Сяргей Балахонаў
Сьнег капітана Мантгомэры
Ахвярую Н.Ц., якая здрадзіла надзеям
1.
Капітан Мантгомэры страпянуў плячыма. Вецер, што падзьмуў з боку Сажа, быў па летняму лёгкім, але ненатуральна, як для гэтай пары года, сьцюдзёным. Няпроста было пераключаць прызвычаены да сьпёкі арганізм на змаганьне з раптоўнай халадэчай. Камандзір наймітаў надта не любіў тутэйшых халадоў. Асабліва асьцерагаўся надыходу зімы спасярод лета. Тут, яму распавядалі, за апошняе стагодзьдзе такое надаралася колькі разоў. “Мала ня ўсё лета былі маразы”, – прамармытаў капітан штосьці зь мясцовых кронік. Фіялетавыя аблокі павольна ахутвалі Месяц. У навакольлі не аціхалі канцэрты цвыркуноў, раз-пораз перамяжоўваючыся покрыкамі размаітых начных птахаў. Прымхлівыя мяшчане балакалі, што ля Гомея вядзецца цмок, то бок дракон, які нібыта часьцяком крычыць па начох. Мантгомэры з падобных балачак адно насьміхаўся, бо быў перакананы, што ўсе драконы Эўропы перабітыя яшчэ за часы Зыгфрыда. Гэта крычэлі птушкі. Птушкі зь няўцямнымі дзікунскімі назвамі: пугач, барадач, крук, хрусьцель… Дый ці магло быць іначай на гэтай зямлі – узьмежку Эўропы і Азіі! Тут жа ўсё дагары дрыкам! Яго, капітана Мантгомэры, наймалі для вайны ў Польшчы. Але неўвамнозе выявілася, што пад нагамі ня Польшча, а Літва – Гомей жа літоўскі замак. Аднак і апошняе не выявілася дакладным: адзін дабрадзей намякнуў, што Гомей гэта бадай што Русь. “Ці ня Белая?” – пацікавіўся тады капітан. Успаміналася сямейная легенда, паводле якой яго дзядуля (бацька маці) ліставаўся пэўны час з вучоным мужам леўкарусусам, то бок беларусцам. “Белая Русь, сірэч Масковія”, – катэгарычна пераконвалі яго. “Тым лепей”, – думаў найміт, не жадаючы мець да гэтых земляў ані кроплі добрай схільнасьці. Перашкаджала б ваяваць.
Для вайны, а не для партрэтаў ці балетаў, ён апынуўся за тысячу літоўскіх вёрстаў ад родных ніў, ад райнскіх хваляў. Як ваяк Мантгомэры мусіў бы абмежаваць свае веды пра гэтую вайну толькі патрэбнымі зьвесткамі пра моц і хібы праціўніка, не заглыбляючыся ў гісторыю. Але ад вышпаменаванага дзеда засталася дзіўная дасьледніцкая прага. Калі ліцьвіны (ці ўсё ж русіны?) зьдзіўлена крывіліся зь ягоных пытаньняў пра сутнасьць процістаяньня, даводзілася спасылацца на выдуманага кніжніка і цьвердзіць: “Хто ўведаець боле а ворагі свае, тому паложаны будуць пад ногі варагове яго”. Уменьне трапна спасылацца на кніжнікаў тутэйшыя дужа паважалі. Так па пяшчынках, то хітрасьцю, то прыкрасьцю, Мантгомэры выбудаваў для сябе дужа няўцямную карціну адбыванага на Русі (ці мо ўсё ж у Літве?).
Высьвятлялася, што недзе зусім недалёка на поўдні, там, куды свае воды нясе рака Барыстэн (а па-тутэйшаму – Дняпро), ляжаў нейкі стэп, немінуча абзываны дзікім. Гаварылі, дзей то цэлы травяны лес, якому на многія вёрсты аж да самага мора Татарскага няма ні рубу, ні крэсу. І вось жа ў стэп з усіх куткоў гэтай недарэчнай краіны уцякаў кожны, хто быў здатны марыць пра свабоду. “Гарадзкое паветра робіць чалавека свабодным”, – выслаўляліся некалі ў Эўропе. “Лепш у стэпе казакам, чым пры пане ракам”, – існавала перакананьне тут сярод адбытых ды імаверных ўцекачоў. На радзіме – між лясоў і палёў, пустак і балот – яны пад’ярэмнае быдла, трыманае ў Leibeigenschaft [1]. Там жа ў моры траваў яны непадлеглая вольніца, казакі.
Жывучы блізу крымскіх татараў, казакі спанатрыліся ў ваяцкіх рэчах. Трасілы, Налівайка, Гуня, Лабада… Барбарскія мянушкі, што й дасюль скаланаюць шляхецкі спакой. Апошні закалот, што ўшчаўся тры гады таму пад зьверхнасьцю якогасьці Хмеля (півавар ці півахлёб ён з такою празыванкай?), меўся зацьміць усе ранейшыя ростыркі і няснаскі. Выклік усёй тутэйшай Res Publica! Імкненьне сваю вольніцу, сваю анархію над цэлым панствам узвысіць! Гэты Хмель схацеў валадараньня плебсу па абодва бакі Барыстэна наўсьцяж яго плыні. Дзеля таго ў барыстэнаўскае вярхоўе ён насылаў пільных і спраўных казакоў, якія з тутэйшым людам добра зналіся і лягчэй маглі падбухторыць проціўка шляхты рушыць. Што за муць зрабілася! Бунтаўнікі забівалі шляхту, сьціналі юдэяў, не шкадуючы ані жонак, ні дзетак іхных. Увачавідкі вялікае разьліяньне крыві і зьнішчэньні з унутранай вайны дзеюцца. Рэдкі чалавек у той крыві рук сваіх не ўмачыў і грабленьня добраў не чыніў. Туга вялікая людзям кожнага значнага стану была. Не абмінала іх наруга і зьдзекі праклятых галцяёў. Гомей між многіх местаў таксама казацкім ставаўся: казакі колькікроць прыходзілі і зыходзілі, маючы падтрымку мяшчан, каторыя мала ня ўсе паказачыліся. І многа, многа было з тым бяды.
Такой трывожню часінай Мантгомэры і быў закліканы на ўспамогу войску, як высьвятлілася, ня ў Regni Polonie, а ў Magni ducatus Lithuaniae. “Дапамога грошай гатовых варта” – заўсёды выслаўляўся ён. За плячыма ляжаў не адзін год найміцкае службы. Грошы кладзі ў каліту, і пан Мантгомэры вырушыць нават у Афрыку біцца з андрагінамі ці паляваць на таўсматых чорных аднарогаў. А тут усяго толькі Гомей, які ляжыць ад роднага Утрэхта значна бліжэй, чым Александрыя Эгіпецкая, а пагатоў таямнічы афрыцкія прасторы за пятым парогам Вялікага Ніла. Зрэшты ў гэтым Magni ducatus часьцей прыгадвалі парогі Барыстэна: адтуль супраць рачное плыні і кацілася казацкая валва – хваля, што ад ветру падымаецца сьцяной…
Былі агонь і рабунак Пінска, быў штурм Мазыра ад сьвітаньня да зьмярканьня, была колькітыднёвая аблога Бабруйска. Па кожнай бітве даводзілася папраўляць дасьпехі. Пад Бабруйскам грубая хамская страла (мушкетаў ня ўсе зь іх, дзякуй Навышняму, маюць!) адцяла капітану кавалак левага вуха. Папомсьціцца за гэта ён так і ня змог, бо гетман Януш Радзівіл гварантаваў бабруйчанам-капітулянтам недатычнасьць, дзеля чаго ваякаў нават за ўзятую ў месьцічаў хустачку маглі ўзьвесіць на шыбеніцы. Пакінуўшы вушны адцятак за талісман, найміт напоўніцу адыграўся за гэтую рану ў Чачэрску, адсякаючы па запясьці рукі палонным казакам. Гомей тады ўзяць не змаглі. У хмурай сечы пад Лоеваю Гарою пашчасьціла выжыць: мо’ сапраўды дапамагаў талісман, а можа анёл-абаронца не зракаўся свайго падапечнага – прафэсійнага носьбіта сьмерці. Панежа казакі ў валчэньні лоеўскім, каторае року 1649-га месяца юля, па-просту ліпца, паражку пацярпелі, то шляхта а найміты абнялі Гомей аблогай. І ўрэшце ўвайшлі ў тое места акрутна і люта, як гвалтаўнік уваходзіць да ахвяры сваёй…
2.
Капітан яшчэ раз узірнуўся ў цямрэчу, а пасьля адхінуўся ў бок горада і запаліў піпку. Страшная рэч – эўрапеец прыахвоціўся да эўрапейскае моды ў гэтай трошку барбарскай краіне. Тутэйшы ж народ стаў добра пыхкаць ад часоў францістага швэда караля і вялікага князя Сігізмунда Васы – раўналетка дзеда Мантгомэры. “Жыгімонт”, – паспрабаваў найміт вымавіць на тубыльскі капыл яснавяльможнае імя і стаў спускацца з вартавое вежы. Ён няблага асвойтаўся ў гомейскіх вуліцах і спраўляўся нават зь цямрэчай. Ад нечаканак (ці мала што магло якому-кольвек мешчаніну ў галаву ўроіцца!) ён меркаваў абараніцца ўласным спрытам у супольнасьці з шабляй і набітым мушкетам.
Мантгомэры абмінуў Прачысьценскую царкву, перасёк гандлёвую плошчу ды збочыў на Траецкую вуліцу. Там, за аднайменнай царквою, месьціўся падворак маладое ўдавы Алюты. Зь ёю капітан спазнаўся зусім нядаўна. Яна ўразіла яго незвычайна чорнымі даўгімі кучаравымі валасамі, якія райнскім вадаспадам сплывалі на плечы. Чорны пух загнутых брывянят, яскравыя вясёлыя вочы, глыбока на дне каторых таілася туга, невялікія сунічнага колеру вусны, зграбная постаць з вострымі стаячымі грудзьмі пад белай льняной кашуляй. Усё прынадзіла, прывабіла, прыцягнула яго – камандзіра найміцкае залогі. Капітан упершыню пасьля шматлецьця чужых войнаў і ложкаў адчуў, як з сэрца спадае панцыр, а пачынаецца міласьць, любоў, каханьне. “Мяшчанка ж тая Алена, удавіца Лявонава, рада бачыць ротмістра найміцкага і ўдзячным госьцем яго сабе называе, бо ўзаемна адно ў другом закахаліся”, – пазначыў у сваёй кроніцы пільны дзяк Траецкае царквы Анісіфор, які і гэтым разам выглядваў у змроку прыбыша.
Алюта адагнала ды прымкнула ў клеці сабак, і ўпусьціла на падворак каханка.
– Вечар добры, Ёган, – павіталася яна, назваўшы па адным зь яго шматлікіх імёнаў. Ён паспрабаваў яе пацалаваць, але жанчына запярэчыла, захінуўшы далоньню вусны.
– Узноў насмаліўся? – спытала яна пра тытунёвы пах.
– Па мусу толькі, абы напругу нутраную здыймаваць, – старанна падбіраючы словы апраўдваўся капітан
– А тую напругу, што вонках, ты часам ні з кім не здыймаваў? – усьміхнулася Алюта, і нават у паўцемрыве льга было заўважыць бель ейных зубоў.
– Толькі ты. Мяне хвалюеш толькі ты.
– Глупы і закаханы верыць усякай рэчы, – злукавіла жанчына і, беручы госьця пад руку, прамовіла. – У лазьню, мой мілы, у лазьню…
– Мыцца ў лазьні здарова? – зь недаверам пацікавіўся Мантгомэры.
– Здарова і здорава, – падбадзёрыла каханка.
Лазьня была добрая. Муж зрубіў яе з даўняга бярвеньня. Не пашкадаваў дрэва на тое, каб вымасьціць падлогу і ў мыйні, і ў прымыльніку. Печ-каменку зьляпіў, аснадзіўшы комінам і ладным чанам для нагрэву вады. Дах пакрыў драніцаю. Гэткіх лазьняў на цэлы Гомей тады было ўсяго тры-чатыры.