Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!



Таццяна Шамякіна
НА ЛІНІІ ПЕРАСЯЧЭННЯ

Літаратурна-крытычныя нататкі


Падрыхтаванае на падставе: Шамякіна Таццяна, На лініі перасячэння. Літаратурна-крытычныя нататкі, — Мастацкая Літаратура: Выдавецтва, 1981. — 143 с.


Рэдактар: А. І. Сямёнава


Copyright © 2013 by Kamunikat.org

У пошуках гармоніі


Міхась Стральцоў стаў вядомым як пісьменнік у пачатку 60-х гадоў, у час, калі многа гаварылі пра лірычны стылёвы напрамак як самастойны і адзін з найбольш цікавых у сучаснай савецкай прозе. Рост лірычнай прозы ў гэтыя гады можна тлумачыць рознымі прычынамі: і пошукам новых прыёмаў тыпізацыі, і павышанай цікавасцю да ўнутранага свету чалавека, і значнасцю маральна-этычных праблем у сучасным грамадстве, і імкненнем пісьменнікаў да філасофскага асэнсавання рэчаіснасці. Зразумела, лірычная проза існавала і раней. Але менавіта ў гэты час адбывалася размежаванне розных стылёвых плыняў. Лірычнасць савецкай прозы ўзнікла на аснове адзінства ідэалаў асобы і грамадства. Пісьменнікі-лірыкі паэтызуюць свет чалавечых пачуццяў і думак, эмацыянальна-ўсхваляваная споведдзю выяўляюць свае адносіны да свету. Творы В. Бергольц, Ул. Салаухіна, А. Ганчара, Я. Брыля, Ч. Айтматава, Ю. Смуула і многіх іншых расказваюць пра пачуцці, народжаныя адзінствам чалавека і грамадства, пісьменніка і народа.

Генезіс лірычнасці звязваецца з рамантычнай і эпічнай асновамі. Рамантыка — родавы выток лірызму. У тую ці іншую эпоху лірызм набываў рамантычную танальнасць, перадаваў ідэал пісьменніка. Вобраз у рамантычных творах уяўляе сабой непарыўнае адзінства аўтарскага ідэалу і лірычных форм яго выяўлення.

Але ўсё ж развіццё рускай і многіх нацыянальных літаратур, пачынаючы ад XIX стагоддзя, праходзіла на перакрыжаванні і ўзаемапранікненні эпічнасці і лірызму.

Перавага эпічнасці ў творы — гэта значыць шырокае, у шматлікіх сувязях, адлюстраванне жыцця, перавага лірыкі — у шырыні суб'ектыўных адносін аўтара да жыцця. Лірычнасць твора асабліва праяўляецца ў непасрэднай прысутнасці аўтарскага «я» ў апавяданні, але можа быць і ў агульнай атмасферы твора, у своеасаблівых дэталях, рытме, што і стварае адпаведны настрой.

Перавагу эпічнасці ці лірызму трэба шукаць у гісторыі, нацыянальных культурных традыцыях, псіхічным складзе таго ці іншага народа, асаблівасцях яго мовы. У беларускую літаратуру лірызм уваходзіў то з большай, то з меншай важкасцю на розных гістарычных этапах, пачынаючы ад М. Багдановіча і Я. Коласа. Лірызм, знітаваны з паглыбленым псіхалагізмам, быў Жыццёва неабходны беларускай прозе, дапамог ёй пераадолець натуралістычнасць, бытавізм, этнаграфізм, а таксама рамантычна-ўзнёслую аднабаковасць маладнякоўскай прозы 20-х гадоў. Сучасныя беларускія пісьменнікі, лірыкі па складу свайго таленту — Я. Брыль, ранні І. Навуменка, М. Стральцоў, Ул. Караткевіч,— успрынялі лепшыя традыцыі як аналітыка-эпічнай, сінтэтычна-драматызаванай, так і лірычнай прозы М. Багдановіча, З. Бядулі, Я. Коласа, М. Зарэцкага, М. Лынькова, хоць пісьменнікі гэтыя ўсе вельмі розныя, ды і лірызм іх значна адрозніваецца ад сучасных яго выяўленняў.

У кожным мастацкім творы лірычныя прыёмы і формы тыпізацыі праяўляюцца заўсёды вельмі своеасабліва, у залежнасці ад таленту пісьменніка, яго светаадчування, мэты, тэмы яго твораў. У беларускай літаратуры лірызм мае эпічную аснову. Як пішуць аўтары акадэмічнага выдання «Беларуская савецкая проза. Раман і аповесць»: «У творах з моцным лірычным пачаткам мы назіраем своеасаблівае выкарыстанне апавядальных сродкаў. У звычайным эпічным творы апавяданне з'яўляецца адным з галоўных кампанентаў, пры дапамозе якога разгортваецца падзейнасць, раскрываюцца характары, наогул ідэйна-мастацкі сэнс твора, а лірычныя і драматычныя элементы толькі дапамагаюць апавяданню і непасрэднаму паказу, яны ўводзяцца час ад часу ў апавяданне, надаючы яму тую або іншую танальнасць, але не парушаючы яго эпічнай сутнасці. У лірызаваных жа творах (напрыклад, «Чазенія» Ул. Караткевіча, «Адзін лапаць, адзін чунь» М. Стральцова, у некаторай ступені раман «Птушкі і гнёзды» Я. Брыля) галоўнае месца адводзіцца суб'ектыўнаму ўспрыманню «я» героя, лірычным унутраным маналогам, «споведзям», і ўжо эпічнае апавяданне калі-нікалі ўводзіцца ў гэту лірычную плынь».

У апошні час у беларускай літаратуры, як і наогул у сусветнай, назіраецца тэндэнцыя да павышэння ролі інтэлектуальнага пачатку ў параўнанні з эмацыянальным. Такія імкненні ў В. Быкава, А. Адамовіча, А. Макаенка, В. Казько даволі настойлівыя, філасафічнасць закранула ўжо не толькі змест, але і форму мастацкіх твораў, што асабліва неабходна адзначыць, улічваючы нераспрацаванасць у беларускай нацыянальнай традыцыі ўмоўных форм, прытчы, парабалы і г. д. Праўда, у беларускай літаратуры інтэнсіўнасць інтэлектуальнага пачатку, як правіла, не перакрывае эмацыянальную плынь.

Лірычныя формы прыцягваюць маладых пісьменнікаў, І ёсць свая заканамернасць і мэтазгоднасць у тым, што малады аўтар не спяшаецца за падзеямі, а спыняецца на кожнай асобе, нібы прыслухоўваецца, прыглядаецца да яе, разважае, перадае свае адносіны да факту рэчаіснасці. Сапраўдная лірычная проза, як піша даследчык С. А. Ліпін, гэта «непасрэднае выяўленне адносін пісьменніка да рэчаіснасці, яго самавыяўленне». Лірычная проза 60-70-х гадоў высвятляе адносіны да жыцця асобы, «якая ўвабрала ў сябе ідэалы сацыялістычнага ладу, яго маральныя крытэрыі, патрабаванні і магчымасці...».

У сучасным беларускім літаратуразнаўстве творы лірычнай прозы вылучаны ў асобную плынь, якая працягвае традыцыі лірызму ў беларускай літаратуры. Лірызм коласаўскага светаўспрыняцця з'явіўся жыватворнай крыніцай для такога складанага ў сваім жыццёвым светаадчуванні пісьменніка, як І. Пташнікаў, пра што будзе ісці гаворка ў адпаведным месцы. Лірычнасць у творах І. Навуменкі — таксама вытокамі сваімі блізкая Я. Коласу. Я. Брыль, які лічыцца галоўным прадстаўніком лірычнай плыні ў беларускай сучаснай прозе, выхаваны хутчэй на лепшых традыцыях класічнай рускай і сусветнай літаратур. У сваіх творах Я. Брыль імкнецца як мага паўней выявіць сваё ўласнае светаадчуванне, сваё ўспрыняцце жыцця. Вядомы беларускі пісьменнік і крытык А. Адамовіч піша пра яго: «...Талент Я. Брыля па-сапраўднаму жыццялюбівы. Вельмі радасна, шырока адкрытымі, быццам у дзяцінстве, вачыма ўмее ён бачыць жыццё». Адсюль — непаслядоўнасць падзей у творы, размытасць дзеяння ў часе і прасторы, нечаканая змена настрояў, шматпланавасць, асацыятыўны ход думкі — усе сродкі, характэрныя для лірычнай прозы. Шчырае выяўленне сваіх пачуццяў, сваёй асобы — найбольш яркі паказчык творчай індывідуальнасці Я. Брыля. Аднак не толькі гэта прыцягвае чытача да творчасці аднаго з буйнейшых прадстаўнікоў беларускай прозы. Вызначальнымі якасцямі яго твораў з'яўляюцца гумар, іранічнасць, мудры, з усмешкай, характэрны для беларускага народа, і, дарэчы, таксама для Я. Коласа, падыход да многіх з'яў і падзей, і ў той жа час адкрытая публіцыстычнасць, моцны грамадзянскі пафас. В. Шчарбіна піша: «...Узмацненне публіцыстычнага і лірычнага пачаткаў у прозе толькі адно з праяўленняў больш агульнай тэндэнцыі, характэрнай для літаратуры апошніх гадоў,— узмацненне ў ёй роздуму пісьменніка аб рэчаіснасці, рост праблемнасці мастацтва...»

Беларускія пісьменнікі не стаяць у баку ад агульных заканамернасцей развіцця культуры. У эпоху будаўніцтва камунізма грамадству патрабуецца гарманічная асоба, ды і сам чалавек адчувае патрэбу ў паэтызацыі рэчаіснасці, шукае ў прыродзе гармонію, дыялектычную цэласнасць.

Читать книгу онлайн На лініі перасячэння - автор Татьяна Ивановна Шамякина или скачать бесплатно и без регистрации в формате fb2. Книга написана в 1981 году, в жанре Критика. Читаемые, полные версии книг, без сокращений - на сайте Knigism.online.