.
© Пашкевіч А., 2015
© ПУП «Кнігазбор», 2015
Яго ведаюць усе. Прынамсі — чулі ці сустракаліся. Калі і не з прозвішчам, дык з тым, што яно пачало азначаць у свядомасці грамадства ХХ і ХХІ стагоддзяў: ДЫЗЕЛЬ
І ні тыя стагоддзі, ні грамадства без яго ўжо існаваць не могуць, хоць і не памятаюць. Аднак штодня чуюць і сустракаюцца…
Падчас з’яўлення гэтай аповесці пра лёсы вынаходнікаў і нафтамагнатаў узнікала яскравае жаданне: з таго, што было, ёсць і будзе, выпісаць рэальнасць, якой, магчыма, і не было, але якая… нараджаецца ва ўяве чытача ці хаця б самога аўтара. Але ж ён — звычайны чалавек, які, здараецца, нават і сябе можа не ведаць. А што казаць пра рэальна дзейсных сто гадоў таму персанажаў?
Вось і давялося, усведамляючы творчы грэх біяграфічнай выдумкі ды абыходзячы цянёты калядакументальнай прозы, змяняць некаторым героям імёны ці літары ў прозвішчах, пераўвасабляючы іх у двайнікі-цені.
І, спадзяюся, яны не будуць мець на тое крыўды. Ну хоць бы — лепшыя з іх…
Аўтар
У шкле вакон кавярні «Vіkón» астывала парыжскае сонца.
— Тут не занята? — спытаў цыбаты наведнік.
— Не, калі ласка, — мужчына ў сінім швэдары машынальна кіўнуў галавой і перагарнуў старонку тоўстай кнігі.
Але чытаць расхацелася, і ён увомірг агледзеў суседа ў спакойным шэрым гарнітуры, затым свае пазногці — і прыхінуўся да спінкі фатэля.
Яны замовілі амаль адно і тое ж: кураня на грылі, салат і віно. Толькі той, хто ў гарнітуры, — чырвонае, а мужчына ў швэдары — белае.
Сонца спусцілася яшчэ ніжэй на бульвар Монпарнас, адлюстравалася ў соннай Сене ды зноў мякка дзюбнула промнем у шкло. З веранды далягляд закрывала жалезная спаруда ў драўляных рыштаваннях — ужо на трэць узведзеная вежа Эйфеля. Чатырохногую раскірэку не абмяркоўваў толькі нямы…
— А як вам гэты монстр? — спытаў мужчына ў швэдары суседа па століку.
— Ды нічога… Забаўна. Здаецца, і сонца да яго ўжо прывыкла: глядзіце, ляжыць на вежы, як на трымальніку яйка ўсмятку.
— Вы паэт?
— Не, наадварот…
— Адкуль жа такая метафара?
— Напэўна, ад перанасычанасці тэхнікай. Я інжынер. Гэта вы, думаю, літаратар, — мужчына ў гарнітуры паправіў пазалочанае пенснэ і кіўнуў на адкладзеную кнігу.
«Швэдар» усміхнуўся:
— Не, таксама наадварот. — Ён паказаў шмуцтытул, на якім тлуста значылася «Супраціўленне металу Ёзафа Легера», і працягнуў руку: — Выкладчык тэхнічнай школы Адам Мацкевіч.
— Рудольф Дызель, — назваўся і суразмоўца.
Яны замовілі яшчэ віна і загаварылі, як даўнія таварышы, якія, аднак, адзін пра другога нічога не ведалі. Былі неабароненымі ад алкаголю, паколькі сустракаліся з ім нячаста, а таму хутка захмялелі і яшчэ хутчэй раззнаёміліся.
І Рудольф, і Адам нарадзіліся ў Парыжы. Бацькі першага — немцы — некалі мелі тут скураную майстэрню, галоўны прыбытак якой прыносіў пераплёт кніг. Аднак пачалася французска-пруская вайна, сям’я падалася ў бежанства ў Англію. Напалеон ІІІ са сваім войскам капітуляваў, і трынаццацігадовага Рудольфа выправілі да родзічаў у нямецкі Аўсбург — набірацца навукі. І ён не падвёў: займеў добрую стыпендыю ды закончыў Мюнхенскую вышэйшую тэхнічную школу. А дзевяць гадоў таму па рэкамендацыі свайго настаўніка прафесара Ліндэ зноў вярнуўся ў Парыж на халадзільны завод Хірша і стаў яго дырэктарам.
Лёс Адама быў надзіва падобным: таксама вайна і паязджанства бацькоў…
— Неверагодна, — дзівіўся Рудольф, — мой бацька, як і твой, быў пераплётчыкам!
Казімір Мацкевіч, бацька Адама, малады прафесар, звольнены з працы за незалежніцкі светапогляд і «нядобранадзейнасць», вымушаны быў «лячыць» у сваім маёнтку кнігі для ўсёй губерні. Калегі ды сябры спрабавалі падтрымаць грашыма, але ганарлівы шляхціч крыўдаваў і адмаўляўся. І тады яны пайшлі ў абход: знайшліся сотні кніг, уладальнікі якіх неадкладна захацелі даць ім новае жыццё. Так і з’явілася праца…
— Во як! Праўда, да таго ён выкладаў гісторыю ў Віленскім універсітэце, а затым, пакінуўшы пераплётчыцкі варштат, стаў паўстанцам, узяў у рукі стрэльбу ды пайшоў у лес… — Адам узняў келіх і прапанаваў: — Давай… за здароўе нашых бацькоў!
Прыгубілі, і Рудольф удакладніў:
— А Віленскі ўніверсітэт — гэта дзе?
— У Літве-Беларусі, — Адам уздыхнуў, бачачы, што суразмоўца застаецца ў неразуменні, пастукаў пальцамі па стале, падсунуў дзве талеркі, а паміж імі паставіў келіх з віном. — Вось, глядзі… Тут, дзе салата, — Польшча…
Рудольф усміхнуўся і бадзёра кіўнуў.
— А дзе парэшткі курыцы — Расія. Паміж імі — радзіма маіх бацькоў. Цяпер жа і там, і там, — Адам тыцнуў пальцам на салат і віно, — Расійская імперыя…
Невядомасць новага гістарычнага мацерыка, было заўважна, зацікавіла да таго скаванага і напружанага Рудольфа. Ён расшпіліў на пінжаку некалькі верхніх гузікаў і зноў спытаў:
— Дык твой бацька быў паўстанцам… дыктатарам, як і Напалеон?
— Ды не, — Адам прыхінуўся да стала і расправіў свае каштанавыя вусы. — Кіраўніком паўстання супраць расійскага цара ў тым краі быў іншы чалавек… — Адам задумаўся і махнуў шырокай даланёй. — Забыў прозвішча… Гэта быў, калі памятаеш гісторыю французскай рэвалюцыі, Марат і Рабесп’ер у адной асобе.
— Цікава, — Рудольф расшпіліў усе гузікі на пінжаку і паправіў гальштук. — І даўно тое было?
— У 1863-м, за год да майго з’яўлення.
— А сам ты выкладаеш?
— Так. А калі пачала расці гэтая вежа, — Адам кіўнуў на рыштаванні жалезнай спаруды, — стаў адным з арміі інжынераў на яе будаўніцтве.
Яны дапілі віно і выйшлі на вуліцу. На Марсавым полі, дзе і вырастала Эйфелева вежа, ужо збіраўся кастрычніцкі прыцемак, адагнаны з Сены агнямі Енскага моста. На тратуарах паменела людзей, зрэдку праязджаў экіпаж, на лаўках шапталіся закаханыя пары.
— А чым ты тут непасрэдна займаешся? — спытаў Рудольф і схаваў пенснэ ў верхнюю кішэньку пінжака.
— Заклёпкамі, — Адам ускудлаціў свой густы «вожык», усміхнуўся, і ад вачэй разышліся маладыя маршчынкі. — Праз іх я і патрапіў на гэтую грашавітую будоўлю. Уяўляеш, ва ўсёй канструкцыі неабходна змацаваць 18 тысячаў металічных дэталяў. А яны — ад адной да дзясяткаў тон вагой! І па праекце трымацца будуць на двух з паловай мільёнах балтоў-заклёпак. А яны, як разумееш, мусяць быць мацнейшымі за асноўны метал. Вось я і сачу за іх закалкай. Ну ды ты і сам як інжынер ведаеш…
Рудольф узняў бровы і загаварыў, як на лекцыі:
— Трываласць металу можна значна павысіць шляхам ягонага высокага награвання, а затым — хуткага астуджвання. Пажадана — у вадкасцях.
— Так. На шчасце, мае загатоўкі аказаліся наймацнейшымі — і мяне ўзялі на працу. Ну а працэс загартоўкі металу, прызнаюся, падгледзеў яшчэ падчас студэнцкай практыкі ў адной з правінцыйных кузняў…
Яны — маладыя, няўрымслівыя, амбітныя — маглі прагаварыць пра свае клопаты бясконца, але кожнага зранку чакала праца, а таму мусілі развітвацца. Абмяняліся адрасамі, дамовіліся пра новыя сустрэчы — і разышліся.
Дома састарэлы Казімір Мацкевіч ужо збіраўся класціся спаць, калі ўзбуджаны сын абняў яго і нечакана выдыхнуў:
— Нешта ты даўно не расказваў мне пра свае маладыя гады…
Бацька сеў на ложак, уважліва паглядзеў на сына — і ўсміхнуўся:
— Я ўжо драмлю, прабач. А калі табе не спіцца — ты ведаеш тую шафу. Вазьмі і пачытай…
У той жа час праз вуліцу ад кавярні «Vіkon», яшчэ бліжэй да Сены і будоўлі Эйфеля (з жаўтком вечаровага сонца над ёй) у асобным пакоі рэстарацыі «Viktoіrе» вячэралі дзве пары, якія таксама мелі дачыненне да Расійскай імперыі. Прамое — малады палкоўнік Віктар Аляксандравіч Берг з прыгажуняй-жонкай Елізаветай і, — дачыненне ўскоснае, — нямецкая сям’я Люцыусаў, Генрых і Клара. У агульнай вандроўцы мужчыны правялі два тыдні, і, паколькі сумесная дарога збліжае найбольш, збоку выглядала: на вячэру сабраліся сябры дзяцінства. І мова іх была дзіўная: адны гаварылі па-расійску, устаўляючы там-сям нямецкія словы, другія — па-нямецку з расійскім акцэнтам.