Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!



.

ПРАДМОВА

У чэрвені 2014 года споўнілася сто гадоў ад пачатка Першай сусветнай вайны. Вельмі дзіўна, але ў СССР не рабілася асаблівых паведамленняў аб гэтай вайне, ніхто не надрукаваў пра яе кнігу, нягледзячы на тое, што на яе франтах знаходзілася мноства вядомых пісьменнікаў, ніхто не прысвяціў ёй фільм… За дваццаць гадоў з моманта распаду Савецкага Саюза гэтую вайну, падаецца, зусім забылі. І з набліжэннем невясёлай гадавіны быццам нават спужаліся: ці варта адзначаць гэтую сумную для Расійскай імперыі падзею?

Гэта вельмі дзіўная рэч — гісторыя расійскай дзяржавы. Якую эпоху ні капні, то, як лічыць расійскі пісьменнік Прозараў, суцэльная бязглуздзіца, то суцэльная фантастыка. А ёсць і проста белыя плямы, як маленькія, так і велізарныя. Нягледзячы на тое, што гэтая вайна стала першым вайсковым канфліктам сусветнага маштабу, у які былі ўцягнутыя трыццаць восем з існуючых на той час пяцідзесяці дзевяці незалежных дзяржаў, пра яе ўвогуле мала вядома. Сучасным беларусам, у прыватнасці, не вядома, што Першая сусветная стала чарговай нацыянальнай катастрофай пасля вайны 1812 года.

Задачы дадзенай кнігі не столькі ў тым, каб падрабязна прасачыць гісторыю гэтай забытай вайны, колькі — распавесці аб асабліва важных яе момантах, выкрыць міфы аб гэтай вайне і прапанаваць сваё бачанне, а таксама дату завяршэння Першай сусветнай вайны. Факты кажуць пра тое, што яна не скончылася 11 лістапада 1918 года з падпісаннем перамір’я паміж Антантай і Германіяй. Не чатыры, а ўсе шэсць гадоў доўжылася тая вайна, разбіваючыся на новыя дробныя і буйныя канфлікты.

Міхаіл Галдзянкоў

ПАЧАТАК ВАЙНЫ

Мапа Новай Еўропы па-нямецку

Як лічаць гісторыкі, вайна пачалася з-за тэракта ў баснійскім Сараева. У нядзелю ранкам, 28 чэрвеня 1914 года, насельніцтва Сараева радасна вітала спадчынніка аўстра-венгерскага прастола эрцгерцага Франца-Фердынанда з жонкай Сафіяй. Неўзабаве пасля таго, як прабіла дзясятая гадзіна, у адкрытую машыну, у якой эрцгерцаг следваў з дома Габсбургаў, едучы вуліцамі Сараева, была кінута бомба. Эрцгерцаг ускінуў руку, каб абараніць Сафію, і адбіў яе. Прылада пасля ўдару аб аўтамабіль адскачыла і выбухнула на дарозе ззаду за машынай. Аскепкамі бомбы лёгка параніла некалькіх мінакоў і пасажыраў аўтамабіля, які ехаў следам за каралеўскім. Тым не менш, было вырашана, што картэж працягне шлях да гарадской ратушы, дзе павінна была адбыцца ўрачыстая цырымонія сустрэчы.

Маршрут быў зменены. Але кіроўцу дзіўным чынам аб змяненні планаў ніхто не паведаміў, і той, збочыўшы з шырокага ўзбярэжжа Анэля, накіраваўся да вуліцы Франца-Іосіфа. Генерал-губернатар гукнуў кіроўцу, той рэзка затармазіў у засмучэнні. Машына дала задні ход… І ў гэты момант нейкі невысокі хударлявы чалавечак, з выгляду звычайны студэнт, выскачыў з натоўпу і, падбёгшы да прагулачнага аўто, накіраваў рэвальвер проста на эрцгерцага. Бах! Бах! — прагучалі два стрэлы. У тую ж хвілю зброю выбілі з яго рук. Але адна куля ўжо патрапіла ў шыю Франца-Фердынанта, а другая — у жывот Сафіі. Забойца ўхапіў зубамі каўнер пінжака, збіраючыся раскусіць зашытую там ампулу з атрутай, але яго паспелі скруціць людзі, якія знаходзіліся побач, хутка паспелі і паліцэйскія…

Так прагучалі першыя стрэлы Першай сусветнай вайны, якія далі пачатак чарадзе самых драматычных і катастафічных для Еўропы падзей.

Хутка быў схоплены і тэрарыст, які кідаў бомбу. Як высветлілася, гэта быў серб Нядзелка Чабрынавіч, а забойцу эрцгерцага і яго жонкі звалі Гаўрыла Прынцып, абодва з’яўляліся чальцамі «Маладой Босніі». Натхнёныя прыкладам расійскіх рэвалюцыянераў, гэтыя маладыя людзі прысвяцілі сябе справе вызвалення Босніі і суседняй Герцагавіны ад аўстра-венгерскага панавання для аб’яднання з каралеўствам Сербія.

Разам з чатырма іншымі змоўшчыкамі Прынцып і Чабрынавіч занялі месцы ўздоўж маршруту следвання картэжа з намерам забіць эрцгерцага, які для іх з’яўляўся ўвасабленнем ненавіснага панавання Габсбургаў.

Яшчэ за пару месяцаў да візіту эрцгерцага ў Сараева гэтыя два студэнты Белградскага ўніверсітэта распрацавалі план замаху. Трэцім змоўшыкам стаў Трыфка Грабец. Зброю для групы здабыў трохі старэйшы баснійскі нацыяналіст Мілан Цыганавіч. Ён жа навучыў іх страляць з пісталета і карыстацца бомбамі, а таксама даў ім капсулы з цыяністым каліем для здзяйснення самагубства пасля таго, як справа будзе зроблена. Потым Г. Прынцып напісаў ліст да настаўніка і пісьменніка з Сараева Данілы Ілініча, які прыцягнуў да змовы яшчэ траіх тэрарыстаў і ўзначаліў яе.

Ва ўсялякі іншы час гэты тэракт наўрад ці выклікаў бы маштабную вайну з удзелам усёй Еўропы, часткі Азіі, Паўночнай і Паўднёвай Амерык. Але ўлетку 1914 года ўвесь свет быццам чакаў нагоды, зручнага моманту для яе пачатка. І дачакаўся.

Цар цынічна спрабаваў назваць гэтую вайну Другой Айчыннай, але савецкія гісторыкі больш дакладна назвалі яе імперыялістычнай.

Такімі, імперскімі і антынароднымі, па-сутнасці, былі ўсе войны. Нават Вялікую Айчынную вайну ў перыяд з верасня 1939 года па канец чэрвеня 1941 года, калі Сталін і Гітлер дзялілі паміж сабой Еўропу, можна смела назваць імперыялістычнай. Але ў народзе Першая сусветная вайна прыжылася як Германская, нягледзячы на тое, што ваяваць давялося не з адной Германіяй.

На жаль, за 74 гады савецкай улады пра гэтую вайну, у якой прыняла ўдзел каля 5 мільёнаў расійскіх салдат і афіцэраў, пісалі рэдка, сціпла і мімаходзь, толькі ў кантэксце аповедаў пра Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 года і «зняважлівага, але неабходнага Брэсцкага міру». Гэтая вайна, якой прысвячалі творы выбітныя еўрапейскія пісьменнікі свайго часу Эрых Марыя Рэмарк («На Заходнім фронце без перамен»), Эрнэст Хемінгуэй («Бывай, зброя!»), Яраслаў Гашак («Прыгоды ўдалага ваякі Швейка») і іншыя, у СССР дзіўным чынам не адзначылася ніводнай сур’ёзнай працай ані ў літаратуры, ані ў кіно, нягледзячы на тое, што на франтах прысутнічала вялікая колькасць пісьменнікаў і паэтаў, на той момант ужо вядомых, ці тых, што ў будучыні сталі знакамітымі: Аляксей Талстой, Мікалай Гумілёў, Бенедыкт Ліўшыц, Аляксандр Блок, Аляксандр Купрын, Міхаіл Зошчанка, Валянцін Катаеў, Канстанцін Паўстоўскі і іншыя. І няхай М. Шолахаў, М. Гумілёў, Б. Пастарнак, К. Паўстоўскі і А. Талстой закраналі гэтую тэму, але зноў жа фрагментарна, хучэй у кантэксце Грамадзянскай вайны Савецкай Расіі.

Читать книгу онлайн Забытая Першая сусветная вайна - автор Міхаіл Галдзянкоў или скачать бесплатно и без регистрации в формате fb2. Книга написана в 2015 году, в жанре История. Читаемые, полные версии книг, без сокращений - на сайте Knigism.online.