Падрыхтаванае на падставе: Міхась Чарняўскі, Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі, — Мінск: Народная асвета, 1981. — 64 с., іл. (Школьнікам — аб гісторыі Беларусі).
Рэдактар: В. Ф. Гапановiч
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
Каменны век — пара «дзяцінства» чалавецтва, У тую вельмі далёкую эпоху людзі жылі дзякуючы паляванню, рыбацтву i збіральніцтву. Сваімі паводзінамі i нават побытам першыя людзі нагадвалі чалавекападобных малпаў. Але існавалі i істотныя адрозненні. Паляваннем i рыбацтвам чалавек займаўся з дапамогай каменных i касцяных прыладаў працы. Каб выкапаць які-небудзь клубень або корань, наш першабытны продак карыстаўся палкай ці ручным крамянёвым секачом. Жывёла ж здабывала сабе ежу зубамі i кіпцюрамі.
Людзі каменнага веку авалодалі агнём, навучыліся будаваць жыллё, шыць вопратку, членараздзельна размаўляць, маглі абстрактна мысліць, былі аб'яднаны ў мацярынскія родавыя абшчыны. У каменным веку ўзніклі i пачалі развівацца мастацтва i рэлігія, a ў канцы яго чалавек навучыўся вырабляць гліняны посуд, пачаў гадаваць свойскую жывёлу i вырошчваць культурныя расліны. Пра каменны век аўтарам гэтых радкоў напісана кніжка «З глыбінь тысячагоддзяў».
У пачатку ІІ тысячагоддзя да н. э. на тэрыторыі Беларусі наступіў бронзавы век. Хоць пераважную колькасць прыладаў працы i ў новую эпоху па-ранейшаму складалі каменныя і асабліва крамянёвыя вырабы, аднак ужо сталі ўжывацца i першыя металічныя вырабы з медзі i бронзы. Паўсюдна ўсталяваліся прагрэсіўныя формы гаспадарання — земляробства i жывёлагадоўля. Складваліся і развіваліся патрыярхяльна-родавыя адносіны паміж людзьмі.
На больш паўднёвых тэрыторыях i асабліва там, дзе меліся ўласныя запасы медзі, працэс пераходу ад каменнага да бронзавага веку адбыўся раней. Так, у Месапатаміі бронза стала вядомай яшчэ ў сярэдзіне IV тысячагоддзя да н. э., у Закаўказзі — у ІІІ тысячагоддзі да н. э. На некаторых тэрыторыях бронзаваму веку папярэднічаў меднакаменны век — энеаліт, калі людзі яшчэ не ўмелі выплаўляць бронзу, але медныя прылады ўжо рабілі.
Усю эпоху медных i бронзавых вырабаў на нашай тэрыторыі ўмоўна падзяляюць на тры перыяды — ранні бронзавы век, які каля сярэдзіны II тысячагоддзя да н. э. змяніўся сярэднім. У апошняй чвэрці гэтага тысячагоддзя пачаўся позні бронзавы век, які працягваўся амаль да сярэдзіны I тысячагоддзя да н. э., калі ён уступіў сваё месца ранняму жалезнаму веку.
У бронзавым веку тэрыторыю Беларусі засялялі шматлікія плямёны, якія адносіліся да розных археалагічных культураў. Так, у пачатку II тысячагоддзя да н. э. тут з'явіліся плямёны культураў шнуравой керамікі, або баявых сякераў,— сярэднедняпроўскай у Падняпроўі i на Ніжняй Прыпяці, прыбалтыйскай на паўночным 3аxадзе. На поўначы ў гэты час існавала паўночнабеларуская культура, а на паўднёвым захадзе жыло насельніцтва асобнай заходнепалескай групы культураў шнуравой керамікі. У сярэднім бронзавым веку Падняпроўе засялялі плямёны сосніцкай культуры, басейн Прыпяці i значную частку Панямоння — тшцінецкай культуры. У познім бронзавым веку ў цэнтральнай i заходняй Беларусі жыло насельніцтва, якое ў сваім побыце ўжывала розныя тыпы гладкасценнай i штрыхаванай керамікі. Пранікалі ў бронзавым веку на нашу тэрыторыю i носьбіты іншых археалагічных культур, асноўныя тэрыторыі рассялення якіх знаходзіліся па-за межамі сучаснай тэрыторыі рэспублікі.
Бронзавы век — надзвычай важны этап развіцця чалавецтва. У ранейшы час для вырабу прыладаў працы i зброі чалавек браў гатовыя матэрыялы, якія меліся ў прыродзе — камень, косткі, дрэва. Навучыўшыся выплаўляць з руды металы i рабіць з ix бронзу, людзі стварылі для сваіх патрэб прынцыпова новы матэрыял, якога ў прыродзе да гэтага часу не было. Так пачалася металургія. А ад выплаўкі медзі i бронзы ўжо быў адзін крок да выплаўкі з балотнай руды жалеза, якое зрабіла сапраўдную рэвалюцыю ў жыцці чалавецтва. Вобразна кажучы, у звоне бронзавай сякеры ўжо чуўся звон жалезнага лемяша, грукат колаў цягніка па рэйках, грымотны ўзлёт касмічнай ракеты.
Палюючы на дзічыну, шукаючы ядомыя расліны, збіраючы крамяні, першабытны чалавек усё больш даследаваў нават самыя аддаленыя куткі свайго наваколля. I пэўна ў час гэтых вандраванняў яму трапляліся кавалкі самародных металаў — золата, жалеза, медзі, якія сваім бляскам або колерам прыцягвалі яго ўвагу. Спачатку чалавек гэтыя знаходкі лічыў толькі незвычайнымі камянямі i апрацоўваў ix такім жа спосабам, як крэмень,— шляхам абіўкі. Але вядома, што тая ж самая самародная медзь не разбіваецца так лёгка, як крэмень, i ад яе нельга адкалоць тонкія i вострыя адшчэпы i пласцінкі. Таму абіўка толькі змяняла форму знойдзенага кавалка металу i фактычна з'яўлялася першапачатковым прымітыўным халодным каваннем. Так, напрыклад, эскімосы яшчэ ў мінулым стагоддзі з сабранай самароднай медзі выкоўвалі наканечнікі стрэлаў, дзідаў, нажы.
Так апрацоўвалі першыя металы ўсе народы. Вядома, што да з'яўлення ў Амерыцы еўрапейцаў там усе медныя вырабы былі каваныя. Toe ж самае было і ў старажытным Егіпце, Месапатаміі, Індыі, Кітаі.
Апрацоўваючы самародны метал i карыстаючыся меднымі вырабамі, чалавек усё больш пазнаваў уласцівасці гэтага «каменя». Прымаючы пад увагу, што ў чалавечым жыцці пастаянна прысутнічаў агонь, у рэшце рэшт павінна было адбыцца «сутыкненне» медзі або меднай руды з агнём. Дзякуючы гэтаму чалавек заўважыў, што медзь плавіцца, а з меднай руды «выцякае» чысты метал. Такое магло здарыцца, напрыклад, калі медныя рэчы выпадкова траплялі ў агонь або з кавалкаў меднай руды складалі аснову агнішча.