Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!




Алесь ЖУК


ДЗЁННІКАВЫЯ ЗГАДКІ



Ёсць такія святы. 1970-я гады


Перад Новы годам змыла зіму разам з усім яе снегам. І хрышчэнскіх марозаў няма, хаця ветрана, холадна. Толькі зранку закаламуцілася неба і пасля абеду вецер паспрабаваў закруціць мяцеліцу. Шкода толькі, што не надоўга, з малым снегам. Але і на ноч застаўся вецер, насупленае неба без ніводнай зорачкі.

Учора заходзіў у «Нёман» да Левановіча. Прымусіў упісаць у пачатак рэцэнзіі, хто такі Стральцоў, што абсалютна не патрэбна, ды і гэтак званая мая кароткая рэцэнзія на «Ядлоўцавы куст» больш падобна на разгорнутую анатацыю ці на добрае чытацкае слова, чым на рэцэнзію.

Там жа ў змрочнай баковачцы між сталоў сядзеў Макаёнак плячыма да акна, а збоч у адпрасаваным касцюме, гладка прычэсаны, фізічна здаровы паэт Браніслаў Спрынчан.

Няёмка, калі пры табе самім цябе пачынаюць хваліць, нават адзін на адзін, а не прылюдна. Макаёнак, мабыць, гэта зразумеў, калі я перавёў гаворку з маіх надрукаваных у «Нёмне» апавяданняў на Шамякіна, сказаў, што «Атланды і карыятыды» падпісаны ў набор, бо ведаў, што Макаёнак першым чытаў рукапіс. Тады і ён перавёў гаворку на сваіх, спытаўся, што плануюць на бліжэйшыя нумары. І Левановіч, і Спрынчан замітусіліся, пачалі паказваць планы, шматслоўна тлумачыць тое, што Макаёнак і не збіраўся запамінаць, махнуў рукою, пажартаваў: «Пакіраваў — і даволі!». На развітанне падаў руку ўсім. Супрацоўнікі пракаментавалі, што рэдактар хацеў паказацца, як кіруе. Я гэтага не адчуў. А яны самі паказаліся, зноў пачалі хваліць мае апавяданні, і трэба было альбо ісці па бутэльку, альбо адвітвацца.


Тэмпература каля нуля. Туман, удзень капае з дахаў. Атрымалася гнілая зіма, гнілое надвор’е. Снегу мала нават у лесе. Вавёрачка весела бегае з галінкі на галінку, з сасонкі на сасонку, быццам нябачнаю нітачкаю аблытвае дрэвы. На верандзе забітага на зіму дзіцячага чыгуначнага вакзальчыка свежага зялёнага колеру двое лыжнікаў націраюць маззю лыжы, вясёлыя і стройныя, ён і яна.


Учора быў у Вячаслава Адамчыка, нават крыху паназаляў яму: на стале ў яго многа ляжыць на чытку. Угаворвае пісаць нешта большае, чым апавяданні. Мне дзіўна было, калі сказаў: «Ніколі не лічыў самамэтай пісаць апавяданні. На іх вучыўся, каб пісаць нешта большае». Дарэмна вінаваціць Міхася Стральцова, што з-за яго я «засеў» на апавяданнях. А мне выпісваць усе атрыбуты рамана на сённяшні дзень сумна і нецікава, у рамане не абыйдзешся без абавязковых «радоў», ну аповесць, дык гэта вялікае апавяданне. Вячаслаў Уладзіміравіч прызнаўся, што раман пісаць пачаў даўно, нават адзін варыянт напісаў і выкінуў. Лічыць сваім абавязкам захаваць людзям тое, што ведае пра свой народ. Яшчэ гаварыў пра тое, што сябе трэба прымушаць, падганяць, трымаць у рамках. Пра нешта падобнае здагадваюся і сам, хаця пішу таму, што проста хочацца пісаць. Сказаў, што будзе пісаць раман на далей, будзе, атрымлівацца ён ці не...


Харошыя, соненыя і такія, як каханне немаладой жанчыны, добрыя вераснёўскія дні, такі моцны пах апалага лісту, які стаў прывычным, што толькі зараз, пішучы гэтыя радкі, спахапіўся, што ўжо палова месяца, што вось-вось пачнецца толькі шэрань ды дождж.

Як усё мяняецца ў жыцці, і адносна даволі хутка. Цяпер ужо немагчыма так, як зусім нядаўна: Лынькоў у «Векапомных днях» Казлову даў прозвішча Саколіч як вялікаму партызанскаму кіраўніку. І тады нават крытыкі літаратуры называлі ў сваіх работах літаратурнага героя жывым Васілём Іванавічам, а не Саколічам. Праўда, сам Міхась Ціханавіч называў сваё пісанне «апупеяй». Што ад яе застанецца ў будучым? Дзед Аўсей і Палашка, ці яшчэ што-небудзь?


Вярнуўся з нарады маладых пісьменнікаў з Масквы. Сама нарада мяне мала цікавіла, мая кніга ў перакладзе на рускую мову выйдзе ўжо ў наступным годзе, але пабыць там было цікава, пазнаёміўся з многімі цікавымі хлопцамі і з Расіі, і з іншых рэспублік. Слава Богу, камсамольцы не ўстроілі маладым пісьменнікам казарменнага рэжыму, хто лічыў патрэбным, той хадзіў на семінары, каго на любоўныя прыгоды цягнула з выпадку вясны, той большую ўвагу ўдзяляў гэтаму. Жылі ў чыстай акуратнай гасцініцы побач з Новадзявочым манастыром, па два чалавекі ў нумары, так што можна было ў сяброўскіх гаворках за чаркаю прабавіць і ўсю ноч, што і галоўнае на ўсіх такіх нарадах.

А тым болей, што я быў не проста ўдзельнікам нарады, але і кіраўніком беларускай групы. Якраз на гэтыя дні па часе ў Літве праходзілі Дні беларускай літаратуры. І старэйшыя нашы пісьменнікі, і сакратары Саюза пісьменнікаў ірванулі туды, дзе гасцінная і скварка, і чарка. Скончылася ўсё тым, што сакратары ЦК ЛКСМБ кіраўніцтва беларускай групай даручылі мне.

Читать книгу онлайн Дзённікавыя згадкі - автор Алесь Жук или скачать бесплатно и без регистрации в формате fb2. Книга написана в году, в жанре Документальная литература. Читаемые, полные версии книг, без сокращений - на сайте Knigism.online.