Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!



Юлія ШАРОВА


DON GIOVANNI, або ПАМІЛАВАНЫ СВАВОЛЬНІК


DRAMMA GIOCOSO У ДВУХ АКТАХ


Был ли секс у Дон-Жуана и донны Анны?


Апытанка на адным з расійскіх оперных сайтаў


Дзейныя асобы


Дон Джавані, малады шляхціц, вельмі разбэшчаны — барытон або бас.

Дон Атавіа — тэнар.

Донна Анна, яго нявеста — сапрана.

Камандор, бацька донны Анны — бас.

Донна Эльвіра, дама з Бургаса, пакінутая донам Джавані — сапрана.

Лепарэла, лёкай дона Джавані — бас.

Дзэрліна, сялянка — сапрана.

Мазэта, селянін, жаніх Дзэрліны — бас або барытон.


УВЕРЦЮРА


Дурным голасам раве трамбон, скрыпкі віскочуць, як рэзаныя гусі, габой прачышчае горла. Віяланчэлі разам з басэтлямі завываюць, як няпоенае быдла ў летні спякотны дзень. Флейта б'ецца з кларнетам, але іх абоіх адным кракам перабівае труба, быццам стары качур прыпёрся ў за­куток, дзе кормяцца кураняты, і выставіў ім тэрытарыяльныя прэтэнзіі. І над усім гэтым птушыным дваром вісіць гудзенне барабана...

Для чалавека, што ўчора быў на добрым падпітку, а сёння спрабуе сабраць мазгі да кучы, гэта верны спосаб узненавідзець любыя гукі. Нават музычныя, якія ён слухае з моманту свайго зачацця, бо так ужо склалася ў гэтым свеце, што музыкант нараджаецца з другой, нябачнай пупавінай, праз якую ён сілкуецца гукамі. Потым, калі повязь з маці страчваецца, ён сам пачынае хапаць музыку адусюль, нават адтуль, адкуль звычайныя харошыя людзі, народжаныя з адной пупавінай, не выцягнуць ніякай музыкі.

Але сёння ў музыканта бадун, таму яму баліць галава ад аркестравай какафоніі. Зрэшты, справа не толькі ў бадуне, былі ў ягонай творчай біяграфіі нашмат горшыя моманты. Справа ў тым, што яму выпала сядзець на чужой аркестравай рэпетыцыі. Справа ў тым, што гэта рэпетыцыя ягонага шэфа, вунь таго жвавенькага і паўлысага дзядзькі, якога шмат хто чамусьці лічыць падобным да дырыгента Мравінскага (толькі з твару, зразумела). На рэпетыцыях шэфа яму заўсёды баліць галава, нават калі ён колькі дзён нічога, апроч піва, не піў. І ён думае толькі пра тое, каб падлавіць зручны момант і сысці па-англійску з гэтай рэпетыцыі. Бо ёсць адна рэч, здольная прагнаць галаўны боль. Ён трымае ў руках сваю даўнюю мару, і яму патрэбная хвілінка абсалютнай цішыні, каб занурыцца ў яе з галавою.

Шэф, хай яму трасца, зрабіў сваю рэпетыцыю беспамернай, а ён, чарговы дырыгент тэатра Аляксей Грынкевіч, павінен на ёй сядзець, бо ў гэтым спектаклі яго фармальна паставілі другім кандуктарам. А між тым ён трымае ў руках сваю мару і, як дзіця, пакутуе ад таго, што яму забараняюць зараз жа разгарнуць скрутак з падарункам. Бо заняткі яшчэ не скончыліся.

Што ў такім выпадку зробіць дзіця? Уцячэ з заняткаў. І вось якраз надышоў самы зручны момант. Трэба падысці крыху бліжэй да дзвярэй, пачакаць, пакуль шэф увойдзе, а потым ціхенька праскочыць за ягонай спінай у калідор. Калі шэф і зверне ўвагу, дык не на яго, дэзерціра паганага, а на аркестрантаў, што са спазненнем шчэмяцца ў залу.

Так ён і робіць. Як толькі ён, Аляксей Грынкевіч, апынаецца ў калідоры, галава магічным чынам перастае балець. Цяпер ён думае, дзе б яму знайсці ціхае месца і не нарвацца на кагосьці з адміністрацыі. А дзе яшчэ ў такі час можа быць цішэй, як не ў глядацкай частцы? Можна нават прысесці на банкетку вось тут, у вестыбюлі. Тут светла і нягорача. Але ў вестыбюлі, запоўненым зыркім жнівеньскім сонцам, ён не можа сканцэнтравацца, у яго няма адчування еднасці са сваёй марай, якую ён трымае ў руках. Гэта ўсё адно, што мілавацца з кабетай на шматлюдным пляжы сярод белага дня.

Ён уздымаецца і крочыць далей, паглыбляючыся ў слаба асветлены калідор, праз які можна трапіць у іншае крыло будынка. Там, у канцы калідора, ёсць выхад да сцэны. Па ім выход зяць на паклон рэжысёры, балетмайстры, мастакі ды іншы пачэсны люд, які можа паглядзець уласную прэм'еру з залы. Дырыгенты трапляюць на сцэну іншым шляхам і не толькі ў дзень прэм'еры. Звычайна яны ідуць на паклон пасля кожнага спек­такля, за які не надта сорамна. Дарэчы, у яго, Аляксея Грынкевіча, прэм'ер пакуль не было, але ж мара ўжо ў ягоных руках. А сядзяць яны — рэжысёры, балетмайстры і мастакі — звычайна вось у гэтым каўтушку, бакавой ложы, што навісае над аркестравай ямінай. Насельнікі тэатра называюць яе віп-ложай, хоць нічога суперрэспектабельнага ў ёй няма... Стаяначка: тут дзверы, здаецца, незамкнёныя, а праз шчылінку можна ўбачыць слабае дзяжурнае святло. Можа быць, гэта і ёсць вольная тэрыторыя, на якой можна прызначыць спатканне ўласнай мары?

Ціхенька штурхнуць дзверы і ўвайсці ў іх, як Аліса ў Краіну Цудаў. Тое, што ў зале зусім нікога няма, ужо само па сабе можна лічыць за цуд. Урачыстая цішыня, што стаіць навокал, падказвае яму: ён тут і сапраўды адзін. Ён адразу адчувае сябе, нібы захутаны ў кавалак аксамітнай тканіны інструмент, які ахайна паклалі ў футляр пасля некалькіх гадзін практыкаванняў. Гэта звычайны савецка-расійскі тэатр: партэр, бенуар і бель­этаж без падзелу на ложы, балкон. Так выглядаюць амаль усе пабудаваныя за савецкім часам оперныя тэатры, яны — нібы дзеці адных бацькоў. Калі ўлучыць поўнае святло, то ўся навакольная чырвань з золатам будзе выглядаць тым, чым яна насамрэч ёсць, — правінцыйным кічам. Але ж у цёплых прыцемках дзяжурнага святла зала падаецца пунсова-аксамітнай, па-барокаваму раскошнай, быццам ты сама меней у венецыянскім Ля Фенічэ. Не істотна, што ложаў няма, — калі прымружыць вочы, іх можна лёгка ўявіць. І вельмі дарэчы, што заслона заторгнутая, бо выгляд голай сцэны заб'е ўсю чароўнасць.

Ён садзіцца на месца ў першым радзе гэтай «віпложы», кладзе партытуру на калені, разгортвае яе на старонцы, дзе пачынаецца ўверцюра. Усё ж цемнавата, каб чытаць ноты. Затое якая цішыня!.. Самотны тэатральны ветрык-скавыш прабягае па зале, і дырыгенту падаецца, што зусім побач, пад ім, у аркестравай яміне, злёгку шаргатнулі ноты на пюпітрах. Злёгку ўздрыгануліся смыкі басэтляў, гатовыя на самым першым акордзе адчайна ўгрызціся ў струны. Скінулі дыханне валтарністы, чакаючы аўфтакту.

Читать книгу онлайн Don Giovanni, або Памілаваны свавольнік - автор Юлія Шарова или скачать бесплатно и без регистрации в формате fb2. Книга написана в году, в жанре Современная русская и зарубежная проза. Читаемые, полные версии книг, без сокращений - на сайте Knigism.online.