Апавяданні пра жанчын
Падрыхтаванае на падставе: Генрых Далідовіч, Жар кахання: Апавяданні пра жанчын. — Мн.: Маст, літ., 1996. — 350 с.
ISBN 985-02-0003-0
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
...как люблю я... и вас, «жены человеческие, сеть прельщения человеком»! Эта «сеть» нечто поистине неизъяснимое, божественное и дьявольское, и когда я пишу об этом, пытаюсь выразить его, меня упрекают в бесстыдстве, в низких побуждениях... Хорошо сказано в одной старинной книге: «Сочинитель имеет такое же полное право быть смелым в своих словесных изображениях любви и лиц ее, каковое во все времена предоставлено было в этом случае живописцам и ваятелям: только подлые души видят подлое даже в прекрасном...»
Мы непрыкметна падрасталі...
I прад высокаю красою,
Увесь зачараваны ёй,
Скланіўся я душой маёй,
Натхнёнай, радаснай такою.
A ў сэрцы хораша было,
Там запалілася цяпло...
Маладыя мае гады прыпалі на сярэдзіну трыццатых. Сказаць шчыра, я добра не ведаю, што гэта такое — юнацтва. Калі табе няма дзесяці? Альбо калі пятнаццаць? Васемнаццаць? Ці трыццаць? У сярэдзіне трыццатых гадоў мне перавальвала за дваццаць, быў я па-сялянску рослы i дужы, вучыўся на педагагічным факультэце універсітэта i ў адзін дзень ранняй i халоднай вясны...
Цяпер, калі мінулася столькі лет i зім, не магу пэўна сказаць, дзе першы раз убачыў яе. Можа, у бібліятэцы, можа, у студэнцкай залі ці ва універсітэцкім дворыку — хутчэй за ўсё мімаходзь бачыліся ўсюды. Але добра помню, як пачалося наша знаёмства: у той дзень мы, выпадковая кампанія, гуртам пашыбавалі на новы i вельмі папулярны фільм «Цырк». Калі пасля сеанса пакідалі кінатэатр, дык выйшла, што мне выпала ісці ў адну дарогу, як кажу, з крыху знаёмай высакаватай i танклявай дзяўчынай у новых чорных боціках, у шыкоўным чорным вясеннім паліто, пад чырвоным заліхвацкім берэцікам i такога ж колеру некалькі разоў абгорнутым вакол шыі i завязаным на грудзіне шалікам. Ёй, гараджанцы, трэба было ісці на цяперашнюю вуліцу Карла Маркса, а мне — далей, за рэчку, як цяпер жартуюць, за «андатравы пасёлак», дзе я займаў пакойчык у далёкага сваяка.
Трэба было штосьці гаварыць з маладою падарожніцай, i я, шмат не мудрагелячы, пачаў з таго, што прыйшло б на язык, бадай, кожнаму:
— Вам спадабаўся фільм?
— Очень, — адказала яна па-руску i вельмі ж хораша, меладычна. — Смотрю его уже третий раз.
Я ўсміхнуўся i ca здзіўленнем зірнуў на яе.
— Я еще несколько раз пойду смотреть эту картину. Ради Орловой, — патлумачыла дзяўчына. — Орлова — моя любимая актриса. После «Веселых ребят». Она — прелесть. Согласны?
Па яе роўнай постаці, лёгкай, крыху балетнай хадзе, па адмысловым захапленні i культурнай манеры я зразумеў: гэтая прыхільніца актрысы Арловай — дачка мінскіх інтэлігентаў, а то i высокапасадных службоўцаў. Ад яе проста выпраменьвалася паважнасць. На той час я не быў ужо вясковы лапаць (да слова, ішоў тады не ў змазаных дзёгцем ботах i прапахлым авечым потам кажушку, a быў у наваксаваных чаравіках, у паношаным, але ладным яшчэ палітоне гарадскога крою i нават пад капелюшом: я ж быў не проста студэнт-старшакурснік, а паэт, аўтар некалькіх нізак вершаў у самім «Полымі рэвалюцыі», выступаў на літаратурных вечарах, меў падзячныя воплескі i здароўкаўся за руку з многімі тагачаснымі слыннымі пісьменнікамі, нават разы два трапляў у госці да самога Купалы!), але ўсё ж вясковец ёсць вясковец. Я крыху сумеўся перад такой інтэлігентнай гараджанкай.
— Дык падабаецца вам Арлова? — даволі добра па-беларуску ўжо запытала незнаёмка, пераходзячы на тую мову, на якой найбольш гаварылі ў сталіцы.
— Падабаецца, — адказаў я i, канечне ж, не столькі таму, што вельмі захапляўся маладой кіназоркай, якая ўслаўляла нібы ўсіх савецкіх простых жанчын, колькі таму, каб патрапіць густу маёй нечаканай паненкі.
— Яна — агромністы талент, вялікая актрыса.
— Вы, мусіць, таксама марыце быць актрысай?
— Марыла, — уздыхнула яна. — Наступала ва ВПК, але не вытрымала іспыты. Буду выкладчыцай рускай мовы i літаратуры.
— Ці не лічыце вы настаўніцкую працу зусім нецікавай?
— Яна цікавая, але... Я марыла стаць актрысай кіно.
—Спакушаюць вялікая аўдыторыя, слава, кветкі, пырскі шампанскага ды натоўп закаханых прыхільнікаў?
— Выбачайце, — непарушна адказала на мой кпін яна, — але i вы глядзіце на актрыс як просты мешчанін. Няўжо не відно, што добры фільм, таленавітая актрыса альбо таленавіты акцёр драматычнага, камедыйнага ці трагіка-драматычнага складу могуць захапіць, змяніць на лепшае мільёны людзей, нават змяніць жыццё?
Скажу шчыра, мне было няёмка, што я сапраўды няўдала пажартаваў і, мабыць, здаўся ёй не зусім сур'ёзным чалавекам.
— Выбачайце, я няўдала пажартаваў, — абачліва адступіў. — Але не трэба засмучацца. Вы будзеце захапляць, высакародзіць калі не мільёны, дык тысячы дзіцячых душ пачуццямі i думкамі, што ёсць у вялікай рускай літаратуры.
— Я ўсё разумею, — зноў уздыхнула яна, — але не магу змірыцца з тым, што не магу дабіцца свайго. А што да рускай літаратуры, дык прызнаюся: я руская, рускага выхавання, але сваёй літаратуры не разумею. Пушкін, Гогаль, Някрасаў, Дастаеўскі, Талстой — усе, каго называюць волатамі рускай культуры, мабыць, на самай справе геніі альбо вялікія таленты, але яны i вялікія бунтаўшчыкі, выкрывальнікі, клеймавальшчыкі i... Калі я, да слова, чытаю Дастаеўскага i Талстога, дык я, здаецца, апускаюся ўсё ніжэй i глыбей, i там столькі шмат роздуму, супярэчнасці, брыды, што я разгубліваюся, хачу хутчэй вынырнуць i глытнуць свежага паветра... Можа, мне не па сіле літаратура. Тым больш, як вы кажаце, вялікая.
— Але ж i актрысам прыходзіцца спасцігаць псіхалогію i філасофію літаратурных герояў, ідэі аўтараў. Тых жа Дастаеўскага i Талстога.
— Я хачу быць іншай актрысай.
— Такой, як Арлова?
— Такой.
— Без Дастаеўскага i Талстога?
Яна ўскінула на мяне вочы і, бачачы, што зноў жартую, усміхнулася i сама:
— А вы, выходзіць, калючы. Як вожык.
— Ды не зусім. Штосьці вось сёння найшло на мяне незразумелае.
Так, размаўляючы, мы дайшлі да цаглянага трохпавярховага дома i запыніліся каля дзвюх цагляных масіўных шулаў-тумб i зачыненых дашчаных варотцаў. Прыгледзеўшыся, я ўбачыў на адной з тумб пляміну ад рук, а пасярод яе — кнопку ад электрычнага званка. Значыць, як i адчуваў, мая падарожніца-актрыса з тых, хто жыве іначай, чым простыя смяротныя.
— Дзякуй, што правялі, — тут жа падала невялікую ў мякенькіх чорных скураных пальчатках руку.
— Можа, пазнаёмімся? — усміхнуўся i я, затрымліваючы яе руку ў сваёй.
— Вы — наша славутасць, дык я вас ведаю, Алесь, — сказала яна i, прызнаюся, усцешыла мой гонар. — А я — няўдачніца Іста.
Апошняе прамовіла i ca скрухам, i жартам, пільна пазіраючы на мяне. Яе вочы, як цяпер прыгледзеўся, былі i блакітнаватыя, i заадно нейкага няўлоўнага колеру. Здаецца, у ix па-свойму адбіваўся своеасаблівы ўзнёслы свет, што быў крыху адарваны ад зямнога, але глыбока поўніўся ў яе летуценнай душы. Валасы, што былі не пад берэтам, жаўцеліся, лоб быў высокі i ясны, нос рымскі, а вусны яшчэ зусім дзіцячыя. Мусіць, ёй было васемнаццаць гадоў, не болей.