Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!




Паліна КАЧАТКОВА


КВАТЭРА № 0


Частка 1. Рыбак


— Ці жывуць тут людзі?

Маладая жанчына адчыніла высокія цяжкія дзверы і ўбачыла Старую жанчыну. З пад’езда падзьмула холадам, якраз у гэты момант нехта заходзіў з вуліцы, а кватэра была на першым паверсе, першай ад увахода.

— ЯК ДОБРА, нарэшце ў гэтай кватэры жывуць людзі, — працягвала Старая жанчына. — Вы жывяце тут? — удакладніла яна.

— Так, я тут жыву.

— Як добра, што вы тут жывяце, але... — яна зрабіла паўзу, як бы падбіраючы словы, — але калі вам раптам... раптам будзе, зробіцца... страшна, вы прыходзьце да мяне. Я Цыля Львоўна, і я жыву паверхам вышэй — у такой жа кватэры, як гэтая, як ваша кватэра.

У пад’ездзе зусім холадна, холадна стаяць нават каля адчыненых у кватэру дзвярэй, і Маладая жанчына прапанавала Цылі Львоўне зайсці, але тая адмовілася і пайшла на другі паверх — да сябе.

Маладая жанчына зачыніла дзверы кватэры на першым паверсе. Яна вярнулася да перапыненага занятку — упрыгожвання ялінкі. Быў 1996 год, яна ўпершыню адзначала Каляды ў гэтай кватэры, таму ёй давялося схадзіць у найбліжэйшую ад дома краму (а гэта быў ГУМ), каб набыць ёлачныя цацкі. Шары і дожджык, бліскучы дожджык — вось што яна хацела набыць.

Хацела набыць шары, каб усе былі рознага колеру, і дожджык, зялёны ці залацісты. Але шары ў ГУМе прадаваліся толькі ў наборах — аднаколерныя.

Падлічыўшы грошы, яна вырашыла купіць набор срэбных шароў: каб атрымаць рознакаляровыя, яна мусіла набыць тры розныя наборы, а гэта было нерэальна. І дожджык прадаваўся толькі срэбны. Ад рознакаляровага свята давялося адмовіцца — набыла срэбныя шары і срэбны дожджык, хаця хацела штосьці зялёна-фіялетава-сіне-залацістае. Свята будзе срэбным.

Ялінка ўжо стаяла ў пакоі ў трохлітровым слоіку з вадой, пастаўленым у вядро, вядро было прымацавана да паркету скотчам. Ялінка будзе ўпрыгожаная срэбнымі шарамі і срэбным дожджыкам, быццам бы яна так захацела, спланавала, і ніхто не зразумее, што хацела яна зусім іншага.

І ялінка... Ялінка прыехала ў кватэру ў багажніку машыны яе каханка, ці, як кажуць, сябра. Хаця ці можна назваць гэта сяброўствам? Не, сяброўства — зусім іншае. У багажніку былі дзве ялінкі, толькі адна паехала далей — да сям’і яе «сябра».

А адна была занесена ў кватэру. А магло быць наадварот, тая ялінка засталася б ёй, а гэтая паехала б туды...

Думкі былі троху блытаныя, як заўжды, яна не магла зразумець, чаму ўсё адбываецца так, як адбываецца, і, што галоўнае, — хто ўплывае на тое, каб адбылося так, а не інакш. Ведала, што чалавек, які прывёз ялінку, прыйдзе да яе на свята.

Скажа дома, што паедзе на рыбалку, і з’явіцца ў абліччы зімовага рыбака — са скрыняй, з прыладамі і ў кажуху.

А пасля ад яе сапраўды паедзе на рыбалку, бо зімовая рыбалка для яго — сапраўднае свята.

Людзі па-рознаму адчуваюць сябе ў перадкалядны таямнічы і зіхоткі час.

Хочацца быць гераіняй паштоўкі з бліскучым снегам, маленькай ялінкай і дамком са свечачкай на падваконні. Але хто ж возьме цябе на тую паштоўку?

«Сама сябе, у абдымкі — і на самую любімую паштоўку. Толькі так яно і магчыма, баюся, — так параіла ёй сяброўка. — Трэба ўпрыгожыць ялінку, паставіць свечачкі — і ўлезці ў паштоўку. Пажадана яшчэ паклікаць сяброў, відаць, у ідэале».

Накінула куртку і пайшла выносіць смецце, дом быў стары, пасляваенны, без смеццеправода.

У марозным паветры моцна адчуваўся пах кухні — ад рэстарана, што месціўся ў тым жа доме. Тое, што зусім нядаўна было калюжынамі, замерзла і ператварылася ў ледзяную бугрыстую паверхню, быццам бы замерзла хвалістае мора. Ісці па такой ледзяной паверхні трэба асцярожна, каб не паваліцца на лёд.

— Стаяць!

Спынілася. Перад ёй стаяў высокі Мужчына:

— Леанід, — прадставіўся ён.

Каля Леаніда стаяў чорны пудзель.

Яна нахілілася, каб пагладзіць сабаку, і зразумела, што сабака зусім стары — уся барада ў яго была сівая, і ён цяжка дыхаў.

— Ці не твае гэта сяброўкі пілі ўчора на пляцоўцы паміж першым і другім паверхам?

— НЕ.

Яна спалохалася такога пачатку размовы.

— Ладна, я жартую. На самай справе я хацеў даведацца, чаму ты жывеш тут, у самым эпіцэнтры Мінска.

— У ЭПІЦЭНТРЫ?

Згадала заняткі па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы. І малюнак з ядзерным грыбам.

— А ты нічога не адчуваеш у гэтай кватэры?

— Што я мушу адчуваць?

— Такое... накшталт туману? Туману, які ахутвае цябе... Як ты спіш? Жахі сняцца?

Яна шмат працавала апошнім часам і практычна не думала ні пра што, апрача працы і грошай, якія можна зарабіць працай. Часам думала пра свой лёс і пустую долю, але пра гэта — усё менш і менш. Стомленая, ледзь даходзіла да сваёй новай цёмна-чырвонай канапы (нізкай, амаль упоравень з падлогай), валілася і засынала. Ці былі жахлівыя сны і трызненні? Хто яго ведае, былі — не былі. Рэчаіснасць была як трызненне. Але яе сяброўка, якая заначавала ў яе аднойчы пасля карпаратыву, падхапілася пад раніцу з лямантам: «Як ты тут жывеш!» і сталі ліхаманкава збірацца дадому, дзе яе чакалі муж і дзеці. Заявіла, што ўсю ноч яе нехта душыў. Але гэта больш падобна да гісторыі пра посталкагольнае пачуццё віны і прадчуванне сямейнага скандалу.

— Пакажы мне сваю кватэру, — запатрабаваў Леанід.

І яна, як загіпнатызаваная, павяла яго за сабой, за імі пайшоў і стары чорны пудзель.

Не паспелі яны пераступіць парог, як ён рэзка схапіў яе і пацягнуў да сябе.

— Вы што?

Выкручвалася ад яго як магла.

— Ты яшчэ не ведаеш, хто я на самай справе, — казаў ён ёй.

— Якая мне розніца?

— Леанід! Леанід! — пачуўся з панадворку жаночы голас.

На кухні завыў, падаў голас чорны пудзель.

— Ідзіце, вас ужо жонка шукае.

— Я яшчэ адпомшчу табе, — паабяцаў ён і выйшаў за дзверы разам з пудзелем.

Напусціла глыбокую чыгунную ванну, залезла ў гарачую ваду і глядзела, як на руках і ўсім целе праяўляюцца сінякі. Пасля дайшла да канапы і правалілася ў сон. Быў вечар, яшчэ не позна, а яна заснула.

Абуджэнне было нечаканым, прачнулася ад таго, што адчула нейчую прысутнасць. Дакладней, не прысутнасць, а так — пах мужчынскай парфумы.

Рэзкі пах адэкалону, чужога, незнаёмага, але... Так пахла ад ветэранаў, якім яны ў школе на 9 Мая дарылі кветкі. І яшчэ пах тытуню. Пахла, быццам побач знаходзіўся чалавек. Яна падскочыла. Нікога не было. Зусім нікога. Адна ў кватэры.

Закруціўшыся ў халат, з ключамі ў руках — у стылы пад’езд і да суседкі.

Яе быццам чакалі ў гэтым невялікім пакоі з пустым акварыумам, з адшліфаванымі морам каменьчыкамі і сухой марской зоркай — дыскападобнае цела, да якога прымацаваныя пяць промняў-рук.

— Ад мужа застаўся акварыум... Ён вельмі любіў акварыумы. Гэта апошні, астатнія аддала ў дзіцячы дом. Ведаеце, да вайны я працавала ў дзіцячым доме, не тут, не ў Мінску, у Гомелі, мы паспелі эвакуявацца разам з дзецьмі. Калі збіралі дзіцячы эшалон, начальства казала, што прадукты браць не трэба, што ўсё дададуць «на месцы»... Яны яшчэ шмат чаго казалі і абяцалі, але сэнс усіх прамоваў быў у тым, што прадукты не трэба браць з сабой, што дзяржава паклапоціцца...

Я была маладая, але здолела дамагчыся таго, што ў наш вагон далі прадукты. Мы доўга ехалі, ні на якім «месцы» нам нічога не далі, і з нашага вагона карміўся ўвесь эшалон.

Я працавала з наймалодшымі дзецьмі. Мы іх вучылі па сістэме Фрыдрыха Фрэбеля.

— Па гэтай сістэме выхоўвала сваіх дзяцей Марыя Апанасаўна Багдановіч, маці паэта.

— Сістэма была моднай і да вайны, яе практыкавалі і ў нашым дзіцячым доме, а пасля... Усе сістэмы зніклі і засталася адна савецкая педагогіка.

— Я прыйшла, бо вы сказалі прыйсці, калі будзе страшна. Я сапраўды адчула нешта такое... Мне стала страшна. Чаму вы спыталі «ці жывуць тут людзі?», калі прыйшлі да мяне. Гэта кватэра нумар адзін, хіба ў ёй не жылі людзі?

— Што вы адчулі?

— Пахі... Пах мужчынскай парфумы, якога не павінна было быць. Рэзкі пах мужчынскага адэкалону і тытуню.

— Так, так, як раней казалі, мужчына мусіць быць чыста паголены і крыху п’яны.

— Наконт «п’яны» я не ўпэўненая. Але пах быў, быццам бы чалавек побач, а нікога не было.

Сухая марская зорка ў акварыуме на імгненне нагадала калядную зорку, але толькі на імгненне. І яна прыпомніла, што некаторыя віды марскіх зорак выварочваюць свой страўнік вонкі, каб ахутаць і пераварыць ахвяру-малюска.

— Гэтая кватэра... можна сказаць, што гэта кватэра нумар нуль, нумар адзін на ёй з’явіўся якраз перад тым, як вы з’явіліся ў гэтай кватэры.

— Кватэра нумар нуль?

— Так, былі такія кватэры... дзе людзі, якія супрацоўнічалі з КДБ, сустракаліся са сваімі куратарамі.

— У кватэрах? Навошта?

— Для таго, каб ніхто не заўважыў. Чалавек сярод белага дня не заходзіць у будынак КДБ, а павярнуў у арку, забег у пад’езд і — шмыг у першыя ж дзверы. Ці мала хто да каго ідзе, можа ў госці, можа па справах.

— Так, па справах.

— І гэта кватэра была менавіта такая, пакуль не з’явіліся вы, і... ведаеце што, я зраблю вам падарунак.

— Ой, што вы, што вы, не турбуйцеся.

— А гэта і не зусім мае падарункі, гэта дарункі ад Фрыдрыха Фрэбеля. Для развіцця дзіцяці ў самым раннім веку Фрэбель прапанаваў шэсць «дарункаў». Першы з іх — мячыкі.

— А для чаго яны, мячыкі?

— Каб выхавацель мог паказваць дзіцёнку мячыкі рознага колеру, развіваючы такім чынам яго здольнасць адрозніваць колеры. Разгойдваючы шарык у розныя бакі і прыгаворваючы «наперад-назад», «угару-ўніз», «направа-налева» — так выхавацель знаёміць дзіця з прасторавымі ўяўленнямі. Паказваючы шарык на далоні і хаваючы яго, прыгаворваючы пры гэтым: «Ёсць мячык — няма мячыка», знаёміць дзіця са сцвярджэннем і адмаўленнем.

Читать книгу онлайн Кватэра № 0 - автор Паліна Качаткова или скачать бесплатно и без регистрации в формате fb2. Книга написана в году, в жанре Современная русская и зарубежная проза. Читаемые, полные версии книг, без сокращений - на сайте Knigism.online.