Блакіт В.
Шануй імя сваё: Аповесць.— Мн.: Маст. літ., 1981.— 253 с., іл.
Рэдактар А. П. Рыбак.
Мастак У. С. Шнарэвіч.
Мастацкі рэдактар Г. I. Труханава.
Тэхнічныя рэдактары Т. М. Сокал, Л. М. Шлапо.
Карэктар Л. Т. Калюжная.
Дзень быў ціхі і хмурны. З самага ранку вісела беспрасветна-шэрая, нудная смуга. Такая смуга бывае хіба толькі глыбокай восенню. I каб не сярэдзіна студзеня ды не ўляжалы снег над нагамі, можна б было падумаць, што на дварэ ўсё яшчэ канае — сканаць ніяк не можа — сыры, азызлы лістапад. Але к абеду даў пра сябе знаць сярдзіты сіверны ветрык, і неўзабаве разгуляўся, завіхрыў снег, дробны, спорны — у двух кронах нічога не разгледзіш.
Гадзіны дзве вар’яцела гэтае снежнае пекла, пра якое кажуць: ваўкалак з вядзьмаркаю жэняцца. А потым нечакана ўсё аціхла. Нізкія хмары сталі выцягвацца, як кудзеля, сям-там бліснулі бледна-сінія прагаліны, неўзабаве засталіся ўжо не хмары, а толькі іх ашмоткі — фіялетавыя, з рудымі грывамі, а праз якую гадзіну неба зусім ачысцілася, быццам сабралася выставіць напаказ, як за лес павольна і стомлена садзіцца расчырванелае ад холаду сонца.
На пацямнелай усходняй палове неба замільгалі дрыготкія халодныя зоркі.
Пацягнула марознай бадзёрасцю.
Веска была непазнавальна белай, чыстай і нязвыкла бязлюднай, бы вымерла, бы людзям і не верылася, што гэтак хутка скончылася завіруха. Недзе працяжна і жаласліва замыкала карова, зарыпалі дзверы, самавіта застукалi вёдры...
Беражкі ажывалі, пачыналі жыць сваімі звычайнымі перадвячэрнімі клопатамі.
Непрыкметна сутонілася. Адчувалася, што на ноч бярэцца добры марозік.
Па вуліцы праехаў грузавік з уключанымі падфарнікамі, і неўзабаве ля фермы доўга-доўга чулася яго завыванне і фырканне — пэўна, буксаваў у сумётах, якіх паспела надзьмуць завіруха. Грузавік, мусіць, нарэшце выехаў, заглух — і зноў усё сцішылася. I было нешта дзіўнае, насцярожанае ў гэтай не па часе соннай цішы. Толькі калі ўважліва-ўважліва прыслухацца, недзе ў сярэдзіне вёскі можна пачуць глухія, як з падзямелля, гукі гармошка. Сёння ў Ступакевічаў вяселле...
Музыкант, адчувалася, ужо ладна стаміўся, але граў і граў адну мелодыю за другой, намагаючыся развесяліць гасцей, выжыць нейкую прыгнечанасць, што панурай няпрошанай госцяй прыбілася ў хату.
Госці, ніякавата хаваючы позіркі, пілі чарку за чаркай. Спачатку дзеля прыстойнасці прыслухоўваліся да сватавай каманды, потым — хто як хоча. Пілі моўчкі, не асабліва закусваючы, бы кожны толькі аб тым і думаў, каб захмялець.
Малады — русавалосы каржакаваты хлопец гадоў пад трыццаць у традыцыйным чорным касцюме і белай кашулі — сцішана, нават прыгнечана сядзеў на покуці, і немагчыма было зразумець, што ён думае і ці думае што наогул. Позірк яго, то абыякава-пусты, то насцярожана-трывожны, блукаў над галовамі гасцей. Можна было падумаць, што малады, ратуючыся ад рэальнасці, раз-пораз упадае ў нейкі транс і думкі яго ў гэты час далёка-далёка адсюль, аднак кожны, пэўна, здагадваецца, дзе могуць быць цяпер яго думкі, і гэта прыгнечвала яшчэ больш. Побач з ім моўчкі сядзела маладая — ужо не юная, але яшчэ свежая, прывабная, адчужана глядзела на гасцей, і ў яе недружалюбных зеленаватых вачах быў глухі смутак. У сваім белым вэлюме яна была надобная на мармуровую скульптуру — аж аддавала халадком.
— Гор-ка! Го-о-р-р-ка! — забасіў сват.— Мадады-ым го-о-о-рка!
У ненатуральна-бадзёрым сватавым голасе дрэнна хавалася ніякаватасць. Ён, гэты голас, нібы ўмольваў і папракаў: «Ну, што ж гэта вы, браточкі? Мы ж на вяселлі, а не на памінках, браточкі...»
— Горка-а! Горка-а! — нядружна падтрымалі госці.— Го-ор-ка-а!
Маладыя, здалося, узрадаваліся, не змусілі доўга чакаць, усталі і несарамліва пацалаваліся.
— Горка! Яшчэ раз горка! Капуста горкая! Гарэлка горкая! — надрыўна закрычаў брат маладога — Андрэй.
— Го-о-ор-ка! Гор-ка! — вяла паўтарылі госці.
Маладыя пацалаваліся яшчэ раз.
Ад гэтага «саладжэння» гасціна трохі ажывілася — пачуўся лёгкі гаманок, звон чарак, бразганне відэльцаў. Гармонік нібы чакаў, каб перадыхнуць. Але ледзь аціхла музыка, як зноў у хаце стала ўсталёўвацца ніякаватая цішыня. Прайшла хвіліна, другая — і цішыня рабілася невыноснай.
— Увага! Увага! — ускочыў са свайго месца брат маладога Андрэй, стукаючы відэльцам па бутэльцы, бы тут быў невядома які гам.— Час патанцаваць! Сват! Не забывай пра свае абавязкі!
Прапанова ўсім спадабалася, хоць і прынялі яе без асаблівага энтузіязму. Не чакаючы сватавай каманды, з палёгкаю сталі ўставаць з месцаў і выходзіць з-за сталоў.
Музыкант зайграў вальс. Маладыя моўчкі выйшлі на сярэдзіну хаты і закружыліся ў такт музыцы. Неўзабаве да іх далучыліся сват са сваццяю, сёй-той з маладзейшых гасцей. Але весялосці ніхто не адчуваў.
— Давай польку! — скамандаваў сват.
На польку аматараў стала менш, а тыя, хто застаўся ў крузе, танцавалі неяк вяла, без імпэту. Танец, здавалася, цягнецца да няёмкасці доўга, і кожны, пэўна, стаў адчуваць, што і гэтая вясёлая мелодыя нікога развесяліць не можа. Яна была сама па сабе, госці, нават танцоры — самі па сабе.
Гарманіст — хлопец гадоў пад дваццаць пяць, з ускудлачанымі доўгімі валасамі — зашпіліў гармонік і ледзь не ўзмаліўся:
— Дайце перадыхнуць трохі — дальбог, рукі апухлі,— і каб не западозрылі, што збіраецца пагультайнічаць, выставіў самлелыя рукі, сціскаючы і расціскаючы пальцы.
— I то праўда: не дадуць чалавеку і паесці — грай ды грай,— заступілася за гарманіста старая Ступакевічыха.— Радыёлу трохі пакруціце... А ты, музыканцік, еш, еш! I выпі — весялей будзе,— замітусілася яна, падкладваючы ў гарманіставу талерку ладныя кавалкі мяса, марынаваныя баравічкі, наліла ў гранёную шклянку аж па паясок гарэлкі.
— Ой, што вы, цётка! Ды я ад такой дозы — адразу пад стол,— для прыліку запратэставаў гарманіст, а сам падумаў, што якраз і не пашкодзіць гэтая шклянка.
— То кропля для здаровага мужыка. Вунь бабы і то...— таксама для прыліку ўгаворвала гаспадыня, а на самую раптам навалілася нейкая слязлівасць.
— А! Пайшло як па масле! — задаволена пракрактаў музыкант, трыма глыткамі апаражніўшы шклянку, і, апетытна закусваючы, абы нешта сказаць, заўважыў:
— I чаго тэта, цётка, вы ўсё плачаце ды плачаце? Радавацца трэба...
— Еш, сынок, еш,— адчужана глянула старая.— Гэта ў мяне ад радасці.— Прыкрыла рукою рот і, стрымліваючы ўсхліп, борздзенька пайшла на кухню.
«Во цемень беспрасветная! — паціснуў плячыма музыкант.— Вяскоўшчына — што казаць. Пабылі б яны ў горадзе, паглядзелі, што чаўпецца. У газеце вунь пісалі — кожная трэцяя пара разводзіцца. А тут... Падумаеш — другі раз жэніцца! Па тры, па чатыры ўмудраюцца! А тут на табе — байкот! Маралісты пазнаходзіліся... Зрэшты, якая справа яму да ўсяго гэтага! Твая справа — грай, адрабляй грошы, не лезь, куды не просяць. Калі разабрацца, то ты на службе: узяўся граць — грай...»
Цяпер, калі так усё павярнулася, Міхась праклінаў сябе, што спачатку згадзіўся, а потым дамагаўся ў бацькоў вяселля. Старыя як у ваду глядзелі. I праўда, каму была патрэбна гэтая камедыя? Запісаліся б без шуму, выпілі б кампаніяй у рэстаране — на тым і кропка.