.
«У гэтых людзях віруе сіла, бунт і энергія. Яны шчодрыя, добрыя і сардэчныя. Яны заўсёды гатовыя дапамагчы слабаму, беднаму, хвораму. Іхныя словы не разыходзяцца са справамі, ім можна даверыцца, яны ніколі не ашукаюць тых, з кім жывуць. Гэта адчайныя рызыканты, якія хутчэй успыхнуць і загінуць, чымся будуць шмат гадоў памалу гніць у спёртым паветры мяшчанскага пакойчыка. Іхны сцяг — гэта зіхоткі штандар фантазіі і шляхетнасці. Яны разбураюць умоўнасці. Перад імі адступае Смерць… Гэта не шакалы духу — ненасытныя і лютыя, калі адчуваюць сваю сілу; і гнюсныя ды подлыя, калі знаходзяцца ў прыніжаным становішчы. Гэта тыя, каго пераследуе і знішчае двудушны мешчанін, баючыся іх і адначасова захапляючыся імі».
«…У турмах і зладзейскіх бандах працэнт сапраўды сумленных людзей большы, чымся ў нармальным грамадстве».
«…Калі б думкі забівалі, мары спаўняліся, а жаданні спраўджваліся, то колькі б трупаў, рабункаў, крадзяжоў і гвалту меў бы на сваім сумленні кожны аўтаматычна сумленны жыхар зямной кулі?!»
«…Дурань, недарэка і баязлівец можа стаць міністрам, артыстам, правадыром, палітыкам, пісьменнікам, настаўнікам, святаром, але толькі знаходлівы, разумны і адважны чалавек можа быць прафесійным злодзеем».
Урыўкі з рамана Грамадзяніна «Туман»
Чэсік Свабода быў шчасліўчыкам. Кішэнныя крадзяжы выходзілі ў яго лёгка, спраўна і гладка. Зусім выпадкова, усляпую, ён часта трапляў на вялікія грошы і за апошнія тры гады ніводнай ночы не правёў за кратамі. Усё яму ўдавалася без якога-небудзь сур’ёзнага шухеру[1]. А кашалькі ў фраераў[2] ён выцягваў не толькі з вочак і вярхушкі, гэта значыць з вонкавых кішэняў, але і з самых тайных сховішчаў, зробленых у адзенні. А цыбулін, інакш цікалак або бімбераў, ён столькі нагроб і нацягаў дадому, што мог бы адкрыць гадзіннікавую краму. Нават самыя недаверлівыя і асцярожныя рабіліся ягонымі ахвярамі. Да найспрытнейшых кішэннікаў ён, аднак, ніколі не належаў, а ў сваёй тэхніцы саступаў не толькі Кулямёту, але і Тосьцы Сароцы. Яму проста незвычайна шанцавала, іншымі словамі, ён меў глік[3]. Апошнім часам ён гэтак асмялеў, што працаваў нават без памагатых: туцара, які прывабліваў ахвяру, і сценкі — памочніка, які засланяў сам крадзеж ад мінакоў.
З ксютай, дзяўчынай, яму таксама пашчасціла. Каханка ў яго што трэба — гожая, зграбная, мілая. Была ёю хіпішніца[4], якая таксама шчыравала ў чужых кішэнях, Малая Сабінка, або проста Малая. Яе празывалі гэтак, каб адрозніць ад Вялікай Сабінкі. Малой таксама ўсюды ўсміхалася ўдача: і ў «мойцы» — абкраданні падпоеных залётнікаў, і ў «гут морган», калі шукалі выпадкова незачыненыя дзверы ў кватэрах. Цягам двух мінулых гадоў яе ні разу не злавілі на гарачым.
Разам яны жылі ўжо амаль год. Партнёры ва ўсім былі роўныя і ні ў чым не назалялі адно аднаму. Чэсік нават не размаўляў з каханкаю пра сацыялізм, бо Сабіна на гэта толькі дурасліва свістала або паказвала язык. Неяк яшчэ ў самым пачатку іх адносін яна абвесціла яму, што для яе гэта ўсё жульніцтва, падман і правакацыя. І яшчэ дадала, што ўсё гэта ёй да аднаго месца, да таго, дзе курыца трымае яйка. Чэсік спрабаваў пакрыўдзіцца:
— І я табе таксама да гэтага месца?
— Ты там самы першы.
— Што-о-о?
Але Малая на гэта толькі ўскудлаціла яму рукою валасы на галаве, цмокнула ў шчаку і пабегла да люстэрка. Там пачала нешта насвістваць, пудрыцца і разглядаць сваё грудзі.
— Зноў укусіў паскуднік! Другі раз атрымаеш у лыч!
І як з такою размаўляць пра камунізм? Такую дык ніякая агітацыя не бярэ. Адно гэта не пасавала Чэсіку ў ягонай абранніцы.
Сёння раніцай Чэсік прачнуўся ў выдатным настроі. Горад учора занялі бальшавікі, і блатны[5] пайшоў на іх падзівіцца. На Саборнай плошчы была збудаваная трыбуна і трываў мітынг. Свабода пастанавіў прапхнуцца праз натоўп уперад, каб лепей усё чуць, але не даў рады. Каля самай трыбуны была жудасная таўкатня, у натоўпе чалавек апынаўся нібыта пад прэсам, які ціснуў з усіх бакоў, таму Свабода застаўся здалёк. З трымценнем ён лавіў кожнае слоўца: свабода, роўнасць, братэрства, правы пралетарыяту, буржуазія, эксплуатацыя, зямля — сялянам, фабрыкі — рабочым, далоў смяротнае пакаранне!
Вецер развяваў чырвоныя палотнішчы. Рос энтузіязм натоўпу. У розныя бакі плылі гукі «Інтэрнацыяналу», якія танулі ў шалёных выбухах людскіх галасоў.
«Не буду больш красці!» — даў зарок Свабода.
Гэтая яго пастанова была цалкам шчырай і свядомай.
«Заўтра пайду шукаць працу. У камітэце мусяць мець для мяне працу. І Малую ўладкую. Пажэнімся і будзем жыць як людзі».
Чэсік вярнуўся дадому сур’ёзны, ва ўрачыстым настроі. Хацеў запаліць цыгарэту, але не знайшоў у кішэні ні срэбранага партсігара, ні запалак. Абчысцілі ў натоўпе. Як гэта так? Аблаташылі кішэнніка, упершыню ў ягоным жыцці, ды яшчэ ў такі важны, святы для яго дзень. Яму зрабілася крыўдна. Алё хутка адпусціла. Ён купіў пачак цыгарэт і, напоўніўшы жытло тытунёвым дымам, аддаўся летуценням пра будучыню. Ён быў разумны і разбітны. Недахоп адукацыі кампенсаваўся ў яго вялізным жыццёвым досведам. Да сацыялізму ж ён ставіўся з вялікім запалам і сляпой верай. Чэсік быў адданым прыхільнікам гэтай рэлігіі ўсіх пакрыўджаных і дзеля яе, не раздумваючы, ахвяраваў бы ўсім, што меў… нават жыццём.
Калі Малая вярнулася вечарам дадому, Чэсік падзяліўся з ёю сваімі марамі і расказаў пра светлую будучыню: пра добрую пасаду і барацьбу за справу пралетарыяту.
— А што мы будзем жэрці? — запытала дзяўчына, надзьмуўшы губы.
— Тое, што і іншыя камуністы. Будзем разам жыць і плячо ў плячо змагацца за перамогу сацыялізму.
Малая прысвіснула.
— Ого! Як ты гэта сабе ўяўляеш? А я табе зараз пакажу нешта. Я не хаджу з разяўленай пашчай, як ты. Захамутала сабе аднаго такога камісарыка. Падміргнула яму… слова за слова, свістулькі і пярдулькі… Падлізалася да яго, пагладзіла па шэрсці, што называецца, і давай у піўнуху. Падпаіла жлаба. Потым павяла на шпацыр. За горад. Там мы кульнулі яшчэ. Гэны ўжо пачаў да мяне дабірацца. А я заліваю, што яшчэ цнатліўка. Калі хоча, то толькі пасля шлюбу. А ён мне дым у вочы пускае, выхваляецца, колькі мільёнаў мае! Кажа такі мне: «У мяне бліт[6] і шкельцы, цэлыя кілаграмы. Я цябе з галавою золатам ці йбрыльянтамі засыплю…»
— Ну — і што далей?
Малая рассмяялася.
— Бачыш — цікава табе. Але я такіх піжонаў ведаю як аблупленых. Напаіла яго, а як ён керны[7] заснуў, абчысціла яго да нітачкі! Можа, і цяпер яшчэ дрыхне ў паветцы каля пераезду… Паглядзі, што я яму купіла.
Малая кінула на стол два залатыя гадзіннікі, залатую цыгарэтніцу, — тоўсты, раздзьмуты ад банкнотаў кашалёк і старасвецкі партманет.
— Паглядзі, што ў гэтай скуры.
Дзяўчына дастала з кашалька ладны жмут даляравых банкнотаў, царскіх пяцісотак і керанак[8].
— Такі, відаць, з яго і камуніст, — прамармытаў Чэсік, крыху прыгаломшаны гэтым багаццем.
— Дурань ты! — азвалася Малая.
— Гэта ў цябе прусакі замест мазгоў. Камуністу не патрэбныя ніякія багацці. Усё, што ён мае, аддае партыі.
— О-то-то-то! — застракатала Сабінка. — Гэта ты хіба адзін такі. Глядзі далей!
Дзяўчына дастала з кашалька стосік дакументаў, а ўжо адтуль выцягнула партыйны білет чырвонага колеру.
— Што, не камуніст? — пераможна дыбілася Сабінка. — А зірні, што тут такое.
Яна дастала з канверта некалькі парнаграфічных фатаграфій і кінула іх на стол. Потым раскрыла партманет і зазвінела залатымі манетамі. Акрамя іх, там быў персцень з вялікім брыльянтам і некалькі скрутачкаў з какаінам.
Чэсік разгубіўся, але не хацеў здавацца, шукаў контраргументы. Сабіну гэта, аднак, зусім не цікавіла. Яна ззяла ад шчасця пасля паспяховай мойкі. Свабода ж настойваў:
— Гэта ўсё трэба яму вярнуць.
Сабінку гэтыя словы ўзялі за жывое:
— Што?.. Каму?.. Гэнаму шпагату[9]?! Кілуну? Фігу яму з макам!.. Ты, пэўна, дазвання ўжо ту-ту, з глузду з’ехаў?!
Пачалася сварка. Чэсіку, аднак, цяжка было зрачыся гэтак урачыста прынятай пастановы. Ён хацеў быць паслядоўны.
— Давай усё вернем. Я прыдумаю, як трэба зрабіць… Зладзейскае жыццё ўжо ў пячонках сядзіць… Трэба з гэтым пакончыць.
— Дык валі тады прэч ад мяне да халеры. Я зарабіла, а не ты!..
Сварку прыпыніла ноч і супольнае ложа. Крамянае жаночае цела было аргументам, мацнейшым за ўсе ідэалагічныя доказы, якія раптам ператварыліся ў пыл. Пасля абое каханкаў, знясіленыя любоўнымі ўцехамі, паснулі.
Назаўтра Чэсік нават не заікнуўся аб ранейшым намеры аддаць прысвоены набытак. Але і ад плану распачаць новае жыццё ён таксама не адмовіўся. Гэта было ягонай марай, а яны — мары — самае дарагое, што есць у жыцці.
Свабода акуратна пагаліўся, надзеў найлепшы гарнітур і рушыў у горад. Яшчэ было вельмі рана, таму ён не шукаў ніякага камітэта, а нетаропка прагульваўся вуліцай Захар’еўскай. Па бруку і ходніках брылі салдаты Чырвонай Арміі. Брудныя, амаль у лахманах, апранутыя хто як папала. Але Чэсік глядзеў на іх з захапленнем: для яго яны былі героямі, барацьбітамі за вызваленне прыгнечаных.
Ён скіраваўся на вакзал. Там аж кішэла ад людзей. На прывакзальнай плошчы гарэлі вогнішчы, а вакол іх гуртаваліся вайскоўцы. Яны гатавалі ваду ў кацялках. Пілі гарбату. Елі. Некаторыя спалі.
Чэсік падсеў да адной з груп. Пачаставаў салдатаў цыгарэтамі. Прыязна ім усміхаючыся, распачаў гутарку:
— Як жа добра, таварышы, што вы да нас прыйшлі!
— А чаму гэта? — запытаўся адзін, з салдатаў.
— Дапяклі нам немцы. Так яны, тыраны, нам збрыдлі.
На гэтую рэпліку ніхто не адгукнуўся, таму Свабода цягнуў сваё далей:
— А куды цяпер, таварышы, рушыце?
Адзін з салдатаў акінуў яго падазроным позіркам:
— А што табе за інтарэс да гэтага?
— А я так сабе… як ваш таварыш пытаюся…
— Які ты нам таварыш. Ты нават добра гаварыць па-людску не ўмееш.
І сапраўды, у Свабоды быў жудасны акцэнт, і гаварыў ён па-расейску слаба, нязграбна калечачы словы.
— Я вас ўсім сэрцам, усей душою чакаў, — тлумачыў Чэсік.
— Ідзі ты лепей адсюль. Розная свалата тут лазіць. Можа, і ты шпіён які?
І Чэсік, крыху абражаны і злы, пацягнуўся далей. Праз хвіліну ён быў ужо на самім вакзале, запоўненым бурлівым людскім морам, хвалі якога разыходзіліся ў розныя бакі. Адтуль ён перабраўся на перон.
З боку Барысава акурат пад’ехаў цягнік. У таварных вагонах ціснуліся адзін да аднаго ўзброеныя чырвонаармейцы. Пачалі выгружацца. Адзін з салдатаў пераносіў вельмі шмат рэчаў. Усе рукі ў яго былі занятыя. Чэсік заўважыў, як жаўнер, прапіхваючыся праз натоўп, згубіў брызентавую торбу. Злодзей кінуўся да яе як мага хутчэй, падняў і хацеў вярнуць, але тлум ужо праглынуў вайскоўца. Чэсік пачаў прадзірацца за чырвонаармейцам, некалькі разоў крыкнуў яму ўслед: