Вясна, вясна красная!
На ўзгорках ужо праталінкі, а ўніз бягуць цуркі звонкія, на сонейку блішчаць.
А ўверсе - неба сіняе, чыстае! А ў паветры свежанькім, веснавым - жаўроначак, нябачны ў вышыні: цюр-цюр!.. цюр-цюр-цюр!.. цюрлі-рлі!..
Вясна, вясна красная!
Астатнюю губачку на кросенцах ткалля-дзяўчына: тах-тах! трах-лях! А зірне-зірне ў акенца на сонейка: вясна, вясна красная! А губачка статняя... У гаёк песні пяяць, красачкі рваць, на кірмашы хадзіць, вяселлі гуляць... Ах, яшчэ ж губачка на кросенках.
* * *
Гэй вы, шчасныя веснавыя дні!
Ганначка, сястрыца! Пойдзем у таўкачыкі, а на лагу там ля балота жоўтых красачак нарвём.
І дзеразы зялёненькай, лахматай надзяром, і яленцу наламаем, і шышачак набяром: азелянім, ахарошым сваю хатку старэнькую.
Макравата яшчэ ў полі, зямелька не высахла...
А ты лапцікі абуй.
* * *
Гэй, вясна, вясна!
Гудзе вясна рана-рана, у цёмныя досвіткі. На ўсходзе стужка чырвоная расцягнулася, а наўкола - чуткі сон. Дрэмлюць выраі клапотныя, адны крыгі там усё крэхкаюць - далёка там, дзе вада шуміць, несумоўчна і скрозь сон. Гаёк зялёненькі ў тумане там стаіць, а бліжэй, на канаве, вербы пушыстыя сівеюцца.
Пялешчацца і крукае нехта-нейкі пад гайком на рацэ. Жораў дзетак сваіх купае на вольным паветры веснавым.
Вясна сёлета не позная. Учора добры цёплы дожджык пакрапіў, агрэст і смуродзіна дужа яркенька зазелянеліся. Сёння зязюльку, ішоўшы ў лазню раненька, пачуем - дадушы!
* * *
Гоман у плятнёвым прымыльніку, дзе сувалка і мялле белае, колкае, і мяліцы-раскірэкі заваленыя. Гоман там над рэчкаю паўнаводнаю, бурнамутнаю. Не крыгі - ільдзінкі толькі бягуць. Чэрпаюць ваду ў лазню голыя людзі, а тыя льдзінкі з вадою сцюдзёнаю ў вядзерца цякуць-набіраюцца. Многа вады, не тое, што ўлетку, у пякоту жніўную.
Мыюцца людзі, гоман... Выбегуць хлопчыкі з лазні на лажок, бягуць голыя з лісцем прыліплым, уцеха іх бярэ, радуюцца, бо там унізе, за гайком, крэхкаюць крыгі астатнія.
Ох, ты, лазня ты наша нехалюзая, сёння ж ты чыстая - на палку саломка чыстая пасцелена. Унізе вадзяначка з вадою сцюдзёнаю і цугун вады цёплае.
* * *
Ох, дайце мне, дайце венічак шаўковенькі, мыльненькі, каб ён гладзіў па целу гарачаму: змыю нуду сваю! Буду махаць венікам, шукаць духам лёгкім, гарачым: нуду з цела і з думак змываць. Цёп-цёп-цёп!.. У-хва! Пячэ! Добра вадзіцу жаданую, сцюдзёнаю ліць на галаву. Добра тут распарыцца, распесціцца і ў салодкай млявасці - кво-ох! - ляжаць ды ляжаць з прыліплаю лісцінкаю на баку, пакуль дзесь там Нью-Ёркі будуюцца...