Нарыс
Падрыхтаванае на падставе: Аляксей Карпюк, Мая Гродзеншчына. Нарыс, — Дзяржаўнае Выдавецтва БССР Рэдакцыя мастацкай літаратуры, Мінск 1960
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
Гродзеншчына мае багатую і цікавую гісторыю.
Сівыя каменні гродзенскіх вуліц памятаюць Пятра I. Тут капаў ён першыя рэдуты, сустракаючы Карла XII перад Палтаўскай бітвай.
Гэта на Гродзеншчыне нарадзіўся і ў гродзенскіх лясах змагаўся ў 1863 годзе Валерый Врублеўскі, пазней генерал Парыжскай камуны, член I Інтэрнацыянала. Гэта пра яго сказаў Ленін, што памяць аб В. Врублеўскім «непарыўна звязана з найвялікшым рухам пралетарыяту ў XIX стагоддзі...»
З-пад Свіслачы распраўляў свае арліныя крыллі Кастусь Каліноўскі. Гэта Гродзеншчына спарадзіла і натхніла Элізу Ажэшку і Адама Міцкевіча, Цётку і Карскага.
Рэвалюцыйныя выступленні гродзенскага пралетарыяту пачаліся адначасова з выступленнямі рабочых Пецярбурга. Яшчэ і цяпер у нашых гарадах і сёлах жывуць матросы «Аўроры», уДзельнікі штурму Зімняга палаца, будзёнаўцы.
Пяць з паловай стагоддзяў таму назад, рыхтуючыся да Грунвальдскай бітвы з мечаносцамі, уся руская і польская армія рыхтавала ў гродзенскіх лясах зубровае мяса. Цяпер зубры жывуць толькі ў Белавежскай пушчы і ў заапарку. Мяса хапае на калгасных фермах. Ды не толькі мяса! Гэта на Гродзеншчыне, у Скідзелі, паявіўся першы беларускі цукар! А на Брусельскай міжнароднай выстаўцы побач з мінскім самазвалам красаваліся і памнажалі славу Радзімы крышталёвыя вырабы з шклозавода «Нёман».
Амаль чатырыста гадоў таму назад польскі кароль Стэфан Баторы прывёз на Гродзеншчыну цэлую армію ксяндзоў і манахаў ордэна езуітаў і «падарыў» ім пятнаццаць тысяч прыгонных — мясцовых сялян. Але не пакарыў тутэйшых людзей.
Паводле дадзеных Гродзенскага архіва, у гарадскую турму ў красавіку 1934 года пілсудчыкі кінулі дзевяноста пяць мужчын і адзінаццаць жанчын, абвінавачваючы іх у «камунізме». А ў 1938 годзе ў сырых гродзенскіх казематах тамілася ўжо трыста два камуністы. Дзяўчаты, адсылаючы ў турму пасылкі, вышывалі таварышам на сурвэтках: «Хлопцы, стойце насмерць!»
— Стаім насмерць! — вуснамі паэта-вязня Валянціна Таўлая адказвалі ім з турэмных камер.
I сапраўды, стаялі! Стаялі і падбадзёрвалі другіх. У калектыўным пісьме, адасланым у рэспубліканскую Іспанію, гродзенскія камуністы-падпольшчыкі заклікалі байцоў Інтэрнацыянальнай роты імя Сяргея Прытыцкага:
— Стойце насмерць!
Сына беднай удавы Уладзіміра Кірвяка, сакратара падпольнай камсамольскай ячэйкі, паклікалі ў «пастарунак паліцыі панствовай». Камендант «пастарунка» з лішняй далікатнасцю запрасіў Кірвяка ў кабінет, пасадзіў за стол і сказаў:
— Раю вам ва ўсім прызнацца і расказаць аб падпольнай рабоце!
Кірвяк маўчаў. Тады камендант паказаў маток дроту і з цынічнай усмешкай прыгразіў:
— Не прызнаешся,— увесь гэты дрот будзе ў тваім жываце...
Валодзя маўчаў.
Праз некалькі дзён яго труп паліцыя аддала маці з заключэннем доктара: «Скончыў жыццё самагубствам, праглынуў сорак восем сантыметраў дроту...»
Звар'яцелая маці потым скардзілася суседзям:
— Людцы добрыя, хіба ж можа чалавек з'есці дрот?
— Ваш Валодзя стаяў насмерць!—растлумачылі ёй.
Пра подзвіг Скідзельскіх камсамольцаў у дні Айчыннай вайны ведае кожны вучань. Пра іх можна напісаць раман. Стары і малады гаворыць, што на Гродзеншчыне ёсць свае «краснадонцы».
Аднаго разу па Азёрскай шашы каля Гродна немцы вялі савецкіх ваеннапалонных. Васемнаццацігадоваму масквічу Васю ўдалося схавацца ў лесе. Вечарам акрываўленага Васю знайшоў яго равеснік вясковы хлапец Сеня Таранка з хутара Крушнікі. Сеня схаваў чырвонаармейца. Даведаліся немцы, схапілі Сеню і яго маці. Яны не выдалі чырвонаармейца.
На падворку Гродзенскай турмы Сеня памёр на руках у маці. Вось яго апошнія словы:
— Мама, даруй, я інакш не мог!
— Ведаю, сынку,— сказала маці, заліваючыся слязьмі і апошні раз цалуючы акрываўленага сына...
Аднойчы група партызанскага атрада імя Кастуся Каліноўскага, вяртаючыся з задання, заблудзілася. Каб не натрапіць на немцаў, партызаны вырашылі дачакацца світання і залеглі ў полі. Калі нарэшце развіднела, яны жахнуліся. Аказалася, што яны ляжалі перад амбразурамі нямецкага дота ў адкрытым полі. Сярод іх быў сірата Міша Кучынскі. Міша сказаў сябрам:
— Я выклічу агонь на сябе, а вы, хлопцы, ратуйцеся!
I Міша пабег па адкрытым полі. Немцы сталі страляць, а потым пагналіся за партызанам. У той час група непрыкметна адпаўзла ў другі бок.
Міша загінуў.
Такіх прыкладаў многа. Іх на Гродзеншчыне перадаюць з вуснаў у вусны. На іх выхоўваюцца новыя пакаленні.
Калі вы будзеце ў Гродна і траніце на вуліцу Савецкіх пагранічнікаў, дык насупраць новага кінатэатра імя Пушкіна звярніце ўвагу на чырвоны старэнькі домік з блакітнымі аканіцамі.
Цяпер на ім вісіць звычайны парадкавы нумар — 48, а ў доміку жывуць звычайныя гродзенцы. Але быў час, калі тут адбыв. ліся вялікія справы.
Пачалося ўсё гэта задоўга да рэвалюцыі. Адзін майстра-яўрэй — Ісак Пат сталярнічаў у
Ласаснянскім млыне. Багацце ён меў звычайнае: залатыя рукі і вялікую сям'ю. Надышоў 1905 год.
Раскаты рускай рэвалюцыі дакаціліся і да Гродна. У горадзе быццам хто закруціў вялікае млынавое кола. Зачапіла яно і сыноў столяра. Прыбягаючы дамоў, хлопцы ўсхвалявана паведамлялі:
— На станцыі і на фабрыцы Шарахоўскага бастуюць!
— На Саборнай выстралілі ў жандара! Там зараз казакі б'юць прахожых.
— Мама, з гаўптвахты дваццаць шостай артылерыйскай брыгады ўцёк салдат Цвяткоў! За забастоўку ў палку яго прыгаварылі да расстрэлу!
— Дзеткі, нікуды не лезьце. Пападзецеся ў турму!- непакоілася маці. Сэрца яе чуяла небяспеку.
— А ты хочаш, каб яны, калі вырастуць, гнулі, як я, спіны на багатых? — заступаўся за сыноў бацька.
Сыны кожны раз прыходзілі дахаты прамоклыя да ніткі, абарваныя, пабітыя. Маці толькі ўздыхала. Неўзабаве арыштавалі старэйшага — Мішу, а за ім і Веньяміна. Ноччу арыштантаў, якіх з Гродзенскай турмы адпраўлялі ў Сібір, выводзілі на вакзал. Ісакава жонка бачыла, як вялі яе сыноў. Яны нешта крычалі, але кандалы звінелі так моцна, што маці нічога не зразумела. З катаргі сыны не вярнуліся.
Пасля імперыялістычнай вайны ў ласасянскага столяра застаўся толькі самы малодшы сын — кравец Ілья. I ён, верны сямейным традыцыям, прадаўжаў справу сваіх братоў.
У часы буржуазнай Польшчы камуністы працавалі ў глыбокім падполлі. Літаратуру для Заходняй Беларусі падпольшчыкі атрымлівалі "з Вільні. Але там было шмат шпікаў, людзі часта траплялі ў рукі паліцыі. Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі вырашыў знайсці іншае месца для падпольнай друкарні. Выбар паў на ціхі ў тыя часы горад Гродна. Дзеля гэтага трэба было знайсЦі сям'ю з даўнімі рэвалюцыйнымі традыцыямі.
Аднойчы да члена падпольнай ячэйкі Ільі Пата звярнуліся з прапановай паставіць у яго хаце друкарскі станок. Ілья, не задумваючыся, згадзіўся і ўзяўся за справу.
З гэтага дня суседзі пачалі заўважаць каля хаты краўца раскіданую цэглу, скрыню з разведзенай глінай, кучу пяску.
— Печ раблю! — тлумачыў цікаўным Пат.
— То чаму так доўга робіш?
— Няма грошай на цэглу і жалеза...
А на самай справе Ілья, выкапаўшы пад печчу дзірку, амаль паўгода з-пад падлогі выбіраў пясок і кошыкамі выносіў яго за горад. Потым выклаў падвал дошкамі, правёў электрычнасць. Прыехалі з ЦК, паглядзелі, сказалі:
— Добра, Ілья. Цяпер ты не будзеш хадзіць на партыйныя сходы і не маеш права ні з кім гаварыць пра палітыку. Вось табе пароль, чакай пасылкі!
Аднаго разу з Беластоцкага шасэ пад хату краўца пад'ехаў селянін.
— Прымай цвікі! — заявіў ён, абмяняўшыся паролем, і пачаў уносіць у хату акуратна збітыя скрынкі. На кожнай з іх стаяла стандартная марка цвіковага завода. Пакінуўшы «цвікі», селянін паехаў.
Днём прыйшоў яшчэ адзін незнаёмы і разам з Ільёй пачаў даставаць са скрыняў дэталі друкарскага станка і насіць у падвал. Да раніцы ўсё было гатова.
З гэтага дня і пачалося. Ноччу друкавалі, днём жонка — Суля — насіла «прадукцыю» ў горад на рынак. Там ля прылаўкаў яна абменьвалася кошыкам з другой падпольшчыцай.
Ішлі дні, месяцы. гады, а ў доміку на Ласасянскай вуліцы ўсё ішло сваім парадкам. Праўда, суседзі бачылі, што іншы раз да Пата заходзілі незнаёмыя людзі. Ды ці ж мала заходзіць да краўца людзей?
У горадзе бурна развіваліся падзеі, выбухалі забастоўкі, палітычныя выступленні, і толькі Пат маўчаў.
— Як ты можаш так жыць, бы ў скарлупе?— дзівіліся суседзі.
— Няма калі займацца палітыкай,— адказваў кравец,— жыву з іголкі!
Справа яго была цяжкай, небяспечнай. Тых, хто прыходзіў да яго друкаваць, Ілья ведаў толькі па клічцы. Калі таварыш некалькі дзён не з'яўляўся, Ілья ведаў, што ён ужо ніколі не вернецца: праваліўся. Так здарылася з «Юзікам», «Мішам», «Сашай», «Валяй», «Абрашам»... Але, трапіўшы ў лапы дэфензівы, усе трымаліся па-геройску, друкарні не выдавалі.
Паліцыя здагадвалася, што друкарскі станок знаходзіцца ў Гродна. Пачаліся павальныя вобыскі. Аднойчы друкарня выконвала тэрміновы заказ, друкавала лістоўкі для забастоўшчыкаў тытунёвай фабрыкі. Трэба было працаваць і днём. Раніцой, калі Ілья з таварышам былі ў падвале, жонка краўца праз акно ўбачыла сінія мундзіры — ішлі паліцыянты! Суля не разгубілася. На сцяне вісеў ручнік, пад ім была кнопачка. Жанчына націснула кнопачку. У падвале патухла святло. Увайшлі паліцыянты, абшукалі пакой, заглянулі ў шафу, пад ложак, нават у вёдры, склалі пратакол, далі Сулі падпісаць і пайшлі.