Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!



Генадзь Бураўкін
ПАМІЖ ЗОРКАЙ І СВЕЧКАЙ


Падрыхтаванае на падставе: Генадзь Бураўкін, Паміж зоркай і свечкай. Вершы, — Мінск: Выдавецтва Бацькаўшчына, 2000. — 160 с.


Copyright © 2015 by Kamunikat.org 


* * *

Гэта тайна
Спрадвечнай
На свеце была:
Паміж зоркай і свечкай
Ёсць нітка святла.

У начы безгалосай
Шлях падкажуць і мне
Зорка ў цёмных нябёсах,
Свечка ў дальнім акне.

Сумна ў сэрцы асядзе,
Як і ў даўніх вяках, —
Зорка ў мілым паглядзе,
Свечка ў мёртвых руках.

Дажывуся і сам я
Да самотнай пары,
Калі зорка згасае,
А свечка гарыць,
Кожнай кропляй гарачай
Лье святло, як спакон...

I не мне перайначваць
Гэты вечны закон.

Аўтар і выдавецтва шчыра дзякуюць сябрам Беларуска-Амерыканскага грамадскага Цэнтра ў Саўт-Рыверы за дапамогу ў выданні гэтай кнігі


МАЯ АСЕННЯЯ ПАРА


* * *

Прыйшла мая асенняя пара —
I да стала папера запрашае,
Бяжыць гулліва рыфма да пяра
I боскі халадок душу ўзрушае.

Я зноў шчаслівы,
Як прылётны птах.
Мне ў гэтым свсце вольна і прасторна.
Плыве ў садах апалых грушаў пах
I падаюць лісты з рабіны чорнай.

Сінічка жвава скача за плячом —
Здаецца, што вось-вось радок мой клюне.
Вятрыска з ценькім сцішаным плачом
Прыладжваецца за суседскай клуняй.

Ля ног —
Ніты парваных павуцін,
Незатаптаныя кратовы норкі...
I я — на ўсю ваколіцу адзін
I ў той жа час зусім не адзінокі.

Мне словы развярэдзілі душу,
Я зразумеў цярплівую прыроду
I ў небе ўчуў бялюткіх крылаў шум —
Як быццам на парозе адыходу...



* * *

Пакуль жывы,
Турбуйся аб жыцці,
Але пра смерць не забывай таксама,
Каб з першым і апошнім словам "мама",
З якім у свет прыйшоў,
З яго пайсці.

Паспей для ўнука дрэва пасадзіць
I пыл з іконы старадаўняй сцерці.
I памятай заўсёды:
Толькі ў смерці
Ёсць права ўсё спакойна рассудзіць.

Не мітусіся лішне —
Усяго
Купіць,
Нагрэбсці,
Нахапаць
Няможна,
I драбязу не пхні ў рукзак дарожны —
Ты ж хочаш сыну перадаць яго.

Не бойся смерці —
У тваёй крыві
Ханае і агню, і засцярогі.
Не саступай з абранае дарогі.
Пакуль жывы,
Жыві!

* * *

Я стаміўся ад сустрэч і спрэчак,
Ад папер,
Паседжанняў,
Прамоў.
Хочацца да яблынь і парэчак,
Да Дзвіны нахмуранай —
Дамоў.

Лектары
Бясстрасныя, як ёгі,
Зноў і зноў падказваюць адно —
Як не збіцца нам з прамой дарогі,
Аб якой забылі ўсе даўно.

А мая надзейная дарога
Павядзе мяне праз гушчары
Да глухога селішча старога,
Да бацькоўскай студні,
Што ў двары.

Ноччу там пад месяцам двурогім
Журавель парыпвае-пяе.
Там пачатак і канец дарогі.
і не збіцца б толькі мне з яе ...

* * *

Ах, не спявайце вы пры мне
Чужому берагу асанну.
Я вас перабіваць не стану,
Але душу мне скалане
Сум аб радзімай старане.

Я не хачу пакрыўдзіць вас
Маёю ціхаю тугою.
Другою вечнаю любоўю
Жыве душа мая ўвесь час.

Я моўчкі адыду ў куток,
Дзе дрэмле змрок несамавіты,
I ачышчальных слёз глыток
Заменіць шчырыя малітвы...

Я не забыў, дзе мой выток...



* * *


Памяці Пімена Панчанкі

Настаўнікі не паміраюць.
А аддаляюцца ад нас
I зверху строга назіраюць,
Як мы вядзём свой рэй і час.

Яны не могуць нам нічога
Ні адмяніць, ні загадаць,
А толькі смутнаю трывогай
Самотны голас свой падаць.

У небе роспачнасці
Ноўняй
Іх думка ясная плыве.
Яны жывуць,
Пакуль мы помнім
I вопыт іх, і запавет.

Мы не адразу разумеем,
Як цяжка ўзняць было б крыло
I ўзвіцца ўверх на зло завеям,
Каб іх на свеце не было.

Яны з далёкасці сусветнай
Душою светлай кожны міг
За намі сочаць непрыкметна,
Аж гюкуль прыйдзем мы да іх...



* * *

Каму патрэбнае "Поле-полечка",
Каб у душы запал закінеў,
А мне —
"Купалінка",
"Перапёлачка",
I звон цымбальны,
I дудкі спеў.

Каму — "Лезгінка",
"Гапак"
Ці "Хора",
Каб у вандроўках быў лёгкім к]
А мне найлепей,
Каб быць у гуморы, —
"Мікіта",
"Бульба"
I "Чабарок".

Хто — стэп карнаямі агалошвае,
Хто — дудуком адгукаецца з гор.
Мая жалейка —
Зусім не горшая,
Не сапсуе паважаны хор.

Няхай дзівак ярлыкі развешвае,
Багацце ўзважвае —
Дзе чыё.
Маё — не горшае,
Хай і не лепшае.
А Богам дадзенае —
Маё.

* * *

Там — правалы,
А тут — прагалы
Ці зусім ніякіх слядоў.
Колькі коней не запрагаю,
Не дагнаць маладых гадоў.

Не дагнаць,
Не вярнуць,
Не аклікнуць,
Грыву цёплую не ўхапіць —
Паўз балынак пралятаюць без ліку,
Толькі збоку мільгаюць слупы.

Эх вы, коні мае буланыя,
Падкаваныя капыты!
Праімчыце міма каханай
Праз калінавыя масты.

I спыніцеся ля крыніцы,
Апусціце ў траву павады.
Нам даўно ўжо трэба напіцца
Гэтай чыстай жывой вады.

Мы пранесліся гулкім алюрам
Праз такія брады і шляхі,
Што і Богам,
Суровым і хмурым,
Дараваны ўсе нашы грахі.
Не бяда, што гадоў не дагонім —
Кліча вецер з далёкай вярсты.
I яшчэ не распрэжаны коні.
I яшчэ не струхлелі масты...

* * *

У век неразбярыхі
Між вар'ятаў
Не выжыў бы ніколі я,
Калі б
На свеце не было
Бацькоўскай хаты,
Зімовых соснаў
I вясновых ліп.

Калі б не меў ратунку —
Пры патрэбе,
Каўтнуўшы ёлкай роспачнасці ком,
Параіцца
З качным высокім небам
I споведным купалавым радком.

Быць можа,
Д'яблу я душу аддаў бы,
Паслухаўшы, як маняць каралі,
Калі б зусім не ведаў
Простай праўды,
Вялікай праўды плуга і раллі.

Быць можа,
Горка плачучы,
Манеце
I кулаку
Пайшоў бы на паклон,
Калі б не ведаў,
Што бяда мінецца
I застанецца чорнай працы плён.

Вось і трываю на зямлі таму я.
I веру непахісна,
Што жыццё
Нарэшце ўсіх вар'ятаў утаймуе
I кіне іх навекі ў забыццё ...

* * *

Я ездзіў рэдка да бацькоўскай хаты,
Дзе сцены пахнуць мохам і смалой.
I больш за ўсё я горка вінаваты
Перад сваёй радзімаю малой.

Вось і клянуся полацкаму краю,
Дзе над Дзвіной крутыя берагі,
Што аж да скону вернасць захаваю
I песнямі аддам свае даўгі.

Ну а калі, быць можа, не паспею,
Віну не поўнай мераю сплачу,—
Туманам апушчуся на Асвею
I жаўрам да Расонаў прылячу.



Дачны вечар

Калі суцішаецца дзённая спёка,
На луг вечаровы кладзецца туман,
У вёсцы суседняй,
Далёка-далёка,
Забытую песню выводзіць баян.

Нябачныя конікі звонка стракочуць,
Пілуюць зялёны шаўковы сувой,
Нібыта мелодыю слухаць не хочуць,
Занятыя вечнай турботай сваёй.

Пад ветрам самотна ўздыхаюць рабіны,
Запознена клён завяршае імшу...
А з вокнаў расчыненых
Тэленавіны
Сусветным вар'яцтвам
Вярэдзяць душу.

* * *

Калі павуцінка злятае з рабін
I пахне былым дзераза,
Так хочацца добрае штосьці зрабіць
I мудрае штосьці сказаць.

Пражыўшы жыцця некароткага трэць,
Пара перастаць дурэць.
З гадамі трэба не толькі старэць.
З гадамі трэба мудрэць.

Ах, колькі ў духмяных, рыпучых вазах
Правезлі мы летаў і зім!
I мудрае іншым паспелі сказаць.
А трэба б —
Сабе самім.

* * *

Здавалася,
Што лязгатам метала
Зацюканае, хмарнае жыццё
Адкінула,
Змяло
I растаптала
Да каранёў бацькоўскіх пачуццё.

I можна жыць без голасу матулі,
Без блытанай суседскай гаманы,
Хаваючы ў шматвярховы вулей
Сакрэты,
Недарэчнасці
I сны.

Але яно пакліча,
Так, пакліча
Непераможнай цягаю зямной,
Лясной крынічкай
Ці старой каплічкай,
Ці курганком за вёскай пад сасной.

I набяжыць скупой слязой на вочы
На згубленай і знойдзенай вярсце —
I з каранёў загубленых аднойчы
Зялёнаю націнкай прарасце.

* * *

Якая яна гаючая —
У цёплых сонечных пырсках,
Якая яна пявучая —
У коніках і чмялях, —
Зялёная наша калыска,
Чароўная наша зямля!

Зямля не бывае бруднай —
Чорнай зямля бывае.
Зямля не бывае шэрай —
Пыльнай зямля бывае.
Зямля не бывае беднай —
Яна неўрадлівай бывае ...

Няўтульнай і непрыгожай
Зямля быць ніколі не можа.

Бруднай,
Шэрай
I беднай
Робіць яе чалавек.

* * *

Слава —
Марская вада,
Якой не прагоніш смагі
Ні конаўкаю з вядра,
Ні глыткамі з біклагі.

Хоць ёлкая соль пячэ,
Ды,
Злавіўшы струменьчык цёплы,
Просіць душа:
— Яшчэ!
Хоць кроплю,
Хаця б паўкроплі...

Не гасіць агонь вада.
Ад спёкі язык бялее.
А ў мора
Дна не відаць —
Святы,
Піры,
Юбілеі...

Колькі ні пі віно,
Колькі зорак сабе ні прывінчвай,
А вуснам усё адно
Трэба
Вады крыйічнай.

* * *

Наказ бацькоўскі я збярог
На Полаччыне і Палессі:
Не трэба мудраваць у лесе,
Шукаць нязведаных дарог.

Тут столькі ўжо людзей прайшло
I непрыкметных,
I вялікіх,
Што ў памяці лясной на ўліку
I камень кожны,
Iдупло.

Вядуць сцяжынкі
Да палян,
Да такавішчаў,
Да крыніцаў.
У лесе можна заблудзіцца,
Хіба што ўлезшы ў дурнап'ян.

Тут хтосьці да цябе хадзіў,
I след яго ляжыць гадамі...
Пакуль дарога пад нагамі,
Ты ў гэтым лесе не адзін.



* * *

Памяці Максіма Танка

Зноў пацямнеў наш родны небасхіл —
Упала зорка зыркая ў знямозе.
I сэрца, што ўжо больш не мела сіл,
Раптоўна спатыкнулася ў дарозе.

I выпала пяро з халодных рук.
I анямела белая папера...
Няўмольнасці бязлітасны павук
Закратаваў навек зямныя дзверы.

Жыццё пражыта.
У сівой траве
Згубілася паніклае калоссе...
Ды ўсё навокал дыхае, жыве.
Усё на гэтым свеце засталося.

Няма канца пракладзенай вярсце.
Яна вядзе ў прастор, як і ў пачатку...
I зорка, як бяссмертнае зярнятка,
На беларускай ніве прарасце.



* * *

Лес яшчэ не ўвесь павысякалі.
I каля наезджаных дарог
Грыбнікі гуляюць касякамі,
Топчучы сухі ссівелы мох.

Хай сабе набытак не шыкоўны —
Сыраежка,
Чашчавік,
Казляк...
Ды пад вечар будзе кошык поўны
I настрой —
Як прасвятлення знак.

Павядзе дамоў сцяжынка ў жыце,
Камары зазвоняць талакой.
I на сэрца зноў,
Што ні кажыце,
Сыйдуць ачышчэнне і спакой.

I так лёгка будзе скінуць змору
I не сумнявацца ні на міг,
Што сцяжынак,
Лесу
I прастору
Хопіць на зямлі яшчэ для ўсіх ...

* * *

Ліпеньскі малюнак незвычайны
Нечакана позірк мой спыніў —
Лётае разгубленая чайка
Над разлівам недаспелых ніў.

I крычыць,
Нібы гукае тайны,
I трымае страх напагатоў,
Носіцца над полем непрыкаяна
Крыламі кранаецца жытоў...

Можа ўрэшце змораная чаіца
Знойдзе тут прыстанішча сабе,
Прыжывецца ў полі, прызвычаіцца
I гняздо зацішнае саўе.

I шчаслівай будзе ў долі новай,
I паверыць нават
Праз гады,
Што прыносіць вецер палыновы
Родны горкі пах марской вады...

Грэчка цвіце

... Быццам плыве нетаропкая рэчка
З пеннай густою вадою жывою...
Пахне мядовая белая грэчка.
Вечнасцю пахне.
Пахне царквою.

... Быццам матуля ішла да крыніцы,
Выліла ў полі вядро сырадою...
Пахне чаборам і медуніцай.
Пахне вашчынаю маладою.

... Быццам туман сто раёў пералётных
Мірна акрыў барадою сівою...
Чуецца звон несціханы, клапотны.
Вечнасцю пахне.
Пахне царквою.

* * *

Мы былі, вядома, не анёлы —
Грэшна і расхрыстана жылі.
Кожны быў рашучы і вясёлы —
Флібусцьер на вольным караблі.

Не магла ніякая акула
Выбіць з рук кляновае вясло.
Нас жыццё выпроствала і гнула,
Ды зламаць і знішчыць не змагло.

Ці ж калі забудзем шлюпкі тыя,
Што накрыла хваляю сівой!...
Божа,
Мы цяпер амаль святыя
З ціхаю нямогласцю сваё'й.

Больш не трызнім захмялелым маем,
Не бяжым за ветрам наўздагон
I грахі былыя ўспамінаем,
Як далёкі і прыгожы сон.

* * *

Заклінаюць,
Лаюць,
Аспрэчваюць,
Просяць літасці і дабрыні...
Колькі смешнага і недарэчнага
У чыноўніцкай мітусні!

Надакучылі, надакучылі
Вечны лямант
I вечны грук.
Аблачына плыве над кручаю.
Каля сонца трымціць жаўрук.

Іх ніхто не гняце,
Не развенчвае,
Не зганяе ў агульны гурт.
I жыццё ў іх,
Як неба,
Адвечнае,
Як адвечны іх родны кут.

Іх звысоку ніхто не накручвае,
Не гразіцца сагнуць у крук ...
I плыве аблачынка над кручаю.
I ля сонца трымціць жаўрук ...

Чакаю...

Праносіцца вецер са свістам
Па голых шляхах палявых.
Чакаю зялёнага ліста.
Чакаю зялёнай травы.

Ні гуку над вымерзлай нівай.
Ні руху ля цёмных лаўжоў.
Чакаю паводкі шумлівай.
Чакаю лясных капяжоў.

Сняжок на дубовых галінах.
Пароша на лапах сасны...
Чакаю ключоў жураўліных.
Чакаю вясёлай вясны...

* * *

Вы думаеце,
Я шукаю слоў? —
Яны прыходзяць проста і прароча
То ў белых фраках
Богавых паслоў,
То ў сініх пінжаках
Чорнарабочых.

Іх кожны крок —
Нібы маланкі ўдар.
Яго лаўлю я сэрцам,
А не слыхам.
Яны мяне
То кідаюць у жар,
А то сцінаюць прымаразкам ціхім.

Яны мой дом запоўнілі суздром.
Ды я ў іх —
Не чаляднік на падхваце.
Я паміж іх сяджу
Гаспадаром
I ўладна рэй вяду ва ўласнай хаце.

Яны — мае вясёлыя сябры.
Яны — мае бязлітасныя суддзі.
Гукаюць адвячоркам у бары,
А на світанку на гарышчы будзяць.

Я іх і ў свой апошні шлях вазьму
У гэтым свеце сумным і трывожным.
Яны прыходзяць самі.
I таму
Адно без аднаго
Мы жыць не можам.

* * *

Дзіўны сон прысніўся мне ў начы:
Я стаю на восеньскім узлессі,
Ластаўка шчабеча на плячы
I на дол расой злятаюць песні.

Вецер носіць развітальны шум.
Сыплецца лістота залатая.
Я плячом нясмела варушу.
Ластаўка ж сядзіць, не адлятае.

Навіну мне хоча перадаць,
Не баіцца холаду німала.
Ну не проста ж так яна, відаць,
Ад начнога выраю адстала.

На паляне свецяцца агні.
Сіні дым плыве над чорнай грудай ...
Так я і прачнуўся ў цішыні
На плячы з пявунняй белагрудай.

* * *

Здаецца, мы так і не скончылі клас
НялёТкай жыццёвай навукі,
Але па-ранейшаму звязваюць нас
Успаміны,
Дзеці
I ўнукі.

Хаця нашы душы хістала не раз
Пад сіверным ветрам разлукі,
Ды зноў сагравалі і зводзілі нас
Успаміны,
Дзеці
I ўнукі.

Зайздросныя людзі
Ці моташны час —
Хто больш разнімаў нашы рукі,
Не будзем спрачацца,
Бо ёсць яшчэ ў нас
Успаміны,
Дзеці
I ўнукі.

Хто скажа,
Які ў нашай згоды запас,
Наперадзе —
Шчасце ці мукі?
Але і паміраць, і выручаць нас
Успаміны,
Дзеці
I ўнукі.

* * *

Дзе ёсць парадак,
Там ёсць душа...

На цеснай падмеценай кухні
Жыве душа
На дне гладыша
I ў прыцьмелым вымытым кухлі,
У мяккім тканым палавіку,
У старой драўлянай сальніцы
I ў цёмным кутку,
Дзе ніяк павуку
Не даюць хоць на ноч пасяліцца...

Паўдзённае сонца,
Вячэрні спакой
За накрытым сталом дарэчы.
I ўсё пад рукой.
I жывуць талакой
Вясёлыя людзі і рэчы...

I не варта смяяцца з высокіх слоў:
У бядламе, смуродзе і брудзе,
Як пацверджана вопытам з даўніх часоў,
Не было душы і не будзе.

Купалле

Зноў запалалі зыркія кастры,
Зноў песні сустракаюцца ў бары
I ходзіць шчасце блізенька зусім.
I гэтак лёгка размінуцца з ім.

З былых вякоў у .новыя вякі
Плывуць, плывуць купальскія вянкі...

Як зоркі, іскры сыплюцца ў траву.
Як хмель, прызнанні кружаць галаву.
Касу калыша цёплая вада.
Для мілага нічога не шкада...

Ля кветкі — кветка.
Ля шчакі— шчака.
Цячэ, цячэ купальская рака...

* * *

Я прайшоў і праехаў столькі
З хлапчуковай вясёлай пары!
А ўсё клічуць тужліва сойкі
У цяністьш густым гушчары.

Там, дзе вечар туманны і ветлы,
Дзе ў сурэпцы круты касагор,
Мой дзяцінны куток запаветны,
Мой абстуканы дзятламі бор.

I ўсё вабіць здалеку лілея.
I стракозы ляцяць да лазы.
I лясная рака не мялее.
I не менее солі ў слязы...

I калі мяне ў вырай дачасны
Пазаве сцюжны вецер-скавыш,
Дзе знайду я такую вось яснасць
I такую славянскую ціш?...

У Міхайлаўскім

Яшчэ драмала слава маладая,
А ён быў неаглядна малады —
I толькі бомы з голасам Валдая
Сяброўскі ўздзіў прыносілі сюды.

Услед за ветрам бег ён летнім полем
I кідаўся ў разліў пахучых траў
I ўсім прысадам,
Сцежкам і таполям
Па-царску бессмяротнасць раздаваў.

Ён тут блукаў у гордым задуменні.
Ён тут чакаў каханкі тайны крок.
Нястомны грэшнік,
Кучаравы геній,
Насмешнік,
Задзірака
I прарок.

Усе грахі яму даўно адпушчаны
I дух ягоны ўзнесен на амбон...
Плыве,
Лунае над зямлёю Пушкіна
Усіх расійскіх храмаў перазвон.



* * *

Віктару Казько

Калі я разгадаў свой лёс,
Усім астаткам сіл
Я ўзняў далоні да нябёс
I знаку папрасіў.

Сабраўся ў мёртвай цішыні
У доўгі шлях адзін.
I з паднябеснай вышыні
Мне Бог сказаў:
"Ідзі!"

Мне секла ногі асака
I джгала крапіва,
I я шукаў хоць раўчука.
А Бог казаў:
"Трывай!"

Калі ж я ў прыдарожны пыл
Упаў зусім без сіл
I лоб разбіў аб камяні,
Бог мовіў:
"Адпачні".

А як я ўзняўся —
I ў вачах
Памроіўся Сезам,
Я запытаў, хто знойдзе шлях,
Бог адказаў:
"Ты сам".

Читать книгу онлайн Паміж зоркай і свечкай - автор Генадзь Мікалаевіч Бураўкін или скачать бесплатно и без регистрации в формате fb2. Книга написана в 2000 году, в жанре Поэзия. Читаемые, полные версии книг, без сокращений - на сайте Knigism.online.