Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!



Генрых Далідовіч
МАЛАДЫЯ ГАДЫ

Апавяданні, аповесць


Падрыхтаванае на падставе: Генрых Далідовіч, Маладыя гады: Апавяданні, аповесць, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1979. — 256 с., іл.


Copyright © 2013 by Kamunikat.org

Брыгадзір з Янковіч

Ах, колькі ёсць красы цудоўнай поруч з намі...

Максім Багдановіч

1

За старым, аброслым бела-жоўтай плесенню пнём Стасюкевіч угледзеў на зямлі набухлыя грудочкі. Уздымалася пашарэлае за лета шыгаллё, што зверху было цяпер, раніцай, вільготнае ад расы, з касмылінкамі ацяжэлага сырога павуціння.

Стасюкевіч падышоў, паставіў долу поўны ад сыраежак, таўстух, зялёнак ды крапягоў кошык, абаткнуты — каб не звальваліся грыбы — з усіх бакоў хваёвымі галінкамі, з асцярогаю разгарнуў расянае зверху шыгаллё і, аж заміраючы ад радасці, абмацаў высокую рудую таўстуху. Прытрымаў леваю рукою за шырокую, як блінец, вільготную шапку, на сярэдзіну якой, у ямінку, накапала скрозь ігліцы крыху вады, а правай рукой зрэзаў амаль ля самага долу тоўсты крамяны, з наліплым пяском корань, што быў тугі ды белаваты ўсяродку i рудаваты з бакоў, але i гэты асяродак, здаецца, на вачах наліваўся руддзю. З хваляваннем разгарнуў паблізу астатнія грудочкі i ўзяў яшчэ пяць маладзенькіх крамяных таўстух — і, калі апамятаўся, заўважыў, што ў дасюль туманным лесе ўжо добра пасвятлела, як здзівіўся, што так хутка прайшло ранне. Здаецца, яшчэ зусім жа нядаўна ўскочыў у гэты лес, выцікоўваў грыбы, думаючы, ці здолее сабраць ix хоць з палавіну кошыка. Ажно шмат патупаў, назбіраў i шмат пра што падумаў за гэтую пару: сам-насам заўсёды прыходзяць добрыя думкі.

Як пачаў — усё ж хочучы, каб яшчэ на развітанне трапіўся адзін грыбок! — адыходзіцца ад гэтай шыгаллёвай, багатай на таўстухі i даволі ўжо густа пасыпанай жоўтым бярозавым лісцем палянкі, стараўся ісці да блізкага поля «пустымі» мясцінамі, дзе цясніўся высокі, камлісты, не зусім ужо малады хвойнік i паміж яго гусціўся жоўта-руды бясплодны мох, на якім тырчалі толькі шэрыя, зелянкавыя, з белымі кропкамі мухаморы ды цагельнага i жаўтковага колеру дзікія апенькі на доўгіх гнуткіх ножках. Калі амаль ужо выйшаў са старога лесу, з бела-сіняга туману, што захутваў неба ды нізка, амаль пры самым доле, слаўся на зямлі, i меўся падацца ў малады хвойнік, на прасеку, дык пачуў ціхае недалёкае вуркатанне лёгкавіка, што, пагойдваючыся на карэннях i вымытых ліўнямі раўчуках, поўз сюды ад блізкай налібацкай брукаванкі.

Стасюкевіч адышоў крышку назад, да невысокага, але густога ядлоўцу, паставіў за ім кошык, сам прысеў, пачаў чакаць, калі машына праедзе. Схаваўся не ад сораму за свае гумовыя боты, за аброшаныя да пояса вайсковыя зялёныя штаны, за старую ватовачку ці за тое, што яшчэ не паголены, a ўцёк, бо не хацеў спатыкацца з чужымі грыбнікамі, якіх сюды, у янкоўскі барок Налібацкай пушчы, у астатнія гады начало з'язджацца на матацыклах, лёгкавіках, вялікіх аўтобусах безліч. Прыязджалі i дападалі ў самыя глухія, здаецца, зусім не ходжаныя куткі, разграбалі мох i дратавалі, што краты, зямлю, так вызбірвалі i вялікія i малыя грыбы, што там пасля доўга нічога не расло. I хоць ён, як i ўсе ў вёсцы, паволі прывык, што сюды ездзяць чужыя грыбнікі, але ўсё ж не хацеў трапляць ім на вочы, паказваць, колькі назбіраў, расказваць, дзе тут што расце. Хай шукаюць самі.

Блакітны вільготны ад туману «Масквіч» выехаў з густога мроіва, лагодна завувукаў i зарыпеў амартызатарамі, наблізіўся, дыхнуў дымам, мінуў гэтую лапіну хвойніку, збочыў улева i прыпыніўся на верасовай шыракаватай паляне, што цягнулася доўга, аж пад налібацкі лес, між двух радоў-палосаў змешанага з бярозай хвайняку. Гэты барок так тут i называўся — Палоскі.

Шчоўкнуўшы замком дзверцаў, нагінаючыся, з лёгкавушкі вылез высакаваты, вузкі ў плячах, у сінім трыко з бела-жоўтымі палоскамі на каўняры i на рукавах маладаваты, здаецца, знаёмы мужчына, а з другога боку, адчыніўшы хутка дзверцы, шпарка выскачыў худы хлопчык гадоў сямі i следам за ім памалу, гойдаючы машыну, вылезла кабета — маладая, сярэдняга росту, паўнаватая, гэтаксама, як i мужчына, у сінім трыко, што туга абціскалася на высокіх грудзях i на даволі круглаватым ужо жываце, а паверсе трыко быў незашпілены — на сёння ўжо старамодны — балоневы зялёны плашч. Яна трымала ў руцэ новае пластмасавае вядзерца з чорнаю дужкаю.

I кабета, хоць апранутая не па-тутэйшаму, была, здаецца, не чужая; яна, відаць, добра выспалася, паснедала да гэтых васьмі гадзін раніцы, бо была спакойная, марудная i нават цяжкаватая — калi нагіналася запхнуць у халяўкі невысокіх гумоўцаў вяршкі шэрых шкарпэтак, дык аж — можа, i наўмысна — застагнала. Зірнула жартам, з сорамам на мужчыну, туды-сюды па баках — i Стасюкевіч пазнаў: гэта ніякія не чужынцы грыбнікі, а свае янкоўскія людзі. Гэта — яго аднагодка Люся Амельяновіч (цяпер Макаловіч) са сваім мужам i сынам. Праўда, зусім тутэйшымі ix не было як назваць: з Янковіч была толькі адна Люся, i то яна цяпер жыве ў Мінску. Тут, як чуў ад людзей, учора заявілася — прыехала на вяселле стрыечнай сястры.

Убачыўшы, што гэта знаёмыя людзі, можна было б выйсці са схованкі, паказацца, загаварыць, але ён яшчэ болей затаіўся.

«Ну, чаму я такі нясмелы? — пазлаваўся на сябе ў думках.— Яна ж, Люся, во зусім не саромеецца, што некалі не дачакалася мяне з арміі, паехала ў горад i выйшла там замуж. Я крыўдаваў, саромеўся з ёю сустрэцца, а яна не саромелася i не саромеецца: кожнае лета ці восень прыязджае дадому, раскатваецца па вёсцы на мужавай машыне, яшчэ стараецца, каб сысціся, пагаварыць. I як папікнеш, калі яна такая шчаслівая?! Канечне, i не думае, што зблытала мне жыццё... Яна нават, можа, ні разу пра гэта i не падумала... Ды i я перагарэў, але вось нешта пасля таго не шанцуе, няма таго ў душы, што тады было...»

Стасюкевіч сядзеў за ядлоўцам, што — зялёны, з сіне-шызымі ягадкамі — дурманіў сухім пахам камлёвай удубелай кары, расяным i Тумановым водарам сырых ігліц, густым смольным настоем, адчуваў, што занылі калені i што пара ісці дадому, працаваць. Але непрыкметна выйсці адгэтуль не было як, i ён сядзеў, пазіраў, як Люся паклікала сына, падцягнула яму даўгаватыя шэрыя портачкі, прыпадняла руды світэрчык i абсунула ўніз кашульку, пацалавала ў мякенькую бледнаватую шчаку, пасля шчасліва паглядзела на свой «Масквіч».

— Закрой, Вася, машыну! —прыкрыкнула на мужа, як убачыла, што той адыходзіцца ўжо ў лес.— Асмялеў...

Яе Васіль паслухмяна вярнуўся, залез у машыну, моцна ляснуў правымі дзверцамі, пасля, вылезшы, ляснуў левымі дзверцамі, замкнуў ix ключом. Замкнуў — i яшчэ патурзаў за ручку.

Люся спакойна, але пільна пазірала, як ён ўсё робіць, пасля тройчы паплявала, усміхнулася: «Ну, збірайцеся, грыбкі!» — i, апускаючы ўніз галаву, лёгкаю паходкаю ўзбоч хваёвай палоскі, на якой — у пяску — добра раслі зеляніцы, падалася ў глыб лесу. Стасюкевіч доўга ўсім ім, шчаслівым, спакойным пазіраў услед, пакуль толькі бачыў ix, з хваляваннем адчуваў, што i сёння, хоць i не хочаш гэтага, яму прыйдзецца ўсё ж сустрэцца з Люсяй: не такая ўжо вялікая іхняя вёска, каб не спаткацца.

Читать книгу онлайн Маладыя гады - автор Генрих Вацлавович Далидович или скачать бесплатно и без регистрации в формате fb2. Книга написана в 1979 году, в жанре Современная русская и зарубежная проза. Читаемые, полные версии книг, без сокращений - на сайте Knigism.online.