— У свяшчэнным пісанні сказана ясна: Бог есць любоў, — цягне ён сваю думку. — І імеюшчы вушы, штоб слышаць — да слышыць.

Асечка рагоча. Нібы не вельмі натуральна для яго, нібы знарок так звонка.

— Якая тут, хлопец, любоў на страсе? — крычыць ён тонкім голасам. — Любоў у нас вечарком!

Нават у ладкі пляснуў, раней чым яшчэ раз зарагатаць.

І ладкі гэтыя рассмяшылі Цімоха Ярмоліча, які толькі што падышоў і спыніўся каля мяне. Абагнаўшы картоплю, Цімох завёў на пашу каня, а самому дахаты не вельмі рупіць. Хоць невялікая, ды ўсё ж кампанія.

— Любоўнік! — смяецца ён. — Вечарком… Табе каторая каб нават смехам дакляравала, хоць у Хлюпічах, дык подбегам папёр бы, рук з кішэняў не вымаючы.

Хлюпічы ад нас далёка, каля самай пушчы, у якую нашы зімою ездзяць па дровы.

Косця і тут смяецца. У Цімоха мянушкі чамусьці няма, Асечку застаецца толькі яго прозвішча:

— Эх ты, Ярмоліч, Ярмоліч!..

Брат Арсеній (а гэта ўжо даўно стала мянушкай) абурана плюнуў, але сказаў зноў жа цытатай:

— Мерзасць запусценія, рачэнная прарокам Даніілам.

Цімохава жонка, Волечка, таксама блытаецца з пяцідзесятнікамі, якіх у нас называюць бапцістамі, — таму Цімох і злосны на «святых», і з цытатамі трохі знаёмы.

— Не тое, — кажа ён, — браце мой, асквярняе, што ідзе ў чалавека, а тое, што з чалавека вылазіць.

Цытата — перакручана і не зусім да месца. «Не то, что входит в уста, оскверняет, но то, что выходит из уст», — гэтыя словы пра пост ці не пост чуў ён, Цімох, ад свае хатняе прапаведніцы, але хто яго ўсё запомніць.

— Хоць бы ўжо слова божага не разурашчаў, — зноў абураецца Брат Арсеній.

— Прарокі! — звонка рагоча Асечка. — Усе прарокі разляцеліся, як сарокі!

Таксама не зусім дарэчы гэта, але складна, весела.

— Святы ўжо, браце мой, праведнік, — усміхаецца Цімох. — Чаму ж тады ў цябе калені спераду? Як у Котавай Акуліны. Ці ты ўжо, можа, зусім забыўсё?..

Пра калені — прымаўка, а з Акулінай — намёк на тое, што Цімох з Арсенем ведаюць, відаць, толькі ўдвух. І таму Брат Арсеній не па-прарочы, а па-мужчынску доўга маўчыць.

Асечка маўчаць не можа. Тэму ён абнаўляе так, нібы пасля паўзы вядзе яе далей зусім лагічна.

— І праўда, — пытаеца ён, — чаму гэта ў цябе, Арсень, адны дзяўчаты? Пяць дачок — пяць разоў гарэць будзеш. А сам хоць з торбай потым ідзі.

Брат Арсеній яшчэ ўсё ў «мирском», збянтэжаным настроі, але адказвае ён, па прывычцы, як яму і належыцца:

— Без волі Госпада і волас з мае галавы не спадзе.

— Пры чым тут волас? — смяецца Асечка. — Ты што, без Госпада ўжо і сына не змайструеш? Вунь паглядзі ў Рафалка — ажно тры сыны. Спытаўся б ты ў яго.

Тут зноў уступае Цімох. З прапановаю Брату Арсенію:

— Калі хочаш, дык і я цябе навучу?

Той маўчыць, і дарадчык гаворыць далей:

— Гэта, браце мой, трэба падперазаўшыся, і з сякерай за поясам. Памагае.

Брат Арсеній плюе і моўчкі круціць галавой. Ды тут ужо рагоча не толькі Асечка, які пляснуў у ладкі і проста заліўся, не толькі сам Цімох, Андрэй і я, але і маўклівы, салідны дзядзька Яўхім.

— З табою, Ярмоліч, не заморышся, — кажа ён, пасмяяўшыся. — Ішоў бы ты ўжо дадому, ці што…

Цімох ніколі не спяшаецца. Конік у яго малы, сівенькі, быстры. Трапечацца, тупае ў плузе ці ў возе, а потым занаровіцца і стане. Гані не гані — не скранецца. Тады гаспадар памалу злезе з воза або падыдзе ад плуга, папросіць у Сівага ножку, пярэднюю левую, пастукае знізу па капыце тоўстым канцом пугаўя і — гатова.

— Ну, падкаваў. Паехалі, дрыстун.

І жывуць сабе далей, конь час ад часу наровячыся, а гаспадар, куды часцей, ілгучы.

Калі Качка ці Лётчык ілгалі з пэўнай накіраванасцю — «вось які я, глядзіце, быў і наогул што я такое», — дык ён, Цімох Ярмоліч, маніў бескарысліва і часамі да поўнага самазабыцця.

Гэта я памятаю яшчэ з маленства, калі Цімох расказваў нашаму бацьку, як у ваенным шпіталі ён, у пяту паранены кавалерыст, «пяць разоў паміраў ад аперацыі і пяць разоў уваскрасаў з таго свету». Расказваў пры жанчынах і дзецях, без скараміны, і таму, відаць, сумна, бо бацька, і сам бывалец і добры байдун, сказаў пасля, калі залішне позні госць пайшоў: «Ну ж і вярзе, так, здаецца, і даў бы па карку».

Ва ўсіх Цімохавых расказах для слухачоў галоўным быў ён сам: уся яго, як гаварылі, выхілка — міміка, жэст, інтанацыя. Пра тую самую аперацыю, якую я ведаў у менш цікавым варыянце, ён аднойчы расказваў на вуліцы, мужчынам, а нас, хлапчукоў, мужчыны не адганялі. Цяпер ужо санітары трымалі параненага Цімоха не ўчатырох, а ўшасцёх, і хірургам быў не мужчына, а «нейкая барынька».

— Халацік беленькі, а сама, браце мой, ідзе — яечка з галавы не скоціцца. І ўсё пры ёй як мае быць, і з тых самых, відаць, што толькі пераступі цераз яе — ужо і тоўстая. Што ж, і я не з трухлявай алешыны, з дуба. Прымергаваўсё я трохі, прыціх, і толькі ўжо, браце мой, яна намерылася нагу маю разануць — калі хаплю яе за падчарэўе!.. Гвалт, піск, і санітары тыя, і яна: «Фуліган!..» Разбегліся, а потым ужо васьмёх прыйшлі, такія во — кожны за трох дурных можа з'есці і выпіць. Аблажылі мяне, далі на сон, ледзь не затхнуўся, і ўжо не тая барынька, а зноў мужчына прыйшоў. Таксама добры дурыла. Рэзаў, браце мой, колькі яму хацеласё!..

Ад далейшага Цімоха выручае Васіль Кураўка:

— Нагу адрэзаў, — дадае ён зусім сур'ёзна, у тон расказчыку.

Выбухае рогат.

Па простай логіцы і трэба было б адрэзаць: да таго ўсё ішло, аднак перад усімі тут, на роднай ніжнебайдунскай зямлі, стаяць абедзве нагі ў здаравенных ялавых ботах. Далей ужо напрасткі не папрэш, трэба як-небудзь убок, але Цімох не бянтэжыцца, нават як быццам рад і ўдзячны за дапамогу.

— Нагу адрэзаў, — кажа ён не сваім, а Кураўкавым голасам, і рогат зноў выбухае. — Сам, браце мой, бачыш, што не адна, а дзве клыпы мае стаяць. Разумны доктар трапіўсё. Яшчэ і накрычаў на тую, што рэзаць хацела. Асколкі павыкалупваў з пяты, ваты туды напхаў…

Кураўка зноў падказвае:

— Кожную раніцу, браце мой, выцягаю патрохі…

Усе рагочуць. Цімох таксама смяецца.

— Прыйдзі, пазычу, — кажа ён. — Заткнеш сабе, каб лішне не курэла.

ЦІ БЫЎ, ЦІ БАЧЫЎ…

З вайны, улетку сорак пятага, Цімох вярнуўся смешна.

Кожнага мог ён падкалоць, нават і Ёсіпа, меншага брата, не шкадаваў. Той неяк прывёз зімою з лесу дзве тоўстыя крывуліны, скінуў на вуліцы перад хатай, і ляжалі яны ўлетку неакораныя, без кладуноў. «З аднаго палена будзе малатарня, а з другога арха», — гаварыў Цімох, намякаючы на тое, што Ёсіп быў «ні за кол, ні за цям», толькі што працавіты, як вол, і без толку гарачы.

З Германіі Цімох прынёс трафейнае… кавадла. Праўда, маленькае. І малаточак да яго, і клешчыкі. Але ж — кавадла!.. Відаць, што пацешна малое — таму і спадабалася, і валок, блізкі свет, хоць майстар быў ён не лепшы за Ёсіпа.

Як толькі я, трохі пазней, наведаўся з Менска дахаты і пачаў цікавіцца, хто, што і як, пра Цімоха з гэтым кавадлам мне расказалі адразу.

— Ну, як ты там? Як ваявалася? Як куецца? — спытаўся я, калі мы сустрэліся.

Маё апавяданне, у якім гаварылася і пра Цімохавы байкі, было ўжо напісана, але яшчэ не надрукавана. Зрэшты, тады мне неяк і не думалася, што ў Ніжнія Байдуны яно як-небудзь можа дайсці. Дый апісаў я Цімоха, вядома ж, пад іншым імем. І таму адчуваў сябе перад ім чыстым, смелым, не тое што трохі пазней…

— Спачатку быў у пяхоце, — сказаў Цімох з нейкай крыўдай у голасе. — А потым, браце мой, здалёк убачыў, што карова праглынула цвік, дык узялі мяне да коней.

— У кавалерыю?

— Ага, у тую, што ў хамуце.

Мы з ім былі на «ты», аднак ён быў на дваццаць з гакам старэйшы. Ужо, здавалася б, не крыўдна чалавеку і ў абоз.

Наступным разам мы сустрэліся з ім на нейтральнай тэрыторыі, больш чым праз год і зусім нечакана — на кірмашы ў райцэнтры.

Я ўжо ведаў, што Цімоху прачыталі маё апавяданне і ён як быццам сказаў: «От зараза!..» Як хочаш разумей: злуе чалавек, не злуе? Калі ён гукнуў мяне з гушчы кірмашных вазоў і коней, я ішоў да яго не вельмі каб спакойна…

Цімох сядзеў на возе адзін, нібы кагосьці чакаючы. Павіталіся. Тады ён, як і заўсёды, не спяшаючыся, дастаў з-пад сена торбу, з торбы хлеб і сала, накроіў аднаго, нарэзаў другога, зноў пасадзіў руку ў сена і дастаў бутэльку.

«Спачатку чарку дасць», — падумаў я асуджана.

А ён сказаў:

— З горла ды ў горла. Будзь здароў!

Пацягнуў добра сам і перадаў бутэльку мне. Самагонка, вядома. І добрая. Была сякая-такая прывычка, — я пацягнуў, нібы з адчаю перад цяжкай гутаркай, і мы пакуль што пачалі закусваць.

— Збіраешся, можа, зноў неўзабаве быць?

Я не збіраўся.

— А што?

— Прывёз бы, можа, пораху трохі? Бяздымнага.

Ну, калі толькі гэта, калі ягонае «от зараза!» — не злосць была, а пахвала байдуна байдуну, дык я табе магу і дымнага і бяздымнага!.. Аднак я сказаў пакуль што стрымана:

— Чаму ж. Пагляджу.

Падбадзёраны гэтым, Цімох пайшоў далей:

— І патронаў. Шаснаццатага. І шроту, калі ўжо так.

Пра апавяданне маё — ані слова. Мала таго — яшчэ і сам пачаставаў мяне вясёлымі навінамі.

Перш за ўсё — пра Асечку.

— І яшчэ, браце мой, не ажаніўсё. — Тут Цімох, пераймаючы Косцю, пляснуў у ладкі, звонка зарагатаў і тонкім голасам ускрыкнуў: — «Паспеем! Нажывёмсё!» А самому ўжо… Ну але, ён за мяне на год старэйшы, пяцьдзесят тры. І на вайну пасля партызан не ўзялі, як таго Лётчыка. Кавалер! Я яму ўдоўку нядаўна нагледзеў, у Хлюпічах. Грышку Лазовіча забілі, баба засталася. Пад сорак будзе. Гладкая, браце мой, адных цыцак колькі! І шые яшчэ на машыне. Праўда, дзяцей няма, але няўжо ж табе конча ўжо на гатовае? «Пайшоў бы ты, — кажу яму, — хоць голку ёй зацягнуў. Яшчэ ж у вушка, можа, пападзеш? Там жа, можа, не протар». — Цімох яшчэ раз перакрывіў Асечку: — «Паспеем! Нажывёмсё!» Збіраўсё ён нібыта, але ж і яна чакаць не будзе. Навалач нейкую знайшла, прымака. Нейкі Швілі ці Швіляў. Худзізна — скура ўжо не на рэбрах, а пад рэбрамі. Чорны, як Каін, і дзве левыя нагі. Тры дні, тры ночы, браце мой, з хаты не выходзілі! А потым выйшаў ён… Я якраз міма праходзіў, бачу: пааўзе і, як п'яны, хістаецца. «Ты што, — пытаюсё, — толькі што з шахты вылез?»