А калі ўлягаўся вецер, было чуваць, як ціхенька пляскалася вада ў рэчцы, нібы там купалася маладое дзяўчо і баялася, каб хто яго не ўбачыў.

Я пайшоў берагам: на вадзе бліскала, пералівалася і сляпіла ў вочы разарванае сонца — рабаватыя палоскіцені беглі па пяску на дне, і перакочваўся там-сям счарнелы альховы ліст-тапелец. Зялёнаю шапкаю водарасцяў выглядалі з рэчкі купіны. Пры беразе хісталася высокая, збэрсаная павуціннем мятліца і варушыліся дзе падсохлая крапіва і карычняваты шчаўюк.

Я падышоў да грудка, дзе некалі стаяла Марцінава хата, і здзівіўся, што няма тае высокае старое алешыны, што рэчка падмыла груд — сярод вады ляжаў пень, тоўстымі счарнелымі карэннямі ўгору, каля яго віравала вада, круцілася, плавала жаўтаватая шапка шумавіння, лазовы дубчык матляўся і выводзіў на вадзе глыбокі равок — здавалася, корч плыў проці вады і цягнуў яго за сабою.

Я перайшоў кладкаю на другі бераг. Яна ледзьве ліпела: нехта клаў на ёй агонь — павыпальваў жэрдкі. На другім беразе цягнуліся каровы, шукалі лепшае травы, адмахваючыся галовамі ад куслівых асенніх мух. Адна, бязрогая, рабая, тупавата глядзела з высокага берага ў рэчку — мусіць, хацела піць.

I балотца каля грудка здалося мне чужым і голым — і я ўспомніў, што тут павысякалі малады алешнік: на купінах каля корчыкаў рос марны хвошч, сохлі кучкамі жаўтаватыя воўчыя грыбы на танюсенькіх ножках. Толькі адзінока сумаваў разложысты кусцік старое шыпшыны, і на ім чырванелі спелыя ягады.

Я падняўся на грудок, і нейкаю жальбою агарнула маю душу. Там, дзе некалі былі хвоечкі, цяпер маўкліва цямнеў сіваваты малады лясок, пасеяны год дзесяць назад, ужо не пры мне. Высока над ляском, і не было відаць дзе, драў горла крумкач — расцяжна і счакаўшы — крум-крум. А тут, дзе стаяла некалі хата, горбаю ляжала патрушчаная цэгла, між яе выбілася трава і паднялася ўжо высокая бярэзінка; каля круглага каменя пераспела і хісталася сухая крапіва, а там, дзе быў якраз покуць, цвіло ліловым цветам каліва смакатухі. Сярод двара, недалёка ад котлішча, зелянела таўставатая ліпка з адламаным вяршком — я ўжо і не помню, ці расла яна тут.

I мне зрабілася тужліва, што няма хаты, раптоўнага брэху сабак, старое алешыны — усяго таго, што было памяткаю малых год. Я заплюшчыў вочы і, здаецца, зноў убачыў Марцінаву хату, купіны зялёнага сыраватага моху на страсе, кошык на шчытку для галубоў, і, здаецца, учуў, як зайшліся ад злосці і недзе з-за вугла пакаціліся да мяне сабакі. I неяк раптам ціха, нібы баючыся, іх паклікаў Марцін:

— Цю-цю-на-а, цю-цю-на-а.

Я адкрыў вочы, пастаяў яшчэ колькі і пайшоў.

Халаднаватасць вечара кралася на балота — цень ад мяне быў доўгі і доўгі цень ад алешніку. Недзе далёка на полі надрываўся і раптам глух трактар. За алешнікам, на шашы, з ляскам страляла машына, потым нізка і густа гула, нібы пад зямлёю. З гвалтам ляцелі, расцягнуўшыся, гракі — астатні крычаў, усё роўна як ікаў. Зашарахцела грамадка шпакоў, і даўгахвостая тоненькая пташачка ціліўкала, даганяючы іх.

Адсвечвалі чырванню вокны ў нашай вёсцы — там яснелі галасы, рыкала недзе ў гародах каля вёскі цяля.

Я аглянуўся на Марцінаў хутар: сонца стаяла нізка — баба качаргой дастане — якраз над тым грудком, дзе была калісь Марцінава хата. На балоце, як хто накінуў вялікую сетку, блішчала танюсенькае павуцінне.

I мне зноў падалося, як недзе там, на грудку Марцін клікаў сваіх сабак:

— Цю-цю на-а, цю-цю на-а!

Я, здаецца, выразна чуў яго голас.

Кароль Нябожа

Летась на «рускага Пятра» (яго рэдка дзе цяпер святкуюць у нашым баку) малодшыя ў вёсцы бабы спраўлялі «велькую гарэлку» — пілі цэлым звяном, балазе кончылі палоць лён.

Пасля шчырага дажджу, полуднем, вецер сушыў купіны зялёнага моху на страсе і вымытую ўдзень даёнку на плоце. Толькі на вішні, перад акном, матляхала яшчэ сыраватымі рукавамі зношаная, з вырваным плячом, рубашка — страшыдла ад сарок і шпакоў — і на лічаннях капусты, што расла ў гародчыку і не бралася яшчэ ў галоўкі, дрыжала растопленым волавам тлустая вада.

Перад парогам у пустым карыце чубіліся біцца, натапырваючы мокрае пер’е, бясхвостыя пеўнікі, і на прыгуменні мыкала, закруціўшыся вяроўкаю за калок, пярэстае цяля.

Але ў хаце не чулі. П’яныя бабы ўставалі з цвёрдае лавы, адпіхалі жыватамі стол і выходзілі на сярэдзіну хаты. Пабраўшыся ў пары, шоргалі босымі нагамі па чорствым гліняным таку; па жоўтых сухаватых лытках матляліся чорныя паркалёвыя спадніцы, і ў вокны віўся клубкамі пыл — горкі, ад яго пяршыла ў роце.