Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!



Васіль Зуёнак
Паміж небам і зямлёй


Падрыхтаванае на падставе: Зуёнак, В. В. Паміж небам і зямлёй : літаратурна-лінгвістычныя эсэ, эцюды, падарожныя нататкі / Васіль Зуёнак. — Мінск : Беларус. навука, 2009. — 266 с., [6] арк. іл.


Copyright © 2013 by Kamunikat.org


Гукаючы слова


ЗАРУКА ЖЫЦЦЁВАСЦІ

Не мы, беларусы, вінаватыя, што нам з такім спазненнем давялося вырашаць (дакладней, завяршаць) тое, чым іншыя еўрапейцы займаліся недзе паўтысячагоддзя таму: сцверджаннем: і замацаваннем нацыянальных моў, «узняццем» іх з «неўсвядомленых» народных «нізоў» на ўзровень вяршыняў мастацкай літаратуры. Мы ўступілі ў гэты працэс нароўні з усімі, аднак гістарычныя ўмовы (зважаючы, не ў апошнюю чаргу, на геапалітычнае становішча зямлі нашай: скрыжаванне «Захад — Усход» — «Поўнач — Поўдзень») склаліся так, што дзяржаўнасць беларусаў-ліцвінаў была спачатку «прысябечана» суседам заходнім, а праз два стагоддзі — яшчэ на такі ж адрэзак часу — суседам з усходу. Мова, на якой размаўляў (ды і дзяржаўна абслугоўваўся) просты люд, гвалтоўна заганялася ў рэзервацыю побытавага карыстання. Ва ўладныя сферы ёй доступу не было, — там афіцыйна ўсталёўвалася і панавала спачатку польская, а потым руская мова. На гэты, уладны, «паверх» меркантыльна «перабіраліся» і вышэйшыя пласты грамадства...

Карані раз'ядноўваліся з кронай (з «каронай», — што адно і тое ж, калі браць пад увагу прынцып «поўнагалоснага маўлення»)...

Рабіў сваю — па чарзе — то польскамоўную, то рускамоўную справу і канфесійны «душападзел»: літаральна праз сэрца народа прайшла каталіцка-праваслаўная мяжа. Духоўныя служкі цягнулі кожны ў свой бок — з адпаведнай моўнай «інтэрвенцыяй»...

Для параўнання прыгадаем зноў эпоху Адраджэння...

Дантэ піша трактат «Аб народным красамоўстве», дзе заклікае «дапамагчы мове простых людзей, не толькі чэрпаючы для такога аб'ёмнага сасуда ваду нашага розуму, але змешваючы лепшае з атрыманага ім ці запазычанага ў іншых, каб маглі мы адгэтуль наталіць сасмаглых найсаладзейшым мядзвяным пітвом...». Іншымі словамі, гаворка ідзе аб далучэнні мовы народнай да забеспячэння патрэбаў «высокіх стыляў», аб стварэнні мастацкай літаратуры (ды і іншай) на мове жывой, італьянскай.

Пазней, у гэтым жа рэчышчы, Д'ю Беле трактатам «Абарона і ўслаўленне французскай мовы» даводзіць, што французская мова мае ўсе якасці, неабходныя мове літаратурнай.

Партугальскі філосаф і гісторык Жуан дэ Барруш выступае з «Дыялогам у пахвалу нашай мове»...

У гэты ж прыкладна час і наш Скарына сцвярджае — і сваёй перакладчыцкай практыкай, і публіцыстычна — духоўныя вартасці, багацце і мастацкія мажлівасці роднай мовы, па-наватарску спалучае адметы і ўзоры высокага стылю з яркімі фарбамі мовы гутарковай, народнай.

Але вось тут якраз і падступаюць тыя моманты, калі трэба гаварыць: «На жаль...»

Тады, як той жа Дантэ тэарэтычныя высновы свае (выкладзеныя, дарэчы, на латыні) геніяльна замацоўвае, ствараючы на італьянскай — жывой, народнай — мове «Боскую камедыю», — вось на той самы вялікі жаль, на асновах, на падмурку, закладзеным Скарынам, не быў узведзены хоць бы адзін велічны мастацкі гмах. Яго не далі ўзвесці... А што ён мог узвысіцца, сведчыць выдатная ва ўсіх адносінах «Песня пра зубра» земляка нашага Міколы Гусоўскага, пісаная, паводле тагачасных вучоных канонаў і элітарных устаноў, на латыні. Жывой мове нашага народа ў эпоху Адраджэння не суджана было стаць моваю прыгожага пісьменства.

Постаць беларускага Дантэ... Уяўляю на хвілінку, што гэта мог бы быць і такі волат, як Адам Міцкевіч з Наваградчыны. «Litvo! Ojczyzno moja!..» — ці не генная памяць аб глыбінях мастацкага духу спарадзіла гэты вокліч? Ці не смутак аб няздзейсненым нашаптаў паэту словы: «...на беларускай мове, якую называюць русінскай альбо літоўска-русінскай... гаворыць каля дзесяці мільёнаў чалавек; гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, якая ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана...» — словы, з якімі звяртаўся ён да французскіх студэнтаў, чытаючы ім лекцыю ў 1841 годзе. Мог (у тым часе, разумеецца) стаць і Фёдар Дастаеўскі паходжаннем з Дастоева пад Іванавам (вядомым не адно толькі тым, што краўцы выштукоўвалі такія файныя кажушкі). Горкім дакорам гучаць тастаментныя словы, сказаныя калісьці нашым славутым земляком: «Усякая здаровая і земская сіла верыць у сябе і ў сваю праўду, і гэта ёсць самая першая прыкмета здароўя народнага. Гэта народная вера ў сябе і ва ўласныя сілы — зусім не застой, а, наадварот, зарука жыццёвасці і энергіі жыцця і ні ў якім разе не выключае прагрэсу і вялікага поспеху. Без гэтай веры ў сябе не выстаяў бы, напрыклад, на працягу вякоў беларускі народ і не ўратаваў бы сябе ніколі...» Як шмат сказана Фёдарам Міхайлавічам Дастаеўскім!

Так, сапраўды, наканаваны нам быў гэтакі лёс — выжываць...

Абярэжніцамі, захавальніцамі душы народа, роднай мовы былі наша вёска, наша казачная і песенная зямля. Мова развінала свае крылы ў мастацкіх выявах вуснай народнай творчасці, каб захаваць карані, вытрываць усе выпрабаванні і забароны, каб дайсці да нашчадкаў, узвесніцца, расквітнець словам Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага...

А што ж нашчадкі?

Пахвальна кажуць пра беларускую талерантнасць. А ці не баечка гэта? — з тых, патаемна-вытанчаных спосабаў?.. Якасць, па-чалавечы станоўчая, перарастае ў адмоўную... Беларус, мовячы словамі Багушэвіча, «сам сябе баіцца»... Баіцца (на шырокай публіцы) гаварыць па-беларуску, бо гэта як бы... «не па-людску»... Баіцца ў сваёй хаце сказаць, што ён тут не госць, а гаспадар... Сарамліва «захінае» ад людзей сваю беларускасць, — чым, па-добраму, ганарыцца трэба на свет цэлы... Калі ж, калі будзе адолены гэты комплекс «нацыянальнай непаўнавартаснасці»? Гавораць жа англічане па-англійску, французы — па-французску, рускія — па-руску, — і ні ў кога ж не выклікае гэта хоць бы кроплі здзіўлення якога ці недаўмення. Проста глебы для думкі такой няма, як кажуць, сітуацыйнай падставы. А загаворыць беларус па-беларуску — тут жа і спахопіцца: помніць, што ўчыніў штосьці публічна не зусім звычайнае, нязвыклае. Помніць тое, аб чым іншыя людзі і «помніць» не маюць «зачэпкі». Гавораць — і ўсё на гэтым...

Здаецца, працэсы, якія адбываюцца цяпер у асяродку адукаванай моладзі, вястуюць, што беларуская мова зробіцца высокай мовай эліты — над агульнапобытавай «трасянкай».

Стане той «латынню» — мовай сучаснага «сярэднявечча» — для паслуг вузкага кола людзей... Добра, калі не назаўсёды...



ГУКАЮЧЫ СЛОВА...


І. Генетычная памяць вобраза

Пытанне наіўнае і цікаўнасць марная, калі не сказаць пустая: «Хто быў першым паэтам?» Для адных — «наіўнае», бо адказ спаконвечна вядомы і аксіёмны — доказаў не патрабуе. «Марная» — бо спрэчка іншых, «другіх», з гэтымі «аднымі» ніколі да перамогі не прыводзіла і не прывядзе...

Читать книгу онлайн Паіміж небам і зямлёй - автор Васіль Зуёнак или скачать бесплатно и без регистрации в формате fb2. Книга написана в 2009 году, в жанре Современная русская и зарубежная проза. Читаемые, полные версии книг, без сокращений - на сайте Knigism.online.