Падрыхтаванае на падставе: Сакрат Яновіч, Самасей. Аповесць. Апавяданні, — Мінск: Выдавецтва, 1992. — 382 с.
ISBN 5-340-00445-7
Рэдактар: А. Дз. Куліш
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
Гэтае слова сваё да кнігі Сакрата Яновіча я пішу невыпадкова, не па выдавецкім абавязку. Я пераканаўся, калі наасфера (паводле Вярнадскага) зафіксавала тваю з некім сувязь, у далейшым лёс абавязкова, часам пры неверагодных варунках, зноў звядзе цябе з ім. У 1977 годзе пад час працы ў старадарожскай раённай газеце я атрымаў блакітны канверт. Ніякага б дзіва ў гэтым не было, калі б не сведчыў адрас, што пісьмо з Польшчы. Ні знаёмых, ні сваякоў у мяне там не мелася, і я са зразумелай хапатлівасцю ўскрыў канверт. Амаль бясцямна прабег вачыма па радках: «Паважаны Уладзіслаў Рубанаў, з радасцю прачытаў Ваша як жа добрае апавяданне «Зерне — у зямлю». Рэч пра дабрату; Вы расчулілі мяне — і тэмай, і багаццем мовы. Дзякую вам за добры кавалак жыцця!
Вы, напэўна, удумлівы і сардэчны чалавек. I таму захацелася напісаць да Вас колькі слоў. Ад шчырага сэрца зычу Вам спору ў працы і — цудоўнага захаплення людзьмі!
З паклонам — С. Яновіч. Беласток, 5.VІІ. 1977»
Гэта быў першы — ды яшчэ такі незвычайны! — водгук на маё першае сталае апавяданне, якое надрукаваў «ЛіМ», таму няхай даруецца нясціпласць, што я прывёў яго. Натуральна, я напісаў адказ свайму карэспандэнту, зусім не ведаючы, хто ён такі і чаму сочыць за беларускаю літаратураю. З далейшай перапіскі ўсё праяснілася: Сакрат Яновіч — член Саюза польскіх пісьменнікаў, бела-рускі праэаік, які жыве ў Беластоку. Са шчырай цікавасцю я разгарнуў прысланую ягоную кнігу «Загоны», што ўжо нязвыкласцю вокладкі (рознакалёрныя палосы замест якогасьці малюнка) уводзіла мяне ў новы таямнічы свет. Я памятаю тое незабыўнае ўражанне салодкай і светлай супраціўляльнасці, якое аказвала на мяне чытанне прозы Сакрата Яновіча. А потым ад яе няможна было адарвацца, бо дзейнічала тая магія, якая непазбежна прысутнічае ў слове таленавітага мастака.
Думаю, што чытачу і гэтай кнігі (зрэшты, другой у нас на Беларусі, першая «Сярэбраны яздок» выйшла ў 1978 годзе) напачатку трэба будзе прызвычаіцца да пісьма Сакрата Яновіча; яно — для таго, хто шануе сапраўдную літаратуру, каго не раздражняе, а вабіць бляск і водар свежага, незашарпанага слова, хто ўмее гэтым бляскам і водарам лагодзіць ды цешыць сваю душу безадносна да займальнасці твора. Не павінны бянтэжыць чытача і адчувальны ўплыў польскай мовы на сінтаксіс, марфалогію і граматычны лад пісьма Сакрата Яновіча, бо ён, гэты ўплыў, арганічны сваёй непазбежнасцю.
Каб крыху спрасціць утаймаванне гэтай паўнакроўнай празаічнай І стыхіі, але не замяняючы неабходных для кваліфікаванага чытання высілкаў, падзялюся сваімі кароткімі назіраннямі.
Талент Сакрата Яновіча — паэтычны. Ягоная метафарычнасць ад замілавання тым, што акружае, што лучае на вочы, — гэта: і бляск расінкі на жытнёвай сцяблінцы, і блакіт валошак-васількоў, і паінелыя дрэвы, што бялеюць першабытным хараством, і шпак, які пагушкваецца на вейках бярозы... Непасрэднасць паэтызавання асабліва гожа выяўляецца тады, калі адпавядае ўнутранаму стану героя. Цудоўнае апавяданне «Таня» — пра першае, заўсёды рамантычнае і светлае, каханне, якое абуджае ў чалавеку свядомае жаданне тварыць дабро, і вось як малюецца закаханаму падлетку наваколле: «Рушыўся Юрка ўвечары, калі на каляіны церусілася святло ночы. Малая Мядзведзіца, у бестурботнасці задраўшы хвост, гайсала па нябёсах, скідваючы на зямлю дурненькія зоркі, ажно перапыніў ейную гульню месяц, які спакойна ўзышоў на дах леснічоўскай вартоўні і рассмяяўся смехам бацькі свайго дзіцяці, што з забаўнай бессаромнасцю вычаўпляе пры чужых».
Вобразнасць дасягаецца багаццем мовы, лексічны запас якой проста ўражвае; пісьменнік чэрпае з плыні, што цячэ, жыве пад афіцыйна-слоўнікавым пластом; ягонае пяро мачаецца ў гэтую плынь і не сушэе. Адсюль аж ці не шурпатасць, якая робіць прозу рэчыўнай, грунтоўнай, а не празрыста-сцёртай і худасочнай ад прыгладжвання. Усё ў пісьменніка свядомае, прадуманае, і — адчуванне — што калі паправіць якоясьці слова ў рукапісе, то пры чытанні карэктуры аўтар абавязкова адновіць яго па памяці, бо ведае іменна такім. Здаецца, любая «няправільнасць», кожнае наватарства тут на карысць, у залік майстэрству. I інверсійны перанос прыметніка ў канец сказа, чым акцэнтуецца ўвага чытача на прыкмеце назоўніка: «Ступіў у ямінку, прыкрытую леташняй травою, парудзелай», «выйшаў на вуліцу, белую ды ціхую»; і пропускі «таго, каб» («Замест скіравацца на Ліпавую, павярнуў назад».); і ўтвораныя ад колеру дзеясловы (матавела, буракавела); і таўталогія («вечарэў вечар», «вясельнасць развясельваецца»; і канчатак -цы ў назоўнікаў мужчынскага роду ў месным склоне (аб Грышцы, аб сабацы); і пераход «е» ў «э», якое надае цвёрдасць зычным, тым самым падбеларусваючы слова (хэўра, швэйная, элемэнт, сувэнір); і экспрэсіўнае «у» ў пачатку слова (уздзівілася, упераканана, устрашныя); і нават перанесены націск (сóмавымі, змрóчнелі, павядóмім); і шырокае ўжыванне ў словаўтварэннях суфіксаў -ут, -ют (свяжуткі, нічагуткі, самюткі, ранютка, чысцюткі, старуткі), -ыс, -іск (мужчыніска, язычыска, вятрыска, грашыскі, жываціска, барадзіска, папяросіска); і падвойныя зычныя ў зборных назоўніках (воссі, паленні, снягоцце, калоссі, плоцце); і нязвыклыя нам дапасаванні: «Дырэктар глядзіць грошай», «шчасліва Андрэю разышліся», «Свістуну лішняй падтрымка з боку загадчыка»... Але, здаецца, найшчырэйшы клопат празаіка — дзеяслоў, на мой погляд, край важны для ягонай творчай манеры: музыка шампанілася, сцежка ніцела (ад: нітка), госці крухмалелі, лоб украплеў (потам), кладавіцца (класціся), па-хацела (пахла).
Згадзіцеся, лепка такой моўна-лінгвістычнай мазаікі патрабуе пісьменніцкай вопытнасці, майстэрства. Яны ў Сакрата Яновіча ёсць, бачацца не толькі ў мастацкіх дэталях і падрабязнасцях (скажам, малюнак восені: «За амбразураю акна жаўцелі грушы, і сядалі на іх сонныя восы» ці — гарачыня, цяжкая праца ў полі: «Бацька выціраў шапкаю пот і вытрасаў з кішэні размоклы ад таго пачак папяросаў»), але і ў сталым, вынашаным поглядзе на рэчы, на істотнае ў чалавечай душы. Прачытайце псіхалагічную аповесць «Самасей» — колькі ў ёй інтымнага, патаемнага, таго, над чым кожны чалавек задумваецца, але не кожны мусіць прызнацца. Часам здаецца, што ў нас адны праблемы, а дзесьці ўжо за рысаю граніцы — іншыя. Не, яны агульныя, бо створаная Богам прырода чалавека — адна, у ёй надзіва сумясцілася высокае і нізкае. Тып раздвоенай асобы, увасоблены пісьменнікам у вобразе Андрэя Антошкі, жыве сярод нас, у ім кожны можа знайсці нейкую сваю часцінку, бо як бы ні імкнуўся чалавечы розум, ён ніколі не паставіць сябе па-за сутнасцю такіх паняццяў, як зямля, праца, грошы, каханне, начальства, маці, здрада, смерць, подласць, прырода... Мне імпануе, што Андрэй Антошка да многіх заган у сабе ставіцца з самаіроніяй і сарказмам (рыса даволі рэдкая!), а значыць, усведамляючы іх, будзе ачышчацца. Пры ўсёй неўтаймаванасці і неўладкаванасці ягонай натуры, былога вяскоўца, а цяпер гараджаніна, цяжка ўявіць, што ён змірыцца з жыццёвым прынцыпам, які дазваляе і бюракратычныя выхадкі («Затанцуеце так, як вам зайграю...»), і ананімкі, і паклёпы, і шантаж... За гэта гавораць шматлікія высновы-афарызмы героя, у якіх адчуваецца народная кемлівасць і глыбіня: «Тое, што здарыцца публічна, немагчыма выкрасліць з людской памяці», «Нешчаслівасць павінна быць усяго каўдобінай, у якой, магчыма, зламаеш калена, але не скруціш шыю!», «Быць сваяком — гэта ўсё роўна, што мець долю ў чужым капітале». Камусьці такое можа здацца маралізатарствам, рэзанёрствам. Я асабіста так не лічу. Маралізатарства — гэта наўмыснае скіроўванне, а тут вылушчаная з заблытанай рэчаіснасці і ўпакаваная ў думку філасофія. У літаратурным асяродку часам можна пачуць меркаванне, што дыхтоўная проза не церпіць усякіх адступаў, абагуль-ненняў, уставак, у Сакрата Яновіча — яны скрозь! I пераскокі ў дзеянні ён смела робіць, не баючыся парушыць цягучую традыцыйную пластыку. Наогул у мяне склалася ўражанне, што для празаіка праблемы формы не існуе (хоць у вялікім жанры яна, здаецца, непазбежная для кожнага), тут і дзённікі, і сны, і пісьмы, і публіцыстычна-лірычныя развагі, і будова дыялогаў па прынцыпе п'есы (па ролях)... Карацей кажучы, цвёрда вымураванага сюжэтнага каркаса няма. У сувязі з гэтым думаецца: жыццё таксама няможна пераказаць; пераказаць можна эпізод з жыцця.
Перад табою, чытач, — разліў нашай, чалавечай, душы, у якім удзячна купацца і зроку, і слыху, і розуму, і пачуццям і пасля якога нават з самасеяных зярнят вырастае дабраякаснае насенне.
Уладзіслаў Рубанаў,
лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа
аповесць
Былі яны з трэцяга камісарыята.
Андрэй Антошка ўбачыў іх яшчэ да таго, як прыйшлі яны да дзвярэй ды пазванілі. Званок быў чужы, доўгі, па-службоваму беспардонны.
Калі ён глядзеў на іх праз акно, дык падумаў, што гэта валакуцца да хворага санітары. Хто ж захварэў?
Выйшлі яны з машыны зусім такой жа, як і ў «хуткай дапамозе». I толькі калі падыходзілі да пад'езда, ён зразумеў, што гэта ўсё ж не санітары. Адзін з іх падняў галаву і, здалося, зірнуў проста на Андрэя. Быў падобны да суседа — прыгорблены, хутканогі. Яго раскірачаны цень, відаць, ад лямпачкі над дзвярыма, вялізным павуком сігануў у кусты, што на панадворку. У цемру.
Яны зніклі — і Андрэй адышоў ад акна.
Толькі што яму снілася смерць, могілкі, зямля, плач, я потым — цішыня, якой не перанёс. Усхапіўся з пасцелі, хадзіў. з пакоя ў пакой. Выбіты са сну марудзіў. Успомніў, што ўжо даўно сніцца яму адзін і той жа самы сон: паляна ў цёмным хвойным лесе, пасярод яе — хацінка, драўляная і пахучая смалою, жывіцаю, пакінутая і ціхая, а за яе сцяною журботна цурчыць ручаіна, чыста і крынічна. I засынанне ў такіх сценах — нібы блакітны адпачьшак, блакітна бяздонны, без хмурынкі. Хата, якой — нідзе! Адкуль сон? З вандраванняў па Крынскай пушчы, па ўрочышчах Каралёвага Стойла, па лясной глушы ля пранізліва сіняга возера Зэльва?.. Такую хаціну шукаў у памяці. Не знаходзіў.
А ўчора Андрэй прачнуўся ад удару перуна, які выбліснуў з пагоднага неба. Слухаў вачыма: на сходах па-бляшанаму грукацела нешта пустое, вялікае і лёгкае. Дзіця суседкі зноўку спатыкнулася з вядрыскам смецця! Хутка ўстаў з пасцелі і адразу адчуў боль галавы, нямоцны, але ныючы... Трэба памыць твар, пачысціць зубы, абмыцца пад пахамі, выцерціся, пагаліцца, апрануцца, прыдумаць снеданне, прыпарадкаваць пасцель і, выходзячы на работу, праверыць, ці добра замкнута кватэра, ці выключаны газ... Шторанак — тое ж самае, і ад таго баліць галава.