заўтра, у сераду. Але няма сіл уседзець дома, і Ванда — пальчаткі ўжо давязаны — вырашыла пайсці да прабабулі, даведацца, які замовілі торт і ці ўсе госці змогуць прыйсці.
Прабабуля жыве недалёка. Спусціся з пагорка, па дарозе набраўшы букет рамонкаў, прайдзі па Вячэрняй вуліцы каля аптэкі і Школы добрых манер, за банкам звярні на бульвар Пралесак, і вось — двухпавярховы старадаўні асабняк. Над дзвярамі — шыльда з пазалочанымі літарамі: «Антыкварная крама». За прылаўкам у маленькім пакоі стаіць Коцік, сын дырэктара банка. Прычына, па якой Коціка прыцягнулі не мяшкі з грашыма, а пыльныя паліцы, забітыя скрыначкамі, кандэлябрамі, срэбнымі гадзіннікамі і падзорнымі трубамі, простая: Коцік — паэт. Ён глядзіць на габелены, камеі, табакеркі, бурштынавыя муштукі, калаўроты з інкрустацыяй — і ўяўляе сабе сярэднявечны замак, габелены на сценах, а ў крэсле ля каміна — вядома, прыгожая прынцэса, яна прадзе залатое руно і сумна ўзіраецца ў агонь. А чый муштук, хто там паліць? Натуральна, злы кароль. Ён трымае прынцэсу пад замком, толькі чаму, Коцік не ведае, не паспеў яшчэ нафантазіраваць, перашкаджаюць пакупнікі. Аднаму спатрэбіўся партсігар з сакрэтным замочкам, другому — бронзавая ваза, трэці шукае завушніцы для нявесты, і Коцік кліча прабабулю: каштоўнасці прадае толькі гаспадыня.
Ванда паціху прашмыгнула ўсярэдзіну. Коцік памахаў ёй, прабабуля ўсміхнулася і падміргнула.
— Вось гэтыя завушніцы — залатыя матылькі, абсыпаныя дыяментамі, напэўна, спадабаюцца вашай нявесце, — сказала прабабуля.
— Яна не... не любіць казурак, — прамармытаў пакупнік.
— Тады вазьміце гэтыя рубіны ў круглай аправе, проста і элегантна.
— Яны занадта буйныя, — пакупнік выцер хустачкай потны лоб.
— Можа, жэмчуг? — прабабуля раскрыла чарговы футарал. — Вельмі рэдкія ружовыя жамчужыны, і да іх яшчэ калье.
— Не трэба калье! — спалохаўся пакупнік. — Я прасіў толькі завушніцы, самыя звычайныя.
— А якога колеру вочы ў вашай нявесты? — спытала Ванда. — Падбярыце пад колер.
— Вочы? — разгубіўся пакупнік. — Вось ужо... пры чым тут... я нават і не...
Ванда прайшла ў суседні пакой, дзе ўсё было забіта старадаўнімі рэчамі. Коцік сядзеў у аксамітавым пашарпаным крэсле і круціў у руках яшмавую фігурку.
— Як гандаль? — спытала Ванда.
— Так сабе. За тыдзень прадалі тры рэчы: набор мельхіёравых кававых лыжачак, белы веер.
— Той прыгожы белы веер, размаляваны цмокамі? — засмуцілася Ванда. — А я хацела з ім пазіраваць для сямейнага партрэта. Японскі парасонік з ланцужком хоць застаўся?
— Застаўся.
— А што яшчэ прадалі?
— Запальнічку. Ты проста так прыйшла ці бацькі прыслалі?
— Проста так. Дома сумна, няма з кім пагуляць. Вось калі б у мяне была сястра.
— Твая запаветная мара, — сказаў Коцік і паглядзеў на гадзіннік, які зайграў бадзёры марш. — Усё, крама зачыняецца.
У пакой увайшла прабабуля.
— Ну і скнара, — сказала яна.
— Якія завушніцы ён купіў? — спытала Ванда.
— Ніякія, — прабабуля пакруціла галавой. — Пайшоў у ламбард, там сёння распродаж біжутэрыі. У нас для яго занадта дорага. Не зайздрошчу яго нявесце.
— Прадзядуля вярнуўся? — спытала Ванда. Бо прадзядуля рэдка бываў дома, ён ездзіў па розных гарадах і вёсках, часам нават за мяжу, і прывозіў дзіўныя і рэдкія старадаўнія рэчы на продаж.
— Няма яшчэ, — прабабуля хітра ўсміхнулася. — Я абмовілася пры ім, што мерзну па вечарах. Упэўнена, ён шукае мне ў падарунак што-небудзь унікальнае накшталт хусткі з драконавага пуху.
— Хіба такія бываюць? — спытаў Коцік.
— Ідзіце вячэраць, — засмяялася прабабуля. — Я згатавала вашы ўлюбёныя бульбяныя бліны.
Яны елі ўтраіх ва ўтульнай прабабулінай кухні за круглым сталом, пакрытым жоўтым абрусам. Талеркі былі ярка-сінія, і рамонкі Ванды стаялі ў прыгожай белай вазачцы. Прабабуля распавядала пра заўтрашняе свята. Торт яна спячэ проста велізарны, ён будзе прапітаны цытрынавай наліўкай, начынены арэхамі, цукатамі і скрылікамі ананаса, а зверху паліты шакаладам і пасыпаны какосавай габлюшкай. Усярэдзіне, як заўсёды на прабабулін дзень нараджэння, схаваюць залатую манетку. Каму яна дастанецца, той можа быць упэўнены, што спраўдзіцца яго запаветнае жаданне. Вандзе манетка не траплялася яшчэ ні разу.
Увечары Коцік праводзіў Ванду дахаты. Над імі запальваліся зоркі, веяла пахам руж — вакол кожнай хаты ў горадзе быў сад з фруктовымі дрэвамі, лужком, альтанкай і абавязкова ружамі.
— Забыўся табе паказаць, — сказаў раптам Коцік. — Учора прыбіраўся ў каморцы тваёй прабабулі. Вось глядзі, што выпала са старой расходнай кнігі.
— Фатаграфія, — сказала Ванда. — Ой, ды гэта ж я. Але з кім гэта? Я не ведаю ў нас у горадзе дзяўчынкі з такімі доўгімі валасамі... Не, гэта не я, у мяне няма такой сукенкі.
Яна перавярнула фатаграфію. На звароце выцвілымі фіялетавым чарнілам было напісана: «Віруліна і Якабіна».
— Табе знаёмыя гэтыя імёны? — спытаў Коцік.
— Віруліна — гэта мая мама. А другое — не. Можна, я вазьму гэту фатаграфію?
— Ты ведаеш... — Коцік памаўчаў. — Не крыўдзіся, але я хачу пакінуць яе сабе. Гэтая доўгавалосая дзяўчынка — яна такая. казачная... Калі я гляджу на яе, прыгожыя вершы так і лезуць у галаву. У мяне ніколі раней так добра не атрымлівалася.
— Ну добра. Раз ужо ты закахаўся ў гэтую Якабіну, хай застаецца з табой.
— Цяпер яна ўжо дарослая, як твая мама, — сказаў Коцік, уздыхнуўшы, — і пэўна, ужо зусім змянілася. Але, можа, у яе ёсць дачка. Падобная да яе.
— Хочаш, я спытаюся ў мамы?
— Не трэба, што ты, — збянтэжыўся Коцік. — Усё адно яна жыве не ў нашым горадзе, а дзесьці далёка. Хай застаецца марай.
Дома Ванду сустрэў водар сырных булачак і кавы, значыць, мама з татам ужо прыйшлі дадому і павячэралі.
— Нясі пальчаткі, мы загортваем падарункі! — крыкнуў з гасцінай Віктар. — І хутчэй ідзі паглядзі, я скончыў карціну!
— Ванда, тэфтэлі яшчэ гарачыя, будзеш есці? — спытала мама, а Вераніка выйшла ў пярэднюю і прашаптала:
— Там прыйшоў мой жаніх. Калі ласка, трымай рот на замку, ніякіх выказванняў у мой адрас, асабліва пра мінулых жаніхоў і колер маіх валасоў.
Ванда ўздыхнула. Такая сястра — усё адно, што ніякай сястры. Хіба пагаворыш з ёй пра што-небудзь сур’ёзнае? Вераніка любіць абмяркоўваць толькі памады, фарбы для валасоў і модны абутак.
У гасцёўні шамацела папера, звінелі лыжачкі ў кубках, трашчалі ў каміне дровы, — мама любіць тапіць камін нават летнімі вечарамі. Яна кажа, што ў іх сям’і ўсе любяць глядзець на агонь. І гэта праўда, Ванда ведае па сабе.
— Сёння да бабулі нейкі тып прыходзіў, да таго скупы! — сказала яна, запхнуўшы ў рот сырную булачку. — Шукаў завушніцы для нявесты.
— І што ён абраў? — спытала мама. — Я памятаю, там ёсць цудоўныя смарагды.
— Нічога не абраў, пайшоў у ламбард, — сказала Ванда. — Гэта мая кава?
— Так, — сказала мама. — Якое супадзенне, Альберт якраз сёння падарыў завушніцы Вераніцы. Ружовы пластык, вельмі мілыя.
Ванда зірнула і ледзь не расплюхала каву: на канапе побач з сястрой сядзеў той самы скнара і нервова церабіў у руках сурвэтку.
— Ты прынесла пальчаткі? — спытаў тата. — У нашай сям’і ніхто не ўмее вязаць, акрамя Ванды, — звярнуўся ён да Альберта.
— Я. я таксама не ўмею, — сказаў той. Віктар хіхікнуў, але закрыў рот рукой і хуценька зрабіў абыякавы твар.
— Мы з татам падорым прабабулі кацяня, — сказала мама.
— Вы яго загортваеце? — здзівілася Ванда.
— А я падару фарбу для валасоў, — сказала Вераніка. — Сучасныя жанчыны кажуць «не!» сівым валасам!
— Значыць, у цябе таксама былі сівыя валасы? — выклікнуў Віктар. — Вось чаму ты іх пафарбавала!
— Ты фарбуеш валасы? — спытаў Альберт расчаравана. — Я думаў, яны такія чорныя і бліскучыя ад прыроды.
— Вас, жаніхоў, не зразумееш, — сказала Ванда. — Карлу, наадварот, падабалася, што ў Веранікі фарбаваныя валасы, ён сам прасіў яе фарбавацца толькі ў руды.
— У руды? — прашаптаў Альберт. — Карл? Але ты казала мне, што выхоўвалася ў манастыры і да мяне не ведала мужчын.
— У манастыры? — пераглянуліся мама і тата. Тата падазрона закашляўся, а мама паспешна прапанавала:
— Альберт, яшчэ кавы?
— Мама варыць самую смачную каву ў горадзе, — сказаў Віктар. — Усе жаніхі Веранікі былі ў захапленні.
— Не, дзякую, — сказаў Альберт і ўстаў. — На жаль, вымушаны вас пакінуць, успомніў пра адну неадкладную справу.
Калі за ім зачынілі дзверы, Вераніка спытала:
— Што, ён сапраўды пашкадаваў грошай на антыкварныя завушніцы? А ён жа такі багаты!
— Таму ты з ім і сустракалася? — спытаў Віктар.
— Не, проста ў маёй калекцыі жаніхоў не было яшчэ ніводнага Альберта.
***
Вячэрняе сонца залаціла вінаграднае лісце і лужыны, што засталіся пасля дажджу. Скрозь аконную рашотку віднелася залаціста-ружовае неба. Далёка ў садзе брахалі сабакі. Рыпала тачка садоўніка.
Бурштына адлажыла залатое прадзіва і ўстала, таму што ў пакой увайшоў кароль.
— Прадзеш? — спытаў ён, паціраючы рукі.
— Мне надакучыла, — адказала Бурштына. — Я хачу танчыць і размаўляць з іншымі людзьмі.
— Размаўляць? — здзівіўся кароль і пагладзіў яе па галаве. — Твае валасы адрастаюць так хутка. Альма ўзяла дзвюх сялянак у памагатыя, яны не паспяваюць ткаць, а парчу ўсё дасылаюць. Усе жадаюць насіць сукенкі толькі з нашай парчы.
— Мне гэта надакучыла, — паўтарыла прынцэса.
— Так, так, ты хочаш размаўляць, — кіўнуў кароль. — Дык давай пагаворым, ты ж можаш пагаварыць са сваім бацькам, золатка? Да каралевы таксама цябе пускаюць без перашкод. Альма і Чэс заўсёды рады пабалакаць. І ўсе служкі. Чаго ж табе яшчэ?
— Мне патрэбна сяброўка, — уздыхнула Бурштына. — Мне патрэбна музыка. Я хачу смяяцца і танчыць. Чэс кажа, што раней у замак прыязджалі госці, іншыя каралі ды каралевы з дзецьмі і світай, што не спыняліся балі, маскарады, феерверкі, тэатр і лодкі. Што раней былі адчынены ўсе паверхі і пакоі.
— Адкуль бы яму гэта ведаць? — здзівіўся кароль. — Вы амаль аднаго ўзросту, чаму ж ён памятае, а ты — не? Ён проста выдумляе, золатка.
— Але няўжо да нас ніхто не можа прыехаць?
— Я ж распавядаў табе. Няўжо не верыш роднаму бацьку?
— Можна мне пагуляць да вячэры? — спытала Бурштына.
— Добра, ідзі, — сказаў кароль і сышоў.
Бурштына накінула плашч, завязала валасы хусткай, каб іх ззянне не выдавала, дзе яна гуляе. Хоць — дзе б яна ні была, дзе б ні схавалася — яе ўсё адно высачаць, знойдуць, возьмуць за руку і прывядуць у гэты пакой з кратамі на вокнах.
Яна выйшла з замка. У калідорах ёй сустрэліся двое слуг — пакаёўка несла стос адпрасаваных прасцін, ды кухцік цягнуў на кухню поўныя вёдры вады. Абое яны, убачыўшы прынцэсу, адхіснуліся і паскорылі крок. Бурштына ведала: яны баяцца. Усе слугі ў замку — акрамя Альмы і Чэса — баяцца прынцэсу, шэпчуцца пра яе. А яшчэ — за ёй пільна сочаць.
Садоўнік падразаў зарасці біручыны. Праходзячы міма, Бурштына адчувала на сабе яго погляд. Яна ведала, як гэты чалавек з’явіўся ў замку. Ён прыехаў з суботнім абозам і ў руках трымаў толькі маленькі чорны мяшэчак з насеннем. Гэта насенне баялася святла. На другі дзень садоўнік саджаў яго: з мяшка адразу ў ямку і засыпаў зямлёй, каб не патрапіў ніводны сонечны прамень. Праз дзень з’явіліся парасткі, а праз тыдзень па ўсім садзе і лесе да самай Глухой сцяны раслі высачэзныя, магутныя дрэвы з чорнай карой і прыгожым залатым лісцем. Дрэвы маглі размаўляць між сабой. А яшчэ яны забівалі. Забівалі ўсіх, хто пранікаў за Глухую сцяну і хацеў дабрацца да замка. Усё гэта Бурштыне распавёў Чэс, хоць яна не асабліва яму верыла.