Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!



Вінцэсь Мудроў
ГІСТОРЫЯ АДНАГО ЗЛАЧЫНСТВА

Апавяданьні і аповесьць


Падрыхтаванае на падставе: Мудроў Вінцэсь, Гісторыя аднаго злачынства. Апавяданьні і аповесьць, — Мінск: Бібліятэка часопіса Маладосьць, 1993.


Copyright © 2015 by Kamunikat.org

Міша з прастрэленым вухам


Узьбягаючы па прыступках, Сьцяпан падняў галаву і ўбачыў валасатыя ногі Нінэль Міхайлаўны. Начальніца стаяла на лесьвічнай пляцоўцы паміж другім і трэцім паверхамі і, мяркуючы па ўсім, некага прабірала.


Гадзіньнік паказваў палову адзінаццатай. Каб не сустракацца з начальніцай такім нязручным часам, Сьцяпан зьбег на другі паверх, разгарнуў «Советскую Белоруссию» і, пазіраючы між радкоў, прыслухаўся.

— Пра несуноў матэрыял падрыхтавалі? — пыталася Нінэль Міхайлаўна пераселым ад курава голасам, і ў адказ ёй пачулася запабежлівае лепятаньне асыстэнткі Барановіч.

— Жук затрымлівае... колькі разоў казала... – лепятала Барановіч, і Сьцяпан, пачуўшы сваё прозьвішча, брыдка вылаяўся.

На свой паверх ён дабіраўся запасным ходам. У левым крыле рэдакцыйнага будынку вось ужо другі год нешта рамантавалі, і запасны ход быў застаўлены розным малярскім начыньнем. Падымаючыся па лесьвіцы, Сьцяпан зачапіўся нагою за бочку з вапнаю, выцяўся лобам аб козлы, а выбраўшыся з гэтага хломазду, доўга абабіваў штаны, са злосьцю плюючы на далоні. Замкнуўшы пазычаным на вахце ключом дзьверы запаснога ходу, ён паправіў гальштук, з турботлівым выглядам на твары рушыў па калідоры.

Навокал дзынкалі тэлефоны, кляцалі друкаркі, з жаночай прыбіральні далятаў вясёлы сьмех, а з прачыненых студыйных дзьвярэй на калідорны прасьцяг вырываліся зыкі, якія спачатку насьцярожылі, а потым насьмяшылі. Там, за дзьвярыма, нехта пакутліва ўздыхаў, жаласьліва вохкаў і бразгаў шкляным посудам. Сьцяпан зазірнуў у студыю і ўбачыў карэспандэнта абласнога радыё Сяргейчыка. Той сядзеў за мантажным сталом, пакутліва вохкаў і дрыжачай рукой наліваў у шклянку мінскую №2. На карэспандэнтавым твары ляжаў цень пахмельнай хваробы. Сьцяпан кашлянуў, працяў Сяргейчыка гіранічным позіркам, і калега, глынуўшы мінэралкі, зашэрхлым голасам прамовіў:

— На раён езьдзілі. Да Цярэнція Пракопавіча.

Цярэнцій Пракопавіч Бядак, старшыня прыгараднай гаспадаркі «Шчасьлівы быт», у якога некалі невылазна сядзелі карэспандэнты, даўно ўжо нікога не частаваў, і Сьцяпан зь недаверам зірнуў на калегу.

— Немцаў суправаджалі. Немцы шпрыцы ў больніцу прывезьлі. Вось Бядак і раскалоўся.

Карэспандэнт керхануў, прачышчаючы глотку, і кіўнуў на тэлефон:

— Цябе тут начальства шукала.

— Хто? Нінка?

— Бяры вышэй. Сам Бацька тэлефанаваў. Загадаў, каб заўтра быў матэрыял па рэфэрэндуме.

— Як заўтра? Я ж на чацьвер стаю... – прамармытаў Сьцяпан, прысеўшы на край стала.

— Заўтра! — гыркнуў Сяргейчык, імітуючы Бацькавы голас. – Перадача на Маскву ідзе. Праграма «Саюз». Чуў пра такую?

— Чуў, — выдыхнуў Сьцяпан, прыкусіўшы ніжнюю губу.

— У мяне цесьць у Бараўлянах ляжыць, у шпіталі. Заехаў днямі... піхнуў ім мікрафон пад нос, дык яны мне дзьве касэты нагаварылі, — Сяргейчык хукнуў у жменю, глынуў мінскай №2.

— Хто нагаварыў? — не зразумеў Сьцяпан.

— «Хто—хто»... Вэтэраны. Шпараць як па напісаным. Ужо два разы ў этэр выходзіў. Толькі і выразаў, дзе клянуць Гарбачова ды пра венікі згадваюць.

— Якія венікі? — ізноў не зразумеў Сьцяпан.

— Ну як якія... Калі мы ў Саюзе – мы што тыя венікі, — Сяргейчык махнуў у паветры кулакамі, паказваючы, як цяжка зламаць венік, ды нечакана вякнуў, прыціснуў далонь да вуснаў і, закаціўшы вочы, вылецеў у калідор.

Зьбіраючыся з думкамі, Сьцяпан пералічыў дзіркі ў гукаізаляцыйных плітах, якімі былі абабітыя сьцены, дастаў з кішэні нататнік, перагарнуў старонкі, пацягнуўся да тэлефону. Палец з разважлівай павольнасьцю пакруціў дыск, у вуху засьпявалі гудкі, і неўзабаве слухаўка выбухнула пранізьлівым дзявочым голасам:

— А—я...

— Там у вас нічога добрага не даюць? — запытаўся Сьцяпан, аддаляючы слухаўку ад вуха.

— Грэчку даём. Па два кілё ў рукі, — адказала дзяўчына, пасьля чаго голас ейны абарваўся, з тэлефонных нетраў данеслася няўцямнае: — Тушонку не давайце! — і слухаўка азвалася кароткімі гудкамі.

— Па два кілё – гэта добра, — прамармытаў Сьцяпан, глынуў Сяргейчыкавай мінэралкі і ўсхапіўся на ногі.

Адзінаццатая гадзіна, а на вуліцах пустэльна – ні машын, ні людзей. Дакладней, людзі ёсьць. Тоўпяцца ля крамаў у чаканьні іхнага адкрыцьця. А вось машын сапраўды не відно. Толькі і сустрэлася адна хлебавозка, што выехала на праспэкт з падваротні. Даішнікі на скрыжаваньні таксама некуды пахаваліся: будка іхняя стаіць пустая, і нага машынальна цісьне на понаж. Стрэлка сьпідомэтру паўзе ўгору, застывае на лічбе «80»; унутры радыёкамітэтаўскай ламачыны штосьці грукае, і Сьцяпан, адпусьціўшы прытоплены понаж, з адчаем выдыхае:

— І калі ўжо разваліцца?

«Масквіч» торгаецца, страляе выхлапнымі газамі.

З—пад колаў хлебавозкі, што ідзе наперадзе, струменіцца белая віхурка. Яна віецца па асфальце, губляецца ў прыдарожных кустах, і калі глядзець на яе, здаецца, што легкавік едзе неяк бокам. Мерачыся абагнаць хлебавозку, Сьцяпан цісьне на сыгнал, вырульвае на сярэдзіну праспэкту і скідвае хуткасьць. Абганяць хлебавозку няма сэнсу: праспэкт наперадзе забіты машынамі, а па сьценах навакольных будынкаў паўзе сінеча міліцэйскай мігалкі. Спыніўшы легкавік, Сьцяпан апускае шкло, глядзіць па баках.

— Што там такое? — крычыць ён гарбатаму дзеду, які сунецца па ходніку.

— Бэнээфаўцы мітынг ладзяць! — гукае дзед, матлянуўшы сеткай з двума батонамі. Адкашляўшыся, стары крычыць яшчэ нешта, але слоў не разабраць – непадалёку надрыўна гудзе легкавушка.

Чырвоны «жыгуль» з надпісам «Тэлебачаньне» на дзьверцы пралятае міма, узьняўшы ў паветра сьнежную замець. Сьнег іскрыцца на сонцы, халадзіць шчаку. Сьцяпан лаецца, падымае шкло і, не чакаючы, пакуль асядзе зіхоткі пыл, разварочвае машыну.

У чырвоных «жыгулях» паехаў Толік Стральчук з апэратарам. Стральчук – маёр КГБ. Езьдзіць па мітынгах, бярэ інтэрвію ў актыўных мітынгоўчыкаў. Тое—сёе, праўда, і на тэлебачаньне дае, у праграму «Відэарама», але гэта так – дзеля камуфляжу.

— Выжла, — мармыча Сьцяпан і заварочвае з вуліцы Ўрыцкага на вуліцу Валадарскага.

Да крамы дарога ня блізкая. Пакуль даедзеш – увесь бэнзын спаліш. Але ехаць трэба: кожны матэрыял, што ідзе на Маскву, Нінэль Міхайлаўна праслухоўвае і ўласнаручна падпісвае ў этэр. Тут мантаж з накладзеным фонам ня пройдзе. Жывая гаворка патрэбная. І каб усе ў адзін голас Саюз падтрымлівалі. Вось і даводзіцца ў вэтэранскую краму езьдзіць, адстаўнікоў запісваць.

Нейкая бабуля бяжыць на чырвонае сьвятло, Сьцяпан спалохана круціць руль, лаецца, а яшчэ празь імгненьне зноўку варушыць вуснамі, рэпеціруючы інтэрвію з адстаўнікамі.

Ля крамных дзьвярэй – цэлая вайна. Адны выходзяць, другія заходзяць, трэція проста стаяць на ганку, і ў краму не прапхнуцца. Сьцяпан прыўзьнімаецца на дыбачках, аглядае натоўп, а згледзеўшы знаёмцаў, кісла пасьміхаецца. Ды і як не пасьміхнуцца, зірнуўшы на таго ж Усьціна Капітонавіча Дуба, былога ваенкама. Змакрэлы, дарэшты разьюшаны, Усьцін Капітонавіч нешта крычыць, трасе пад галавою чырвоным пасьведчаньнем, і па ягоных крыках можна зразумець, што гандляры прыхавалі на складзе нейкі тавар. Побач зь ім махае поліэтыленавай торбаю былая загадчыца парткабінэту Кароткая, а паміж імі, заціснуты з усіх бакоў, торгае лысай галавой былы інструктар ДТСААФ Варывончык. Варывончык трымае над галавой падраны мяшэчак з грэчкаю, і крупы ценькім цурком сыплюцца яму на лысіну.

Читать книгу онлайн Гісторыя аднаго злачынства - автор Винцесь Мудров или скачать бесплатно и без регистрации в формате fb2. Книга написана в 1993 году, в жанре Современная русская и зарубежная проза. Читаемые, полные версии книг, без сокращений - на сайте Knigism.online.