Падрыхтаванае на падставе: Мацяш Н. Я вас люблю... - Брэст: Упраўленне па друку аблвыканкама, 1998. - с. 63.
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
Надзвычай цікавую і арыгінальную кніжку падрыхтавала знакамітая паэтка, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова Ніна Мацяш. Гэта - зборнік вершаў-прысвячэнняў, папісаных у розныя гады і падараваных, непасрэдна або праз друк, родным, сябрам, знаёмым, тым, хто так ці інакш спрычыніўся да яе лёсу. А такіх - шмат, і чытач не без захаплення адкрые, што аўтарка, парушаючы пэўныя літаратурныя традыцыі, не абмяжоўвае сябе ў выбары сваёй любові, сваіх прызнанняў-прысвячэнняў. Шчырасць пры гэтым грунтуецца на паэтычным майстэрстве і паэтычным гусце (у адрозненне ад заштампаваных і нярэдка безгустоўных віншаванняў-рыфмаванак, якіх цяпер процьма на радыё і ў газетах). Больш за тое, у кніжку ўвайшлі і высока-мастацкія творы паэткі - многія з тых, што складаюць залаты скарб яе творчасці ўвогуле і добра вядомыя чытачам: "Калыханка маме", "Студня", "Сябрыне", "Ода дзівосна прыгожаму чалавеку", "Васілёк", "Песня ў цярноўніку" і г. д.
Вабна таксама, інто "Я вас люблю..." - зборнік не толькі вершаў, а і мастакоўскіх захапленняў аўтаркі. Ніна Мацяш здаўна займаецца фларыстыкай, назней адкрыла для сябе новы выяўлепчы матэрыял - лёгкія і далікатныя пярынкі, з якіх складвае такія ж пяшчотныя ("пёркаграфічныя", як з усмешкай і ўсур'ёз зазначыла нісьменніца Алена Васілевіч) узоры і малюнкі. У іх, як і ў вершах, чытач адчуе той жа галоўны матыў - ён стаў і зместам, і назваю гэтай кніжкі. Кніжкі любові, адрасаванай усім.
Рэдакцыя.
КАЛЫХАНКА МАМЕ
Быць разам выпадае нам так мала...
Забудзь трывогу вечную сваю,
Прыляж, мая натомленая мама,
Як некалі ты мне, табе спяю.
Задрэмлюць веі над вачыма карымі -
Не дам упасці й парушынцы я.
Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая,
3 вясной сваёю, любая мая.
Хоць кропля з абяцанага нам маем
Збываецца праз золкія гады.
Прыляж, мая даверлівая мама,
Спяю табе, як мне спявала ты.
Задрэмлюць веі над вачыма карымі -
Не дам упасці й парушынцы я.
Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая,
3 вясной сваёю, любая мая.
Любоў нябёсы над табой трымае,
Любоўю зораць дні ў тваім акне.
Прыляж, мая ўсмешлівая мама,
Спяю табе, як ты спявала мне.
Задрэмлюць веі над вачыма карымі -
Не дам упасці й парушынцы я.
Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая,
3 вясной сваёю, любая мая.
‘ 75
* * *
ДАРАЖЭНЬКІ БАЦЕЧКУ НАШ РОДНЫ!
Дзякуй, што сабраў ТЫ сёння нас
Гэтаю застоліцаю згоднай
У такі свой пашанотны час!
Дзевяноста год ТАБОЙ пражыта, —
Гэта ж колькі сэрцам перажыта?!
У адну каб склаў усе дарогі,
Па якіх ТВАЕ хадзілі ногі,
Дык аперазаў бы ўсю планету,
Мабыць, шляхам пратаптаным гэтым!
Каб сабраць усё, што твае рукі
За жыццё зрабілі без прынукі,
Дык гару я тую не бяруся
3 чым і параўнаць на Беларусі!
У машну ТЫ не напхаў мільёнаў —
Ні рублёў, ні "зайцаў", ні "зялёных",
Ды ўва ўсім, усюды ТЫ адвеку
Быў і ёсць сумленным ЧАЛАВЕКАМ.
Вы з матуляй нашай дарагою,
Вернаю паплечніцай ТВАЁЮ -
Царства ЁЙ нябеснае хай будзе! -
Вывелі сваіх дзяцей у людзі.
Нізкі ВАМ паклон за гэту хату -
За гняздо ўсіх Мацяшанятаў!
Хоць хапае тут гаркоты, болю,
Але й радасці ж было даволі!
Паглядзі, як хораша, наколькі
Разрасліся ТВАЙГО роду голькі!
Не журыся, молада ўсміхніся,
Да любові нашай прыхініся,
І ў здароўі добрым будзь гатовы
Юбілей сустрэць свой
СТОГАДОВЫ!
2 снежня '92
МІНСК, 30 СТУДЗЕНЯ 1980
Нахалолы вечар на двары
Моўчкі пералічвае сняжынкі.
Усміхайцеся, мае сябры,
Гаманіце шумна, безунынку!
Дыскутуйце ў лад і неўпапад!
Сёння сэрца тонка сэрца чуе:
Развярэдлівы трывогапад
На планеце днюе і начуе...
Радасці непрыядальны смак -
Бо дарогі гора не пытае.
Гэта й нашай лучнасцю няўзнак
На зямлі нагода высвітае.
Поплеч, бліжай, блізкія мае!
Чалавека шмат што згубай страшыць.
Хай жыцця зарукай устае
Поўнік дабраты й любові нашай!
Вечар за сняжынкамі цікуе.
Чуеце?..
Зноў
аўтамат
такуе!..
'80
* * *
Ул. Андр. Калесніку
Няхай усім ліхім вятрам на злосць,
Насуперак любой мажлівай слоце
І далей Вам не здрадзіць маладосць,
Каб думка й пачуццё былі ў палёце!
14 верасня '82
БУДЗЬЦЕ ШЧАСЛІВЫЯ, ЛЮДЗІ!
Светлае неба над жытняй далінай
Высака ўскінула крылы свае.
Толькі былое журлівай калінай
Зболены голас душы надае.
Хто іх, палеглых, разбудзіць?
Свет толькі згода ацудзіць.
Будзьце ж вы лучныя, людзі,
Будзьце шчаслівыя, людзі!
Не насычаецца горам у свеце
Неўтаймаваны руйнотны агонь.
Горнецца вецце трывожным суквеццем
Да абеліскаў, да сэрца майго.
Хто іх, палеглых, разбудзіць?
Свет толькі згода ацудзіць.
Будзьце ж вы лучныя, людзі,
Будзьце шчаслівыя, людзі!
25 красавіка '84
ДА 8-га САКАВІКА
Столькі розных святаў на зямлі,
Каб святло душэўнае ўмагчыміць!
Ды найлепшае між іх, калі
На парог ступае Дзень Жанчыны.
Бо тады мяняецца няўзнак
Штосьці нават у самой прыродзе.
Яўна саладзее ветру смак,
Яўна прамянісцей сонца ходзіць!
Дарагія, любыя!
Няхай
3 гэтым светлым днём сакавіковым
Расцвіце ў душы пяшчотны май,
Радасці прымерыцца абнова.
Берагіні самаго жыцця,
Хай жа й вам, нястомніцы, з любоўю
Свеціць сонца на шляхах быцця,
Дорачы цяпло, святло, здароўе!
Будзьце ў шчасці ўсюды і ўсякчас,
Хай спрыяюць вам і лёс, і людзі,
Хай і ў будні атуляюць вас
Кветкі, ўсмешкі, прыгажосць і любасць!
Сакавік '97
* * *
Валечцы
Ах, як імклівяць нашы леты!
Здаецца,толькі ўчора ты
Была цыбаценькім падлеткам,
Анёлкам праўды й дабраты.
А сёння вось - і жонка, й маці,
І гаспадыня на зайздросць,
Чыім стараннем лад у хаце,
І ў куфры, й на стале ўсё ёсць.
І педагог ты не з аношніх,
Ёсць і майстэрства, і чуццё,
3 удзякай выхаванец кожны
Нясе твой воблік праз жыццё.
Прыгожая і маладая,
Спагадная не напаказ,
Дасціпная і гаваркая -
Свяціся ж,
зорачка,
ўсякчас!
Ад юбілеяў не ўхавацца,
Ды хай сабе гады лятуць,
Табе ж сягоння толькі
...наццаць!
Віншуем, родненькая! Будзь!
20 жніўня '95
НЕ АДДАВАЙ СЯБЕ САМОЦЕ
Э.М.І.
На золку прымаразкі ходзяць,
Не першы жоўты ліст упаў.
Не аддавай сябе самоце,
Заўчасна ёй не саступай.
Няхай пазначана журбою
Расстанне восені з вясной, -
Нашто ж развітвацца з сабою,
Сябе збаўляць першаасноў,
Калі вачам - нябёс сінеча,
Калі рукам - барвяны ліст,
Калі для сэрца - позірк нейчы,
І ўздрыгне сэрца, як калісь...
15 чэрвеня '78