Ноч была з расой, ажно халодная, як у самую восень. Але ціша стаяла нязвычная — у наваколлі больш не чулася таго грукату і гулу матораў, што прынесла ў забесяддзе вайна.
Астаткі 55-й дывізіі, якая ўваходзіла тады ў 13-ю армію, што абаранялася на Сажы паміж Прапойскам і Крычавам, без баёў пераправіліся цераз Бесядзь, невялікую раку на паўднёвым усходзе Беларусі, і адступілі на Стругаўскую Буду. У тым баку падрыхтаваны быў новы абараняльны рубеж: ажно ці не месяц бабы і хлопцы дапрызыўнага ўзросту ездзілі з Верамеек капаць акопы і супрацьтанкавы роў. Спярша было пачалі вазіць акопнікаў да Латокі — за мястэчка Бабінавічы, але прыехалі аднекуль вайскоўцы на «эмках» і загадалі спыніць работы. Тады акопнікаў пасадзілі на калгасныя машыны, якія яшчэ не паспелі рэквізаваць для арміі, і перавезлі за Стругаўскую Буду. Адтуль калгаснікі звычайна вярталіся ў Верамейкі праз тыдзень — змена за зменай, і бабы хваліліся, што калі на Сажы нашы і не затрымаюць немца, то ўжо далёка за Іпуць — гэта значыць, за другі вялікі прыток Сажа — ён, няйначай, не пройдзе: там столькі наварочана аднае зямлі ды бярвення ў пясок пакладзена, што нават чорт сабе нагу пакалечыць. Але пакуль баі ішлі на Сажы, была надзея — а раптам немца сапраўды далей не пусцяць, і Верамейкі ўратуюцца ад бяды. Гаварылі таксама, што і ў тую вайну — у першую імперыялістычную — германец тут да Бесядзі не дайшоў. Але ў канцы ліпеня выбраліся ў бежанцы абозам бабінавіцкія яўрэі. А яшчэ праз тыдзень верамейкаўцы ўбачылі, як два трактары на гусенічным хаду павезлі па пясчаным бальшаку з Белае Гліны велізарную гармату: паасобку — ствол і лафет. Дальнабойная — ківалі галовамі мужыкі, а раз дальнабойную цягнуць з фронту, значыць, адступаюць. Людзі неяк адразу прыціхлі, пачалі закопваць у зямлю скарб, падалей ад чужога вока. У пачатку жніўня старшыня калгаса Радзівон Чубар сабраў апошні агульны сход. З двух пасёлкаў — Мамонаўкі і Кулігаеўкі, якія таксама ўваходзілі ў верамейкаўскі калгас як адна брыгада, прыйшоў на сход толькі стары праўленец Сідар Раўнягін. Тады Чубар паслаў у Мамонаўку па аднарукага Баханька — з Крутагор’я, раённага цэнтра, пазванілі па тэлефоне, каб вярталі з поля апошніх калгасных кароў. Асноўны статак — паўтараста дойных кароў — пагналі з Верамеек раней. За пагоншчыкаў там былі намеснік старшыні калгаса Дзяніс Зазыба і двое калгаснікаў, якія па гадах яшчэ не падлягалі мабілізацыі, — Іван Хахол і Мікола Рацэеў. Апошніх кароў таксама трэба было гнаць у тым жа напрамку — праз Карачоў на Хатынічы. І калі аднарукі Баханёк пачуў, навошта яго выклікаў у Верамейкі старшыня, то доўга аднекваўся, нават паплакацца не пасаромеўся, але Чубар не адступіўся, і Баханёк мусіў збірацца ў дарогу. Выганялі статак у нядзелю, надвечар. Каровы нібы адчувалі, што наперадзе вельмі доўгі шлях, таму жаласна мычалі і, пакуль праганялі іх вуліцай, шыліся па дварах, абы адчынены былі ў каго вароты. Чубар сам памагаў вытурваць іх адтуль, пхаў прыкладам вінтоўкі, лаяўся і ўсё крычаў на баб, якія ўпрошвалі, каб пакінулі ў вёсцы хоць маладняк, — маўляў, яшчэ ж невядома, як яно будзе далей. Але Чубар ажно злаваў, кажучы, што ёсць указанне з раёна і што ён не мае права на свой одум пакідаць ворагу калгаснае дабро. Нарэшце статак апынуўся за коўратамі, і Баханёк, ляскаючы пугай, пагнаў яго па дарозе на Гутку. А яшчэ праз пару дзён у вёску вярнуўся Дзяніс Зазыба. Івана Хахла і Міколы Рацэева з ім не было: тыя падаліся на прызыўны пункт у Хатынічах.
Зазыба вярнуўся ў вёску ахлялы — напіўшыся па дарозе ў Верамейкі халоднай вады, ён падхапіў гарлянку. І калі ў хату да яго прыйшоў старшыня калгаса, гаспадар ляжаў на шырокім драўляным ложку. Выгляд у яго быў як зачаўраны.
Чубар паставіў у кут вінтоўку, знарок голасна спытаў:
— Ну як там?
Зазыбава жонка Марфа паправіла на мужавых нагах коўдру і ціха выйшла з хаты: яна і раней заўсёды выходзіла, калі Чубар бываў у іх.
— Кароў здалі. Распіска з пячаткай во-он на стале. Толькі сам от... — Зазыба вінавата паглядзеў на Чубара. — Але ж неяк ачуняю. Не першы раз. Яна заўсёды мяне во так, гэта гарлянка, бытта ліхаманка, выпетрывае ўсяго.
Чубар прайшоўся па хаце — мужчына ён быў дужы, пудоў на шэсць, і маснічыны, рассохлыя за лета, запішчалі пад яго нагамі.
— Але доўга нешта вы там, — плюснуў Чубар прыжмуранымі ад бяссонніцы вачамі.
— Дак... як справіліся...
Тады Чубар сказаў, але ўжо нібыта ў злосці:
— На шапачны разбор, лічы, прыйшоў!..
Зазыба пацёр левай далоняй кончык шырокага носа, наморшчыў няголены твар:
— Ты б сеў, Антонавіч...
Чубар паслухаўся і адышоўся да ўслона, прыстаўленага да сцяны. Але сеў бокам, нібыта толькі з тым, каб глядзець праз акно на вуліцу, і Зазыбу было відаць яго патыліцу і левае вуха. Нейкі час старшыня маўчаў.
— Не разумею, — нарэшце паціснуў ён плячамі, — чаму ты не застаўся там? Усе бягуць як падалей адсюль, у тыл, а ты раптам?
— Я, Антонавіч, за гэты час, як ішоў сюды, паглядзеў трохі і на людзей і на свет. Дак адны і праўда, як ты кажаш, бягуць, а другія дак і не думаюць. Так яно і з Верамеек, здаецца ж, ніхто не пабег?
— Ну і што? — нібыта не зразумеў Чубар. — Але ты калгаснікаў не раўняй з намі. Калгасам жа кіравалі мы з табой. Ці, можа, забыўся?
— Не, пра гэта я не забыўся, — усміхнуўся Зазыба.
— Дык няма чаго тады пустое гаварыць! А можа, ты спадзяешся і з новай уладай паладзіць? Што ні кажы, і сам як бы пацярпеў, і сын твой...
Зазыба пасунуў да сцяны падушку, сеў: ён раптам адчуў, як пачало не хапаць яму паветра.
— Ну, от што!.. Ты гэта!.. — адно здолеў вымавіць ён.
Да Зазыбы вярталася непрыемнае пачуццё, якое ўзнікла гадоў колькі, пасля арышту Масея. З’явілася яно тады не таму, што раптам знялі са старшынь яго, Зазыбу, а паставілі Чубара. Якраз гэта Зазыба перажываў без асаблівага надлому, можа, нават таму, што няшчасце, якое здарылася з сынам, завалодала яго істотай, узяло верх над усім, і не было як думаць пра асабістую крыўду. Тым больш што Зазыба лічыў — ды і не адзін ён, — што з ім яшчэ абышліся не дужа крута: не даў у крыўду сакратар райкома партыі Пракоп Маштакоў. Да таго ж і наверсе было ўлічана мінулае — грамадзянская вайна і амаль васьмігадовае старшынства ў калгасе. І вось у той пакутлівы час Чубар нібыта ўшыўся ў сабачую скуру і кожны раз не мінаў сыпануць солі на жывую рану — папікаў разам з іншымі Зазыбу за «блізарукасць». Тады Зазыба, здаецца, разумеў Чубара: чалавек проста не хацеў, каб гісторыя са старшынёвым сынам нейкім чынам закранула і яго.
Зазыба перамог пачуцці і сказаў зусім памяркоўна:
— Яшчэ зарана нам чубы дзяліць, старшыня.
Чубар падняўся з услона, памаўчаў натужна, пасля пачаў гаварыць хутка, быццам ужо не хапала на астатняе часу.
— Ты, Зазыба, паляжы трохі, раз ужо так выйшла, што захварэў, а тады ўставай. А то я адзін. Збіўся з ног. — І голас Чубара загучаў як стомлены. — Але ты не бойся, цяпер клопату паменела. Астатніх кароў мы таксама пагналі, мог нават сустрэць Баханька недзе, калі ішоў. Ужо за Клінцамі сёння будзе, калі ўсё добра.
Тады спытаў Зазыба:
— Кароў да аднае пагналі?
— А ты думаў, тут пакінем?
Зазыба паляжаў і зноў спытаў:
— Неяк Марфа мая казала, што ў Палагі Харытонавай карова падавілася бульбінай, дак ці даў ты ёй карову?
— Не.
— А Баханьку? У яго ж старая, да і ялаўка ў гэтым годзе. Калі па-справядліваму, дак і яму варта было б замяніць яе.
— Надумаліся калі мяняць!..
— А ён, помніш, прасіў даўно, яшчэ ў маі пісаў на праўленне.
Чубар паморшчыўся, як ад прыкрасці.
— Дарэмна, — сказаў Зазыба.
Гэта нечакана ўзбурыла Чубара:
— Але ж мы не павінны за кошт калгаснага статка папаўняць прыватны сектар!
— Пры чым тута прыватны сектар? — заварушыўся на ложку Зазыба. — Калі ў калгасніка няма каровы, дак хто яму паможа, як не мы?
— Ты быццам забыў, што ўжо амаль два месяцы вайна ідзе. Ці ты, можа, назнарок ўсё гэта гаворыш? Таго і глядзі, што заўтра фашысты тут будуць. А ты пра карову. Яшчэ невядома, каму яна дастанецца. Хто мне гарантыю дасць, што да немцаў у кацёл не трапіць? — Чубар крутануў галавой. — Урэшце, я выконваў дырэктыву. Ай не чуў выступленне таварыша Сталіна?
— Чаму ж, чуў, — спакойна адказаў Зазыба.
— А пра дырэктыву сээнка і цэк вэкэпэбэ ведаеш?
— Не, пра дырэктыву не ведаю.
— А нам чыталі. Сабралі ў райкоме і чыталі. Сам Маштакоў чытаў. Дык вось, каб ты не гаварыў абы-што. Там чорным па белым сказана, няцяжка было запомніць: пры вымушаным, разумееш — пры вымушаным адыходзе часцей Чырвонай Арміі трэба не пакідаць праціўніку нічога. Калгасы павінны выганяць жывёлу, а хлеб здаваць пад ахоўнасць дзяржаўных органаў. А тая маёмасць, якую нельга вывезці, павінна, безумоўна, знішчацца. Знішчацца, разумееш? Каб не пакінуць ворагу. Адну спустошаную зямлю трэба пакідаць. Адну спустошаную зямлю!
— А людзей? — хмура спытаў Зазыба.
— Што людзей?
— А тое, што людзі ж застаюцца на гэтай зямлі. Ім жа есць патрэбна нешта будзе?
— А хто іх прымушае заставацца? Той, хто па-сапраўднаму любіў Савецкую ўладу, не будзе сядзець. Той ужо даўно зняўся з месца і паехаў.
Зазыба ад хвалявання намацаў за спіной падушку, узяў яе аберуч і, прыціскаючы нечага да жывата, сказаў:
— Добра, тады давай па-другому гаварыць. Ты от кажаш — той, хто любіў Савецкую ўладу, не застанецца. Няхай так. А як, па-твойму, — нашы верамейкаўскія бабы не любілі яе, што нікуды не падаюцца?
— Я ім у душы не лазіў!
— А варта было б. А то ты больш пад спадніцы ім лазіў.
Чубару такая гаворка не падабалася, асабліва апошнія Зазыбавы словы абуралі, але адказаць што ён не знайшоў, адно сцяў зубы.
Тым часам Зазыба не пераставаў даводзіць:
— І яшчэ я табе скажу, Чубар, а ты ўжо як хочаш, — хочаш слухай, а хочаш не. Але я яшчэ ў тую германскую чуў, як Панаська гаварыў. Быў у нас такі чалавек, да калгасаў памёр. Ты яго не заспеў. Дак от Панаська нават тады гаварыў: хто з роднае зямлі ўцякае, той ворага не перамагае.
Чубар разумеў, што Зазыба гэтым вінаваціў не асабіста яго, таму зноў пачаў пярэчыць:
— Гэта ўжо не тваёй галавы справа. Мы з табой людзі маленькія.
— Але ж думаць нікому не забаронена.
— Чым глупства гаварыць, дык лепей ужо не думаць, — як адсек Чубар. — Адным словам, хопіць ляжаць, прыходзь заўтра ў кантору. Раз лічышся ў калгасе намеснікам, то адказваць таксама рыхтуйся. Не ў аднаго мяне шыя ёсць.
— От гэта правільна, — усміхнуўся Зазыба. — Так бы і гаварыў.
Чубар адвярнуўся да акна, загаварыў, стоячы спіной да Зазыбы:
— Я цябе ўвяду ў курс. Ведай — у засеках у нас пуста. Здалі ўсё — і пшаніцу, якая была, і грэчку. За гэта я спакойны. Гэта ўжо, здаецца, фашыстам не дастанецца. А цяпер пра тое, што ў полі стаіць... Адным словам, гэта ўжо будзе твой клопат. Раз ёсць дырэктыва, трэба выконваць яе.
Чубар не стаў бавіцца ў хаце. Пасля гэтых слоў ён узяў з кута сваю вінтоўку, павесіў на плячо і, як раззлаваны, падаўся за парог.
Кажуць, ад чужых слоў галава не баліць. Але Зазыбу, пасля размовы са старшынёй, не на жарты занепакоілася. У душы пасяліўся страх — было такое адчуванне, нібыта па вёсцы хадзіў хто з гарачай галаўнёй.
На другі дзень Зазыба пайшоў у калгасную кантору, якая стаяла наводдаль ад вёскі, побач з будынкам сельсавета, але Чубара там не было; стары Ціток, калгасны і сельсавецкі вартаўнік і даглядчык выязных коней, сказаў Зазыбу, што нехта бачыў, як старшыня калгаса падаўся па бальшаку на Белую Гліну. Гэта здарылася тады, як праз вёску прайшлі на Гутку невялікай калонай ці не апошнія чырвонаармейцы, што прыкрывалі на Сажы адыход сваіх.
Тым часам у Бабінавічах — за сем кіламетраў ад Верамеек — ужо былі немцы.
Як ні дзіўна, але перш гэтая вестка прыйшла ў Верамейкі з Зазыбам.
Не паспеў ён вярнуцца з калгаснай канторы, як з Кулігаеўкі па яго прыбегла ўнучка Сідара Раўнягіна.
— Дзед казаў, што б вы да нас ішлі, — сказала яна.
— А што ў вас, вяселле? — ажно не паверыў Зазыба.
— Не ведаю, — сумелася дзяўчынка, — толькі дзед казаў, што б вы прыйшлі.
Зазыба прыкінуў — Раўнягін нездарма пасылае па яго ў такі час дзяўчо.
— Ладна, — кіўнуў ён, — скажы дзеду свайму, што хутка прыйду.
Неўзабаве Зазыба накінуў на плечы ватоўку і пашыбаваў па загароддзі ў Кулігаеўку.
На два пасёлкі — Мамонаўку і Кулігаеўку — было пятнаццаць двароў. Пасёлкі гэтыя выраслі ў дваццатыя гады, у час так званай «прышчэпаўшчыны». Верамейкаўскім мужыкам, асабліва спярша братам Раўнягіным, Сідару і Ігнату, таксама захацелася «культурна пагаспадарыць», і яны нагледзелі сабе пад сялібу Кулігаеўку — урочышча, дзе пры панах на беразе звычайнай рачулкі-сморкаўкі была паказная стайня. Праўда, урочышча тое, пакуль людзі раскашавалі пасля рэвалюцыі з зямлёй, пабралася глушынай, але акалічнасць гэтая не стала прычынай для двухжыльных братоў, і ўжо недзе пад восень на беразе Кулігаеўкі задымілі коміны хат, перавезеных з Верамеек. Праз год у Кулігаеўцы хат паболела — стала шэсць. У Мамонаўку тым часам пераехалі з Верамеек Даніла Райцаў і Васіль Храмянкоў. Здаецца, год ці два ў Верамейках пацвельваліся з навасёлаў, але не доўга: вельмі хутка абжыліся там былыя верамейкаўскія мужыкі — і хаты ўжо ў іх былі не саломаю крыты, а гонтай. Сідар, малодшы з братоў Раўнягіных, грамату з Мінска атрымаў як культурны гаспадар. Калі паўсюды ствараліся калгасы, мамонаўцы і кулігаеўцы таксама вырашылі арганізавацца ў арцель. Але праз некалькі год у раённым цэнтры нечага палічылі, што пятнаццаць гаспадарак — гэта яшчэ не калгас, і прапанавалі мамонаўцам і кулігаеўцам далучыцца да Верамеек. Затое па-ранейшаму туды з вялікай ахвотай наведвалася рознае начальства: там табе і лазня з венікам — кожны гаспадар меў сваю, і рыба — возера непадалёку, і дзічына — лес побач. Можа, таму і не бурылі пасёлкаў, не звозілі назад у Верамейкі.