Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!



Зміцер Вішнеў
Тамбурны маскіт


Падрыхтаванае на падставе: Зміцер Вішнёў, Тамбурны маскіт - Санкт-Петербург, ООО "Невский простор", 2001 Тамбурны маскіт 


Copyright © 2013 by Kamunikat.org


МАЯ СЦІСЛАЯ БIЯГРАФIЯ


Паводле адных звестак я нарадзіўся ў 1973 годзе ў Венгрыі, паводле другіх - у 1812 годзе ў Францыі, ёсць інфармацыя, што ў 1715 годзе ў трохгадовым узросце мяне прывезлі з Абісініі. Часам я думаю, што гэта ўсё лухта, і кажу, што я прыляцеў з планеты Марс. Ша! Але тым не менш усе гэтыя версіі маюць права на існаванне. Бо мая памяць захоўвае ўражанні ад усіх вышэйпералічаных краін. Так, прыгадваю цёмны венгерскі пакой, лакіраваную мэблю і... я — калабаха — лячу галавой уніз... Бум! Вось яно, прадчуванне псеўдабумбамліта. Пра Францыю памятаю... буйнамаштабныя п'янствы. Некалькі разоў сябры вылоўлівалі мяне з Сены. Што датычыцца Абісініі... Яшчэ дагэтуль маё цела месцамі чорнае. Некаторыя пальцы на нагах чамусьці раз на год робяцца сопушнымі. Ха-ха. Вось гэткія справы.

Некалькі гадоў я бадзяўся па тундры ў пошуках сваёй чукчанкі. На жаль, мара мая спраўдзілася значна пазней. Бо сваю музу — Шханаву — я знайшоў толькі на Беларусі. Праўда, тыя гады не прайшлі для мяне дарма. Я вывучыў суахілі, кіконга і чылуба, бо тутэйшыя абарыгены, як гэта ні дзіўна, сябруюць з некаторымі афрыканскімі плямёнамі. Паляваў на белых медзвядзёў і ў выніку займеў некалькі металёвых зубоў... Дыхаў паветрам свабоды! Ша!

Доўгі час я жыў у Польшчы, але гэты перыяд жыцця мне ўяўляецца досыць сумным. Тлум перапаўзаў з аднаго вока на другое. Я хрумсцеў агуркамі і займаўся браканьерствам. Але цяпер усё гэта падаецца мне дзіцячымі гульнямі.

Ха-ха. Затое якой авантурай выглядае маё перасяленне ў адну правінцыйную беларускую глушэчу. Слуцкія прасторы! Гэта дыхае ў сэрцах тысячаў слуцакоў, якія любяць сваю бацькаўшчыну!.. Нічога не маю супраць любові. Ша! Але самыя лепшыя ўспаміны ад гэтай «бацькаўшчыны» звязаны ў мяне з мясцовым мясакамбінатам. Бо там працаваў мой сябра, які хварэў на графаманію. У вольны ад камбіната час ён забіваў жывёлінаў камянямі і рэзаў іх бітым шклом. Любімым ягоным напоем быў таматны сок. Бо падабалася садзюгу ўсё чырвонае. Я і дагэтуль баюся баявых быкоў. I таму прапанову адной дзяўчыны паехаць у Гішпанію на фіесту ўспрыняў як кроўную помсту. Я выходзіў на памост і забіваў прусакоў. Біў іх вялікай абгрызенай косткай! Ша!

У 1997 годзе неяк пасля клёвай тусоўкі я ішоў па вуліцы. Нікога не чапляў. Планы ў галаве на заўтра маляваў. Як раптам спыніўся варанок і мяне схапілі нейкія спадары-мянты. Ім было пляваць на мае дакументы. Ы-ы-ы-ы-ы... Я чуў, што бываюць мазгі з цэментам. Мяне завезлі ў мянтоўку. Я нават захацеў цыгарэту з ментолам. У мяне вялікае джала, я раззлаваўся і паслаў нейкага падпалкоўніка ў далёкія-далёкія нябачныя землі. Білі мяне доўга. За валасы мяне цягаў дог. Ы-ы-ы-ы-ы!.. Але мой дух не знішчылі. Я прыгадваў дыктатара Піначэта з Чылі. Лічыў змеяў, якія прапаўзалі па маім целе. Вочы прынца выкаціліся з цэлафану. Я пазіраў на свалачэй праз снайперскі прыцэл. Мае прынцыпы скавалі ланцугамі і білі нагамі. Ы-ы-ы-ы-ы!.. У камеру, у літаральным сэнсе, я запаўзаў. Я паліў свой рот каніфоллю і запаяў прыпоем. У пратаколе пазначылі: «Лаяўся нецэнзурнымі словамі і не падпарадкоўваўся праваахоўным органам...» Ша! Праз прыпой і каніфоль кропалі словы супрацоўніка газеты «Культура». Я сцябаў наменклатуру баявым журналісцкім і літаратурным словам! Ха-ха! Гэтую пагонную макулатуру! Перад камерай я згубіў свой партфель з паэтычнымі нататкамі пра Шханаву.

Ха-ха! Усім вам булкі! Я разломваў бомбы, патроны і зубамі ставіў на капсулях пломбы. Я знайшоў паэтычныя нататкі пра Шханаву! Ша! Гэта каштавала мне самазвала нерваў і даўжэзнага цягніка балкампёснага брэху! Я перачытваў п'есы Бертольда Брэхта! На маім шляху гуляла рэха! Ха-ха! Цяпер гэта — дасягненне раздзела «На шпалерах птушкі». Там на якарных ланцугах — дзесяткі скунсавых тушак.

На пяцігоддзе часопіса «Першацвет», якое святкавалася ў менскім Доме літаратара ў 1997 годзе, галоўнаму рэдактару мы паднеслі падарунак - ліхтарык у гандоне. Спадар рэдактар быў усцешаны. Яго рукі трэсліся, з вока выкацілася слязінка. Сін, Барысевіч і я прадэманстравалі сутнасць пяцігадовага існавання «Першацвета». Падкрэслілі фільтрацыю і дэзінфекцыю. Недарэмна рэкламныя шчыты крычаць: «Асцярожна, СНІД! Карыстайся прэзерватывам!» Ха-ха! Дзякаваць Богу, у нас захавалася яшчэ савецкая эліта. Яна стаіць на баявой варце і адстрэльвае ўсялякую контру. Напэўна, 15 чэрвеня 2000 года многія члены прыёмнай камісіі Саюза беларускіх пісьменнікаў прыгадалі мне грынпісаўскую дзейнасць. Яны па-сяброўску адхілілі ад мяне радыеактыўны туман. Каб я не здох. Але я ўсё роўна здыхаю кожны тыдзень пасля кубачка кавы альбо размовы з чыноўнікам. Асабліва мне падабаецца здыхаць, калі некаторыя вусатыя суб'екты мне нагадваюць: «Ты ж сам афрыканскі чыноўнік... Любі свой кабінет, не забывайся на партфель - і ты будзеш нашым фельдфебелем». Ша! Не пройдзе! Прэч, скунсы!

Праўда, пасля адыходу ад Бум-Бам-Літа я ўжо абвясціў пра сваю поўную незалежнасць і крычу пра гэта штодня. Таму мая прысутнасць літкансультантам у Саюзе беларускіх пісьменнікаў тлумачыцца павагай да дзейнасці Вольгі Іпатавай, Васіля Быкава, Ганны Кісліцынай і Пятра Прыходзькі. Колас і Міцкевіч пакінулі мне куфры з натхненнем! Таму я афрыканізую нашую зямлю! Я люблю сапраўдную паэзію!

Дарэчы, рэдактар гэтай кнігі Валянцін Акудовіч аднойчы напісаў: «Ніколі не хацеў быць сябрам (членам) Саюза пісьменнікаў, «Тутэйшых», ПЭН-цэнтра, Таварыства Вольных Літаратараў... Не, калі быць зусім дакладным, то адзін раз хацеў, бо пачаў моцна кашляць і з гэтага думаць пра смерць. I не так мяне тая смерць палохала, як вечная нястача грошай. Дзе ж гэта мая жонка, - думаў, - якой да палучкі грошай ніколі не хапае, набярэцца іх, каб прыдбаць труну, замовіць аркестрык ды справіць хоць якія хаўтуры. Дарэчы, з хаўтурамі найгорай, бо чым-чым, а сябрамі і прыяцелямі лёс мяне ніколі не крыўдзіў. Як уявіў сабе, колькі іх адусюль панацягнецца, і кожнаму трэба па праваслаўнай завядзёнцы тры чаркі наліць (але гэта, можа, вашым сябрам было б даволі тры чаркі, а маім, ды яшчэ з такой нагоды — смеху вартыя тыя тры чаркі)... Адным словам, як уявіў я сабе ўсё гэта, то зразумеў, што пасля хаўтураў маім сямейнікам таксама ўжо жыцця не будзе... I вось тады я ўспомніў, што сяброў (членаў) Саюза пісьменнікаў за дзяржаўны кошт хаваюць, і моцна пашкадаваў, што я не сябар (член) гэтага «саюза». Трэба, — пачаў я ліхаманкава прыкідваць варыянты, — хуценька зладзіць якую-кольвек малюпасенькую кніжачку і прасіцца ў «саюз». Тым болей, што ў мяне там шмат знаёмцаў, можа, паспрыяюць, каб прынялі і за дзяржаўны кошт пахавалі. Магчыма, я і здзейсніў бы сваю задуму, але раптам кашляць перастаў...»

Вось так і я, разумееце, 15 чэрвеня 2000 года па-свойму вылечыўся, калі члены прыёмнай камісіі СБП далі мне выспятка. Мой нармальны стан — часовая змярцвеласць цела. Ха-ха. Баяцца мяне некаторыя маманты! Зайздросцяць майму таленту! Усім ворагам клізмы! Неўзабаве я еду ў Фінляндыю на міжнародны кангрэс пісьменнікаў! Падавіцеся слінай! Па вашым твары дубам і глінай! Мяне праз тысячу год пахаваюць сябры-фіны! Ша!

Читать книгу онлайн Тамбурны маскіт - автор Зміцер Вішнеў или скачать бесплатно и без регистрации в формате fb2. Книга написана в 2001 году, в жанре Современная русская и зарубежная проза. Читаемые, полные версии книг, без сокращений - на сайте Knigism.online.