Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!




Барыс Пятровіч


ПУЦІНА


Матыльком ніколі

Яму ўжо не стаць.

Дарэмна дрыжыць

Вусень на восеньскім ветры.


Басё


на Шыкатане, на беразе Ціхага акіяна, на краі све­ту, не думаецца пра прыгажосць і бясконцасць прасторы, якая называецца планетаю Зямля, не робіцца зразумелай твая нікчэмнасць (быў такі сахалінскі кампазітар з беларускім прозвішчам Нікчэмны, які, кажуць, напісаў знакамітую некалі песню са словамі «На востраве нармальнае надвор’е…») ды дробнасць перад магутнымі сіламі прыроды і самою прыродаю ўвогуле, а прыходзіць момант, калі пачынае здавацца, што перад табою проста дэкарацыя

акіяна ці шырокі экран кінатэат­ра і, калі пратканіненую паперу прабіць — за ёю будзе проста цемра, якая ёсць нішто, пачатак пачаткаў ці канец канцоў, альбо пачатак канца ці канец пачатку; якая знішчае ўвогуле ўяўленне пра час і прастору і ўсялякі пачатак адначасова робіцца канцом, а канец — пачаткам, і ўсё сціскаецца ў кропку, і гэтая кропка — ты, адзінокі, забыты ўсімі, пакінуты настолькі, што, здаецца, узмах­нуў бы ў роспачы крыллем і ўзняўся ў неба, узляцеў бы так высока, што востраў увачавідкі

ператворыцца ў зярнятка, якое зусім лёгка падхапіць двума пальцамі, кінуць у рот, пажаваць і выплюнуць куды-небудзь далёка за Японскія астравы, дзе цяплей і скура цямнее, дзе славяне з беларусаў робяц­ца чорнымі, бы мурыны, і толькі непляскатыя насы і некучаравыя галовы выдаюць іх за нетамтэйшых: за Міклуха-Маклаяў, а не Пятніцаў, але лёгкасць праходзіць, вецер думак супакойваецца і шум мора, які натуральны прасцей пачуць з ракавінкі, чымсьці на беразе акіяна, кожным сваім

працяжна-напружаным «ш-ш-ша-а-а…» вяр­тае цябе ў абалонку твайго цела, і страх, які быў пасяліўся ў табе, выпетрываецца, і ўжо не здаецца, што за той вунь сопкаю сядзіць і цікуе за табою мядзведзь, для якога ты толькі здабыча, што сама прыйшла, і найгалоўны страх — адступае: нічога не страшна, нішто не страшна, нават тое, што было страшна ў дзіцячых снах, і самая смерць падаецца адно пераходам у іншую якасць — больш высокую, звышкультурную ступень развіцця: быў вусенем — стаў матыльком;

і не цікава нават: ці бачыць вусень матылька, не цікава, ці разумее вусень, што матылёк — гэта ягоная крылатая будучыня, што ён народжаны поўзаць, каб потым лётаць, цікава толькі: ці хоць бачыць увогуле; бо тут, на беразе Ціхага акіяна, далёка ад дома, ад родных магілаў, ён пачынае ўзірацца ў неба і шукаць вакол сябе сваіх дзядоў, прадзедаў, бабуляў і прабабуляў, якіх даўно няма сярод жывых, і ён не ведае — дзе яны сёння, хто яны цяпер, але яму думаецца, што яны прыляцелі б, каб пабачыць яго,

і ў цяжкую хвіліну одуму быць побач; ён узіраецца ў неба, аднак не бачыць іх: ён яшчэ вусень, яму не дадзена, але ці бачаць яны яго? ці існуюць увогуле яны? яны, як і ён — былі нечыімі ўнукамі, яны сталі потым — чыімісьці бацькамі, а ці дадзена яму быць камусьці бацькам? ці не перарвецца распачаты і працягнуты імі ланцужок на ім, бо ён адзіны сын у сваіх бацькоў (дочкі — ягоныя сёстры — не ў лік: яны не захоўваюць і не перадаюць прозвішча), і ці мае ён права на смерць… нават у адчаі, нават на краі

свету, як бы прыгожа гэта ні выглядала: менавіта на краі свету стаць з вусеня матыльком… ці мае? не, нават у роспачы… не мае… і прыклад з матылькамі зусім няўдалы, бо вусені не памнажаюцца, а памнажаюць вусеняў матылькі, якія не адразу становяцца матылькамі, а праходзяць праз стадыю вусеняў (ага, значыць, кокан — труна, ці труна = кокан…), а мы закончаныя — даствораныя Богам — да канца, нам няма на што спадзявацца, апроч надзеі на тое, што не можа тут, на Зямлі, корань наш заканчвацца,

што для кагосьці ёсць недзе матыльковы рай, а для кагосьці — вусеневае пекла… ну, вось, ён вярнуўся да таго, з чаго пачаў, а значыць, і зямля перад ім не заканчваецца, а пачынаецца, і так у любой кропцы, дзе б ён ні стаяў, і зад-перад (пачатак-канец) мяняюцца ў залежнасці ад таго, куды ён павернецца: Амерыка цяпер недзе наперадзе, а Расія, і далей — Беларусь, недзе ззаду, аднак вось ён зараз азірнец­ца — і ўсё зменіцца, пойдзе да паселішча, што стаіць у сотні метраў ад акіяна, і Амерыка будзе ззаду,

а Расія з Беларуссю перад ім… гэта ніякім чынам не пацвярджае ісціну, што ўсё адносна, гэта канстатуе факт, што ўсё адносна: нашае жыццё (па сутнасці, усяго толькі водбліск маланкі!) адносна матыльковага — бясконца доўгае ды імгненна кароткае адносна часу палёту святла ад любое зоркі (толькі не ад Сонца) да Зямлі: зоркі тае ўвогуле можа ўжо не быць там, адкуль ідзе ейнае святло, а мы яе яшчэ бачым, яна памерла там, дзе жыла, але яшчэ свеціць нам тут, аднак і гэтае святло не вечнае, бо ўсё, што мае пачатак

Читать книгу онлайн Пуціна - автор Пятровіч Барыс или скачать бесплатно и без регистрации в формате fb2. Книга написана в 2019 году, в жанре Современная русская и зарубежная проза. Читаемые, полные версии книг, без сокращений - на сайте Knigism.online.